Алесь Смаленчук каментуе на просьбу Рэдакцыі бюлетэня «The Bridge / MOCT» «дыскурсіўныя» бакі розных трактовак паўстання і значэння К. Каліноўскага ў беларускай гістарыяграфіі.

10 сакавіка 1864 г. у Вільні на шыбеніцы загінуў Вікенці Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі. Паўстанне пацярпела крах, але людзі, якія прыйшлі ў гэты дзень на Лукішскую плошчу, былі ўражаныя мужнасцю аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання ў Беларусі і Літве. Каліноўскі нават у апошнія хвіліны жыцця захоўваў цвёрдасць духу і яснасць думкі. Падчас чытання смяротнага прысуду, пачуўшы словы “дворянин Калиновский”, ён не ўтрымаўся ад рэплікі: “У нас нет дворян. Все равны…” Фізічная смерць Кастуся Каліноўскага стала пачаткам яго існавання спачатку ў гістарычнай літаратуры, а пазней у беларускім нацыянальным эпасе як “справядлівага”, “беларускага рэвалюцыйнага дэмакрата”, і, нарэшце, як “беларускага нацыянальнага героя нумар адзін”.

Першымі даследчыкамі постаці Каліноўскага былі польскія гісторыкі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў паўстанні. Вядомы дзеяч групоўкі “белых” Агатон Гілер у чатырохтомнай працы Historia powstania narodu polskiego (Парыж, 1867-1871) характарызаваў К.Каліноўскага як галоўнага арганізатара паўстання ў Беларусі і Літве, адзначаў ягоную надзвычайную актыўнасць і “нязломнасць характару”. Нават смерць Каліноўскага, па меркаванню А.Гілера, выглядала як перамога, бо “зрабіла моцнае ўражанне смеласцю і надзеяй на будучыню Польшчы”. Безумоўнай заслугай даследчыка была публікацыя дакументаў, звязаных з асобай Каліноўскага. Пад назвай “Да беларускага народу” ўпершыню быў надрукаваны яго перадсмяротны зварот, сёння больш вядомы як “Лісты з-пад шыбеніцы”. Але аналізаваць гэтыя дакументы А.Гілер не стаў. Незалежна ад іх зместу ён успрымаў Каліноўскага як польскага паўстанца.Таксама трэба прыгадаць пяцітомнік Валерыя Пшыбароўскага Dzieje 1863 roku (1887-1888; 1899-1919). Гісторык змясціў кароткі біяграфічны нарыс Каліноўскага, у якім паведаміў пра ягоную прыналежнасць да роду дробнай мазурскай шляхты, што некалі перасялілася ў Беларусь, прыгадаў бацьку-ткача са Свіслачы, адзначыў, што сам Каліноўскі ўжо падчас вучобы ў Пецярбургскім універсітэце ўваходзіў у рэвалюцыйную арганізацыю. Палітык і гісторык Баляслаў Ліманоўскі бачыў у дзейнасці К.Каліноўскага вытокі Польскай партыі сацыялістычнай (ППС). Ён падаў больш падрабязную біяграфію Каліноўскага і паспрабаваў увесці ў гістарыяграфію ўжо не “дыктатара Літвы”, а рэальнага чалавека. Для яго Каліноўскі таксама заставаўся палякам, які ўздымаў на барацьбу беларускі народ з дапамогай газеты Мужыцкая праўда.

У легальным друку Беларусі і Літвы артыкул “KonstantyKalinowski” (аўтар Людвік Абрамовіч) з’явіўся толькі ў сакавіку 1906 г. на старонках Gazety Wileńskiej (Nr 17). Рэдактарам газеты быў адзін з ідэолагаў ліберальна-дэмакратычнага накірунку “краёвай ідэі” Міхал Ромэр (1880-1945). Краёўцы пачатку ХХ ст. спрабавалі ўлагодзіць міжнацыянальныя супярэчнасці і захаваць адзінства гістарычнай Літвы. Постаць Каліноўскага якраз падыходзіла да ролі своеасаблівага “месца памяці” пра колішняе польска-літоўска-беларускае паразуменне ў барацьбе з агульным ворагам – расейскім царызмам.

Беларуская гістарыяграфія жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага пачынаецца з артыкула палітыка і гісторыка Вацлава Ластоўскага “Памяці справядлівага” ў газеце Homan (№ 1 ад 16 лютага 1916 г.). Дзеля “ўмацавання” беларускасці галоўнага героя В.Ластоўскі апублікаваў фрагменты “Лістоў з-пад шыбеніцы” з пэўнымі праўкамі. У прыватнасці, у вершы Каліноўскага першы радок “Марыська чарнабрэва, галубка мая” быў заменены на словы “Беларуская зямелька, галубка мая” і г.д.

У 1919 г. ксёндз Уладзіслаў Талочка на старонках газеты “Беларускае жыццё” (№№ 9, 10) характарызаваў К.Каліноўскага як “глаўнага ваяку за дэмакратычнае Адраджэнне Беларусі”, “чалавека, які вельмі любіў Беларусь”, “вялікага ваяку за Адраджэнне беларускага народу”, але пры гэтым заўважыў, што Каліноўскі і яго паплечнікі (Сонгін, Ражаньскі, Урублеўскі) “адначасна былі польскімі патрыётамі”.

Вялікае значэнне мелі даследаванні літоўскага гісторыка і грамадскага дзеяча Аўгусцінаса Янулайціса (1878-1950). У 1921 г. у літоўскім перыядычным друку з’явіўся ягоны артыкул 1863 metų sukilimo veikėjai Lietuvoje (Дзеячы паўстання 1863 г. у Літве) (ŠvietimoDarbas. 1921, Nr 1-2). Менавіта А.Янулайціс упершыню трактаваў Каліноўскага выключна як беларускага нацыянальнага героя, які моцна канфліктаваў з Варшавай. Пры гэтым ён паспрабаваў ахарактарызаваць асобу “дыктатара Літвы”. Літоўскі даследчык vbł bzisv сцвярджаў, што Каліноўскі быў прыхільнікам жорсткіх дзеянняў і смяротнага пакарання шляхціцаў-здраднікаў толькі на словах, у практыцы такіх жорсткіх дзеянняў не было. Каліноўскі рабіў выключэнні і шкадаваў людзей. Ён таксама клапаціўся пра сяброў, якія траплялі ў рукі ворага. Нават пагроза арышту не перашкаджала “дыктатару” прысутнічаць пры пакараннях і высылцы сваіх сяброў і паплечнікаў.

Пазней з’явіліся публікацыі беларускіх даследчыкаў Івана Цвікевіча (1921), Усевалада Ігнатоўскага (1930), Адама Станкевіча (1933), якому належаць найбольш грунтоўныя працы міжваеннага перыяду. Аўтарам найбольш значнага біяграфічнага даследавання стаў В.Шалькевіч (1988), якi зазначыў, што Каліноўскі разглядаў паўстанне, “не як самамэту, а як адзіна магчымы на той час сродак дасягнення свабоды і незалежнасці Беларусі”.

Трэба адзначыць, што для фармавання вобраза Каліноўскага як “беларускага нацыянальнага героя” вельмі важнае значэнне мела ягоная беларускамоўная прапаганда на старонках газеты Мужыцкая праўда (пад псеўданімам “Яська-гаспадар з пад Вільні”), імкненне надаць паўстанню сялянскі характар і характэрны для яго як прадстаўніка “чырвоных” выразны сацыяльны радыкалізм. Таксама звярталася на ўвагу на перадсмяротныя Лісты з-пад шыбеніцы, якія заклікалі беларусаў працягваць барацьбу разам з польскімі братамі…

Аднак, займаючыся пабудовай помніка “нацыянальнага героя нумар адзін”, беларускія гісторыкі забыліся пра неабходнасць навуковага аналізу дакументаў, звязаных з асобай Каліноўскага. А між тым нават уважлівае чытанне “Мужыцкай праўды” нараджае сумненні ў беларускім нацыяналізме Яські-гаспадара з пад Вільні. У прыватнасці, ён не пісаў пра незалежнасць Беларусі, не заклікаў да фармавання беларускага ўраду. На старонках газеты фігуравала “Літва”, а Каліноўскі заклікаў падтрымаць справядлівы “польскі ўрад” і г.д. Ягоная беларускасць не відавочная. Яна прысутная ў мове Мужыцкай праўды і развітальных Лістах з-пад шыбеніцы, а таксама ў змесце апошніх, дзе Каліноўскі ідэнтыфікаваў сябе з “мужыкамі-беларусамі”. Але гэтая беларускасць не была адкрыта прамоўленая…

Відавочна, што ён не мог быць беларускім нацыяналістам у разуменні ХХ ст. У часы паўстання адсутнічаў беларускі рух. Каліноўскі – гэта хутчэй адзін з апошніх прадстаўнікоў г.зв. “ліцвінства”, да якога раней належалі славутыя філаматы і філарэты, Адам Міцкевіч, Адам Кіркор, Юзаф Крашэўскі… Ліцвінства грунтавалася на ўсведамленні сваёй Радзімай гістарычнай Літвы, якая яшчэ не зведала нацыянальных канфліктаў і трактавалася як культурная і гістарычная цэласнасць. Каліноўскі – гэта “літвін”, які адчуваў набліжэнне новай эпохі нацыяналізму і нават сваёй беларускамоўнай прапагандай спрыяў яе прыходу…

Даследчыкі пакуль не здолелі стварыць цэльнага вобраза чалавека, які стаў на чале паўстання. Вобраз распадаецца на асобныя фрагменты, сярод якіх выразна дамінуе постаць “дыктатара” Літвы-Беларусі. Між тым відавочна, што дзеля разумення, напрыклад, свядомасных арыенціраў Каліноўскага, трэба значна пашырыць веды пра яго як пра чалавека, які пражыў кароткае, але насычанае падзеямі жыццё, у якім апроч паўстання былі звычайныя чалавечыя радасці і расчараванні.

Таксама варта адзначыць недастаткова ўважлівае прачытанне тэкстаў К.Каліноўскага. Далёка не ўсе даследчыкі ўсведамляюць той факт, што аўтар, прынамсі, большасці тэкстаў “Мужыцкай праўды” атрымаў вельмі добрую юрыдычную адукацыю (выпускнік факультэту камеральнага права Пецярбургскага універсітэту з ступенню кандыдата права) і, да таго ж, дзякуючы старэйшаму брату Віктару, добра арыентаваўся ў гісторыі Літвы і Беларусі.

У апошнія гады постаць Кастуся Каліноўскага надзвычай актуалізавалася ў грамадска-палітычным і культурным жыцці Беларусі. Відавочна, што на гэта паўплывалі палітычныя падзеі 2006 г. Фальсіфікацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў выклікалі масавае абурэнне. Пратэстуючая моладзь заняла Кастрычніцкую плошчу ў Менску, якую перайменавала ў “плошчу Каліноўскага”. Менавіта Каліноўскі стаў сімвалам справядлівасці, палітычнага разняволення і дэмакратызацыі Беларусі.

Адказам улады стала ідэалагічная кампанія па “развянчанню міфа Каліноўскага”, у авангардзе якой апынуліся прыхільнікі дактрыны “заходнерусізму”. Гэты ідэалагічны канцэпт, які адмаўляе самастойнасць беларускай нацыі і сцвярджае прыналежнасць беларусаў да “рускага племені”, быў народжаны яшчэ ў другой палове ХІХ ст. Адметнасць беларускай мовы і культуры расцэньвалася выключна як вынік “польскай антырускай інтрыгі”. Сучасныя “заходнерусы” маюць моцную падтрымку з боку ўлады, што дае ім мажлівасць актыўнай прапаганды ўласных ідэяў.

Дастаткова прыгадаць характарыстыку Кастуся Каліноўскага ў падручніку па гісторыі Беларусі для 10 класа сярэдніх школ з беларускай мовай навучання (2008, пад рэд. Якава Трашчанка). Кіраўнік паўстання “За вольнасць нашу і вашу” на старонках гэтага падручніка ператварыўся ў фанатыка-рэвалюцыянера, які адстойваў польскае панаванне ў Беларусі. Паводле рэдактара падручніка, “адраджэнне Беларусі як нацыі магчыма толькі ў дзяржаўным саюзе з Расіяй” і г.д.

Увесну 2011 г. мне давялося размаўляць пра асаблівасці беларускай гісторыі з доктарам тэалогіі і прафесарам Мінскай духоўнай семінарыі Віталём А. Калі гаворка зайшла пра постаць Каліноўскага святар не вытрымаў: “Его надо выкопать из могилы и еще раз повесить!”Ідэя паўтарэння смяротнага прысуду Каліноўскаму на гэты раз у галіне гістарычнай памяці беларусаў выразна прысутнічае сярод “заходнерусаў” і дзяржаўных ідэолагаў. Месца героя Каліноўскага павінен заняць граф Міхаіл Мураўёў, вядомы сучаснікам Яські-гаспадара… як “вешальнік”. Але ці не будзе гэта смяротным прысудам усёй беларускай гістарыяграфіі?