Савецкая партызанка была найшырэйшым рухам супраціву падчас Другой сусветнай вайны — у ёй бралі ўдзел, верагодна, паўмільёна актыўных змагароў[1]. Тым не менш, на фоне 70 мільёнаў чалавек, якія жылі на акупаванай нацыстамі тэрыторыі Савецкага Саюза[2], гэты рух выглядае маргінальнай з’явай.

Неўзабаве пасля вайны, аднак, савецкія афіцыйныя асобы пачалі апісваць партызанскую вайну як «усенародны партызанскі рух». Напрыклад, намеснік начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху Лаўрэнцій Цанава вынес пазначаны тэрмін у загаловак сваёй кнігі пра савецкае падполле. Кніга Цанавы[3] была першай манаграфіяй на тэму партызанскага змагання, апублікаванай у Савецкім Саюзе, і ў яе рэчышчы надалей ішла афіцыйная інтэрпрэтацыя падзей у савецкай гістарыяграфіі. Ідэй Цанавы трымаліся ваенныя летапісцы, падобныя Панцеляймону Панамарэнку; іх пераняў і калектыў гісторыкаў, які выдаў найдаўжэйшае апісанне партызанскага руху ў Беларусі[4]. Каб падагнаць вышэйзгаданыя лічбы пад сваю інтэрпрэтацыю, савецкія прапагандысты заяўлялі, што партызанскі рух і мясцовае насельніцтва складалі непарушную еднасць: у савецкай гістарыяграфіі было прынята за аксіёму, што партызаны дзейнічалі, абапіраючыся на падтрымку цывільных жыхароў, і наадварот[5]. Нямецкія ж крыніцы — напрыклад, справаздачы з акупаваных усходніх тэрыторый (Meldungen aus den besetzten Ostgebieten) — дэманструюць зусім іншую карціну: партызаны ў іх абвінавачваюцца ў запалохванні мясцовых жыхароў[6]. Нягледзячы на тое, што ў гэтых справаздачах лёгка ўбачыць узор нацысцкай ідэалогіі, што дэманізавала сваіх апанентаў, вобраз, намаляваны там, часткова пацвярджаецца вялікай колькасцю партызанскіх дакументаў. Справы з імі захоўваюцца ў постсавецкіх архівах, адкрытых пасля распаду Савецкага Саюза ў 1991 г. Такім чынам, мы можам намаляваць сабе значна больш дакладную карціну партызанскага руху і яго адносін з цывільным насельніцтвам.

На жаль, стэрэатып партызанскай вайны як масавага руху агульнанацыянальнага маштабу шмат у чым застаўся ў постсавецкай гістарыяграфіі нязменным[7]. Гэта найбольш яскрава выяўляецца ў сучаснай Беларусі, дзе савецкая перамога ў т. зв. Вялікай Айчыннай вайне часткова прадстаўляецца як сэнс існавання дзяржавы. Дыктатарскі рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі робіць акцэнт на раздзьмухванне партызанскіх подзвігаў, упісваючы іх у больш шырокі наратыў, згодна з якім беларусы адыгралі першасную ролю ў абароне свету ад «карычневай чумы»[8]. Назіраюцца адно рэдкія выняткі з гэтага правіла; напрыклад, невялікае даследаванне беларускага журналіста Віктара Хурсіка, у якім паказана, як партызанскі атрад спаліў вёску і забіў большасць яе жыхароў[9].

З іншага боку, у нямецкай гістарыяграфіі партызаны апісваюцца пераважна на аснове дакументаў вермахта. У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі большасць гісторыкаў пагаджалася з падыходам, прынятым у нямецкім войску, паводле якога партызаны былі нерэгулярнымі вайсковымі фармаваннямі і не ахоўваліся Гаагскай канвенцыяй. Паводле гэтага пункту гледжання, само існаванне партызанаў было незаконным. Таму жорсткае абыходжанне з імі было апраўдана, таксама як і рэпрэсіўныя захады супраць цывільных асобаў, якія партызанаў падтрымлівалі[10].

У апошнія 20 гадоў погляды навуковай супольнасці змяніліся. Гісторыкі паказалі не толькі тое, што нацысты вялі антыпартызанскія аперацыі вельмі жорстка, але і тое, што яны часта карысталіся такімі аперацыямі, каб прыхаваць палітыку знішчэння (у прыватнасці, яўрэяў і цыганоў) і эканамічную эксплуатацыю[11]. Аднак якімі б справядлівымі ні былі гэтыя высновы, яны ўсё ж па-ранейшаму абапертыя выключна на нямецкія крыніцы, а партызанскі бок застаецца непачутым. Больш за тое, пасля заканчэння «халоднай вайны» за- ходнія гісторыкі атрымалі доступ да некалі закрытых дакументаў і засяродзілі сваю ўвагу на канфлікце паміж немцамі і партызанамі. У той жа час яны мала ўвагі надавалі партызанскім адносінам з цывільным насельніцтвам[12]. Польскія гісторыкі паспрабавалі запоўніць гэты прагал[13]. Калі, аднак, савецкія і постсавецкія гісторыкі малявалі партызанаў пераважна ў станоўчым святле, то іх польскія калегі рабілі зусім па-іншаму.

Расійскі гісторык Аляксандр Гагун не так даўно апублікаваў усёахопную манаграфію пра савецкі партызанскі рух. Гагун даследаваў яго праявы ва Украіне і асвятліў амаль усе аспекты руху, у тым ліку і адносіны партызанаў з мясцовымі жыхарамі. Нягледзячы на станоўчыя бакі манаграфіі, сям-там аўтар, падобна, неаб’ектыўны, бо знаходзіцца пад моцным уплывам антысавецкіх і антыкамуністычных ідэй. Таму будзе цікавым паглядзець, ці пацвердзяць наступныя даследаванні ягоныя тэзісы, паводле якіх партызаны амаль заўсёды варожа ставіліся да цывільных асобаў[14]. У 2004 г. польска-нямецкі гісторык Багдан Мусял апублікаваў шырокі збор партызанскіх крыніц, якія пралілі
святло на розныя аспекты савецкага падполля, у тым ліку на ягонае стаўленне да вясковых жыхароў. Сабраныя дакументы фіксуюць зусім адрозныя ад паказаных у класічных савецкіх манаграфіях з’явы: замест абароны цывільнага насельніцтва партызаны займаюцца рабаваннямі, пагрозамі і гвалтам[15]. Але ўсё ж застаецца незразумелым, наколькі такія з’явы былі пашыраныя: ідзе гаворка пра рэдкія выключэнні ці гэта здаралася пастаянна?

У гэтым артыкуле адносіны паміж партызанамі і цывільнымі асобамі даследуюцца больш пільна, бо нашай мэтай з’яўляецца запаўненне прагалаў. Мы засяродзімся на Баранавіцкім рэгіёне[16] — ён знаходзіцца ў Заходняй Беларусі, якая да 1939 г. належала Польшчы. Пасля пакта Молатава—Рыбентропа савецкія войскі заваявалі гэты край у верасні 1939 г. Падчас нямецкай акупацыі ваколіцы Баранавічаў сталі прытулкам як для савецкіх партызанаў, так і для ўзброенага польскага супраціву, Арміі Краёвай (АК). Апрача савецкіх і нямецкіх крыніц, даступнымі сёння з’яўляюцца і польскія дакументы; яны былі скарыстаныя пры падрыхтоўцы дадзенага артыкула. Такім чынам, тэматычнае даследаванне (case study) падзей у гэтым краі мае свае перавагі з прычыны багацця даступных крыніц. Паколькі аналагічныя даследаванні на матэрыяле іншых рэгіёнаў Заходняй Беларусі яшчэ не праводзіліся, цяжка сказаць, ці можна звесткі пра Баранавіцкі рэгіён экстрапаляваць на ўсю Заходнюю Беларусь. Тым не менш, працы накшталт манаграфіі Гагуна дазваляюць нам правесці цікавыя паралелі.

Становішча ў Баранавіцкім рэгіёне, відаць, істотным чынам адрознівалася ад становішча ва ўсходніх абласцях акупаванай Беларусі, дзе партызаны былі здольныя ствараць т. зв. партызанскія рэспублікі — вялікія тэрыторыі, кантраляваныя выключна падпольным рухам і вельмі рэдка атакаваныя нямецкімі войскамі. Праз стварэнне «рэспублік» партызаны маглі забяспечваць больш- менш прыстойныя ўмовы жыцця мясцовым жыхарам і абараняць іх ад нямецкага тэрору. Як мы ўбачым, сітуацыя пад Баранавічамі была зусім іншай. Яна больш ці менш тыповая для большасці заходніх рэгіёнаў Беларусі, дзе «партызанскія рэспублікі» ствараліся рэдка.

Галоўнай прычынай асаблівасцяў развіцця партызанскага руху ля Баранавічаў была геаграфія. Густыя, маладаступныя лясы Налібоцкай пушчы, таксама як і балоты, забяспечылі партызанам прытулак на поўначы Баранавіцкай вобласці. З іншага боку, рэгіён меў вялікае стратэгічнае значэнне: Баранавічы перасякала чыгуначная магістраль, якая ішла з захаду на ўсход (з Варшавы на Маскву). Па ёй дастаўляліся войскі, амуніцыя і харчы для нямецкай групы армій «Цэнтр». Іншым чыгуначным адгалінаваннем, якое перасякала Баранавічы, была магістраль, што вяла з Вільні ва Украіну[17]. Паколькі дыверсіі на шляхах нямецкіх камунікацый былі адной з найважнейшых задач партызанаў[18], апошнія праяўлялі ў гэтым рэгіёне вялікую актыўнасць.

Дакументы, пакінутыя самімі партызанамі, уяўляюць з сябе багаты збор сведчанняў, які дапамагае даследаваць адносіны паміж партызанамі і цывільным насельніцтвам. Гэтыя дакументы ўключаюць загады і рапарты Цэнтральнага штаба партызанскага руху, упаўнаважанага ЦШПР у Баранавіцкай вобласці, а таксама розных партызанскіх камандзіраў. Сярод іх — данясенні пра стан падпольнага руху, загады аб выпраўленні недахопаў. Тым не менш, да масіву гэтых дакументаў трэба ставіцца вельмі асцярожна: у іх перабольшваюцца вайсковыя дасягненні партызанаў і выкліканыя імі нямецкія ахвяры, і ў той жа час прымяншаюцца партызанскія страты. Усё гэта рабілася, каб данясенні адпавядалі чаканням начальнікаў, звычайна далёкіх ад месцаў падзей. Але ў той жа час названым дакументам можна верыць, калі ў іх вымушана прызнаюцца адмоўныя праявы партызанскай дзейнасці. Падобным чынам, калі ідзецца пра высокія ацэнкі партызанскага руху, верыць варта больш немцам ці польскім падпольшчыкам, якія не мелі ніякай зацікаўленасці ў неапраўданым усхваленні іхнага агульнага ворага, чым самахвальству партызан. У любым выпадку, у гэтым артыкуле параўноўваецца бачанне падзей з трох пунктаў гледжання, і гэта дапамагае зменшыць небяспеку аднабаковасці.

Усе партызанскія дакументы, скарыстаныя ў гэтым артыкуле, захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Нямецкія дакументы таксама знаходзяцца там, а таксама ў некаторых іншых архівах і асобных філіялах нямецкага Бундэсархіва (Bundesarchiv). Нямецкія дакументы ўключаюць справаздачы разнастайных акупацыйных органаў, такіх як армія, СС і, перадусім, цывільная адміністрацыя і паліцыя. Але, нягледзячы на тое, што гэтыя дакументы даюць падрабязныя звесткі пра ваенныя вынікі партызанскага змагання, і на ўплыў, які партызаны мелі на нямецкі акупацыйны рэжым, яны былі падрыхтаваныя вонкавым бокам. Немцы маглі меркаваць пра сілу партызанаў і выніковасць іхных дзеянняў, ацэньваючы нанесеную ім самім шкоду, але яны мала ведалі пра ўнутраны стан партызанскіх атрадаў. Тое самае можна сказаць пра адносіны паміж партызанамі і цывільнымі жыхарамі. Апошнія нярэдка скардзіліся немцам на партызанаў, але гэта можна разглядаць і як спробу пазбегнуць падазрэнняў у дапамозе партызанскаму руху.

Сярод польскіх крыніц, узятых галоўным чынам з Архіва новых актаў у Варшаве, — рапарты мясцовых прадстаўнікоў Арміі Краёвай у тэрытарыяльныя штабы польскага супраціву. У гэтых рапартах апісваецца становішча на акупаваных тэрыторыях і надаецца вялікая ўвага «чырвоным партызанам». Паколькі Армія Краёва была праціўніцай гэтых партызанаў, то аўтары дакументаў схіляліся да адмоўнай іх ацэнкі. Аднак выкарыстанне названых крыніц таксама дапамагае намаляваць больш аб’ектыўную агульную карціну.

Наступны раздзел пачынаецца з кароткага агляду з’яўлення і развіцця партызанскага руху. Паказваецца, як гэты рух дапамог некаторым групам цывільных асобаў знайсці прытулак у сваіх шэрагах і як ён абыходзіўся з іншымі групамі насельніцтва. Будзе паказана, што менавіта партызанскае самазабеспячэнне харчамі найбольш ускладняла адносіны з вясковым насельніцтвам. Партызаны не абмяжоўваліся забіраннем ежы толькі для свайго ўласнага спажывання, а звычайна хапалі столькі, колькі маглі забраць, не зважаючы на патрэбы насельніцтва. Такім чынам, гвалт, практыкаваны партызанамі, меў на ўвазе не толькі чыста ваенныя мэты (выжыванне байцоў). У апошняй частцы артыкула разглядаецца, як савецкае кіраўніцтва выкарыстоўвала партызанскі рух у якасці сродку для дасягнення вайсковых і ідэалагічных мэтаў. Будзе паказана, што для большасці мірных жыхароў у Баранавіцкім рэгіёне партызанскі рух з’яўляўся хутчэй цяжарам, чым збаўленнем.


1. Gerlach Ch. Kalkulierte Morde. Die deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in. Weißrußland 1941 bis 1944. Hamburg, 1999. S. 12; Bonwetsch B. Der «Groβe Vaterländische Krieg»: Vom deutschen Einfall bis zum sowjetischen Sieg (1941—1945) // Handbuch der Geschichte Ruβlands. Bd. 3: 1856—1945: Von den autokratischen Reformen zum Sowjetstaat. II. Halbband / Hrsg. von G. Schramm. Stuttgart, 1992. S. 944.

2. Соколов Б. В. Оккупации. Правда и мифы. Москва, 2002. C. 1.

3. Цанава Л. Ф. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Минск, 1949.

4. Гл.: Пономаренко П. К. Всенародная борьба в тылу немецко-фашистских захватчиков, 1941— 1944 гг. Москва, 1986; Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. В 3-х тт. Минск, 1983—1985.

5. Гл.: Стрельцов И. М., Соколов А. Б. Вместе с населением // За край родной! Воспоминания партизан и подпольщиков Барановичской области / Сост. А. И. Залесский. Минск, 1978. С. 127—131.

6. Гл.: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 4683, воп. 3, спр. 947 (рапарт № 38 начальніка ахоўнай паліцыі і службы бяспекі камандаванню з занятых усходніх тэрыторый, 22 студзеня 1943 г.); Bundesarchiv-Militärarchiv (BA-MA), Freiburg. RW30/34 (журнал за 1 кастрычніка — 31 снежня 1943 г. інтэнданцкай службы (Wehrwirtschaftskommando) «Мінск»), RW30/39 (журнал № 1 за 1 кастрычніка — 31 снежня 1942 г. аддзялення інтэнданцкай службы «Мінск» у Баранавічах).

7. Гл.: Grenkevich L. The Soviet Partisan Movement, 1941—1944. London, 1999; Великая Отечественная война 1941—1945. Кн. 4: Народ и война / Под ред. В. А. Золотарева, Г. Н. Севостьянова. Москва, 1999. Хоць у наступным праекце Расійскай акадэміі навук факты пададзеныя значна лепш і значна больш крытычна, агульная ацэнка засталася тая самая. Гл.: Мировые войны XX века. Кн. 3: Вторая мировая война. Исторический очерк / Науч. рук. Л. В. Поздеева; отв. ред. Е. Н. Кульков. Москва, 2002, асабліва раздзел пра партызанскі рух («Советскоепартизанское движение»), напісаны Віталем Перажогіным.

8 Гл. прадмову прэзідэнта да наступнага падручніка: Великая Отечественная война советского на-
рода (в контексте Второй мировой войны) / Под ред. А. А. Ковалени и Н. С. Сташкевича. Минск,
2004. С. 5—7.
9 Хурсік В. Кроў і попел Дражна. Гісторыя партызанскага злачынства. Мінск, 2003.
10 Teske H. Partisanen gegen die Eisenbahn // Wehrwissenschaftliche Rundschau. 1953. H. 3. S. 662—
675; Rentsch H. Partisanenkampf, Erfahrungen und Lehren. Frankfurt am Main, 1961; Seidler F. W.
Die Wehrmacht im Partisanenkrieg. Selent, 1999.

11. Гл.: Richter T. «Herrenmensch» und «Bandit». Deutsche Kriegsführung und Besatzungpolitik als Kontext des sowietischen Partisanenkrieges (1941—1944). Münster, 1998; Förster J. Die Sicherung des «Lebensraums» // Boog H., Förster J., Hoffmann J., Klink E., Müller R.-D., Ueberschär G. R. Das Deutsche Reich und der Zweite Weltkrieg. T. 4: Der Angriff auf die Sowjetunion. Stuttgart, 1983. S. 1030—1978.

12. Гл.: Slepyan K. Stalin’s Guerillas. Kansas, 2006; Hill A. The War behind the Eastern Front. London — New York, 2005.

13. Boradyn Z. Niemen — rzeka niezgody: Polsko-sowiecka wojna partyzancka na Nowogródczyźnie 1943—1944. Warszawa, 1999; Krajewski K. Na ziemie nowogródzkiej: «Nów» — Nowogródzki okręg Armii Krajowej. Warszawa, 1997; Gnatowski M. Dokumenty o stosunku radzieckiego kierownictwa do Polskiej konspiracji niepodległościowej na północno-wschodnich kresach Rzeczypospolitej w latach 1943—1944 // Studia Podlaskie. 1995. Nr 5. S. 211—317.

Першага з вышэйпералічаных гісторыкаў, Сігізмунда Барадзіна (па-польску: Zygmunt Boradyn), адназначна залічваць да польcкай гістарыяграфіі не вельмі карэктна, паколькі ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Беларусі, да самай смерці 20 верасня 2010 г. з’яўляючыся выкладчыкам кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Гл.: Паўловіч Р. Сігізмунд (Зыгмунт) Барадзін (In Memoriam) // ARCHE. 2011. № 11. С. 15—16. (Заўв. перакл.)

14. Гогун А. Сталинские коммандос. Москва, 1998.

15. Sowjetische Partisanen in Weiβruβland. Innenansichten aus dem Gebiet Baranoviči 1941—1944. Eine Dokumentation / Hrsg. von B. Musial. München, 2004.

16. Названы рэгіён адпавядае т. зв. гебітскамісарыяту «Баранавічы» — адміністрацыйнай адзінцы, створанай немцамі.

17. Sowjetische Partisanen… S. 10—12.

18. Чернышев В. Е. Во главе народных масс против фашистских захватчиков // Партийное подполье в Белоруссии 1941—1944. Страницы воспоминаний. Вилейская, Барановичская, Пинская, Брестская, Белостокская области / Ред. В. Е. Лобанок и др. Минск, 1986. С. 125.


Аляксандр Бракель — нямецкі гісторык, спецыялізуецца ў сучаснай нямецкай і ўсходнееўрапейскай гісторыі. З 2012 г. займае пасаду кіраўніка Беларускага прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра. Аўтар манаграфіі «Unter Rotem Stern und Hakenkreuz: Baranowicze 1939—1944. Das westliche Weißrussland unter sowjetischer und deutscher Besatzung» («Пад чырвонай зоркай і свастыкай: Баранавічы ад 1939 да 1944 года») (Падэрборн—Мюнхен—Вена—Цюрых, 2009). Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — артыкул «„Найбольш небясьпечны гнеў сялянаў…”: Забесьпячэньне партызанаў і іхнае стаўленьне да мірнага насельніцтва. Вывучэньне сытуацыі ў Баранавіцкай вобласьці ў 1941—1944 гг.» (5/2010).

Цалкам артыкул чытайце ў «ARCHE» №1 за 2013 год.

Нумар можна замовіць, даслаўшы электронны ліст на адрас dastauka@arche.by з пазнакай у полі «Тэма» «Паліцаі і партызаны». У лісце абавязкова пазначце свае прозвішча і імя, дакладныя паштовы адрас і індэкс, а таксама падайце нумар тэлефона для сувязі.