З імем Гедзіміна звязана актывізацыя літоўскай знешняй палітыкі. ВКЛ мела шырокія зносіны з папствам, ордэнам, Псковам і Ноўгарадам, Смаленскам.

 

У 1323 г. у палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага адбылася важная падзея – Гедзімін перанёс сталіцу з Новагародка ў Вільню. Перанос палітычнага цэнтра з Наваградка ў Вільню сведчыў аб падзенні ролі гэтага цэнтра. Падаецца, што Вільня аб’ектыўна была горадам славяна-балцкім, і ўплыў балтаў у дзяржаве з гэтай пары істотна ўзрос.

 

Аднак паданне аб тым, што Вільню заснаваў Гедзімін, не мае пад сабою падстаў. Вільня ўзнікла яшчэ ў VІІІ ст. як цэнтр рассялення крывічоў. У ХІ-ХІІ стст. тут існавала самастойнае ўдзельнае княства Полацкай зямлі. Таму роля Полацка ці, прынамсі, крывічоў у дзяржаве не паслабела а, наадварот, узрасла.

 

Унутраная палітыка Гедзіміна была супярэчлівай. Так, у 1323 г. ён адначасна з пераносам сталіцы паспрабаваў і змяніць веру, для чаго ўступіў у зносіны з папскім прастолам. Папа Ян (Іаан) ХХІІ выдаў з гэтай нагоды булу ад 1 чэрвеня 1324 г., аднак хрышчэнне не адбылося з-за адмовы Гедзіміна.

 

У 1340-1341 гг., паводле звестак чэшскіх крыніц, Гедзімін паспрабаваў прыняць каталіцызм яшчэ раз, цяпер ад чэхаў. Ужо ў ВКЛ паехалі і святары, аднак Гедзіміна атруцілі свае. Верагоднасць такой падзеі адмаўляць нельга.

 

Новым вялікім князем стаў Ян (Іван) Яўнут. Верагодна, Гедзімін не пакінуў тастаменту, і Гедзімінавічы захавалі свае сталы. Палітыка Яўнута была ў ВКЛ вельмі непапулярнай. Адносіны паміж Гедзімінавічамі станавіліся ўсё больш і больш напружанымі. Асабліва варожасць узмацнілася тады, калі пасля смерці свайго старэйшага брата Манівіда Яўнут перадаў ягоныя ўладанні (Кернава і Слонім) свайму прыхільніку, полацкаму і пінскаму князю Глебу Нарымонту.

 

У 1345 г., пасля смерці княгіні Еўны (яна паходзіла з роду полацкіх князёў), браты Дзмітрый-Альгерд і Кейстут пазбавілі Яўнута ўлады. Апошні ўцёк у Маскву, аднак не пажадаў, каб яго выкарыстоўвалі там супраць Літвы, вярнуўся на Радзіму і атрымаў ад братоў Заслаўе.

 

Пры Альгердзе адбывалася імклівае пашырэнне Беларускай дзяржавы. У 1348 г. полацкім князем стаў старэйшы сын Альгерда – Андрэй Гарбаты, што азначала ўключэнне Полацкага княства ў склад Літвы. У 1363 г., пасля бітвы на Сініх Водах, у склад ВКЛ увайшоў вялізны абшар – украінскія землі на чале з Кіевам.

 

Далучэнне Кіева азначала вялікую маральную перавагу Вільні над Масквой. Справа ў тым, што Кіеў быў старажытнай сталіцай Рускай дзяржавы. Як Полацк узвышаўся над Беларуссю-Крывіяй, так над Украінай-Руссю ўзвышаўся Кіеў. Магчыма, з гэтага часу паходзіць вядомая формула: “Уся Русь павінна належаць Літве”. Валоданне Кіевам як нельга лепш апраўдвала гэтыя прэтэнзіі Вільні на ўсходнееўрапейскую гегемонію.

 

У часы Альгерда ў адносінах удзельных князёў захоўваўся прынцып, які дзеяў яшчэ з часоў Пракопа-Гедзіміна – “не рушыць даўніны, не ўводзіць навіны”. Кансерватызм Вільні вельмі падабаўся мясцовым уладарам, бо ў такім выпадку далучэнне да ВКЛ амаль не змяняла становішча ўдзельных князькоў, якія з лёгкасцю ішлі на амаль фіктыўную прыналежнасць вялізнай дзяржаве.

 

У час Альгерда ў ВКЛ існавала цікавая палітычная сістэма, якая грунтавалася на двоеўладдзі Альгерда, князя віленскага і вялікага князя, і Кейстута, князя троцкага і жамойцкага. Фактычна, Альгерд адказваў за ўсходнюю палітыку дзяржавы (экспансія ў былых кіеўскіх уладаннях), а Кейстут – за заходнюю (барацьба з крыжакамі).

 

Смерць Альгерда ў маі 1377 г. разбурыла палітычную стабільнасць у дзяржаве. Перадача стала Ягайлу выклікала непаразуменне ў старэйшых сыноў Альгерда – Андрэя, Дзмітрыя, Уладзіміра, Канстанціна і Фёдара, асабліва ў старэйшага Андрэя, які быў князем у Полацку. Магчыма, што ўсё абышлося б мірам, калі б Ягайла не пажадаў выгнаць Андрэя з Полацкага княства. У выніку доўгай барацьбы Ягайла змог завалодаць Полацкам і далучыць яго да сваіх уладанняў, аб чым сведчыць угода аб міры з ордэнам ад 27 лютага 1381 г.

 

Наступны крызіс быў выкліканы імкненнем Кейстута захаваць свой статус другога князя, а то і набыць статус першай асобы ў дзяржаве. Натуральна, што такое вельмі не задавальняла Ягайлу. Знешняй праявай варожасці стала гісторыя з Вайдылам – халопам, замуж за якога Ягайла аддаў сваю сястру Марыю. Асабліва варожа ставіўся да Вайдылы Кейстут, які лічыў, што шлюб з ім Марыі ёсць ганьба ўсяму роду.

 

Бачачы варожасць Кейстута, Вайдыла пачаў зносіцца з крыжакамі. Разам з імі быў заключаны хаўрус супраць Кейстута, аднак намер Ягайлы выкрыў ягоны сваяк з ліку крыжакоў. У выніку імкліва нападу на Вільню Кейстут захапіў Вільню і стаў часова вялікім князем.

 

Такім чынам, упершыню ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага жамойты апанавалі ўсё дзяржаўнае жыццё. Аднак іхняе панаванне было нядоўгім.

 

У 1382 г. пад уладу Масквы аддаўся брат Ягайлы Дзмітрый Карыбут, які быў северскім князем. Падпарадкоўваць яго адправіўся Кейстут. Загадана было ісці і Ягайлу, аднак той, скарыстаўшыся адсутнасцю Кейстута, з дапамогай нямецкіх мяшчан Вільні захапіў сталіцу.

 

Пасля грамадзянскай вайны спачатку з Кейстутам, затым з ягоным сынам Вітаўтам Ягайла, які захаваў уладу, для яе ўмацавання заключыў Крэўскую унію. Гэта выклікала незадаволенасць многіх князёў Літвы. Так, барацьбу з Ягайлам аднавіў князь Андрэй Гарбаты. У 1386 г. ён заключыў хаўрус з Вялікім княствам Смаленскім і Лівонскім ордэнам, захапіў Лукомль. Аднак неўзабаве, увесну 1387 г., Скіргайла Альгердавіч захапіў Полацк. 28 красавіка 1387 г. Ягайла выдаў прывілей Скіргайлу на ўладанне Полацкам, Трокамі, Менскам, Прапошаскам, Свіслаччу, Любечам і іншымі землямі ў ВКЛ.

 

У 1388 г. у ВКЛ пачалася новая грамадзянская вайна, якая завяршылася ў 1392 г. падпісаннем Востраўскага пагаднення паміж Ягайлам і Вітаўтам. Вітаўт атрымаў уладу ў ВКЛ і тытул “князь Літвы”, а Ягайла захаваў тытул “вялікі князь Літоўскі”. Для ВКЛ пачалася новая эпоха.

 

3.2 Знешняя палітыка ВКЛ гэтага часу. З імем Гедзіміна звязана актывізацыя літоўскай знешняй палітыкі. ВКЛ мела шырокія зносіны з папствам, ордэнам, Псковам і Ноўгарадам, Смаленскам.

 

Пры Гедзіміне знешняя палітыка Літвы набыла выразна экспансійны характар. Так, пачаўся актыўны ціск на Пскоў з мэтай далучэння  гэтага горада да ВКЛ. Аднак гэта задума пацярпела крах. На ўсходзе саюзнікамі Гедзіміна былі Аляксандр Цвярскі, Хведар Кіеўскі, Іван Смаленскі, Аляксандр Мсціслававіч Казельскі. Усе гэтыя князі былі ворагамі Масквы.

 

У значнай ступені поспехі ВКЛ у знешнепалітычнай дзейнасці былі звязаны з такім выдатным дзеячам, як Давыд Гарадзенскі. Ягоныя паходы на суседзяў (у Польшчу, на крыжакоў і нават у Брандэнбург) прыносілі вялікі плён для Гедзіміна. Аднак у 1325 г. Давыд быў забіты мазавецкім рыцарам Андрэем.

 

У 1340 г. да Вялікага княства Літоўскага была далучана Валынь – у мінулым галоўны вораг гэтай дзяржавы. Гэта адбылося дзякуючы абранню валынскімі баярамі сабе князем Любарта-Дзмітрыя Гедзімінавіча.

 

Смерць у 1341 г. Гедзіміна запаволіла экспансію ВКЛ. Аднак з 1345 г. – пры князе Альгердзе Вялікім – яна аднаўляецца. Напрыклад, 2 лютага 1348 г. адбываецца бітва з крыжакамі на рацэ Стрэве. Хоць перамогі ліцвінам дасягнуць не ўдалося, аднак і крыжакі не перамаглі.

 

Актыўную дзейнасць разгарнуў Альгерд у Смаленскім вялікім княстве, жадаючы далучыць яго да сваіх уладанняў. Паступова ВКС акружвалася літоўскімі ўладаннямі: у канцы 1350-ых гг. Альгерд заняў Падняпроўе (Магілёў, Гомель), у 1355 г. – Бранскае княства, у 1358 г. – Мсціслаўскае ўдзельнае княства. Яшчэ раней было далучана Таропецкае княства. Аднак пры Альгердзе Смаленскае княства змагло захаваць сваю незалежнасць.

 

У 1349-1352 гг. адбылася першая вайна Вялікага княства Літоўскага і Польшчы за валынскую спадчыну. У 1349 г. польскі кароль Казімір ІІІ Вялікі захапіў Холмскую, Бельскую землі, усю Валынь і нават Берасце. У адказ у 1350 г. валынскі князь Любарт з дапамогай Кейстут (які валодаў у ліку іншых зямель таксама і Берасцем) напалі на Валынь, разбурылі там польскія замкі, занялі Львоўскую зямлю і распачалі набегі на суседнія польскія землі.

 

Становішча Казіміра ІІІ істотна пагоршылася. Таму ён звярнуўся да папы рымскага і да венгерскага караля Людовіка Вялікага. Альгерд заклікаў на дапамогу падольскіх татараў. Вайна набывала характар усходнееўрапейскай.

 

Неўзабаве палякі напалі на Луцк. У палон патрапіў сам Кейстут. Любарт ледзьве ўратаваўся з абложанага Луцка. Толькі з дапамогай Альгерда ўдалося адбіць гэты новы наступ палякаў. Валынь была зноў адваявана, Любарт паспрабаваў нават захапіць Галіч, аднак не змог яго ўтрымаць.

 

Пазней барацьба за Валынь аднаўлялася. Аднак Валынь палякі не змаглі захапіць.

 

У 1363 г., пасля бітвы на Сініх Водах, да Вялікага княства Літоўскага быў далучаны вялізны абшар на поўдні. Пасля гэтага Альгерд распачаў спробы пашырыць тэрыторыю дзяржавы на ўсходзе. Баронячы незалежнасць Вялікага княства Цвярскога, Альгерд зрабіў тры паходы на Маскву: у 1368, 1370 і 1372 гг. Аднак дабіцца сваёй мэты ён не змог.

 

Пасля смерці Альгерда Вялікага наступае вельмі складаны этап у гісторыі ВКЛ. У дзяржаве пачынаюцца крывавыя грамадзянскія войны, якія, канешне, не спрыяюць умацаванню дзяржавы. Знешнепалітычная дзейнасць літоўскага ўрада актывізуецца толькі пры Вітаўце Паходні Вайны.

 

krywicanin.livejournal.com