Падзеі, што адбыліся на мяжы XVI—XVII стст. у Рэчы Паспалітай, моцна паўплывалі на росквіт будаўніцтва сакральных будынкаў. Берасцейская царкоўная унія (1596) спрычынілася да павелічэння ўплыву каталіцкага Касцёла на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Берасце, як горад каралеўскі і другая сталіца ВКЛ, прываблівала Касцёл здаўна.

Падзеі, што адбыліся на мяжы XVI—XVII стст. у Рэчы Паспалітай, моцна паўплывалі на росквіт будаўніцтва сакральных будынкаў. Валочная рэформа, завершаная ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1565 г., і добры попыт на збожжа ў Еўропе палепшылі фінансавае становішча літоўскай шляхты. Заключаная ў 1569 г. Люблінская унія сфармавала новыя варункі і абвастрыла маёмасныя праблемы [1]. Берасцейская царкоўная унія (1596) спрычынілася да павелічэння ўплыву каталіцкага Касцёла на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Да таго ж усё гэта адбывалася на фоне контррэфармацыі, якая набірала моц. Выразным вынікам контррэфармацыі было павелічэнне кляштараў розных каталіцкіх законаў.

Берасце, як горад каралеўскі і другая сталіца ВКЛ, прываблівала Касцёл здаўна. Першы каталіцкі кляштар айцоў аўгусцінцаў-ерэмітаў (пустэльнікаў) тут быў заснаваны яшчэ Вітаўтам у 1380 г. Дзякуючы місіянерскай дзейнасці манахаў у 1389 г. паўстала ў Берасці парафія св. Крыжа, а яшчэ перад Люблінскай Уніяй (1569) тут было ўжо 5 каталіцкіх касцёлаў [2]. Да таго ж Берасце месцілася паміж дзвюма сталіцамі Рэчы Паспалітай (Вільняй і Кракавам) і нярэдка станавілася месцам правядзення соймаў Рэчы Паспалітай і ВКЛ, а таксама і малых соймікаў. Усё гэта абумоўлівала магчымасць развіцця і неблагога ўтрымання новых канвентаў [3].

Пасяленне ў Берасці адразу трох жабрацкіх ордэнаў — аўгусцінцаў, бернардынаў, дамініканаў — сведчыць пра шчодрасць іх фундатараў і ахвярадаўцаў [4]. Згодна з папскай булай ад 1603 г., мінімальная адлегласць паміж жабрацкімі канвентамі мелася быць не менш за 300 прутоў (1318,5 м) [5]. У Берасці, аднак, яна ледзьве дасягала 100 прутоў, і гэта без уліку мноства іншых кляштараў, цэркваў, сінагогаў, якія таксама існавалі з дабрачынных ахвяраванняў вернікаў. Што спрыяла такой шчодрасці фундатараў?

Праўдападобна, умацоўвала іх памкненні этыка таго часу і шырока распаўсюджанае платонаўскае ўяўленне траістага ўкладу сусвету: Прыгажосць — Дабро — Праўда. Сутнасьць яе тлумачылася проста: Бог — Творца, Творца дасканалы, таму ўсё, што створана Ім, ёсьць дасканалым, іначай — Прыгожым, і таму безумоўна Добрым. Гэта й ёсць Праўдаю. Іначай кажучы, спрыяць пашырэнню Прыгажосці — прыслугоўваць Богу, рабіць Дабро і мець наўзамен надзею на Збавенне. Зыходзячы з гэтага вернікі ахвяравалі і на новыя манаскія кляштары, і на храмы.

У 1624 г. сіндык бернардынскага канвента Ян Галемскі акрэсліў свой намер словамі:

…ані з нейкай патрэбы, ані з чыягось прымусу, для манахаў ордэну Св. Францішка, нарачоных бернардынамі, мурам касцёл для хвалы Госпада Бога, каб у ім як за нашу Айчыну, і за Рэч Паспалітую, так і за горад гэты Берасце, і за мяне самаго грэшніка вечныя часы Госпада Бога прасілі, выставіў [6].

Іерархія пастаноўкі акцэнтаў і просьбаў Яна Галемскага ўражвае: перадусім — маліцеся за «нашу Айчыну» (відавочна ВКЛ), пасля — за унійную краіну, «Рэч Паспалітую», і «за горад гэты Берасце», і толькі напрыканцы — «за мяне самаго», малога, які прагне збавення.

Такі падыход фундатараў абавязваў ордэны да належнага матэрыяльнага ўвасаблення намераў. Да таго ж спрыялі гэтаму і пастановы Трыдзенскага сіноду, якія сталіся пераломным пунктам у сакральным будаўніцтве часу контррэфармацыі. Біскуп кс. Караль Барамеўш у «Instructionum fabricae Ecclesiasticae et Supellectilis Ecclesiesticae» надаваў сакральнай архітэктуры ролю яшчэ аднаго сродку паўсюднай евангелізацыі. Тут мелі значэнне месца размяшчэння святыні, яе сілуэт, форма, прапорцыі, аздабленне, бо менавіта яны мусілі сведчыць прысутнасць усёвідушчага вока: «каб кожны разумеў, што патрэбна малітвы Богу ўзносіць…» [7]. Такім чынам напышлівая Прыгажосць, згубленая праз аскетызм рэфармацыі на пачатку XVII ст., зноў вярталася да архітэктуры храмаў.

Не апошнюю ролю ў пашырэнні дабрачыннасці адыгрываў націск контррэфармацыі. Яшчэ ў XVI ст. кальвінскі збор, заснаваны ў Берасці Мікалаем Радзівілам Чорным, быў далучаны да лона каталіцкага Касцёла намаганнямі сына Радзівіла Мікалая Сіроткі, што адрокся кальвінізму. Ягоныя паслядоўнікі, магнаты, шляхцянкі і шляхцічы, адракаючыся кальвінізму, фундавалі заснаванне новых каталіцкіх канвентаў у Берасці. Так у 1623 г. будаўніцтва калегіума езуітаў і кляштара айцоў бернардынаў падтрымаў Леў Сапега — вялікі канцлер літоўскі (1589—1623) і берасцейскі стараста (1616—1623). Ён таксама адрокся кальвінізму пасля смерці свайго апекуна — Мікалая Радзівіла Чорнага [8]. У 1628 г. на кляштар айцоў дамініканаў у Берасці дала сродкі былая кальвінка — Сафія Магдалена Бухавецкая († 1651), дачка Мар’яна Лакніцкага, каралеўскага сакратара ў час Стэфана Баторыя і Жыгімонта ІІІ Вазы [9].

У першай чвэрці XVII ст. узнікла ідэя заснаваць у Берасці два жаночыя канвенты. Амбітныя і ўплывовыя ў палітычных колах асобы выступілі ініцыятарамі стварэння новага «кляштара для шляхцянак». Сярод прадстаўнічага кола жаночых законаў быў абраны найбольш «прэстыжны» закон (ордэн) св. Брыгіты (каралевы шведскай). Фундатарамі кляштара святых брыгітак выступілі знакаміты палітычны дзеяч Вінцэнт Аляксандр Гасеўскі († 1662) і Ганна Русецкая з Шуйскіх. Фундатарамі кляштара святых брыгітак выступілі палітык і вайскаводца Вінцэнт Аляксандр Гасеўскі († 1662) і Ганна Русецкая з Шуйскіх [10]. Як выявіла Малгажата Баркоўская, гэты кляштар уфундавалі разам сем’і Гасеўскіх, Пацеяў і Пацаў, пародненых паміж сабой [11]. Мясцовая шляхта была вельмі зацікаўленая ў адкрыцці новага жаночага кляштара, і ўжо праз некалькі месяцаў у ім размясціліся не менш за трыццаць манахінь і паслушніц.

Ахвяраванні для пабудовы большага і прыгожага касцёла збіралі на працягу стагоддзя. Для пабудовы патрэбна была значная тэрыторыя [12]. Сярод фундатараў, якія ахвяравалі свае землі для новага касцёла, згадваецца кароль Рэчы Паспалітай — Ян Казімір Ваза (16??), Адам Пацей (1587) — будучы біскуп уніяцкі, Аляксандра Пацей (1631) — настаяцельніца гэтага кляштара. Такім чынам новы касцёл, пабудаваны паводле праекта Паўла Фантаны і асвечаны ў імя Дабравешчання ў 1751 г., стаўся калектыўнай фундацыяй, у якой узялі ўдзел і кароль, і манахіні, і шляхта… На адным з абразоў Маці Божай Апекі, які паходзіць з Берасцейшчыны і датуецца 1751 г., можна лёгка распазнаць некалькіх асобаў з гэтага прадстаўнічага спіса [13].

Яшчэ адзін, больш практычны матыў фундатараў, пра які хачу тут згадаць, ілюструе выраз «memento мore» — памятай пра смерць. У XVII ст. павялічваецца колькасць эпідэмій, што забіралі жыцці. Вядома, эпідэміі не шкадавалі ні бедных, ні багатых. Найбольш распаўсюджаным сродкам абароны ад «заразы» былі ўцёкі з гарадоў, дзе з-за высокай канцэнтрацыі людзей і антысанітарыі смерць тысячамі касіла людзей. З гарадоў уцякалі нават каралеўскія сем’і… Але больш надзейным сродкам лічылася штодзённая малітва і ахвяраванні на патрэбу Касцёла.

Паводле завяшчання, складзенага 7 верасня 1617 г. Геленаю Капцёвай з Дульскіх, заснаваны быў другі жаночы кляштар — святой Клары бернардынак. Фундатарка свой намер акрэсліла так:

Каб кляштар з касцёлам для манахінь св. Францішка ў горадзе Берасці быў заснаваны, а калі будзе збудаваны, каб быў запісаны для манахінь, вышэй успамянутых; і каб служба для Славы Божай (і за душу маю) была ў ім як хутчэй манахінямі адпраўленая.

З гэтай мэтай Дульская ахвяравала ордэну свой маёнтак Сосны ў Пінскім павеце [14]. Сама фундатарка не дачакалася адкрыцця кляштара — памерла. Аднак у яе гонар улазіны ў новазбудаваны кляштар святых бернардынак, якія прыбылі з Каліша, былі вельмі ўрачыстыя. У новым касцёле сабралася ўсё каталіцкае духавенства, берасцейскія мяшчане і шляхта, сярод якіх быў канцлер ВКЛ Альбрэхт Станіслаў Радзівіл [15].

Магнацкія роды і надалей працягвалі фундаваць берасцейскія кляштары. Сын Льва Сапегі Казімір Леў (1609—1656), ахвяруючы езуітам 30 тысяч злотых, падкрэсліў:

…у сувязі са святам Сашэсця св. Духа і для святой памяці бацькі майго — Льва Сапегі, ваяводы Віленскага, гетмана ВКЛ, пачынаю ўзвядзенне мураванага касцёла пад тытулам Імені Ісуса (Nominus Jesus) у Берасці… [16]

Каб ушанаваць ролю роду Сапегаў у стварэнні езуіцкага ансамбля ў Берасці, на фасадзе касцёла архітэктар кс. Адам Дэламарс размясціў радавы герб, які быў апеты ў шматлікіх панегірыках [17].

Падтрымаць гэтую працу, нават калі яе маглі фінансаваць нашчадкі фундатараў, лічылі за гонар асобы, якія не былі з імі звязаныя сваяцкімі сувязямі. Прыкладам такой пераемнасці ў Берасці з’яўляецца кляштар айцоў дамініканаў. Яго ўфундавала ў 1624 г. згаданая вышэй Сафія Лакніцкая. Завяшчанне, складзенае ёю 1 сакавіка 1647 г., абавязала айцоў дамініканаў да канкрэтных дзеянняў. Фундатарка піша:

Цела маё няхай будзе пахавана ў касцёле берасцейскім айцоў дамініканаў, самімі манахамі збудаваным… Камень надмагільны мусіць быць з мармура, на якім абавязую мой партрэт выразаць ва ўбранні манаскім.

На той час, згодна з запісам, касцёл быў ужо «высока падняты», аднак недабудаваны. У наступным годзе (1648) Берасце было спаленае казакамі Багдана Хмельніцкага. У руінах ляжаў увесь горад, не было ані цэлага дома, ані крамы.

Дабудоўваць кляштар і касцёл айцоў дамініканаў узяліся толькі ў канцы стагоддзя. Каб ушанаваць памяць першай фундатаркі кляштара айцоў дамініканаў, 4 жніўня 1693 г. Святаслава Дунінова-Пражмоўская з Раец [18] напісала:

…фундацыю, пачатую Сафіяй Магдаленай Лакніцкай-Бухавецкай айцам дамініканам у месце Берасці, на будоўлю касцёла пад іменем св. Сафіі і кляштара, зруйнаваных і незакончаных у сувязі з разбурэннямі і знішчэннямі непрыяцельскімі, фундую…

Далей яна дакладна распісала, на што трэба выдаткаваць 100 тысяч злотых, акрэсліваючы канкрэтныя пункты абавязкаў айцоў дамініканаў:

…перадусім — на заскляпенне вымураванага касцёла, пабудову дзвюх капліц, рэстаўрацыю надмагілляў і пабудову кляштара для 12 манахаў, сярод якіх шасцёра павінна быць навіцыянты, для якіх дактарамі філасофіі лекцыі чытаныя мусяць быць… [19]

Адмысловым дарам Святаславы Пражмоўскай для касцёла св. Сафіі стала ікона Маці Божай Ружанцовай у срэбным акладзе з пазалотай «накшталт усходніх іконаў», які быў замоўлены дабрадзейкай у майстра з гданьскага цэху злотнікаў [20]. Захаванне гэтага абраза ў Берасці — месцы, выбраным ёй для апошняга свайго прытулку, Святаслава Пражмоўская агаварыла спецыяльна: «страхам Божага суду не дазваляю пераказваць абраз да іншага касцёла альбо іншай правінцыі» [21]. Памерла фундатарка каля 1700 г., а папярэдне ў завяшчанні ад 4 кастрычніка 1699 г. забавязала айцоў дамініканаў:

Цела маё, што з зямлі ўзятае, няхай гэтай зямельцы і дастанецца, што ў касцёле вялебных айцоў дамініканаў берасцейскіх, у капліцы, асвечанай імем Найсвяцейшай маці Божай Ружанцовай, фундацыі маёй змураванай, пахавана мусіць быць паводле абраду хрысціянскага [22].

Многія фундатары і дабрадзеі берасцейскія знаходзілі апошні спачын у крыптах заснаваных імі кляштараў і касцёлаў. Дзве фундатаркі былі пахаваныя ў крыптах касцёла св. Сафіі, побач з Андрэем Урсынам Нямцэвічам, Гарэнцыянай Палубінскай Нямцэвічыхай, Геранімам Гарноўскім, Вікторыяй Масакоўскай ды іншымі дабрадзеямі і ахвярадаўцамі айцоў дамініканаў [23]. У крыпце касцёла імені Ісуса і св. Казіміра айцоў езуітаў былі пахаваныя Якуб Здзітавецкі († каля 1627), рэктар калегіума ў 1648—1650 гг. Каспер Янкоўскі († 6.1.1650), Адам Уладзіслаў Саковіч († 1717) — суддзя троцкі і падваявода троцкі, Адам Дэ ла Марс († 1729) — рэктар калегіума, архітэктар, Амброзі Нямцэвіч († 1767) — дзед Юльяна Нямцэвіча ды іншыя.

Традыцыя аддаваць дзеля супольнага дабра не абмяжоўвалася ахвяраваннем выключна на сакральныя будынкі. Найбольш папулярнай і абгрунтаванай тагачаснай этыкай была дапамога найбяднейшым праз стварэнне шпіталяў-прытулкаў. Першы такі шпіталь у Берасці быў заснаваны згодна з прывілеем у 1409 г. У 1607 г. прынялі новы закон аб ахове здароўя, які называў шпіталь месцам, дзе «апрач цела не занядбаюць лекавання душы» [24].

У 1624 г. найстарэйшы гарадскі шпіталь св. Духа, заснаваны ў час надання гораду магдэбургскага права, перадалі пад апеку айцоў дамініканаў. У той жа час гараджане, прагнучы мець установу, дзе найбяднейшыя будуць мець дапамогу, калектыўна ўфундавалі новы парафіяльны шпіталь — Божай Міласэрнасці [25].

Сімвалічна, што ў першай палове XVII ст. берасцейскія мяшчане, дамаўляючыся пра фінансаванне парафіяльнага (каталіцкага) шпіталя, пазначылі: «шпіталь гэты для людзей бедных і бяздомных, што церпяць і паміраюць на вуліцах, без увагі на веравызнанне» [26].

Берасцейцы розніліся паміж сабою веравызнаннем, але ў пытаннях дабрачыннасці былі падобныя. У адным артыкуле цяжка згадаць кожнае ахвяраванне, бо на працягу больш як васьмісот гадоў гісторыі старога Берасця іх было тысячы. Ахвяравалі грошы, нерухомасць і маёмасць, палацы, дамы, клуні, літургічны і пабытовы посуд… Гэта было традыцыяй, якая нараджала культуру. Таму пры канцы прыгадаю толькі адну з іх — нетыповую, малавядомую і нехрысціянскую. Адбылася яна ў год стварэння Рэчы Паспалітай абодвух народаў (1569). Галоўным фундатарам яе выступіў знакаміты «кароль на адну ноч» — берасцейскі штадлан Шауль Валь бэн Егуда (1541—1617) [27]. Дзякуючы яму і другім іудзеям у Берасці паўстала рэнесансавая сінагога. Трохі пазней той самы Шауль Валь ахвяраваў на прыбудову да яе жаночай галерэі, пра што і згадвае запіс, адшуканы ў XIX ст.:

Пан Шауль, сын вучонага Самуэля Юды з Падуі, пабудаваў сінагогу для жанчын дзеля памяці сваёй жонкі — Дэборы, дачкі Давіда Друкера [28].

Гэты запіс удакладняе матывацыі берасцейскіх дабрадзеяў. Фундатар хацеў, каб нашчадкі памяталі пра яго, ягоную жонку і род іх еўрапейскі, што выходзіў з самай Падуі.

 ДАДАТАК

Рэестр земляў канвента св. Брыгіты 1632—1691 гг. * [29].

Дата Асоба, у якой набытая зямля Кошт, злотых Месца ўчастка, заўвагі
1632—1648 Уладыслаў ІV, кароль Рэчы Паспалітай Няма дадзеных Участак, дзе збудаваны кляштар
1648—1668 Ян Казімір, кароль Рэчы Паспалітай н/д н/д
1669—1673 Міхал Вішнявецкі, кароль Рэчы Паспалітай н/д н/д
Без даты Мекржыцка 100 н/д
Без даты Адам Пацей, стольнік берасцейскі н/д н/д
Без даты Ян Давідовіч Lipki 34 Сад
Без даты Харкевіч, мешчанін берасцейскі 200 Сад, які пры гасцінцы за Мухаўцам
†1668 Станіслаў Баброўніцкі, пісар земскі н/д Вольны ўчастак берасцейскі на Заўгрынцы Малой для касцёла
Без даты Не стае інфармацыі н/д Права на пляц Чарапкоўскі
Бяз даты Саўка Кузьміч, мешчанін берасцейскі 40 Сад на Амполі
Бяз даты Хведар Максімовіч н/д Сад, названы Казіеўскім
Бяз даты Самуэль Падульскі, рэктар берасцейскі н/д Луг i чатыры сады
1584 Пісар ВКЛ 74 Дом у Берасці
1587 Адам Пацей, суддзя берасцейскі земскі Участкі з дварамі і дамамі
1624 Гасіеўскі, ваявода смаленскі 300 Участак
1626 Вісецкі Участак
1631 Аляксандра Пацей, тутэйшая Участак
1631—1638 Мешчанін берасцейскі 158 Участак
1637 Ляўковіч 40 Участак
1638 Каменскі 75 Участак
1641 Мешчанін Па дамове Участак
1641 Жыды берасцейскія н/д На Пясках
1646 Станіслаў Духановіч 20 Тры ўчасткі
1650 Станіслаў Духановіч 140 Участак
1655 Бойка 30 Участак
1655 430 Участак
1662 Сын фундатара Вінцэнта Гасіеўскага, Два ўчасткі і млын падскарбі ВКЛ на Мухаўцы
1664 20 н/д
1669 Айцы базыльяне н/д Права на ўчастак ад айцоў базыльянаў
1670 Леанард Пацей, ваявода віцебскі н/д Участак, дзе цяпер касцёл
1672 Баковіч 100 Участак
1674 Яраш 28 Участак
1671 Яраш 100 Участак
1676 Яраш Чэхаўскі 300 Участак
1676 Ян Куйбеда 40 Участак
1677 Раман Матвіевіч 100 Сад на Амполі
1682 Котычава, падчашная берасцейская 50 Участак
1684 Якуб Карасовіч 200 Луг

1684

Сымон, базыльянін 200 Участак
1690 Шумскі, н/д 120 Участак на Пясках
1690 Палубінскі, шляхціч 20 Права на ўчастак Шумскага на Пясках
1691 Палубінская, шляхцянка 120 Права на ўчастак набыла Палубінская ў мяшчанкі Юдочцы
Да 1720 Русецкі, кашталян мінскі 1000 Участак

 

_________________________________________

1. Wilkiewicz-Wawrzynczykowa Alina. Spory graniczne polsko-litewskie w XVI—XVII ww. // Wiadomości Studium Historii Prawa Litewskiego. U.S.B. Wilno. Wilno, 1938.

2. Ordo Fratrum Eremitarum Sancti Augustini (OESA). Encykl. Katol. T. II, kol. 1076; Віленская універсітэцкая бібліятэка (далей VUB), f. 4, rkp. 362, k. 1—2.; Uth Grzegorz. Szkic historyczno-biograficzny zakonu augustiańskiego w Polsce. Kraków, 1930. S. 103; РГИА, ф. 822, воп. 12, спр. 2947, l. 481; VUB, f. 4, rkp. 362, k. 1. Паводле Апісання стараства берасцейскага ў 1566 г. у горадзе былі: касцёл св. Барбары (1524), касцёл, вядомы пазней як касцёл св. Сафіі (XVI ст.), касцёл св. Тройцы кляштара айцоў аўгусцінцаў, парафіяльны касцёл Узвышэння св. Крыжа і св. Ганны, касцёл св. Дароты (1540) , паводле AGAD. zesp. AR-dz XVII, sygn. 34.

3. Працэс заснавання і матэрыяльнага забеспячэння новых канвентаў строга кантраляваўся. Гл.: Brykowska Maria. Architektura karmelitów bosych w XVII—XVIII wieku // Studia i materiały do teorii i historii architektury i urbanistyki. T. 18. Warszawa. 1991. S. 15.

4. Litak Stanisław. Kościół łaciński w Rzeczypospolitej około 1772 r. Lublin, 1972. S. 95—99.

5. Brykowska. Ibidem. S. 16.

6. BN, mkf. nr. 2863, k. 5.

7. Miłobędzki Adam. Architektura Polska XVII w. Warszawa, 1980. T. 4, cz. 1. S. 34—36. Barromaei S. Caroli. Instructionum fabricae Ecclesieticae et Supellectilis Ecclesiasticae, libri duo, Paris, 1855. Цыт. паводле: Brykowska Maria…

8. BN, rkp. BOZ 198, mf. 2863, k. 4—5.

9. BN, mf. 49 939, k. 1—2; Wołyniak (Gozdawa). Wykaz klasztorów dominikańskich prowincyi ruskiej. Kraków, 1923. S. 15.

10. Borkowska M. Miscellanea brygitańskie: składkowa fundacja w Brześciu. Nasza Przeszłość. № 91 (1999). S. 336; ADS, sygn. D-159, k. 42; ADS, sygn. D-130, k. 415. Swastek J. św. Brygida Szwedzka i zakon Najświętszego Zbawiciela ze szczególnym uwzględnieniem klasztorów na ziemiach polskich. Lublin, 1986. T. 2. S. 442.

11. Першыя манахіні канвента — Ганна і Ружа Гасеўскія, дочкі Вінцэнта Аляксандра. Іх багаты пасаг перайшоў у маёмасць кляштара. Тое ж тычылася пасагу Аляксандры і Гелены Пацей (дачок Адама (Іпація) і Ганны (Астражанкі)), Элеаноры Пацей (дачкі Казіміра і Ганны Літавар), Ёганны і Барбары — дачок стольніка берасцейскага Адама Пацея і Марыны Пац (дачкі берасцейскага падкаморніка Мікалая Паца і Сафіі Сапяжанкі). Працягам сямейнай (радавой) фундацыі былі таксама фундаванні, якія атрымаў ордэн брыгітак у 1621 г. ад Яна Пацея, падсудка Берасцейскага ваяводзтва, і Пятра Пацея, земскага пісара, а таксама ў 1670 г. ад падсудка, а потым земскага суддзі Берасцейскага Леанарда Габрыеля Пацея. Borkowska M. Ibidem. S. 333.

12. У 1670 г. дэпутаты ваяводства Берасцейскага на Сейм Рэчы Паспалітай атрымалі наказ шляхты, каб Сейм дазволіў святым брыгіткам абменьваць землі. Гл.: AVAK. T. 4. S. 83.

13. Іконапіс Заходняга Палесся. Мінск, 1999. С. 238, іл. 72—73.

14. BN, mf. 49 977, k. 48—49; BN, mf. nr. 2863.

15. Klasztory Bernardyńskie w Polsce w jej granicach historycznych. Praca zbiorowa pod red. ks. Hieronima E. Wyczawskiego. OFM, Kalwaria Zebrzydowska, 1985. S. 502.

16. Фрагмент завяшчання Казіміра Льва Сапегі ў: BN, mf. 89777, k. 16; A. Rachuba. Kazimierz Leon Sapieha w: Polski Słownik Biograficzny. Warszawa, 1994. T. XXXV/I, zesz. 144. S. 31—36. Бенэдыкт Сапега († 1707), падскарбі Літоўскі, сын Паўла Яна Сапегі і Ганны Барбары з старога берасцейскага роду Копцяў памножыў фундацыю Сапегаў, ён пераказаў на заканчэнне касцёла і абсталяваньне калегіюма езуітаў 56 тысяч злотых. Ен жа перадаў езуітам старадаўнюю рэліквію роду — вялікі срэбны крыж, падараваны Льву Сапегу папам Клеменсам VIII: Polski Słownik Biograficzny. Warszawa, 1994. T. XXXIV/4, z. 143. S. 583; гл. таксама Z. Zielińska. Polski Słownik Biograficzny. Warszawa, 1994. T. XXXV/I, zesz. 144. S. 12—16. Ян Фрыдэрык Сапега (1680—1751), берасцейскі стараста, для касцёла айцоў езуітаў 21 ліпеня 1718 г. выплаціў разбяру Барталамею Бернатовічу з Варшавы 2000 злотых за два бакавыя алтары і галоўны алтар «…высокі, аж ад зямлі да сутарэння, і шырокі, ад сцяны да сцяны»: M. i W. Boberscy. W kręgu fundacji Jana Fryderyka Sapiehy (1680—1751). Między Padwą a Zamościem. Studia z historii sztuki i kultury nowożytnej ofiarowanie Profesorowi Jerzemu Kowalczykowi. Warszawa, 1993. S. 240.

17. «Жывете ж, Сапегове, всі многіе лета, Ваша слава слыть будет, покуль стенет света. Подавайте ж потомком, што маете з предков, Ведь же і вашіх цных справ ввесь свет полон светков». Андрэй Рымша. Гл.: Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989. С. 46.

18. Яна была тройчы замужам. Першы раз за Мікалаем Патоцкім — генералам падскарбным, другі — за Адамам Мацеем Саковічам — ваяводам смаленскім; трэці — за Войцехам Пражмоўскім, надворным каронным харужым і Ломжынска-Дубенскім старастам.

19. ADS, sygn. D-160, k. 94—95.

20. За гэтую заўвагу шчыра дзякую доктару Барбары Ўладарскай, навуковаму супрацоўніку Нацыянальнага музея ў Гданьску.

21. ADS, sygn. D-160, k. 94—95. Абраз і сёння знаходзіцца ў парафіяльным касцёле ў Берасці.

22. ADS, sygn. D-160, k. 94—95.

23. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995. S. 71—72.

24. Kumor B. Opieka spoіeczna Koњcioіa w њwietle ustawodawstwa synodalnego w Polsce (do 1795) // Charitas. Miіosierdzie i opieka spoіeczna w ideologii, normach postкpowania i praktyce spoіeczności wyznaniowych w Rzeczypospolitej XVI—XVIII wieku, księga zbiorowa pod red. Urszuli Augustyniak i Andrzeja Karpiсskiego. Warszawa, 1999. S. 11.

25. AVAK. T. II. S. 159—165.

26. B. Kumor. S. 11.

27. Краткая еврейская энциклопедия. Иерусалим, 1976. Т. 1. С. 603.

28. Гл.: Piechotkowie Maria i Kazimierz. Bożnice drewniane. Warszawa, 1957; Bramy Nieba. Bożnice drewniane na ziemiach Rzeczypospolitej. Warszawa, 1996. S. 170; Encyklopaedia Judaica. Vol. 16. Jerusalem, 1971. S. 242; Еврейская Энциклопедия. T. 4. Москва, 1991. С. 288—289.

29. ADS. Sygn D-159, k. 42, 42.

_____________________________________

Ірына Лаўроўская — гісторык, архітэктар. У 2006 г. абараніла дысэртацыю аб архітэктуры Берасьця ў Інстытуце мастацтва Польскай Акадэміі навук.