Усё гэта была мая ініцыятыва 1944 г., калі БЦР выслугоўвалася Немцам, а мне прыходзілся вучыць босых жаўнераў БКА гісторыі і геаграфіі, каб сьпярша навучыць, а пазьней вымагаць абавязкаў сьведамасьці.

I як слонімскія краязнаўцы шчэ не занесьлі ў свае аналы гэтае імя – Аляксандар Асіпчык. Гэта толькі з даведніка “Беларускія рэлігійныя дзеячы” можа скласьціся ўражаньне, што ягоная найбольшая цікавасьць для сёньняшніх – асабістае знаёмства з Віцьбічам. Быў ён, што называецца, праваслаўным пісьменьнікам: выдаваў часапіс “Сіла Веры”, уклаў брашуру “Я Сьвятло Сьвету. Сьвятыя Беларускага народу” (1984), але найбольш пісаў пра Жыровічы. Нават маркі праэктаваў на царкоўныя тэмы (яшчэ дойдуць рукі да выкладаньня тут маёй калекцыі эміграцыйных марак, сындэрэлак, паштовак, капэртаў). Але найбольш праславіўся выданьнем адбітых на друкарцы гэткіх даўжэзных прасьцірадлаў ад імя заснавага ім Жыровіцкага Братства. Зацяты й пэрманэнтна пакрыўджаны, ён праз гэтыя “выясьненьні” высьвятляў адносіны з аўтакефалістамі й каталікамі, недаправаслаўнымі й вуніятамі, палітыкамі й “тараканамі ў саладусе”. Адно з такіх “выясьненьняў», аўтабіяграфічнае, і зьмяшчаю тут – у дапамогу сланімчанам.

Праўдзівая даведка [1957 г.]

Дзеля таго, што І. Касяк з бацюшкам Лапіцкім 15.11.1957 г. выпусьцілі на мяне спэцыяльны пашквіль з перакручаньнем майго жыцьця для сваіх ганебных мэт, каб такім чынам зганьбіць мяне за тую крытыку беларускага зарубежжа, у якое яны завялі частку Беларусаў, і з гэтага яшчэ хочуць зрабіць нейкае “геройства” – я змушаны сказаць аб сабе шчырую праўду, бо я лепш ведаю сябе як нейкі там з глухое вёскі Глыбоччыны Касяк ці яго ашуканчае маркі Лапіцкі, хай і духоўнага сану.

Дата майго нараджэньня зусім правідловая: 1 красавіка 1909 г. Радзіўся якраз у вёсцы Пляшкі, а з Акунінава паходзіла мая матка, у 2-х км. ад Пляшкоў. Знаходзяцца яны ў 20 км. Ад Слоніма на поўдзень па дарозе на Жыровіцы, у кірунку Івацэвіч і Косава ад Бэрасьце-Менскае чыгункі, таксама ў адлегласьці 20 км.

Бацькі мае называліся Восіп з Магеяў Асіпчык, а маці Паўліна з Савіцкіх. Абое паходзілі з сялянства, з маемасьцяў паншчыны нейкага графа Сьлізьня ў Дзевяткавічах. Зазначу і тое, што радзіўся я ў курнай хаце, якая была без падлогі.

Калі выбухла вайна 1914 г., мне было пяць гадоў, а ў шостым, г. зн. 1915 г., неяк у жніўні, бо якраз звозілі снапы з поля ў гумна, наехала з захаду дзіч расейскіх казакаў, якія пачалі гвалтам выганяць людзей з бежанства, падпальваючы хаты. Гэтак і мне прыйшлося з сям’ёю “эвакуявацца” з Беларусі на ўсход, і як памятаю, праехаўшы праз Бытэнь на шлях сашы Берасьце-Слуцк-Магілёў-Калуга, неяк у лістападзе пагрузілі нас у вагоны і адправілі ў Астраxань. Сям’я мая была досыць вялікая: сем асобаў. Таму едучы дарогай, яшчэ разам, бацька мой начаваў пад возам, а пры частых дажджах прастудзіўся на лёгкія і пасьля пяці гадоў памёр на сухоты, ужо ў Сібіры Чэлябінскае губэрні. У хуткім часе яшчэ ўмярлі мае дзьве сястры, і я астаўся з маткай і двома сёстрамі, адной малодшай, другой старшай.

Помню, чатыры гады хадзіў я да школы, там навучыўся пачатковае асьветы, пры якой вучылі і стараславянскай мовы. Гэта было 1916-20 гг. Летам неяк старшая мая сястра вышла замуж за украінскага каляніста да вёскі Раманава, і мы асталіся трое: матка, я адзінаццацігадовы і сястра восем гадоў.

Раз праходзіла нейкае войска, якое называлі “белым”, а другі раз увайшлі “чырвоныя”, і пачалі ўстанаўляць сваю ўладу “без цара й Бога”.

Неяк у восені 1921 г. валасны камісар паклікаў усіх “бежанцаў” і паведаміў ім, што хоча вярнуцца на сваю радзіму, можа зьбірацца, вайна кончана, а падводы адвязуць на чыгуначную станцыю, каб пагрузіць і выслаць на захад. Нашыя землякі грамадна кінуліся да выезду, а ў нас было два выбары: астацца ў сястры, якая мела із сваім мужам гаспадарку, або ехаць на сваю бацькаўшчыну.

 

Я як дзіця не разумеў усіх падзеяў, але зацікавіўся тым назовам, , што наш край называлі Беларусьсю, і вось я ўпёрся, каб пабачыць гэтую “Белую Русь”, дзе мы радзіліся й жылі. Маці неахвотна згаджалася на маю просьбу, але я ўзяў яе плачам, і мы, сабраўшыся зь іншымі, выехалі праз Чэлябінск-Екацеранбург-Самару-Смаленск-Менск-Слонім на сваю родную бацькаўшчыну. Ехалі мы зімою. Ехалі ў таварных вагонах. Навокал быў холад і голад, а хвароба і сьмерць былі штодзённым здарэньнем дня й ночы.

 

Пакуль заехалі да Слоніма, амаль усё распрадалі за кусок хлеба, незнаходзячы ад нікога апекі. Нат цёплае вады ня было на станцыях, а каб дзе атрымаць якую помач, трэба было ісьці ў горад, стацца жабраком або днямі стаяць у чарзе пры ўрадах.
Неяк пасярод зімы наш шалон вагонаў тры дні стаяў на станцыі ў Пензе. Мама мая пашла шукаць у горадзе нейкае дапамогі, але ў гэтым часе ўзьнік пажар між стоячых вагонаў, а каб наш шалон уратаваць ад пажару, вывезьлі на наступную станцыю. Маці мая асталася. Шукаючы нас, толькі за некалькі дзён знайшла, але ўжо будучай хворай і галоднай. Цяжкае запаленьне лёгкіх і параліж аблажылі яе забойча. Штось у працягу месяца, калі наш шалон вагонаў стаяў у Смаленску – маці мая ўмерла ня толькі ад хваробы, але й голаду і холаду. Страшная сьмерць была мае маці…
Дзесь у канцы лютага былі мы ўжо ў Баранавічах, а неяк у сакавіку 1922 г. у Слоніме. Зусім зразумела, што ў гэтыкай бядзе нас дваіх сіратаў ніхто не хацеў браць, каб мець лішні клопат таму перавёз нас Чырвоны Крыж да прытулку ў будынкі Жыровіцкага манастыра, месца дзяржаўнае апекі. Неяк вясною перавязьлі нас у групе іншых дзяцей у Варшаву, а летам да Чанстаховы. Адзеўшы і накарміўшы, вучылі нас у школе, дзяўчатаў асобна, а хлопцаў асобна. Гэтак прайшло да 1926 г.
З канцом школьнага году некаторых старэйшых хлопцаў летам перавезьлі зноў у Варшаву і перадалі ксендзам Салезыянам, якія ад сябе накіравалі ў свой маёнтак, што падаравала ім кн. Марыя Радзівіл у Дварцы пад Наваградкам, дзе яны, адчыніўшы Рамесьляную Школу, вучылі падрастаючых хлопцаў рамесла. Я выбраў сабе сталярства і за тры гады скончыў адпаведны курс, маючы пры гэтым і тэарэтычную школу, якая вялася штодзённа чатыры гадзіны вечарам у праграме сярэдняе школы.
Вясною 1930 г. пусьцілі 20-ці гадовых рамесьлінікаў, выдаўшы адпаведныя пасьветкі, на волю самастойнага жыцьця. Бясспрэчна, ехаў я на бацькаўшчыну, там-жа мая радня і зямля, і належыцца мне нейкая арэнда. Адбыўшы лета, гэтага-ж часу паклікалі на пабор у войска, а восянью ўжо накіравалі да 4 палка лётчыкаў у Торунь, дзе і адбыў няцэлыя два гады вайсковае службы. Усяго – 10 гадоў навукі.
Па войску, адведаўшы сваю родную вёску, накіраваўся да Вільні, і жыў у ёй тры гады, да 1935 г. Меў я тады 26 гадоў. І дапраўды, прызнаюся шчыра, што праз тры гады нічога я ня бачыў разумнага, у духу беларускім, каб сёньня ўспамінаць той час, што Вільня беларускі горад, па сваім зьмесьце й насельніцтву. Проста трудна было пабачыць нешта беларускае, а нашыя дзеячы такія самыя былі сварлівыя, як яны сёньня на эміграцыі. Праўда, я іх тады ня ведаў, сёньня я іх ведаю ўсіх, а “Ўспаміны” В. Рагулі яшчэ раз падцьверджваюць, якія яны ўзапраўды.
Штонядзелю і ў сьвяты наведваў я царкву, аднак нічога беларускага ў ёй ня бачыў. Дзе былі тады нашыя дзеячы? Бог іх ведае. Ня раз наведваў і Пятніцкую царкву і апрача чатырох бабак і некалькі асобаў хору, царква была пустою. А гэта-ж быў беларускі прыход, нават на аналоях віднеліся нацыянальныя колеры бела-чырвона-белыя. Найпрыгажэй аднак сьпявалі ў семінарскай Сьв. Тройцы. Але моладзі ў ёй зусім ня было, а тут-жа на панадворку была і Дух. Сэмінарыя і Бел. Гімназія. Праўда, часамі ладзіліся спэктаклі ў Гімназіі, але нечога асаблівага мала было. Бачыў у кнігарні й беларускія, і якраз накупляўшы кніжак, прывёз іх у сваю родную вёску, каб шырыць беларускую асьвету. На жаль, большую частку пазьней забрала польская паліцыя.
Чатыры гады да 1940 г. быў я паміж сваіх суродзічаў і ня быў згоршаньнем для сваіх землякоў. Пабудаваўшыся, быў прыкладам культуры й беларускасьці. Ня скрыўдзілі ані мяне, ані я каго, калі прышлі бальшавікі, хаця ў першым месяцы ня быў дома, будучы змабілізаваны да войска 5-га палка лётчыкаў у Лідзе. Калі шчасьліва вярнуўся, зараз запрасілі мяне ў Акунінава за настаўніка ў школе, дзе прабыў два школьныя годы. У Слонім пазьней перабраўся таму, што перад вайной купіў сабе там пляці падчас ужо бальшавіцкае акупацыі перанёс свой дом з Пляшкоў, каб жыць у горадзе, а не калхозе.
З надыходам Немцаў 1941 г. жыў месяц-ва ў Акунінаве, а пазьней даручыў мне школьну інспэктар (Грынко) арганізаваць у Слоніме Рамесную школу, даўшы для фірмы-рэпрэзэнтацыі папоўскага сынка (20 год) Кашэня. Школа пачала сваю дзейнасьць у канцы верасьня й паміж 250 вучняў шмат было працы. Патрабавалiся ня толькі настаўнікі, але і інструктары па па рамясьле, а гэта ўсё было ў жыдоўскіх рукaх. Але неяк адчыніліся чатыры прадметы: кравецтва для дзяўчатаў і хлопцаў, сьлесарства-кавальства для хлопцаў і шавецтва ды вырульніцтва. Школьная навука праводзілася на перамену групаў кожны дзень. Мне прышлося прыкладаць гісторую й геаграфію Беларусі і часта замянаць іныя прадметы, да якіх бракавала настаўнікаў. Працы хапала, а тут яшчэ паклікалася ў Камітэт Самапомачы, да настаўніацкага хору, выступленьні, паездкі і г. д. Мы ведаем, як нам бракуе ініцыятараў, а ўсе хаваюцца ў шчыліны. А Слонім быў-жа горад і трэба было яго беларусізаваць на свой спосаб.
У міжчасе на весну 1942 г. ажаніўся я з інструктарам нашае школы Верай Сілівончык, якая, як мне ведама, адбыла 10 гадоў ссылкі ў г. Магадане не за што іншае, а за маю і сваю працу для беларускай нацыянальнай справы ў школьным прадмеце.
Неяк у восяні 1943 г. з прыездам тэатральнае групы Менскага Тэатру прайшлі арышты з даносу мясцовага беларускага актыву на сваю апазыцыю. Між іх і я быў арыштаваны, бо-ж знаўся з аднымі і з другімі, і вельмі быў зьдзіўлены, чаму яны ня хочуць жыць у згодзе. Арышты ня былі навіной у горадзе, арыштоўваліся ня гледзячы, хто на каго падаваў данос, абы што-небудзь можна было выдумаць. Найбольш дзіўна было, што Немцы арыштоўвалі Беларусаў-нацыяналістаў, а як цяпер аказваецца – гэта рабілася дзякуючы даносам падобных да Касяковых пашквіляў і выконвалася тая прыказка: бі свайго, каб чужы баяўся. Да найбольш арыштаваных у Слоніме прычыніўся Дакіновіч і Данілюк, без віны вінаватых, проста, здавалася ім, і скарэй беглі да Немцаў, а тыя выслала сваё СД і паарыштоўвала. Таму Дакіневіч пазьней даступісўя даверу Астроўскага і стаўся намесьнікам БЦР у Слонімскай акрузе. А празь яго ў цюрму папалі: Стэфа Лыскавец, народная сьпявачка, Сяргей Новік (Пяюн), дырэктар Слонімскага музэю, паэт, што і сёньня сьпяваем яго песьню “На чужыне”, а ўратаваўшы сваё жыцьцё ў Немцаў сёньня высланы ў Сыбір. Паэт Міско (Івэрс) уцёк у лес, а жонку яго замучылі ў СД. Настаўнік Сенько, што вучыўся ў Віленскай Гімназіі, Пытэль, перакладчык пры Бібіц камісару, заступнік бургамістра гораду Мароз, др. Войтанка і другія. Палавіну з арыштаваных выпушчана, а іншых выслана ў Калдычава па разглядзе ўжо Баранавіцкага СД.
І сёньня было-б тое самае, каб прыслухоўваліся чужынцы на даносы ад Касяка ці “крывічоў”.
Пасьля я атрымаў працу ў гарадзкой бібліятэцы, у народным доме й культурным згуртаваньні як загадчык усіх трох гэтых установаў. Два разы езьдзіў у Вільню па беларускія кніжкі, і тады толькі мог бачыцца зь некаторымі віленскімі дзеячамі. Быў і ў касьцёле кс. А. Станкевіча, і на рэфэраце ў Беларускім Нацыянальным Камітэце. Езьдзіў тры разы ў Менск, ад Самапомачы на дажынкі і на II-гі Кангрэс і скрозь падаваўся як настаўнік, а ня нейкае СД.
Хто я такі? Можа, Касяк дакладней спытаецца ў Суравога ў Лёндане, Цупрыка ў С-Рывэры, Анцуту ў Пасайку, Кіслага ў Патэсоне – яны ўсе ў беларускім зарубежжы, і я не баюся таго, што яны скажуць дрэннага аба мне. Суравы нават скажа, што я быў праз увесь час апекуном СБМ у Слоніме, і ня меў ніякага становішча ўрадовага, каб мучыць людзей, як гэта рабіў Касяк.
Выехаў на эміграцыю, каб уратаваць сваё жыцьцё, бо зашмат уцягнуўся ў працу, што бальшавікам не спадабалася. Хаця-б толькі за тое, што на сьвяткаваньне Незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка казаў разьвесіць беларускія сьцягі на брамах царквы і касьцёла, на стражацкай вежы і народным доме, а на магіле палеглых БКА паставіў крыж Ярылы. Усё гэта была мая ініцыятыва 1944 г., калі БЦР выслугоўвалася Немцам, а мне прыходзілся вучыць босых жаўнераў БКА гісторыі і геаграфіі, каб сьпярша навучыць, а пазьней вымагаць абавязкаў сьведамасьці.
Аб эміграцыйных падзеях менш можна распісвацца. Я дапраўды спачатку верыў, што Касяк із сваім зарубежжам неяк навядзе парадак, aле цяпер – канцы ў воду.vidymus.livejournal.com