Гэтае выданне дазволіць шырокаму колу беларускіх чытачоў азнаёміцца не толькі з поглядамі на Грунвальдскую бітву самога аўтара, але і скласці ўяўленне пра асаблівасці яе ўспрымання ў сучаснай літоўскай гістарыяграфіі.

Прапанова напісаць прадмову да перакладу на беларускую мову манаграфіі Мечысловаса Ючаса «Грунвальдская бітва» з’явілася для мяне поўнай нечаканасцю, бо ніколі не лічыў сябе спецыялістам па ваеннай гісторыі XV ст. Аднак сама асоба аўтара гэтай кнігі змусіла змяніць першапачатковае рашэнне адмовіцца ад прапановы і ўсё-такі ўзяцца за гэтую прадмову. Бо Мечысловас Ючас вядомы як аўтар, які нават у цяжкі для вывучэння палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага савецкі час меў смеласць публікаваць неідэалагізаваныя навуковыя працы на гэтую тэму [1]. М. Ючас ніколі не саромеўся прадстаўляць свае даследаванні на абмеркаванне шырокай навуковай грамадскасці, прытым не толькі з Літвы, але і з іншых краін. Кніга Ючаса пра Люблінскую унію ў свой час спецыяльна была перакладзена на польскую мову, каб прэзентаваць палякам «літоўскі погляд» на гэтую падзею [2]. Сёння ж выходзіць новы пераклад, гэтым разам на беларускую мову, іншай вядомай кнігі Ючаса — «Грунвальдская бітва». Гэтае выданне дазволіць шырокаму колу беларускіх чытачоў азнаёміцца не толькі з поглядамі на Грунвальдскую бітву самога аўтара, але і скласці ўяўленне пра асаблівасці яе ўспрымання ў сучаснай літоўскай гістарыяграфіі.

 

Увогуле тэма Грунвальдскай бітвы знаходзіцца ў цэнтры ўвагі даследчыкаў з розных краін фактычна ад самага XV ст., калі яна адбылася. Аднак жа Мечы- словас Ючас у аўтарскай прадмове слушна зазначае, што, нягледзячы на гэта, і сёння застаецца шэраг пытанняў, на якія няма дакладнага адказу. Гэта пытанні аб агульнай колькасці войскаў, што ўдзельнічалі ў бітве; хто імі кіраваў; якую мэту пераследавалі саюзнікі; было адступленне літоўцаў на пачатковым этапе бітвы панічнымі ўцёкамі ці хітрым манеўрам? Апошняе з шэрагу спрэчных пытанняў: ці можна лічыць паспяховым вынік Вялікай вайны 1409—1411 гг., калі падчас яе мела месца як бліскучая перамога пад Грунвальдам, так і няўдалая аблога сталіцы Ордэна Марыенбурга ды наступны Торуньскі мір, які не даў чаканых вынікаў? Менавіта на гэтыя пытанні Мечысловас Ючас і імкнецца адказаць у сваёй кнізе.

 

Свой аповед Ючас пачынае з агляду гістарыяграфіі праблемы. Перадусім ён робіць крытычны агляд працаў польскіх гісторыкаў, асаблівую ўвагу пры гэтым звяртаючы на даследаванні Г. Лаўмянскага, А. Грабскага, С. М. Кучынскага, М. Біскупа, В. Маеўскага, А. Надольскага, Г. Візнера. Найбольш непрымальнай для Мечысловаса Ючаса была канцэпцыя Кучынскага, і менавіта з ім аўтар найбольш палемізуе. Увогуле ўсе канцэпцыі польскіх навукоўцаў ён ацэньвае з гледзішча гісторыка-літоўца, і менавіта таму найбольшую ўвагу звяртае на тое, як у працах польскіх даследчыкаў ацэньваецца часовае адступленне літоўскага войска з Грунвальдскага поля: як уцёкі ці як манеўр? Другім пытаннем, адносна якога вядзецца актыўная дыскусія як унутры польскай гістарыяграфіі, так і з іншаземнымі гісторыкамі, з’яўляецца ацэнка ролі Ягайлы як кіраўніка войска. Пры ацэнцы польскай гістарыяграфіі Ючас звяртае асаблівую ўвагу на даволі пашыраную ў ёй тэндэнцыю «падаваць Грунвальдскую бітву як перамогу польскага войска».

 

Значнае месца пры аглядзе літаратуры па тэме М. Ючас аддае і аналізу нямецкай гістарыяграфіі. Ён звяртае ўвагу на тое, што шматлікія нямецкія гісторыкі засяроджваліся на «місіянерскай дзейнасці Ордэна», які нібыта «прадстаўляў усю Еўропу». Другім значным пытаннем, якое часта закраналі нямецкія даследчыкі, Ючас лічыць разважанні адносна «прагрэсіўнасці нямецкай каланізацыі ў Прускай зямлі». Яшчэ адной праблемай, якая стала прысутнічае ў працах нямецкіх гісторыкаў, было выяўленне «памылак», з-за якіх Ордэн прайграў Грунвальдскую бітву.

 

Найменш месца пры аналізе гістарыяграфіі Ючас надаў расійскай і савецкай гістарыяграфіі, бо яна «менш цікавілася гісторыяй Ордэна і войнамі літоўцаў з крыжакамі», а больш увагі надавала праблеме стварэння Вялікага Княства Літоўскага. Урэшце, у канцы гістарыяграфічнага раздзела Ючас робіць кароткі агляд прац сваіх суайчыннікаў — літоўскіх гісторыкаў. Ён заўважае, што ў літоўскай гістарыяграфіі існуе пэўная колькасць прац, у якіх сярод іншага апраўдваюцца дзеянні Ордэна. Другая значная праблема, якая прысутнічае ў літоўскай гістарыяграфіі, — гэта «ўцёкі літоўцаў» падчас Грунвальдскай бітвы.

 

Увогуле Ючас лічыць, што пры апісанні Вялікай вайны і Грунвальдскай бітвы «гісторыкі прытрымліваюцца нацыянальных тэндэнцый». Так, на думку аўтара, нямецкія гісторыкі канфлікт Ордэна з Літвой у асноўным трактуюць як «несумяшчальнае змаганне паганства і хрысціянства», польскія ўсю заслугу перамогі пад Грунвальдам аддаюць польскаму войску і польскаму кіраўніцтву, расійскія «спрабавалі раздзьмуць значэнне рускіх палкоў», а літоўскія падкрэслівалі асаблівую ролю Вітаўта падчас Грунвальдскай бітвы. У той жа час нават літоўскія даследчыкі так і не прыйшлі да адзінай думкі, чым жа было адступленне літоўскіх войск падчас Грунвальдскай бітвы: уцёкамі ці манеўрам?

 

Пасля аналізу гістарыяграфіі М. Ючас робіць агляд крыніц. Пры гэтым аўтар не толькі іх аналізуе, але і паказвае ход ранейшай навуковай дыскусіі вакол іх. Ючас прызнае, што новых крыніц «ужо амаль няма», і таму застаецца толькі інтэрпрэтаваць ужо выяўленыя і ўведзеныя ў навуковы ўжытак. Прызнаючы, што галоўнай крыніцай па Грунвальдскай бітве застаюцца «Аналы» польскага гісторыка ХV ст. Яна Длугаша, Ючас заўважае, што адмоўнаестаўленне гэтага аўтара да літоўцаў прывяло яго да адназначна негатыўнай трактоўкі іхнага адступлення падчас бітвы. На думку Ючаса, сам Длугаш у свой час апы нуўся пад уплывам агульнага негатыўнага стаўлення да Літвы ў Польшчы ў сярэдзіне XV ст., і гэта паўплывала на ягоныя ўласныя, далёкія ад аб’ектыўнасці, погляды.

 

Асноўная частка працы прысвечана выкладанню ўласнай аўтарскай канцэпцыі Грунвальдскай бітвы. У раздзеле «Прычыны Грунвальдскай бітвы» М. Ючас разглядае шматвекавыя ўзаемадачыненні паміж літоўцамі і крыжакамі. Ужо першы падраздзел «Тысячагадовая вайна літоўцаў з крыжакамі» акцэнтуе ўвагу на канфлікце, які распачаўся ад з’яўлення крыжакоў у рэгіёне. Далейшыя падраздзелы прысвечаныя пытанням узмацнення Літвы і яе адносінам з суседняй Польшчай (Крэўская унія, праблема выбару Ягайлы, хрост Літвы). Пасля гэтага Ючас зноў звяртаецца да канфлікту з крыжакамі ў падраздзеле «Жамойцкае пытанне і напады новаахрышчанных літоўцаў», а ў наступным, пад назвай «Жамойцкае паўстанне 1409 г. — пачатак Вялікай вайны з Ордэнам», фактычна пачынаецца аповед пра падзеі Вялікай вайны. Асноўнай прычынай яе пачатку Ючас бачыць агрэсіўныя памкненні Ордэна да захопу новых тэрыторый і такім чынам адсоўвання Польшчы і Літвы ад Балтыйскага мора. Яшчэ адной важнай прычынай стала заключэнне дзяржаўнай уніі паміж Польшчай і Літвой, што перашкаджала далейшаму тэрытарыяльнаму прасоўванню Ордэна на ўсход і дзеля таго рабіла канфлікт непазбежным.

 

У наступным раздзеле, які называецца «Падрыхтоўка да вайны» і склада ецца з сямі падраздзелаў, разглядаюцца пытанні як вайсковай падрыхтоўкі і распрацоўкі стратэгіі вайны, так і знешнепалітычнай барацьбы ды дыпламатычнага абгрунтавання будучага ўзброенага канфлікту.

 

Раздзел «Ваенны паход ад Вільні і Вольбажа да Марыенбурга» прысвечаны непасрэдна падзеям Вялікай вайны. У першым падраздзеле, «Шлях войска саюзнікаў да Грунвальдскага поля», абгрунтоўваецца як цалкам слушны выбар войскамі Польшчы і Літвы шляхоў прасоўвання да месца бітвы, які дазволіў пазбегнуць значных стратаў, заблытаў крыжакаў і даў саюзнікам магчымасць аб’яднаць сілы. Наступны падраздзел, «Пачатак бітвы. Размяшчэнне войскаў», прысвечаны ў асноўным аналізу дзеянняў непасрэдна перад бітвай Ягайлы, Вітаўта і магістра Ордэна Ульрыха фон Юнгінгена. Падраздзел «Манеўр літоўцаў» адмыслова прысвечаны разгляду адной з самых спрэчных для гістарыяграфіі падзей Грунвальдскай бітвы — адступленню літоўскага войска на яе пачатковым этапе. Значнае месца тут прысвячаецца крытыцы «Аналаў» Яна Длугаша і гістарыяграфіі, якая прытрымліваецца думкі пра ўцёкі літоўцаў падчас Грунвальдскай бітвы. На думку самога аўтара, адступленне літоўскага войска мела за мэту «не толькі парушыць шэрагі ворагаў ды вывесці частку рыцараў з поля бітвы, але і перагрупавацца самому». Больш за тое, як мяркуе Ючас, менавіта гэты манеўр літоўскага войска «вызначыў пераможны канец бітвы». Асноўны ход бітвы разглядаецца ў раздзеле «У цэнтры бою і на левым флангу саюзнікаў». У ім аўтар выдзяляе пяць фазаў Грунвальдскай бітвы.

Вырашальныя баі адбыліся падчас чацвёртай фазы, і значны ўдзел у іх прыняло літоўскае войска, якое вярнулася на поле бітвы. Ючас звяртае ўвагу на тое, што калі паводле нямецкай хронікі Ё. Посільге перамогу атрымала ўсё саюзнае войска, то ў Я. Длугаша — толькі польскае. Наступны падраздзел з адпаведнай назвай прысвечаны заключнаму этапу бітвы, у той час як у падраздзеле «Паход на Марыенбург» вядзецца гаворка пра падзеі, якія мелі месца ўжо пасля яе, — паход саюзніцкага войска ўглыб ордэнскай тэрыторыі і аблогу сталіцы Ордэна. Аўтар пагаджаецца з папярэднімі даследчыкамі, што галоўнай прычынай няўдачы ў справе захопу Марыенбурга была маруднасць перамяшчэння войска саюзнікаў. Павольны рух даў магчымасць крыжакам падрыхтавацца да абароны, і Ордэн, маючы сістэму ўмацаваных замкаў, здолеў гэта ўдала зрабіць. Да таго ж Ючас пераканаўча паказвае, што адступленне Вітаўта з-пад Марыенбурга пасля працяглай аблогі было выклікана парушэннем Лівоніяй міру з Літвой і
ні ў якім выпадку не з’яўлялася здрадай, бо было нават узгоднена з Ягайлам. У заключным падраздзеле гэтай часткі кнігі распавядаецца пра ўмовы мірнай дамовы з крыжакамі, заключанай у Торне (Торуні) 1 лютага 1411 г. На думку Ючаса, падчас мірных перамоваў дзеянні Ягайлы і Вітаўта былі ўзгодненыя, і менавіта таму Польшча і Літва атрымалі пэўныя тэрытарыяльныя набыткі, нягледзячы на тое, што яны не здолелі цалкам скарыстацца з Грунвальдскай перамогі і не захапілі Марыенбурга. Ючас лічыць, што ордэнская дзяржава здолела захавацца ў тым ліку і таму, што вялікая частка жыхароў Прусіі ўжо тады мела нямецкае паходжанне. Да таго ж не была зламана фінансавая моц Ордэна, што дазволіла яму наняць нямала наёмнага войска.

 

Заключная частка кнігі «Rex iustus» (у перакладзе з лацінскай мовы «Справядлівы кароль») прысвечана пытанню ідэалагічнай барацьбы, якая разгарнулася вакол Грунвальдскай бітвы пасля яе заканчэння і была перанесена на міжнародны форум (Канстанцкі царкоўны сабор). У выніку «ўпершыню Ордэн прайграў не толькі бой, але і ідэйную бітву». Паводле трапнай высновы Мечысловаса Ючаса, «выйграў погляд польскіх правазнаўцаў, што паганцаў трэба хрысціць не мячом, а мірна». Сэнсава дапаўняе дадзеную інфармацыю наступны падраздзел: «Погляд Заходняй Еўропы ў XV ст. на Грунвальдскую бітву».

 

У цэлым усе часткі дадзенай працы лагічна і пераканаўча сведчаць пра выключную ролю, якую адыгралі вялікі князь Вітаўт і літоўскае войска не толькі падчас Грунвальдскай бітвы, але і ўвогуле ў шматвекавым змаганні з крыжакамі ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

 

 

 


 

 

1. Ючас М. А. Литовская шляхта и царизм в XVIII в. (по материалам шляхетских сеймиков) // Феодальная Россия во всемирном историческом процессе (Сборник статей, посвященных Льву Владимировичу Черепнину). Москва, 1972. С. 407—414.

 

2. Jučas M. Unia Polsko-Litewska. — Toruń, 2003.