У апошнія гады «партызанская праблема» ўсё часцей становіцца прадметам не толькі навуковага (у г. зв. «неафіцыйнай гістарыяграфіі»), але таксама грамадскага абмеркавання. Прычым прадстаўнікі «афіцыйнай Беларусі» звычайна кляймяць сваіх праціўнікаў як «фальсіфікатараў гісторыі».

Праблема партызанскага руху на акупаваных нямецкім войскам тэрыторыях Беларусі ў 1941—1944 гг. надзвычай актуальная для сучаснай Беларусі. Між іншым таму, што Другая сусветная вайна (у афіцыйнай тэрміналогіі — «Вялікая айчынная вайна») з’яўляецца адным з падмуркаў т.зв. ідэалогіі беларускай дзяржавы. Трагедыя вайны звычайна падмяняецца тэзісам пра «вялікую перамогу», да якой нейкім незразумелым чынам мае непасрэднае дачыненне цяперашняе беларускае кіраўніцтва (магчыма, як прадаўжальнік традыцый сталінскага СССР). Пры гэтым вельмі актыўна выкарыстоўваецца «міф» рэспублікі-партызанкі (БССР), хоць у памяці людзей, якія перажылі вайну і сутыкнуліся з партызаншчынай, захаваўся неадназначны вобраз «народных мсціўцаў».

 

У апошнія гады «партызанская праблема» ўсё часцей становіцца прадметам не толькі навуковага (у г. зв. «неафіцыйнай гістарыяграфіі»), але таксама грамадскага абмеркавання. Прычым прадстаўнікі «афіцыйнай Беларусі» звычайна кляймяць сваіх праціўнікаў як «фальсіфікатараў гісторыі». Магчыма, якраз такія ацэнкі таксама прагучаць пасля выдання кнігі Марка Бартушкі…

 

Трэба адзначыць, што на высокім навуковым узроўні ў гэтай працы былі прааналізаваныя нямецкія канцэпцыі адносна лёсу насельніцтва акупаваных тэрыторый, нямецкая палітыка тэрору і гвалту. Пры гэтым аўтар выкарыстаў малавядомыя ці наогул невядомыя ў Беларусі нямецкія гістарычныя даследаванні і дакументы нямецкіх архіваў.

 

Таксама варта высока ацаніць асвятленне праблемы вытокаў савецкай партызанскай вайны, узаемаадносінаў партызанаў і мірнага насельніцтва («…балансаванне на вастрыі ляза паміж бандытызмам і гераізмам»).

 

Можна пагадзіцца з аўтарскім сумненнем наконт таго, ці азначала служба ў мясцовай адміністрацыі «аўтаматычнае прызнанне нацыянал-сацыялізму». Наогул, тут можна было б выказаць сумнеў у справядлівасці выкарыстання тэрміна «калабарацыя» ў шырокім сэнсе, як гэта не задумваючыся робіць большасць айчынных даследчыкаў.

 

Заслугай аўтара таксама лічу кароткі, але аналітычна вельмі глыбокі агляд дзейнасці розных партызанскіх фармаванняў на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Тэкст чытаецца лёгка і з цікавасцю. Шматлікія пытанні, якія аўтар перыядычна ставіць перад сабою ў тэксце, ствараюць дадатковую інтрыгу.

 

Аднак даследаванне выклікае і шэраг крытычных заўвагаў. Яго аўтар практычна не выкарыстаў беларускай навуковай літаратуры. У першую чаргу гэта даты- чыць шматлікіх публікацый Ю.Туронка, асабліва яго даследавання «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», даследаванняў Яўгена Мірановіча (адпаведных раздзелаў з кнігі «Найноўшая гісторыя Беларусі» (Санкт-Пецярбург, 2003) ды інш. За апошнія 20 гадоў беларуская гістарыяграфія шмат што зрабіла ў даследаванні гэтай тэмы, хоць зробленае і не атрымала прызнання з боку «афіцыйнай Беларусі». Таксама ў даследаванні толькі фрагментарна прадстаўленыя беларускія крыніцы па Другой сусветнай вайне, у тым ліку матэрыялы беларускіх архіваў.

 

Шмат крытыкі можна выказаць па тэксце Раздзела 3 «Беларусь у міжваенны час — карані канфлікту?» У прыватнасці, аўтар павінен быў больш увагі ўдзяліць камуністычнаму тэрору. Акурат ён падштурхнуў многіх да калабарацыі ў перыяд нямецкай акупацыі.

У Раздзеле часта ўжываецца тэрмін «грамадзянская вайна». Паколькі ён належыць да найбольш важных у кантэксце працы, то варта было б больш увагі аддаць ягонаму тлумачэнню. У прыватнасці, трэба звярнуць увагу на ідэалагічнае супрацьстаянне варагуючых бакоў падчас такой вайны.

 

На жаль, раздзел утрымлівае недакладнасці. Нельга сцвярджаць адназначна, што «беларускі нацыянальны рух ня меў у БССР ані ўплыву, ані шанцаў на супрацу з прадстаўнікамі ўлады». Падчас палітыкі «беларусізацыі» (1922—1928) пры ўладзе ў БССР былі камуністы — прыхільнікі нацыянальна-культурнага адраджэння (А.Чарвякоў, З.Жылуновіч, А.Хацкевіч, З.Прышчэпаў ды інш.).

 

Насуперак таму, што сцвярджае аўтар, у касцёлах Заходняй Беларусі пераважна на польскай мове праводзілася толькі дадатковае набажэнства, а не ўся «богаслужба»! І гэта быў вынік не столькі палітыкі польскай дзяржавы, колькі шэрагу розных фактараў, якія склаліся яшчэ ў ХІХ ст.

 

«Тутэйшасць» у пераліку тыпаў самаідэнтыфікацыі не была навязаная польскай дзяржавай, а ўяўляла сабой адну з даўніх (даволі архаічных) яе формаў, характэрных для насельніцтва Заходняй Беларусі яшчэ ў ХХ ст.

 

Перайду да Раздзелу 4. «Савецкая акупацыя 1939—1941. Пачатак грамадзянскай вайны?». Ідэалагічнае абгрунтаванне агрэсіі СССР супраць Польшчы ў 1939 г. грунтавалася не на сцвярджэнні неабходнасці абароны мясцовага насельніцтва ад «нямецкага нападу» (так у тэксце!), а на тэзісе пра «вызваленне ад польскіх паноў». Пра «абарону» ад нямецкага нападу пачалі гаварыць толькі пасля Другой сусветнай вайны. Як справядліва адзначыў сам аўтар, у 1939 г. Сталін і Гітлер былі саюзнікамі.

 

Не магу згадзіцца з ацэнкай, што беларусы вялі «партызанскую вайну» ў верасні
1939 г. Вераснёвыя паўстанні супраць польскай улады былі як правіла арганізаваныя
савецкімі дыверсійнымі групамі.

 

Таксама не трэба перабольшваць колькасць нападаў на польскіх асаднікаў, уцекачоў і земляўласнікаў у 1939 г. Не менш, а нават больш было прыкладаў дапамогі гэтым людзям з боку беларускага насельніцтва. Сцвярджэнне аўтара пра масавыя канфлікты паміж рознымі групамі насельніцтва Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г. — гэта грубае перабольшванне. Тут аўтар або надта даверыўся працам некаторых польскіх, нямецкіх ці амерыканскіх даследчыкаў або аказаўся ў палоне ўласнай рабочай гіпотэзы. У рэальнасці гэтыя канфлікты не былі настолькі відавочнымі. Яны распальваліся ўжо падчас нямецкай акупацыі і да іх абвастрэння якраз прычыніліся тыя палітычныя сілы (нямецкая адміністрацыя, савецкія партызаны, польскі рух супраціву), якія змагаліся за панаванне на нашай зямлі.

 

Не вытрымлівае крытыкі і аўтарскі тэзіс наконт «гатоўнасці» некаторых палякаў служыць савецкай уладзе. Безумоўна, такія людзі знаходзіліся, але польская нацыя была найбольш рэпрэсаванай групай насельніцтва на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Таксама думаю, што трагедыя Ядвабнага не можа служыць прыкладам для разумення сітуцыі ў Заходняй Беларусі… Неабходна ў дадатак адзначыць, што нават шматлікія рэпрэсіі не перашкодзілі стварэнню антысавецкага падполля.

 

У Раздзеле 5 «Немцы ў Беларусі» не магу згадзіцца з тэзісам, што «сур’ёзныя сведчанні пра запланаваны Савецкім Саюзам напад [на Германію ў 1941 г. — А.С.] дагэтуль адсутнічаюць». Аўтар пры гэтым спасылаецца на працу Франца Зайдлера «Die Wehrmacht im Partisanenkrieg. Militärgeschichtliche und völkerrechtliche Darlegungen zum Kriegführung im Osten» (Selent: Pour le Mérite Verlag, 1999). На самай справе ўжо некалькі гадоў таму расійскія гісторыкі выявілі сакрэтны план аперацыі «Навальніца» («Гроза»), які прадугледжваў нанясенне прэвентыўнага наступальнага ўдару на Германію з раёнаў Беластока і Львова.

 

Нельга пагадзіцца з аўтарам, што пасля нападу немцаў на СССР адразу пачаліся забойствы камуністаў і габрэяў. Прынамсі, на тэрыторыі Беларусі яны не набылі масавага характару. Гістарычныя крыніцы такой масавай з’явы не фіксуюць. Таксама не фіксуюцца ў Беларусі праявы гвалтоўнага антысемітызму на пачатку вайны, пра якія піша аўтар.

 

У Раздзеле 6 «Пераемнасць панавання ў падполлі? Савецкія партызаны» пара- граф 6.3. больш правільна было б назваць «Развіццё савецкага партызанскага руху — кароткі агляд». Размова тут ідзе толькі пра савецкіх партызанаў. Адсутнічаюць згадкі пра іншых, у т.л. пра спробу стварэння незалежнай ад саветаў беларускай партызанкі на Палессі. Таксама няма агляду адносін з АК, вайна з якой была спра- вакаваная якраз савецкім бокам.

 

У Раздзеле 7 «На службе ў немцаў…» аналіз дзейнасці Беларускай народнай сама- помачы падаецца павярхоўным. Аўтару не хапае ведання згаданых прац Ю.Туронка і, напрыклад, успамінаў дзеячкі эміграцыйнага ўраду БНР і вядомай паэткі Ларысы Геніюш (Споведзь. Мінск: Мастацкая літаратура, 1993).

 

Не магу пагадзіцца з тэзісам, што «літоўскае падполле… бачыла галоўнага ворага ў СССР». Фактычна, літоўскае падполле ўстрымлівалася ад антысавецкіх або антынямецкіх дзеянняў падчас нямецкай акупацыі. Адно ў 1944 г. яно распачало вайну супраць савецкіх акупацыйных войскаў.

 

Ю.Туронак прыводзіць шмат фактаў, якія сведчаць, што беларускае насельніцтва прыхільна паставілася да арганізацыі Беларускай краёвай абароны. Але немцы не мелі даверу і не жадалі ўзбройваць часці БКА.

 

Незразумела, чаму ў тэксце фігуруе трагедыя ў Ядвабным. Да гісторыі нямецкай акупацыі Беларусі яна не мае ніякага дачынення.

 

У Раздзеле 8 «Паміж франтамі — палякі, украінцы ды габрэі» аналіз дзейнасці атрадаў УПА на Палессі сапраўды заслугоўвае сур’ёзнай увагі. Пэўныя сумненні, аднак, выклікае колькасць забітых палякаў (10 тыс.), якая падаецца са спасылкай на працы Уладзімежа Барадзея, што не заўсёды адрозніваюцца навуковай дакладнасцю. Трэба было верыфікаваць гэтую ацэнку даследаваннямі іншых польскіх і ўкраінскіх аўтараў.

 

Пры аналізе этнічнага складу партызанскіх фармаванняў Баранавіцкай вобл. у 1943 (48 атрадаў!) і 1944 (15 брыгадаў!) г. згадваюцца толькі габрэі, украінцы і палякі. Тым самым можа стварацца ўражанне, што беларусаў сярод іх не было. Думаецца, такую інфармацыю трэба падаваць больш выверана.

 

Незразумелае частае ўжыванне аўтарам тэрміну «белапалякі» і «белаказакі». Нават ужыты ў двукоссі гэты тэрмін толькі ўскладняе разуменне дзейнасці адпаведных вайсковых фармаванняў.

 

Яшчэ раз паўтару, што тэзіс пра «антысеміцкія выпады мясцовага насельніцтва», што нібыта пачаліся яшчэ да прыходу немцаў, не адпавядае беларускай рэчаіснасці 1941 г. Прынамсі, у беларускай гістарычнай літаратуры і з апублікаваных крыніцах такія факты не адлюстраваныя. Мае ўласныя экспедыцыі па вуснай гісторыі 2000— 2009 гг., якія праводзіліся ў розных рэгіёнах Беларусі, асабліва ў сельскай мясцовасці, сведчаць хутчэй пра спачуванне мясцовага насельніцтва габрэям і спробы аблегчыць іх лёс. Відавочна, што маглі быць і былі «антысеміцкія выпады», але масавага характару яны не набылі.

 

Таксама, здаецца, аўтар перабольшвае значэнне ў партызанскім руху ў Беларусі габрэйскіх партызанскіх атрадаў, тым больш, што ў тэксце гаворка ідзе, фактычна, толькі пра два такія атрады — Бельскага і Зорына. Адначасна няма ніякай згадкі пра беларускія партызанскія фармаванні незалежніцкага кірунку, якія, у прыватнасці, дзейнічалі на Палессі ў 1942—1943 гг. (Ім прысвечаныя контраверсійныя працы Сяргея Ярша, але факт існавання такіх атрадаў пад сумнеў не ставіцца.)

 

Нягледзячы на выказаныя заўвагі, хачу адзначыць навуковую грунтоўнасць аўтарскіх высноваў як па асобных раздзелах, так і ў заключным раздзеле «Барацьба за выжыванне альбо палітычны канфлікт?».

 

Аўтарскі выраз «грамадзянская вайна ў цяні вайны» вельмі трапна характарызуе сітуацыю ў акупаванай Беларусі. Прыемна адзначыць, што аўтар лічыць сваё даследаванне толькі пачаткам больш грунтоўнага вывучэння партызанскіх рухаў у акупаванай Беларусі. Было б вельмі добра, калі б ён працягнуў гэтую працу і ўлічыў выказаныя заўвагі.

 

 

Аляксандр Смалянчук, доктар гістарычных навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, дырэктар Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі (ЕГУ)