Гэта амаль невядомая тэма ня толькі для звычайных «аматараў», якія цікавяцца гісторыяй казацкіх войнаў, але і для большасьці гісторыкаў. У ранейшых публікацыях пра пачатак паўстаньня Хмяльніцкага гэтыя падзеі часта або толькі згадваюцца, або папросту абмінаюцца.

Гэтая праца прысьвечаная падзеям на літоўскім тэатры ваенных дзеяньняў напрыканцы лета і ўвосень 1648 г. і ўзімку 1649 г., а таксама летняй кампаніі князя Януша Радзівіла, што завершылася ягонай бліскучай перамогай над коннай казацкай арміяй пад Лоевам 30 ліпеня 1649 г. Гэта амаль невядомая тэма ня толькі для звычайных «аматараў», якія цікавяцца гісторыяй казацкіх войнаў, але і для большасьці гісторыкаў. У ранейшых публікацыях пра пачатак паўстаньня Хмяльніцкага гэтыя падзеі часта або толькі згадваюцца, або папросту абмінаюцца. Між тым высілкі Вялікага Княства Літоўскага і асабіста князя Януша Радзівіла ў пэўнай ступені паспрыялі пасьпяховаму заканчэньню кампаніі войскамі Кароны і падпісаньню збораўскай дамовы. Дадзеная праца спрабуе запоўніць гэты прагал.

Асноўнымі крыніцамі пры напісаньні кнігі паслужылі перадусім г. зв. «Канцылярскі дыярыюш Януша Радзівіла», які захоўваецца ў VI аддзеле Галоўнага архіву старажытных актаў у Варшаве («Дыярыюш…» цяпер апрацоўвае прафэсар Міраслаў Нагельскі, і гэтая праца неўзабаве зьявіцца ў друку), а таксама лісты Януша Радзівіла, прыведзеныя ў дадатку да працы Эдварда Катлубая «Жыцьцё Януша Радзівіла» (Вільня, 1859) і перавыдадзеныя, хоць і ў крыху скарочанай форме, у кнізе Вацлава Ліпінскага «Станіслаў Міхал Крычэўскі. З гісторыі барацьбы ўкраінскай шляхты ў шэрагах паўстанцаў на чале з Багданам Хмяльніцкім у 1648—1649 гг.» (Кракаў, 1912). Сярод іншых крыніцаў — рэляцыя невядомага нямецкага афіцэра, зьмешчаная ў «Theatrum Europaeum» (Том VI. Франкфурт-на-Майне, 1663) са знакамітай гравюрай, на якой паказаная бітва пад Лоевам. Апроч таго, больш поўна карціна ваенных дзеяньняў у Літве ў 1648—1649 гг. раскрытая ў рукапісе «Вайна супраць запароскіх казакоў 1648 і 1649 гг., апісаная Альбэртам Віюком Каяловічам», што захоўваецца ў бібліятэцы Польскай Акадэміі Навук у Кракаве. (Пераклад лацінскага рукапісу з Архіваў князёў Радзівілаў у Нясьвіжы выдаў і суправадзіў камэнтарамі Эдвард Катлубай.) Да таго ж шмат цікавых зьвестак знаходзім у працы Вэспасіяна Кахоўскага, у мэмуарах Багуслава Казімера Маскевіча і Альбрыхта Станіслава Радзівіла. На жаль, у нас няма крыніцаў, датычных бітвы пад Лоевам, якія паходзілі б з другога — украінскага — боку. У нешматлікіх захаваных украінскіх пераказах, напрыклад, у «Летапісе» ананімнага аўтара Самавыдця, параза Крычэўскага амаль ня згадваецца. Таму даводзіцца разглядаць гэтую вельмі далікатную тэму, абапіраючыся ў асноўным на зьвесткі зь пераможнага літоўскага лягеру, ня маючы магчымасьці іх праверыць.

Бітве пад Лоевам пакуль прысьвячалася толькі адна манаграфія — выдадзеная па-ўкраінску праца А. Пераяслаўскага «Лоеў» (Каліш, 1935). Аўтар грунтуецца галоўным чынам на вышэйзгаданым творы ўкраінскага (але польскамоўнага) гісторыка Вацлава Ліпінскага «Станіслаў Міхал Крычэўскі». Апісаньне падзеяў на літоўскім тэатры ваенных дзеяньняў можна знайсьці таксама ў біяграфіі Януша Радзівіла, напісанай Эдвардам Катлубаем (у разьдзеле, прысьвечаным бітве пад Лоевам, аўтар абапіраецца на страчаны дакумэнт). Усе пералічаныя працы зьявіліся ў ХІХ ст. і на пачатку ХХ ст. Яны базуюцца практычна на адных і тых самых крыніцах, таму і ваенныя дзеяньні ў іх паказаныя прыкладна аднолькава. У часе ПНР досьледы на гэтую тэму не заахвочваліся. Выключэньнем стаў артыкул Генрыка Віснэра «Вайсковая дзейнасьць Януша Радзівіла ў 1648—1655 гг.» (Т. ХІІІ. Rocznik Biaіostocki, 1976.). Хутчэй за ўсё, на прапанову цэнзуры рэдакцыя зьмясьціла перад артыкулам заўвагу, што «ня цалкам падзяляе погляды аўтара, выказаныя ў артыкуле».

Толькі ў апошнія гады зьявілася праца Ўладзіслава А. Сэрчыка «На палаючай Украіне. Гісторыя Казаччыны ў 1648—1651 гг.» з адмысловым разьдзелам, прысьвечаным лоеўскай кампаніі. Прафэсар Генрык Віснэр апублікаваў новую біяграфію Януша Радзівіла «Януш Радзівіл (1612—1655). Ваявода віленскі, вялікі гетман літоўскі» (Варшава, 2000), у якой ёсьць асобны разьдзел «Лоеў». У 2002 г. выдавецтва «DiG» выдала зборнік магістарскіх працаў «Старапольскае ваеннае мастацтва ХVI—XVIII стст. Працы, прысьвечаныя прафэсару Ярэму Мацюшкевічу» пад рэдакцыяй Міраслава Нагельскага. Зь іх нашай увагі заслугоўвае дасьледаваньне Яцака Камуды «Лоеўская выправа Януша Радзівіла ў 1649 г.» Нарэшце, аўтар хацеў бы падзякаваць за дапамогу пры напісаньні гэтай кнігі Пятру Тафілоўскаму, Пятру Бізюку і Бэаце Длугайчык, якая пераклала зь нямецкай апісаньне кампаніі і бітвы пад Лоевам, зьмешчанае ў «Theatrum Europaeum».