Прадмова да «ARCHE» № 5 за 2015 год («Польшча ў другой сусветнай вайне»).

Сёлета мінае 70 гадоў з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны. Гэты страшэнны канфлікт стаўся трагедыяй для мільёнаў людзей. Ён адціснуў сваё крывавае таўро на жыцці практычна ўсіх еўрапейскіх народаў. Але ў масавай свядомасці беларусаў тая вайна дагэтуль успрымаецца перадусім як лютае змаганне паміж сабой арміі СССР з фашысцкай Германіяй. Многія, праўда, ведаюць ці прынамсі нешта чулі таксама пра ўдзел у той вайне армій буйных заходніх саюзнікаў СССР — Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША — успрымаючы, аднак, іх ролю як апрыёрна другасную (што не заўсёды ёсць слушным). І зусім у цяні застаецца тое, што побач з буйнымі геапалітычнымі гульцамі свой уклад у агульную Перамогу ўносілі ў меру сваіх уласных сілаў прадстаўнікі і іншых народаў Еўропы, і гэты ўклад варты ўвагі ды пашаны. Адным з такіх народаў быў спрадвечны сусед беларусаў — польскі народ, які заплаціў вельмі вялікую цану ў змаганні за сваю незалежнасць. Разам з іншымі краінамі цэнтральна-ўсходняй Еўропы Польшча тады апынулася ў самым цэнтры ваеннага пекла. Польскі народ панёс вялізныя як людскія, так і матэрыяльныя страты. Смяротныя ахвяры за ўсю вайну склалі 6 мільёнаў польскіх грамадзян.

Arche 5_2015_1У той жа час польскі жаўнер вёў сваё змаганне на еўрапейскім тэатры баявых дзеянняў ад першага да апошняга дня вайны. Пакінутая сам на сам з праціўнікам польская дзяржава ў верасні 1939 г. гераічна абаранялася перад куды большымі сіламі агрэсараў. Супраціў, які чыніла Войска Польскае, даў заходнім хаўруснікам каштоўны час на ваенную падрыхтоўку да будучай вайны з Трэцім Райхам. Нягледзячы на тое, што кампанія 1939 г. скончылася паразай, польскія краіна і народ ніколі не капітулявалі. Пазней, аж да самага заканчэння Другой сусветнай вайны, польскія жаўнеры змагаліся на розных яе франтах.

Значную частку вайсковых фармаванняў складалі Польскія ўзброеныя сілы на Захадзе, якія падпарадкоўваліся польскаму эміграцыйнаму ўраду. Ужо напрыканцы 1939 г., дзякуючы высілкам гэтага ўрада, на тэрыторыі Францыі распачалося фармаванне польскай арміі, колькасны склад якой у хуткім часе дасягнуў больш за 84 тыс. чалавек. Спачатку некаторыя вайсковыя адзінкі прынялі ўдзел у баях у Нарвегіі, а пасля гэтая армія ўдзельнічала ў французскай кампаніі 1940 г. Пасля капітуляцыі Францыі польскі эміграцыйны ўрад працягваў сваю працу па стварэнні вайсковых фармаванняў на тэрыторыі Вялікабрытаніі, дзе ў 1940—1945 гг. дыслакаваўся 1-ы Польскі корпус. Тым часам на Блізкім Усходзе была створана Асобная брыгада карпацкіх стралкоў, якая брала ўдзел у баявых дзеяннях у Паўночнай Афрыцы. Польскія вайсковыя пілоты змагаліся ў небе над Францыяй і Англіяй. Асабліва бліскучай старонкай іх баявой дзейнасці быў удзел у бітве за Англію, падчас якой польскія лётчыкі прадэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства і былі найбольш выніковымі сярод ВВС саюзнікаў. Падчас гэтай бітвы польскія пілоты знішчылі больш за 200 самалётаў праціўніка. Увогуле ж да канца вайны польскія ВВС збілі каля 1 тыс. варожых самалётаў. Пасля адкрыцця другога фронту на кантыненце змагалася 1-я танкавая дывізія, якая пераможным маршам вызваляла гарады і мястэчкі Заходняй Еўропы. Восенню 1944 г. жаўнеры 1-й асобнай парашутна-дысантнай брыгады ўзялі ўдзел у найбуйнейшай паветрана-дысантнай аперацыі заходніх саюзнікаў «Маркет Гардэн», якая адбылася на тэрыторыі Галандыі. На Захадзе дзейнічала таксама пэўная колькасць польскіх ВМФ. Маракі зазначылі сваю прысутнасць на водах Атлантычнага акіяна, Паўночнага мора, падчас высадкі ў Нармандыі. У гады вайны ў басейне Міжземнага мора дзейнічала Польская марская місія, экіпажы якой неадаразова ўдзельнічалі ў марскіх спецаперацыях заходніх саюзнікаў.

Бадай што найбольш вядомай старонкай у гісторыі Польскіх узброеных сілаў на Захадзе быў баявы шлях 2-га Польскага корпуса пад камандваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Ягоныя жаўнеры пачыналі свай ваенны шлях на тэрыторыі СССР, калі паводле савецка-польскай дамовы ўлетку 1941 г. нядаўнія вязні сталінскіх лагерах і турмаў змаглі апрануць вайсковы мундур. У гісторыі польскага ўзброенага чыну назаўжды бліскуча запісаліся такія падзеі, у якіх прымалі ўдзел жаўнеры гэтай арміі, як бітва за Монтэ-Касіна, здабыццё Анконы ці Балонні. Тым часам, пачынаючы з 1943 г., на ўсходнім фронце таксама дзейнічалі польскія вайсковыя фармаванні, якія з цягам часу павялічвалі свой колькасны склад і пад канец баявых дзеянняў налічвалі ўжо некалькі соцень жаўнераў. Польскае войска на ўсходнім фронце прайшло свой баявы шлях ад Леніна на Магілёўшчыне да Берліна і Прагі. Напрыклад, у берлінскай аперацыі ўдзельнічалі 185 тыс. польскіх жаўнераў.

У той самы час, калі па-за межамі краіны змагаліся рэгулярныя польскія фармаванні, у акупаванай Польшчы дзейнічала ўзброенае падполле, у першую чаргу створаная ў 1942 г. Армія Краёва, якая ўжо праз два гады налічвала ў сваіх шэрагах звыш 300 тыс. жаўнераў і была адной з найбольш шматлікіх падпольных армій у акупаванай Еўропе. Польская выведка і рух супраціву перадалі саюзнікам вельмі каштоўныя звесткі пра стан гітлераўскіх войскаў, у тым ліку інформацыю наконт вытворчасці ракетаў V-1 і V-2. Дзясяткі тысяч прадстаўнікоў польскага народа змагаліся ў шэрагах руху супраціву іншых еўрапейскіх краін (Францыя, Югаславія і інш.). Да асаблівых поспехаў у той час неабходна залічыць зламанне калектывам менавіта польскіх адмыслоўцаў коду знакамітай нямецкай шыфравальнай машыны «Энігма».

Неабходна падкрэсліць, што ўзброены высілак польскага народа і ягоны ўнёсак у перамогу над Трэцім Райхам з’яўляецца вельмі істотным. З навуковых даследаванняў вынікае, што польскія вайсковыя фармаванні былі чацвёртай па колькасці мілітарнай сілай антыгітлераўскай кааліцыі. Напрыканцы ваенных дзеянняў у Еўропе ў шэрагах польскіх узброеных фармаванняў на Захадзе ваявала каля 200 тыс. чалавек, а на Усходзе — яшчэ каля 400 тыс. чалавек.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў камуністычнай Польшчы ўдзел польскіх вайсковых фармаванняў, асабліва на баку заходніх саюзнікаў, па ідэалагічных прычынах разглядаўся тэн- дэнцыйна. Шматлікія старонкі ўзброенага чыну альбо цалкам замоўчваліся, альбо даследаваліся, але ў вельмі абмежаваным памеры.

Нумар «ARCHE», які прапануецца ўвазе чытачоў, ахоплівае сваім зместам асноўныя вехі з гісторыі польскага ўзброенага чыну падчас Другой сусветнай вайны. Чытач знойдзе ў ім артыкулы, прысвечаныя чыста вайсковай праблематыцы (гісторыя стварэння і баявога шляху паасобных вайсковых фармаванняў), а таксама даследаванні, якія тычацца ваенна-палітычнай сітуацыі ў Польшчы напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны. Мяркуем, што беларускаму чытачу будзе цікава пазнаёміцца з гісторыяй як рэгулярных вайсковых фармаванняў, якія дзейнічалі на розных франтах вайны, так і з гісторыяй незалежніцкага партызанскага руху. Так, артыкул даследчыка з Гданьска Яцэка Тэбінкі прысвечаны тэме Польшчы і польскіх вайсковых фармаванняў у якасці суб’екта  міжнароднай палітыкі падчас Другой сусветнай вайны. Трагічныя падзеі верасня 1939 г. і іх наступствы з’яўляюцца прадметам даследчыцкай увагі варшаўскіх прафесараў Войцеха Матэрскага і Юліюша Тыма. У сваю чаргу, удзелу польскіх войсках на заходніх франтах вайны тычацца працы Януша Зузяка з Варшавы, Томаша Гаёўніка з Ольштына, Паўла Яворскага з Уроцлава, Яна Шкудлінскага з Гданьска. Гісторыя стварэння і дзейнасці польскіх вайсковых фармаваннях на ўсходнім фронце аналізуецца варшаўскімі даследчыкамі Чэславам Гжэлякам і Збігневым Пальскім, а таксама гісторыкам з Лодзі Альбінам Главацкім. Праблематыцы польскага незалежніцкага падпольнага і партызанскага руху прысвечаныя артыкулы Анджэя Хмеляжа з Варшавы, а таксама даследчыкаў з Гродна Станіслава Сільвановіча, Віталя Барабаша і Анджэя Пачобута.

У шэрагах польскіх вайсковых фармаванняў служылі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, якія пражывалі ў межах міжваеннай польскай дзяржавы. Сярод іх належыць таксама ўзгадаць і беларусаў, якія бліскуча запісалі свае імёны ў гісторыю польскага ўзброенага чыну ў гады Другой сусветнай вайны, пра што сведчаць шматлікія архіўныя крыніцы. Натуральна, што дадзеная праблематыка не магла застацца па-за ўвагай і ў гэтым нумары. Некаторыя эпізоды з баявога шляху беларусаў — грамадзян міжваеннай Польшчы знайшлі сваё адлюстраванне ў адмысловых артыкулах гісторыка і краязнаўцы Ігара Мельнікава з Мінска і варшаўскага гісторыка Юрыя Грыбоўскага.

Спадзяемся, аднак, што выданне дадзенага нумара спрычыніцца да значнага ўзбагачэння ранейшых ведаў беларускага чытача пра польскі фактар у Другой сусветнай вайне.