У 1951 г. Міністэрства грамадзкай бясьпекі ПНР пачало ў агульнапольскім маштабе апэратыўную распрацоўку «нацыяналістычнага беларускага асяроддзя». Як падкрэсьлівалася ў дакумэнтах спэцслужбаў, значная частка людзей, якія актыўна змагаліся з саветамі, засталася на тэрыторыі Польшчы і вяла «варожую, антысавецкую і антыдэмакратычную прапаганду».

У 1951 г. Міністэрства грамадзкай бясьпекі ПНР пачало ў агульнапольскім маштабе апэратыўную распрацоўку «нацыяналістычнага беларускага асяроддзя», як было акрэсьлена ва ўнутраных дакумэнтах МГБ; гэтай акцыі надалі крыптанім «Дывэрсант». Яна вынікала з тагачаснай ацэнкі беларускай меншасьці ў Польшчы, а менавіта той яе часткі, якая ў 1941—1945 гг. актыўна змагалася з саветамі пры апірышчы на нямецкую дапамогу. Як падкрэсьлівалася ў рапарце, «нацыяналісты беларускай нацыянальнасьці» нібыта былі «варожа настроеныя да СССР і краінаў народнай дэмакратыі». Такая характарыстыка гэтай супольнасьці прадугледжвала, што ў ацэнцы супрацоўнікаў МГБ яны маглі быць «патэнцыйнай базай для замежных разьведак і маглі праводзіць або праводзілі шпіёнскую дзейнасьць на карысьць капіталістычных дзяржаў». Тым самым, акрамя асяродзьдзя беларусаў у Польшчы, аб’ектам зацікаўленьня органаў бясьпекі стала беларуская эміграцыя ў вольным сьвеце.

 

Як падкрэсьлівалася ў дакумэнтах спэцслужбаў, значная частка людзей, якія актыўна змагаліся з саветамі, засталася на тэрыторыі Польшчы і вяла «варожую, антысавецкую і антыдэмакратычную прапаганду». З трывогай паведамлялася, што беларускія антыкамуністы пранікалі ў «дэмакратычныя партыі і займалі высокія пасады ў дзяржаўным апараце». Прычым МГБ ня здолела падаць прыкладаў, якія пацьвярджалі гэтыя тэзы.

 

У ранейшы пэрыяд органы бясьпекі ПНР таксама займаліся пытаньнем беларускага незалежніцкага руху, але гэта не набывала аднастайнай, цэнтралізаванай апэратыўнай формы і датычыла ў значнай ступені праблем ваеннага пэрыяду. Нягледзячы на гэтую арганізацыйную недасканаласьць, польскім органам бясьпекі ўдалося ўстанавіць месца пражываньня намесьніка менскага бурмістра з пэрыяду нямецкай акупацыі Адама Дзямідовіча-Дзямідзецкага, які жыў і працаваў у Познані, а таксама іншага важнага беларускага дзеяча ваеннага часу Ўладзімера Колба, які жыў у Вальчы ў Кашалінскім ваяводзтве.

 

Не зважаючы на алярмісцкі тон службы бясьпекі, які чуецца ў яго дакумэнтах, трэба прыняць, што функцыянэры МГБ правільна ацанілі ідэалягічную пазыцыю беларускіх незалежнікаў. Іх прысутнасьць на тэрыторыі Польшчы давала шанцы ацалелым беларускім дзеячам у Заходняй Эўропе ўсталяваць кантакты зь іх суродзічамі ў Польшчы і СССР. Пры такой ацэнцы стану прыярытэт для МГБ набывала праблема здабыцьця інфармацыі пра беларускую палітычную эміграцыю. У гэтым месцы трэба падкрэсьліць, што, нягледзячы на савецкія захады, якія мелі за мэту арышт антыкамуністычных дзеячаў, большасьці галоўных беларускіх актывістаў удалося пазьбегнуць савецкай няволі і ў момант падзеньня Трэцяга райху перабрацца ў заходнія раёны Нямеччыны, дзе яны падзялялі лёс мільёнаў уцекачоў, якія апынуліся ў лягерах перамешчаных асоб у ангельскай, амэрыканскай і францускай акупацыйных зонах Нямеччыны. У 1945—1947 гг. гэтым людям пагражала выдача СССР на падставе ялцінскіх пагадненьняў. Яны шчасьліва засталіся на Захадзе як польскія грамадзяне, якія не падлягалі рэпатрыяцыі.

 

Беларусы, якія пражывалі на Захадзе, вельмі хутка навязалі кантакты са сваімі землякамі зь Беласточчыны. Як устанавіла МГБ, ужо ў 1945 г. на тэрыторыю Беластоцкага ваяводзтва прыбыў Іван Гелда, у ваенны час камандзір беларускай «самааховы» на Беласточчыне і адзін з арганізатараў дывэрсійнай школы «Дальвіц». У траўні 1946 г. у Беластоцкае ваяводзтва прыбыла ў якасьці рэпатрыянткі з брытанскай акупацыйнай зоны Надзея Буйноўская. Яна атрымала ад былога старшыні «Беларускага Аб’еднаньня» Тодара Ільляшэвіча, які жыў у Браншвайгу, загад зьвязацца зь ягонай жонкай для ўсталяваньня пісьмовага кантакту. Шмат чальцоў беларускіх незалежніцкіх арганізацый вярталіся ў той час на тэрыторыю Польшчы, г. зн. заходніх і паўночных зямель, як дэмабілізаваныя жаўнеры польскіх узброеных сіл на Захадзе…

 


 

ЦАЛКАМ АРТЫКУЛ АЛЯКСАНДРА КАЗІНСКАГА НАДРУКАВАНЫ Ў № 5 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД.

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты». Падпісны індэкс — 00345.


 

Аляксандар Казіцкі — гісторык. Жыве й працуе ў Гдыні. Вывучае дзейнасьць спэцслужбаў пасьляваеннай Польшчы.

 

Зьмешчаны ніжэй тэкст быў прачытаны 14 лістапада 2008 г. у Любліне падчас міжнароднай навуковай канфэрэнцыі «Тайная зброя, або Ахвяры халоднай вайны. Палітычная эміграцыя з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы» пад назвай «Дзейнасьць органаў бясьпекі ПНР супраць беларускай палітычнай эміграцыі ў 1945—1956 гадах». Некаторыя выкладзеныя ў тэксьце зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці і існавалі толькі ў данясеньнях і рапартах польскіх спэцслужбаў.