Выбары ў Вярхоўны Савет СССР 1958 г.: ляяльнасьць і супраціў пры камунізьме.

У сярэдзіне 1970-х гг. у расейскамоўным часопісе «Грани», што выходзіў у Франкфурце-на-Майне і рэпрэзэнтаваў так званы тагачасны тамиздат1 , зьявіўся кароткі аповед пра «выбары» ў савецкай правінцыі. Гэтая публікацыя была вытрыманая ў форме гутаркі («сказу»): калі герой, што паходзіць з простага люду, на штодзённым жаргоне апавядае пра ўласныя перажываньні, інсцэні¬зуючы пры гэтым дыялёг з чытачом. Навасьпечаны аўтар гэтага твору, прыняўшы аблічча шофэра, пачынае гутарку з горкага прызнаньня: «Дурань той, хто можа, а ня п’е». Гэтае цьверджаньне выглядае зласьлівым і ня надта разумным, бо апавядальнік ад першае асобы кажа, што ён, маўляў, меўся пераадолець сваю цягу да алькаголю да лёсавызначальнага нядзельнага дня выбараў. Ягоную гісторыю можна коратка апавесьці так: у адрозьненьне ад усяго астатняга калектыву трагічны герой, прагаласаваўшы на ўчастку, ігнаруе наведваньне абавязковага буфэту і вяртаецца цьвёрдым крокам наўпрост дадому. У той самы час адпаведны партыйны камітэт атрымлівае інфармацыю, што жыхары нейкай аддаленай стэпавай вёскі адмаўляюцца ісьці галасаваць, пратэстуючы тым самым супраць кспрапрыяцыі іхнай царквы. Гэтак у аповедзе ўзьнікае нечаканы паварот. Паколькі калегі героя пасьля ранішняй чаркі ня маюць адпаведнай кандыцыі, ён атрымлівае заданьне завезьці адказную асобу ва ўзбунтаваную вёску. Калі абодва яны пасьля розных прыгодаў нарэшце дабіраюцца да месца прызначэньня, высьвятляецца, што тамтэйшая выбарчая камісія ўжо вырашыла праблему небюракратычным парадкам. Бязь лішніх роздумаў усе бюлетэні былі ўкінутыя ў урну. Напрыканцы свайго аповеду яго аўтар уліваецца ў шматмільённае войска тых, хто разумее пад выбарамі тое, чым яны ёсьць насамрэч: народнае сьвята. «З таго дня я п’ю зноў», — падводзіць вынік апавядальнік, разьвейваючы апошнія ілюзіі. Чытачу застаецца толькі здагадвацца пра лёс вяскоўцаў, якія праз свае рэлігійныя погляды адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах2 .

 

На фоне гэтага аповеду амэрыканскія дасьледаваньні часу халоднай вайны не трымаюцца купы. Звычайна ў іх сьцьвярджалася, што, маўляў, як «elections without choice», як неканкурэнтныя выбары з адным кандыдатам на выбарчую акругу і паказчыкамі вынікаў галасаваньня «за» блізу 100 %, гэтыя выбары не заслугоўваюць таго, каб пра іх гаварыць. Зыходзячы акурат з гэтага, аўтары вялі гаворку пра мабілізацыю масаў і партыйнага актыву, што выконвала функцыю стабілізацыі сыстэмы, а таксама дэманстрацыі непахіснасьці ўлады3 . У гэтай працы мы зыходзім зь іншага. Яе пазнаваўчы інтарэс палягае ў вывучэньні тых сацыяльных колаў у грамадзтвах савецкага тыпу, дзе маглі выяўляцца адпор і супраціў. Гэтыя мадэлі паводзінаў уяўляюць сабою адваротны бок таго, да чаго, уласна, імкнуліся сацыялістычныя рэжымы, арганізоўваючы выбары: да таго, каб упэўніцца ў ляяльнасьці насельніцтва. Пэўным эўрыстычным элемэнтам, з дапамогай якога можна патлумачыць адрозьненьні паміж існымі падыходамі, можа быць паняцьце «сваволі» (Eigensinn). Каб высьветліць патэнцыял таго ці іншага тэрміналягічнага інструмэнтарыю, эмпірычны аналіз трэба папярэдзіць абмеркаваньнем некаторых дэфініцый (Разьдзел І). Хоць надалей гісторыя савецкіх выбараў, у адрозьненьне ад вышэй прыведзенага прыкладу з «там¬іздату», будзе падавацца навуковай моваю, мы зьвернемся да захапляльнай крыніцы — камэнтароў, напісаных на выбарчых бюлетэнях, што могуць праў¬дзіва прадставіць разнастайныя і збольшага забытыя галасы народу. У гэтым кантэксьце мы спынімся на трох розных праблемных колах. Напачатку будзе паказанае разьвіцьцё савецкай выбарчай сыстэмы (Разьдзел ІІ), далей гаворка пойдзе пра пэрспэктыўнасьць вынікаў заходніх дасьледаваньняў часу халоднай вайны (Разьдзел ІІІ) і, урэшце, на канкрэтным прыкладзе выбараў у Вярхоўны Савет СССР 1958 г. будзе апісаная сама зьява савецкіх выбараў; пры гэтым мы асобна разгледзім палітычны і сацыяльны фон выбараў (Разьдзел ІV), саму выбарчую кампанію (Разьдзел V) і працэс галасаваньня (Разьдзел VІ). Адначасна мы будзем адстойваць тэзу, што камэнтары на выбарчых бюлетэнях, якія могуць падавацца колькасна ня надта значнай зьявай, а таксама шматлікія звароты людзей у дзяржаўныя і партыйныя інстанцыі, ёсьць каштоўнымі крыніцамі інфармацыі ў дасьледаваньні працэсу камунікацыі паміж насельніцтвам і ўладамі, і, у гэтай якасьці, яны адлюстроўваюць увесь дыяпазон грамадзкае думкі — ад ідэнтыфікацыі сябе з «сацыялістычнай дыктатурай» (Fuersorgediktatur) да выяўленьня сумневаў наконт палітычнага рэжыму4 . На заканчэньне будуць пазначаныя прынамсі самыя істотныя пэрспэктывы далейшых дасьледаваньняў са спасылкай на неразьвязаныя праблемы (Разьдзел VІІ)…

 


 

1. «Тамиздат» — неафіцыйная назва публікацыяў, што выходзілі па-за межамі СССР.

 

2. И. Зиновьев. Выборы // Грани. Межконтинентальный русский литературный журнал. № 102. 1976. С. 97—103. Псэўданім аўтара гэтага артыкулу належаў інжынэру Ісаку Шапіру, які за некалькі гадоў перад тым эміграваў з усходняй Украіны ў Ізраіль.

 

3. Параўн.: Theodore Friedgut. Political Participation in the USSR. Princeton, 1979, с. 71—154, тут с. 137; Jeffrey W. Hahn. Soviet Grassroots. Citizen Participation in Local Soviet Government, Princeton, 1988. С. 92—107, тут с. 93.

 

4. Параўн. звесткі ў зборах крыніцаў: Письма во власть. 1917—1927. Заявления, жалобы, доносы, письма в государственные структуры и большевистским вождям. Сост. А. Я. Лившиц, И. Б. Орлов. Москва, 1998; Письма во власть. 1928—1939. Заявления, жалобы, доносы, письма в государственные структуры и большевистским вождям. Сост. А. Я. Лившиц, И. Б. Орлов, О. В. Хлевнюк. Москва, 2001; гл. таксама агляд у: Margareta Mommsen. Hilf mir, mein Recht zu finden. Russische Bittschriften. Von Iwan dem Schrecklichen bis Gorbatschow. Frankfurt, 1987, і падсумаваньне дасьледаваньняў сталінізму ў: Golfo Alexopoulos, Stalin’s Outcasts. Aliens, Citizens, and the Soviet State, 1926—1936. Ithaca, NY, 2003.

 


 

ЦАЛКАМ АРТЫКУЛ ТОМАСА БОНА НАДРУКАВАНЫ Ў № 5 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД.

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты». Падпісны індэкс — 00345.

 


 

Томас М. Бон (нар. у 1963 у Гановэры) — гісторык, прафэсар гістарычнага аддзяленьня (сэмінар «Гісторыя Ўсходняй і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы) унівэрсытэту імя Людвіга Максымільяна ў Мюнхэне, аўтар шэрагу публікацыяў па гісторыі Беларусі. Летась у «ARCHE» было апублікаванае яго дасьледаваньне «Супраціў» і «сваволя» ў Менску. Адпорныя паводзіны ў Савецкім Саюзе». Гэты пераклад друкуецца з ласкавай згоды аўтара.