Важнай крыніцай на тэму побыту даўнейшага беларускага студэнцтва, у тым ліку навучэнцаў Полацкай езуіцкай акадэміі, могуць стаць мемуары выхаванца Полацкай езуіцкай акадэміі Эдварда Тамаша Масальскага (1799—1879), вядомага пісьменніка, аўтара «першага айчыннага сацыяльнага рамана» «Пан Падстоліч».

Полацкая езуіцкая акадэмія (1812—1820) разам з Горы-Горацкім земляробчым інстытутам (1848—1864) — найстарэйшыя ВНУ Беларусі. На жаль, захавалася мала сведчанняў аб побыце даўнейшага беларускага студэнцтва, у тым ліку навучэнцаў Полацкай езуіцкай акадэміі. Важнай крыніцай на гэтую тэму могуць стаць мемуары [1] выхаванца Полацкай езуіцкай акадэміі Эдварда Тамаша Масальскага (1799—1879), вядомага пісьменніка, аўтара «першага айчыннага сацыяльнага рамана» «Пан Падстоліч» (у пяці тамах на польскай мове ў 1831—1833, у чатырох тамах у перакладзе на рускую мову — 1833—1834).

 

Э. Масальскі вучыўся ў Полацку з 1816 г. і да закрыцця Акадэміі ў 1820-м. Разам з ім тут вычыліся і два яго родныя браты — малодшыя Кароль і Юзаф. Апошні вядомы сучасным гісторыкам літаратуры як аўтар паэтычнага зборніка «Паэзія». Пасля закрыцця полацкай аlma mater Э. Масальскі накіраваўся ў Віленскі універсітэт. Параўноўваючы гэтыя дзве ўстановы, аўтар мемуараў адзначаў вышэйшы ўзровень выкладання ў Вільні, аднак падкрэсліваў, што ў Полацку існавала пазітыўная маральная атмасфера як сярод студэнтаў, так і вы¬кладчыкаў. Менавіта ў рэакцыі на дэмаралізацыю акадэмічнага асяродку Вільні Э. Масальскі бачыў прычыну стварэння філарэцка-філамацкага руху. (Масальскія ўзялі актыўны ўдзел у гэтым руху і неўзабаве трапілі пад урадавы пераслед.) Э. Масальскі падкрэслівае вялікае значэнне досведу і сяброўскіх сувязяў, набытых ім у Полацку. Сярод полацкіх студэнтаў, якія ў адзін час вучыліся з аўтарам мемуараў і вызначаліся сваімі здольнасцямі, называюцца імёны Даната Жаброўскага, Канстантыя Сербіновіча, Пятра Ельяшэвіча, Гаўдэнтыя Шапялевіча і Яна Баршчэўскага.

 

Штодзённы побыт студэнтаў Акадэміі залежаў ад эканамічных магчымасцяў навучэнцаў. Студэнты, што валодалі дастатковымі сродкамі, каб здымаць прыватныя кватэры, мелі больш свабоды ў параўнанні са сваімі таварышамі, якія жылі ў езуіцкім канвікце — недарагім пансіёне. У ім існавалі строгія правілы ўнутранага распарадку, напрыклад, прадугледжваліся пазашкольныя заняткі, рэгламентаваўся час абуджэння і адбою, прыняцця ежы, малітваў і посту.

 

Ураджэнец Міншчыны Э. Масальскі належаў да адносна заможнай сям’і. У першы год свайго навучання браты Масальскія знайшлі ў Полацку кватэру і стол ва ўдавы кандытара італьянкі Машынскай, а на другі год у іх распара¬джэнні быў ужо амаль цэлы паверх вялікага дому — трохпакаёвая кватэра з вітальняй, да якой прымыкала вялікая зала для танцаў. Гэта паспрыяла таму, што апартаменты Масальскіх неўзабаве ператварыліся ў нефармальны студэнцкі клуб, заўсёднікамі якога былі каля дваццаці навучэнцаў.

 

Браты Масальскія пад пратэкцыяй сясцёр прэфекта ксяндза-езуіта Снарскага, непасрэднага кіраўніка навучальнага працэсу ў Акадэміі, і жонкі свайго знаёмага, наглядчыка полацкіх водных камунікацый на Дзвіне Хведара Масальскага, арганізавалі «танцавальны гурток». Ад імя шаноўнай пані Масальскай для навучання танцам былі запрошаны палачанкі, жонкі мясцовага чыноўніцтва з дочкамі, а таксама мясцовыя немкі-купчыхі. Гэтыя заканспіраваныя з увагі на строгі езуіцкі кантроль балі займелі вялікую папулярнасць сярод полацкіх студэнтаў. Зрэшты, яны былі надзвычай прыстойныя і сціплыя, падчас пасту яны касаваліся ўвогуле. Пары паважна танцавалі пад фартэпіяна. На агульныя складкі ладзіўся пачастунак: звычайна ў невялікай колькасці віно, а таксама гарбата і здоба.

 

Былі сярод студэнтаў і заўзятыя баламуты, аматары картаў і розных іншых заганных забаваў. У Акадэмію яны хадзілі толькі для формы, шукаючы прыгод і пацехаў. Апошнія былі ў асноўным выхадцамі з тутэйшых дробнашляхецкіх сем’яў, якія традыцыйна разглядалі езуіцкае навучанне толькі як сродак набыцця свецкага лоску.

 

У свой вольны час студэнты бралі таксама прыватныя курсы. Э. Масальскі апісвае падобныя зборні, якія таксама па збегу акалічнасцяў адбываліся ў яго кватэры. Да Масальскіх прыходзіў агент Біблейскага Таварыства Маркс (яўрэй з брытанскім пашпартам) і даваў ахвочым з дазволу езуітаў урокі англійскай і яўрэйскай моваў.

 

Старанныя студэнты маглі адведваць адразу некалькі курсаў. Так, Э. Масальскі пасля атрымання патэнту на ступень кандыдата на трэцім годзе свайго навучання праслухоўваў лекцыі на матэматычным і юрыдычным аддзяленнях, працягваючы таксама студыі грэцкай і яўрэйскай моваў.

 

Сярод студэнтаў вылучалася некалькі груп паводле іх стаўлення да навукі. Для адных навучанне ў Акадэміі было сродкам зрабіць духоўную ці выкладчыцкую кар’еру. Яны былі згрупаваны ў асноўным на тэалагічным факультэце. Ступень доктара багаслоўя давала таксама права на чыноўніцкі ранг восьмага класа. Сюды таксама запісваліся асобы, якія хацелі займацца навукай, — як лічылася, тут былі лепшыя лектары.

 

Другая «партыя» — моладзь, схільная да гуманітарных дысцыплін і мастацтва. Ім больш адпавядаў факультэт свабодных навук. Падчас навучання Э. Масальскага тут былі тры аддзелы: 1) уласна «вызваленых навук» (выкладалася мастацтва рыфмавання, красамоўства, усеагульная гісторыя, гісторыя старажытнасці, малюнак, музыка і іншае); 2) філасофскі аддзел (логіка, метафізіка, дыялектыка, этыка, натуральная тэалогія разам з чыстай і практычнай матэматыкай, фізіка, хімія і натуральная гісторыя); 3) юрыдычны аддзел (натуральнае права, кананічнае права, рымскае, краёвае цывільнае і крымінальнае права разам з судовым працэсам). На першых двух аддзелах выкладанне вялося на лаціне і вызначалася схаластычнасцю. На юрыдычным — частка прадметаў («літоўскі статут» і «судовы працэс») чыталіся па-польску, выкладчыцкі склад тут, як адзначае Э. Масальскі, быў найбольш слабы ў Акадэміі.

 

Пасля іспытаў першага года навучэнцы атрымлівалі ступень студэнта пэўнага факультэту і раз’язджаліся на вакацыі па дамах. Пасля іспытаў другога года паспяховыя студэнты атрымлівалі патэнт кандыдатаў абраных навук, і частка на гэтым спыняла сваю адукацыю ў езуітаў. Пасля трэцяга года здаваліся іспыты на годнасць магістра. Навуковыя ступені Полацкай акадэміі прыраўноўваліся да адпаведных ступень расійскіх універсітэтаў і давалі права на пэўныя рангі пры паступленні на чыноўніцкія пасады ў царскіх цывільных установах. Аднак у 1819 г., калі Э. Масальскі атрымаў годнасць магістра, царскім загадам гэтае палажэнне было адменена. Езуіты трапілі ў няласку. Аднак загад не агалошваўся шырока сярод чыноўніцтва, і, як сведчыць Э. Масальскі, гэта давала студэнтам шанц атрымаць усё ж належны клас на дзяржаўнай пасадзе. Гэтым паспеў скарыстацца шэраг полацкіх выпускнікоў, якія традыцыйна пасля заканчэння Акадэміі шукалі свой шанец у Пецярбурзе на царскіх цывільных пасадах. На чацвёрты год навучання заставаліся пераважна асобы, якія збіраліся звязаць свой лёс з Ордэнам і атрымаць навуковую годнасць доктара. Сярод апошніх быў і Э. Масальскі, хоць бацька і забараніў яму думаць аб духоўнай кар’еры.

 

На чацвёртым годзе сваёй адукацыі ў першых тыднях 1820 г. калегі абралі Э. Масальскага на пасаду прэфекта садалісаў — кшталту студэнцкіх старастаў — найлепшых навучэнцаў. Гэта лічылася надзвычай ганаровай пасадай. Першым прэфектам полацкіх садалісаў быў Сцяпан Батура, дзякуючы якому полацкі езуіцкі калегіум быў заснаваны ў 1581 г. — трэцім пасля Віленскага і Нясвіжскага. Па Батуру гэтую пасаду займалі буйныя мясцовыя чыноўнікі і выбітныя навучэнцы.

 

Незвычайна ўрачыстай выглядала цырымонія ганаравання прэфекта садалісаў. Прэфекта садзілі на трон у полацкім касцёле св. Стэфана. Перад ім на зэдліках сядзелі віцэ-прэфекты і асістэнты. Адзін з найлепшых навучэнцаў прамаўляў да прэфекта арацыю. Прэфект меў права раздаваць патэнты новым садалісам. Ён таксама мусіў кантраляваць непасрэдна іх паводзіны. Прэфект садалісаў перадаваў езуіцкаму кіраўніцтву спісы беднай моладзі на стыпендыю касы садалісаў, што збіралася на грошы ад продажу грамнічных свечак. Свечкі развозіліся прэфектам разам з садалісамі па дварах мясцовага дваранства, і такім чынам збіраліся неабходныя сумы для стыпендыі.

 

Напрыканцы зімы 1820 г. памёр генерал Ордэна езуітаў Т. Бжазоўскі, што паскорыла працэс ліквідацыі дзейнасці езуітаў на землях Расійскай імперыі. Мінула толькі некалькі дзён пасля пахавання Т. Бжазоўскага, як у вечар перад велікодным святам, калі навучэнцы звычайна раз’язджаліся па дамах, рота жандараў атачыла муры езуітаў. Днём выявілася, што губернскім царскім чыноўнікам апячатаны ўсе езуіцкія ўстановы: бібліятэкі, фізічны кабінет, музей, друкарня, фабрыка сукна, склады, каморы і рызніцы. Членам Ордэна абвясцілі загад аб іх тэрміновай высылцы за мяжу. Студэнтаў распусцілі па дамах. Пачаўся, паводле сведчання Э. Масальскага, рабунак полацкага калегіума губернскім віцебскім чыноўніцтвам, якое, выкарыстоўваючы няпэўную сітуацыю, прысвойвала аграмадныя матэрыяльныя запасы — збожжа, віно, сукно.

 

ЦАЛКАМ АРТЫКУЛ НАДРУКАВАНЫ Ў № 4 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД.

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты». Падпісны індэкс — 00345.