Вялікае Княства Літоўскае… Чытанне прац, прысвечаных яго гісторыі, змушае ўявіць папраўдзе вялікі край, што ахапіў вялізныя абшары і доўгія стагоддзі, і гаспадарства векапомных падзей, дагэтуль важных для свядомасці сучасных людзей. Каранаванне Міндоўга, заснаванне Гедымінам дынастыі, Грунвальд, барвяная слава Вітаўта, сузор’е гарадзельскіх гербоў, бронзавая мова Статутаў… Са старонак кніг Вялікае Княства бачыцца нібы з вышыні птушынага палёту — велічным і далёкім. Менавіта таму кніга Артураса Дубоніса «Лейці вялікага князя літоўскага: з гісторыі ранніх дзяржаўных структур літоўскага грамадства» адразу ж здзіўляе звыклага да высокага палёту чытача зусім іншай перспектывай, блізкай і прыземленай.

У сваім даследаванні нараджэння, развіцця і заняпаду служылага саслоўя лейцяў аўтар крок за крокам вядзе сваіх суразмоўцаў праз гаспадарскія двары, маёнткі і паселішчы, драўляныя хаты і стайні, земляныя ўмацаванні і бітыя дарогі, ля неспакойных нямецкіх рубяжоў, у жыццё асобных людзей, лейцяў. Праца і павіннасці на карысць вялікага князя, свайго гаспадара, былі іх штодзённым заняткам, служба — гонарам і цяжкай ношай, вайна — славай і трагедыяй; Вялікае Княства, створанае іх рукамі, было іх уласным, блізкім і непасрэдным светам.

З цягам кнігі, калі Артурас Дубоніс заглыбляецца ў пачаткі саслоўя лейцяў, яго прыроды і месца ў Вялікім Княстве, паволі праясняецца цікавая рэч. Праз звыклую сучаснаму чытачу структуру палітычных і эканамічных адносін, на якіх грунтавалася Вялікае Княства Літоўскае, праступае структура асабістых сувязяў паміж яго людзьмі, ад гаспадара да служылага лейця. Лейці служылі ў якасці памежнай варты, абаранялі замкі, прадстаўлялі велікакняскую ўладу на ўскраінах і ўтаймоўвалі незадаволеных ёй; пазней яны даглядалі коней гаспадара і суправаджалі яго ў падарожжах. Ні ў тым, ні ў другім выпадку яны не былі дзяржаўнымі службоўцамі ці наймітамі. Лейці былі слугамі, якія добраахвотна далучаліся да двара вялікага князя, намінальна губляючы свабоду на карысць гаспадара і набываючы гонар служыць яму асабіста. У адплату за вернасць гаспадар не толькі ўзнагароджваў лейцяў вотчыннай зямлёй, але і паслядоўна апекаваўся імі і абараняў іх ад сваволля баяр і мажнаўладцаў у судовых спрэчках. Нават калі ў XV—XVI стст. ваеннае значэнне лейцяў паступова змяншалася і, нарэшце, знікла зусім, гаспадарская апека над імі працягвалася па традыцыі. Адносіны паміж вялікім князем і яго лейцямі нагадвалі адносіны паміж правадыром і дружыннікамі. Вядома, лейцеўская служба была нашмат шырэйшай за вайсковую; баявое брацтва лейцяў з гаспадаром спынілася, відаць, пасля заканчэння памежных войнаў на нямецкіх рубяжах у першай палове XV ст., але традыцыя асабістай апекі жыла яшчэ доўга. Тыповыя рысы лейцеўскага саслоўя як аднаго з дзяржаўных інстытутаў Вялікага Княства Літоўскага падкрэслівалі яго архаічнасць, паходжанне з яшчэ дафеадальных часоў. Таксама яны яскрава адлюстравалі тыповы для сярэднявечча працэс узнікнення грамадскіх інстытутаў з ланцужкоў асабістых сувязяў паміж людзьмі, якія часта трымалі грамадства мацней за групавыя палітычныя ці эканамічныя інтарэсы.

Яшчэ адзін з цікавых нашаму чытачу момантаў, які адзначае Артурас Дубоніс — этнічны змест паняцця «лейці». Сярод латышоў, жамойтаў, а магчыма, і русінаў імя лейцяў, нароўні з вызначэннем іх як велікакняскіх людзей і дзякуючы гэтаму, ужывалася для вызначэння іх як этнічнай групы, людзей з асобнай мовай і адрозным ладам жыцця. Адбывалася гэта таму, што лейці, самае імя якіх, імаверна, паходзіла ад Leita, першапачатковай бяссуфікснай назвы літоўскага краю, былі ўвасабленнем узнікаючых у краі ўладных структур, «людзьмі Лейты», «літоўцамі сярод літоўцаў». Тоеснасць лейцяў адзначалася сацыяльна-этнічным дуалізмам, дзе сацыяльная і этнічная яе паловы ўзаемна ўплывалі адна на адну. Такая мадэль развіцця этнічнасці надае этнічным групам і цалкам адметнае прасторавае вымярэнне, нязвыклае і нязручнае для прыхільнікаў этнічнай маналітнасці. Лейцеўскія паселішчы ад паўночна-заходняй Літвы да Валыні прымушаюць усвядоміць, што фармаванне літоўскай тоеснасці ішло найперш не ў цэнтры моўнага літоўскага масіву, а на раскіданых па тэрыторыі сучасных Літвы, Беларусі і Украіны абшарах, дзе вялікія літоўскія князі і іх верныя лейці стваралі новыя грамадскія структуры і новую дзяржаву.

Праз руплівы сінтэтычны аналіз звестак археалагічных крыніц, летапісаў, юрыдычных дакументаў, інвентароў, каліўцаў інфармацыі з жывой моўнай тканіны, геаграфічных даных Артурас Дубоніс нанова стварае свет лейцяў, які растаў у грамадскіх працэсах XVI ст., калі некаторыя з лейцяў далучыліся да кансалідаванага саслоўя баяр-шляхты, а іншыя мусілі зліцца з сялянствам. У сваёй кнізе аўтар будуе гэты свет вельмі асцярожна, пазбягаючы занадта рашучых высноў. У многіх выпадках ён дае магчымасць лейцям Вялікага Княства праз дакументы і вусную памяць самім выказацца пра свае дзеі, свой стан, поспехі і паражэнні. Такі падыход дазваляе аўтару захаваць тую блізкую і асабовую перспектыву ў адносінах да лейцяў і Вялікага Княства Літоўскага ўвогуле. Ён няўлоўна нагадвае звычаі ранейшых часоў, калі самі лейці маглі апеляваць наўпрост да гаспадара і цэлымі сем’ямі сведчыць на судзе ў абарону сваёй годнасці і свабоды. Памятаючы пра гэта, рэдактар гэтай кнігі таксама абраў асцярожны падыход да рэдагавання, мэтай якога было хутчэй гранічна дакладнае данясенне да беларускага чытача аўтарскай рэканструкцыі гісторыі лейцяў, чым палеміка. Належныя назіранні і высновы ласкавы чытач, пасля бліжняга позірку ў свет лейцяў, зробіць сам.