Прадмова да «ARCHE» № 6 за 2015 год («Князі Радзівілы»).

Гісторыя роду Радзівілаў — гэта гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. Без удзелу Радзівілаў не адбывалася фактычна ніводная значная падзея ў гісторыі Княства. Радзівілы праславіліся як выдатныя палкаводцы, міністры і дыпламаты. Можна смела сказаць, што яны аддалі сваё жыццё службе ВКЛ. Прадстаўнікі роду Радзівілаў шмат разоў займалі ўрады вялікага гетмана, канцлера, вялікага маршалка, падскарбія ВКЛ. Безліч разоў Радзівілы займалі менш значныя ўрады, на якіх таксама верна служылі сваёй дзяржаве. Акрамя таго, Радзівілы шмат разоў былі пасламі на сойм і дэпутатамі Галоўнага Трыбунала ВКЛ, прычым і там, і там абіраліся на адказную і прэстыжную пасаду маршалка.

Радзівілы належалі да найвышэйшага кола еўрапейскай арыстакратыі, што было пацверджана наданнем іх роду тытула князёў Свяшчэнай Рымскай імперыі. Яны актыўна падарожнічалі па Еўропе, вучыліся там і займаліся палітычнай дзейнасцю. Аднак асноўным месцам пражывання арэнай дзейнасці Радзівілаў было ВКЛ. Пра ўплывы Радзівілаў у Княстве добра сведчыць прымаўка: «кароль сабе каралём у Варшаве, а Радзівіл — у Нясвіжы».

У апошнія гады павялічылася зацікаўленасць гісторыяй роду Радзівілаў у Беларусі. У першую чаргу гэта выклікана папулярнасцю былых цэнтраў радзівілаўскіх уладанняў (Нясвіж, Мір, Любча і інш.) як аб’ектаў гістарычнай спадчыны. Дзякуючы гэтаму ў тым ліку расце зацікаўленасць фундатарскай і культурнай дзейнасцю Радзівілаў. Гісторыя роду Радзівілаў звязана з гісторыяй шматлікіх населеных пунктаў сучаснай Беларусі (Нясвіж, Слуцк, Мір, Капыль, Карэлічы, Койданава, Беліца, Раманава, Жодзіна, Копысь, Клецк, Глуск, Чарнаўчыцы і інш.).

Гэты нумар закліканы садзейнічаць пашырэнню ведаў беларускага чытача пра славуты магнацкі род. Дзеля гэтага ў нумары сабраныя артыкулы вядомых гісторыкаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, якія займаюцца даследваннем роду Радзівілаў.

Умацаваў пазіцыі роду сярод еўрапейскай арыстакратыі ў пачат-ку XVI ст. Мікалай Мікалаевіч Радзівіл. Менавіта таму беларуская даследчыца Ніна Скеп’ян у сваім артыкуле разглядае праблему «закладання родавых традыцый» на прыкладзе якраз ягонай асобы. Менавіта тады ўпершыню ў гісторыі роду адбылася непасрэдная перадача найвышэйшага ўрада ад бацькі да сына. Сваякамі Радзівілаў былі ўплывовыя замежныя роды, што падмацоўвала іх значэнне і прэстыж. Выразам высокага статусу Радзівілаў становіцца атрыманне Мікалаем Мікалаевічам тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пры Мікалаю Мікалаевічу Радзівіле і яго родзічах фармуецца «зямельная палітыка роду», якая ў наступных пакаленнях будзе выкарыстана пры закладанні ардынацый.

Барбара Радзівіл — адзіная прадстаўніца роду, якая дасягнула велікакняскага вянца і каралеўскай кароны. Артыкул Марака Феранца паказвае яе адносіны з братам Мікалаем Радзівілам Рудым. У ім пераканаўча паказана, што Мікалай Радзівіл Руды ў асобе сваёй сястры атрымаў на каралеўскім двары добрага інфарматара і выдатную пратэктарку для сябе і сваіх прыхільнікаў.

Артыкулы Кшыштафа Касажэцкага і Пятра Лабэндзя прысвечаныя сыну Мікалая Радзівіла Рудога — вялікаму гетману ВКЛ і віленскаму ваяводзе Крыштафу Радзівілу Перуну. Пётр Лабэндзь падрабязна і паступова, крок за крокам, прасачыў дзейнасць Крыштафа Радзівіла Перуна ў апошняй чвэрці XVI і на самым пачатку XVII ст., якая дазволіла яму заняць найвышэйшыя ўрады ў Вялікім Княстве і стаць «першым яго сенатарам». Кшыштаф Касажэцкі ў сваім артыкуле звяртае ўвагу на апошнія гады жыцця Крыштафа Радзівіла Перуна, якія суправаджаліся няўдачамі ў вайне са Швецыяй у 1600—1601 гг., што нанеслі моцны ўдар па яго амбітным планам і рэпутацыі.

Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку прысвечаны артыкул польскага даследчыка Томаша Кэмпы. У артыкуле на адпаведных прыкладах паказваюцца розныя спосабы дапамогі Мікалая Крыштафа Радзівіла Уніяцкай царкве, дзякуючы чаму яна атрымала значнае пашырэнне ва ўладаннях гэтага магната. Ягоная дапамога ўніятам была асабліва карыснай у сітуацыі слабой падтрымкі ў гэты перыяд з боку Каталіцкага касцёла.

Крайчы ВКЛ Жыгімонт Караль Радзівіл не займае сёння месца ў шэрагу найбольш вядомых прадстаўнікоў роду. Тым больш цікавы ў гэтым плане нарыс пра яго аўтарства Пшэмыслава Гаўрана. На прыкладзе Жыгімонта Караля Радзівіла бачна, як прадстаўнік роду Радзівілаў не з ліку самых славутых і заможных аддана служыў каралю і сваёй дзяржаве. Дзеля гэтага ахвяраваў уласнымі здароўем, сродкамі і часам. Дзякуючы гэтаму артыкулу беларускі чытач мае магчымасць узбагаціць свае веды пра малавядомую ў беларускай гістарыяграфіі Смаленскую вайну 1632—1634 гг., якая скончылася выдатнай ваеннай перамогай войск ВКЛ.

Складана ўявіць палітычную гісторыю Усходняй і Цэнтральнай Еўропы сярэдзіны XVII ст. без асобы Багуслава Радзівіла. На жаль, дзякуючы выдатнаму раману «Патоп» Генрыха Сянкевіча і знятаму пазней па гэтым творы фільму ў масавай свядомасці, у першую чаргу, польскага чытача, моцна зацвердзіўся негатыўны вобраз Багуслава Радзівіла. У апошнія дзесяцігоддзі, дзякуючы працам Андрэя Катлярчука, Крыштафа Касажэцкага, Конрада Бабятынскага, Славаміра Аўгусевіча ўдалося не толькі значна пашырыць веды пра Багуслава Радзівіла, але і больш аб’ектыўна ацаніць яго асобу і дзейнасць, якія істотна адрозніваліся ад намаляванага Генрыхам Сянкевічам «чорнай фарбай» вобраза. У гэтым нумары часопіса прадстаўлены два артыкулы пра Багуслава Радзвіла. Артыкул Караля Жойдзя працягвае шматгадовую дыскусію ў гістарыяграфіі наконт пазіцыі Януша і Багуслава Радзівілаў падчас войнаў Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гг. і Швецыяй 1655—1660 гг. Аўтар пераканаўча паказвае матывы, якія прымусілі Багуслава Радзівіла прыняць шведскую пратэкцыю і заставацца на шведскай службе да 1657 г. Як вядома, шмат магнатаў Рэчы Паспалітай у 1655 г. прынялі шведскую пратэкцыю, але толькі адносна Радзівілаў замацавалася негатыўная ацэнка іх дзейнасці з-за «чорнай легенды», якая была створана іх ворагамі.

Славамір Аўгусевіч у сваім артыкуле падрабязна паказвае апошнія гады жыцця, смерць і пахаванне Багуслава Радзівіла. Шмат месца ў артыкуле займае высвятленне хваробаў Багуслава Радзівіла і вылучэнне з іх ліку той, якая стала прычынай смерці. Аўтар звяртае ўвагу, што Багуслаў Радзівіл у апошнія гады, прадчуваючы хуткую смерць, шмат часу прысвяціў упарадкаванню сямейных і маёмасных справаў і распрацоўцы інструкцыі для будучага выхавання адзінай дачкі Людвікі Караліны. Вялікія намаганні былі ім прыкладзеныя, каб адсунуць ад апекі і магчымых маёмасных прэтэнзій бліжэйшых родзічаў — нясвіжскіх Радзівілаў і Кацярыну Глябовіч. Праўда, такія дзеянні Багуслава Радзівіла прывялі да таго, што найбольшыя магчымасці ў будучым маніпуляваць ягоным тэстаментам атрымалі Гогенцолерны, з чаго і не прамінулі скарыстацца. У канцы артыкула падрабязна разглядаецца падрыхтоўка і сам ход пахавання Радзівіла ў Кёнігсбергу.

Анджэй Маеўскі ў сваім артыкуле пра барацьбу Радзівілаў з Пацамі за дамінаванне ў ВКЛ у 1666—1669 гг. таксама звяртаецца да асобы Багуслава Радзівіла, які разам з Міхалам Казімірам Радзівілам пэўны час быў галоўнай фігурай апазіцыйнай групоўкі ў Вялікім Княстве. На падставе вялікай колькасці крыніц аўтар падрабязна аналізуе прычыны барацьбы Радзівілаў з Пацамі, яе ход і вынікі, справядліва пры гэтым заўважаючы, што паражэнне Радзівіла было выклікана смерцю Багуслава Радзівіла, якая прывяла «да аслаблення і дэзінтэграцыі групоўкі».

Збігнеў Хундарт дэманструе ў сваёй працы, што дзейнасць Ра-дзівілаў не абмяжоўвалася Вялікім Княствам — іх вайсковыя аддзелы былі таксама ў каронным войску. Так, у гады панавання Міхала Вішнявецкага і Яна Сабескага трое прадстаўнікоў роду мелі там свае баявыя адзінкі. Прычым Міхал Казімір і Караль Станіслаў Радзівілы трымалі свае аддзелы ў каронным войску не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што былі блізкімі родзічамі Яна ІІІ Сабескага, а Станіслаў Казімір Радзівіл, гэтаксама як перад ім Багуслаў Радзівіл, камандаваў каралеўскай гвардыяй.

Беларуская даследчыца Наталля Сліж прысвяціла свой артыкулцікавай, але малавывучанай тэме — радзівілаўскім палацам у Гародні. Менавіта дзякуючы дзейнасці Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі ў горадзе ў XVIII ст. значна пашырыліся і набылі новы выгляд радзівілаўскія пляцы, а іх забудова — размешчаныя там палацы — адпавядалі статусу гаспадара і новым мастацкім тэндэнцыям.

Безумоўна, нам не ўдалося ў гэтым нумары часопіса сабраць артыкулы пра ўсіх прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Праўда, такая мэта і не ставілася. Аднак сабранныя артыкулы даюць выдатную маг- чымасць скласці ўяўленне пра заслугі гэтага роду для дзяржавы, ацаніць яго значэнне не толькі ў ВКЛ, але і ў тагачаснай Еўропе і пабачыць ролю асобы ў гісторыі на прыкладзе яго выдатных прадстаўнікоў.

Артыкул Караліны Стоек прысвечаны іншаму аспекту функцыянавання радзівілаўскага двара ў часы Рыбанькі — а менавіта пахавальнаму цырыманіялу, які склаўся пры нясвіжскім двары. У артыкуле разглядаюцца ўсе пахаванні Радзівілаў у гэты час: маці Міхала Казіміра Ганны з Сангушкаў, сына Януша, жонкі Францішкі Уршулі і брата Гераніма Фларыяна. Не абышла аўтарка ўвагай і смерць самога Міхала Казіміра Радзівіла.

Артыкул Філіпа Валянскага таксама закранае падобную тэматыку і прысвечаны ў цэлым радзівілаўскім пахавальным цырымоніям XVIII ст., якія аўтар разглядае на фоне пахавальных звычаяў Рэчы Паспалітай. Падставай яго даследавання становяцца падрабязныя апісанні пахаванняў Ганны з Сангушкаў Радзівіл і новагародскага ваяводы Юрыя Радзівіла.

Яшчэ адзін з прадстаўнікоў роду, час жыцця і дзейнасці якіх прыпаў на XVIII ст., — Геранім Фларыян Радзівіл — вядомы ў першыю чаргу сваім прыватным войскам і панаваўшай у ім «прускай дысцыпліне». Артыкул літоўскай даследчыцы Ліны Балайшыце прысвечаны іншай праблеме: становішчу мастакоў пры двары Гераніма Фларыяна і вызначэнню іх месца ў прыдворнай іерархіі.

На прыкладзе некалькіх мастакоў мы бачым, як па-рознаму склаліся іх лёсы. Ліна Балайшыце робіць слушную выснову, што «майстры, якія прыбывалі з-за мяжы, вылучаліся сваім прафесійным
самаўсведамленнем і не хацелі прыстасоўвацца да ўсталяванай пры двары іерархіі». Акрамя гэтага, аўтарка разглядае даволі цікавыя спробы падрыхтоўкі мастакоў з мясцовых жыхароў.

Безумоўна, нам не ўдалося ў гэтым нумары часопіса сабраць артыкулы пра ўсіх прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Праўда, такая мэта і не ставілася. Аднак сабранныя артыкулы даюць выдатную маг- чымасць скласці ўяўленне пра заслугі гэтага роду для дзяржавы, ацаніць яго значэнне не толькі ў ВКЛ, але і ў тагачаснай Еўропе і пабачыць ролю асобы ў гісторыі на прыкладзе яго выдатных прадстаўнікоў.