У біяграфіі Сцяпана Некрашэвіча ёсць усё: гонар, слава, патаемнае і жах. Яна прымушае захапляцца, здзіўляцца, засмучацца, шкадаваць і пакутваць.

“БЕЛАЙ ПЛЯМАЙ” У ПАМЯЦІ

 

Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч – імя гэтага чалавека, выдатнага беларускага вучонага-мовазнаўцы, ураджэнца Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці сёння амаль невядома шырокаму колу грамадства. А, між іншым, дзякуючы гэтаму чалавеку Беларусь сёння мае сваю Нацыянальную Акадэмію навук. У любой краіне за такія вялікія заслугі Сцяпану Некрашэвічу даўно бы паставілі помнікі, адкрылі мемарыяльныя дошкі, назвалі вуліцы, стварылі музеі, напісалі кнігі, знялі фільмы і расказвалі аб ім усяму свету. У нашай краіне заслугі заснавальніка Акадэміі навук яшчэ не ацанілі: няма нічога, што б нагадвала аб вучоным. Ёсць толькі адзіны ў Беларусі партрэт Сцяпана Некрашэвіча, намяляваны мастаком Аляксеем Марачкіным, ды эскіз бюста, зробленага скульптарам Эдуардам Астаф’евым, якія захоўваюцца ў мясцовай карціннай галерэі “Традыцыя”. Няўжо ж мы і сапраўды тыя “Іваны, не памятаючыя сваяцтва”?

 

ШЛЯХЦІЧ З ВЁСКІ

 

У біяграфіі Сцяпана Некрашэвіча ёсць усё: гонар, слава, патаемнае і жах. Яна прымушае захапляцца, здзіўляцца, засмучацца, шкадаваць і пакутаваць. Я думаю, на прыкладзе жыццёвага шляху нашага земляка можна вывучаць гісторыю Беларусі пачатку ХХ стагоддзя.

 

Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч нарадзіўся 8 траўня 1883 г. ў вёсцы Данілаўка (сучасная Данілоўка) былога Бабруйскага павета Менскай губерні. Зараз вёска ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Сёння ва ўсіх крыніцах вы прачытаеце, што нарадзіўся Сцяпан Некрашэвіч у сям’і сялян. Аднак у 1995 г. менскі даследчык Эмануіл Іофе адшукаў звесткі аб тым, што родны брат бацькі Сцяпана Некрашэвіча — Рыгор Фёдаравіч Некрашэвіч — быў шляхцічам (гл.: Іофе Э.Першы старшыня Інбелкульту // Спадчына.1995. № 6. С. 55). Гэта значыць, што Сцяпан і яго бацька Міхаіл мелі таксама шляхецкае (дваранскае) паходжанне. Неверагоднае супадзенне: Некрашэвічы мелі родавы герб Любіч — той самы, які і шацілкаўскія Манкевічы. Усё жыццё Сцяпан Некрашэвіч дасканала хаваў ад Савецкай улады сваё шляхецкае паходжанне, а інакш бы не стаў выдатным вучоным-мовазнаўцам, заснавальнікам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Хоць ўсё адно не выратаваўся ад сталінскіх жорнаў.

 

ЧЫНОЎНІК ВАЙСКОВАГА ЧАСУ

 

Для свайго часу Сцяпан Некрашэвіч быў адукаваным чалавекам: скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1908) і Віленскі настаўніцкі інстытут (1913). Цікава, што маючы вышэйшую адукацыю, у 1914 г., калі пачалася Першая сусветная вайна, ён быў прызваны ў расейскае войска ў якасці звычайнага шэраговага салдата. Трапіў Некрашэвіч на румынскі фронт, дзе ваяваў амаль 3 гады. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Некрашэвіча абралі сябрам армейскага камітэту 6-й арміі. Усё ж такі вышэйшая адукацыя зрабіла сваю справу. Пазней у аўтабіяграфіі сам напіша: “стаў чыноўнікам вайсковага часу”. З гэтага моманту можна адлічваць пачатак грамадскай і палітычнай дзейнасці нашага земляка. У гэты час Сцяпан Некрашэвіч — сябра Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ). Галоўная мэта гэтай арганізацыі — стварэнне Аўтаномнай Беларускай Рэспублікі.

 

БЕЛАРУСКІЯ ШКОЛЫ Ў АДЭСЕ

 

У 1917 г. Сцяпан Некрашэвіч жыве ў Адэсе, дзе ладзіць беларускую вайсковую канферэнцыю, удзельнікамі якой становяцца салдаты-беларусы. Дзейнасць Сцяпана Некрашэвіча ў гэтым вельмі аддаленым ад Беларусі горадзе ўспрымаецца сёння проста фантастычна. Кастрычніцкія падзеі сустракаюць нашага земляка ў якасці стваральніка Беларускага нацыянальнага камісарыяту ў Адэсе. Пасля абвешчання ў 1918 г. ў Менску Беларускай Народнай Рэспублікі Сцяпан Некрашэвіч прадстаўляе інтарэсы гэтай першай пасля падзення расійскага самадзяржаўя незалежнай беларускай дзяржавы, якую, дарэчы, прызналі 11 еўрапейскіх краінаў. Ад імя БНР наш зямляк вядзе перамовы з французскім вайсковым камандаваннем.

 

У 1918 г. Сцяпан Некрашэвіч дамагаецца адкрыцця беларускай секцыі пры Адэскім губернскім аддзеле народнай асветы, паралельна вучыцца ў Вышэйшым міжнародным інстытуце. Паспеў праслухать толькі 2 курсы. Напачатку 1918 навучальнага года ў Адэсе, дзякуючы намаганням нашага земляка, было адчынена 30 пачатковых беларускіх школ і змешаная гімназія ў складзе першых чатырох класаў. Дзе ж Некрашэвіч у Адэсе знайшоў настаўніцкія кадры і літаратуру, каб навучаць дзяцей беларусаў на роднай мове?

 

МАРА АБ БЕЛАРУСКІМ ВОЙСКУ

 

Сцяпан Некрашэвіч адным з першых у айчыннай гісторыі робіць спробу стварэння нацыянальнай арміі, якая б абараняла інтарэсы Беларусі. У 1919 г. ў Адэсе ён узначальвае Беларускі нацыянальны цэнтр, з’яўляецца адным з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Як сведчаць тагачасныя дакументы, 13 студзеня Некрашэвіч звярнуўся да камандуючага войскамі Антанты на поўдні Расіі генерала Бэртэло з мемарандумам аб стварэнні Заходняй Беларускай арміі.

 

“Беларускі нацыянальны цэнтр”, сфармаваны з бальшыні грамадскіх і нацыянальных арганізацыяў Беларусі, — піша у мемарандуме ён, — узяў на сабе ў гэты цяжкі момант фармаванне тутэйшага ўраду, а таксама і арганізацыю беларускай арміі (Заходняй арміі), якая мае мэтай, як і Дабраахвотніцкая армія, барацьбу с бальшавікамі” (Спадчына. 1995. № 6. С. 57). Некрашэвіч паведамляе, што створыць з беларускіх уцекачоў, якія знаходзяцца ў Адэсе, вайсковую групоўку колькасцю да 40 тысяч чалавек. Аднак гэтага зрабіць не здолеў. Мара Сцяпана Некрашэвіча аб беларускім войску стане рэальнасцю толькі ў 1991 годзе, пасля надання Вярхоўнай Радай БССР канстытуцыйнай моцы “Дэкларыцыі аб дзяржаўным суверэнітэце”.

 

“ЗАЛАТОЕ ДЗЕСЯЦІГОДДЗЕ” АКАДЭМІКА

 

У 1920 г. Сцяпан Некрашэвіч вяртаецца на Радзіму і далучаецца да беларускага нацыянальнага руху. Працуе ў Беларускім нацыянальным камітэце, потым раптам уладкоўваецца ва ўрадавую установу — Народны камісарыят асветы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, дзе займае навукова-адміністрацыйныя пасады. Даследчыкі біяграфіі Некрашэвіча узгадваюць аб “рэкамендацыях высокіх чыноў”. Справа ў тым, што Савецкай уладзе патрабаваліся кваліфікаваныя кадры ў галіне асветы на вызваленай ад палякаў тэрыторыі Усходняй Беларусі. Наступныя 10 гадоў стануць “залатым часам” Сцяпана Некрашэвіча. Ён напіша і надрукуе каля 20 сваіх навуковых прац, кніг і артыкулаў па распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі, дыялекталогіі, беларускім правапісе, лексікаграфіі.

 

Найбольш значныя з іх: “Беларускі лемантар” (1922) – першы паслярэвалюцыйны беларускі буквар; “Беларуска-расейскі слоўнік” (1925) і “Расейска-беларускі слоўнік” (1928), які выдаў разам з М. Байковым; “Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы”(1925); “Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна” (1929); “Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты “О уставах монастырских” (1928), “Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Евангелля на беларускую мову і мова перакладу” (не публікавалася); “Праект беларускага правапісу” (1930) і інш. Наш зямляк — аўтар ідэі стварэння першай акадэмічнай установы — Інстытута беларускай культуры (1922), які сам жа ўзначаліў. Пазней працаваў ва ўрадавай камісіі па пераўтварэнню Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук (1928) і быў абраны яе віцэ-прэзідэнтам.

 

ЧОРНЫЯ ХМАРЫ НА НЕБАСХІЛЕ

 

Хоць і аб’явілі бальшавікі пасля Кастрычніцкага перавароту (1917) аб праве нацый на самавызначэнне, але да нацыянальных рухаў на абшарах былой Расейскай Імперыі ставіліся з падазронасцю. Сярод камуністаў былі і тыя, хто не хаваў сваёй варожасці да беларускага адраджэнцкага шляху, не прызнавалі беларусаў за асобны народ, выхадцам з якога быў Сцяпан Некрашэвіч. Напрыклад, у 1918 г. Вільгельм Кнорын, які стане сакратаром Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, пісаў: “Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что те этнографические особенности, которые их отдаляют от остальных русских, должны быть изжиты. Нашей задачей является не создание новых наций, а уничтожение старых национальных рогаток».

 

Пазьней усім прыхільнікам нацыянальнага адраджэння бальшавікі павесілі ярлык пад назвай нацыянал-дэмакрат (нацдэм) і сцвярджалі, што ў пабудове культурнага жыцця класавыя інтарэсы павінны быць вышэй за нацыянальныя. Вось водгук усё таго ж В. Кнорына на з’яўленне ў 1926 г. зборніка дакументаў, прысвечанага 400-годдзю друку на Беларусі, — зборнік быў выдадзены Інстытутам беларускай культуры (пад кіраўніцтвам Сцяпана Некрашэвіча): “Для пралетарыята права на беларускую мову выцякае зусім не з таго, што жыў і працаваў на беларускай мове сярэднявяковы манах Скарына, а ад рэвалюцыйнага раўнапраўя ўсіх народаў… Але мы так раскрытыкуем Смаляцічаў і Тураўскіх, што двух радкоў ім будзе шкада прысвячаць у нашай гісторыі” (Кнорын В. “Аб рашаючых дробязях” у вялікім пытанні // За культурную рэвалюцыю. Мн. 1928. С. 80-81). Атрымалася не толькі “раскрытыкаваць”, але прымусіць беларускі народ надоўга забыць пра сваіх славутых сыноў.

 

ПАЦЯРПЕЎ ЗА ЛЮБОЎ ДА НАВУКІ

 

 

Нагодай вызваліць Сцяпана Некрашэвіча ад пасады становіцца яго шчырае служэнне мовазнаўству, у прыватнасці, беларускаму. У сваіх навуковых даследваннях наш зямляк прытрымліваўся прафесіяналізму, кампетэнтнасці, прымаў слушныя погляды сваіх апанентаў-мовазнаўцаў незалежна ад того, дзе яны жылі – у Беларусі, “буржуазнай” Польшчы ці Літве. За гэта і пацярпеў. Камуністычнай партыі патрэбны былі не прафесіяналы ў навуцы, а тыя, хто фанатычна служыў ёй і яе класавым (пралетарскім) інтарэсам.

 

20 кастрычніка 1929 г. пастановай Савета народных камісараў БССР віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук Сцяпан Некрашэвіч быў вызвалены з пасады. Як гаварылася ў дакуменце: “за надрукаваныя ў выданнях Акадэміі навук шэрагу працаў паасобных аўтараў, якія праводзяць погляды, зусім несумяшчальныя з палітыкай Савецкай улады” — у прыватнасці, узгадваліся работы “яўнага ворага Савецкай Беларусі Я. Станкевіча, які знаходзіцца за мяжою на службе польскага фашызму і вядзе сістэматычную актыўную працу супраць Савецкай улады” (гл.: Спадчына. 1995. № 6. С. 73). Мелася на ўвазе публікацыя ў “Запісках Аддзела гуманітарных навук Інбелкульта” (1928. Кн. 2. Т. 1) артыкула заходнебеларускага мовазнаўцы Яна Станкевіча “Дыспалаталізацыя ў беларускай мове”, у якім не было ніводнага палітычнага палажэння. Гаворка ішла ў артыкуле аб тым, што мяккае “л” у словах “клюб, філялёгія, плян” і г. д., неўласціва беларускай мове.

 

СКАРЫНА — КОНТРРЭВАЛЮЦЫЯНЕР?

 

Пазней у кнізе “Навука” на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі” (1931), напісанай спецыяльна для абгрунтавання рэпрэсій супраць беларускіх вучоных, “віна” Сцяпана Некрашэвіча будзе акрэслена больш падрабязна.

 

“Стоячы на варце “скарынінскай” чыстаты беларускай мовы, — заўважаюць аўтары кнігі, — нацдэмы ажыццяўлялі яе, як выражаўся Некрашэвіч, “апрацоўку”… Яны кожнае слова падганялі пад скарынінскі, царкоўна-славянскі “стыль”, захоўваючы з пенай на вуснах сярэднявечную “самабытнасць” (Т.1. Ч. ІІ. С. 59).

 

Што сабой уяўляла гэта апрацоўка, падрабязна раскрываецца ў пералічаных пунктах. Нацдэмам ставілі ў віну, што яны ўвоздзілі ў беларускую мову “архаізмы, запазычаныя з рэлігійных помнікаў і гістарычных дакументаў Сярэднявечча, захоўвалі “самабытную” чысціню беларускай мовы і пазбаўлялі яе ад элементаў інтэрнацыяналізму, змагаліся з рускімі элементамі” і быццам бы “максімальна паланізавалі яе”. З пункту гледжання сённяшняга часу, найбольш цікава гучыць пункт № 3: “Ахова беларускай мовы ад пранікнення ў яе савецізмаў і процідзеянне ўплыву пралетарыяту на яе развіццё”.

 

А вось яшчэ адно абвінавачанне супраць акадэміка Сцяпана Некрашэвіча і яго паплечнікаў, змешчанае ў кнізе “Пісьменнікі БССР аб рэформе правапіса беларускай мовы” (1934).

 

“Скарынінская традыцыя ў яе практычным ажыццяўленні азначала пабудову мовы такою, — пішуць аўтары кнігі нехта С. Вальфсон & Co, — якою яна адбілася ў старажытных перакладах “Бібліі”, у пісаннях С. Буднага, у перакладзе евангелля В. Цяпінскага, у Літоўскай метрыцы, у Баркулабаўскім летапісу, у слоўніку Бярынды, у Кнізе Касьяна Рымляніна Ераміты, у прападобнага Клімента і г. д. Усе гэтыя сярэднявечныя, пераважна рэлігійныя дакументы дакладна вывучаліся, аналізаваліся, даследваліся патэнтаванымі нацдэмаўскімі мовазнаўцамі тыпу Лёсіка й Некрашэвіча” (С. 107).

 

Цікава, што ў свой час сам Уладзімір Ленін і пісьменнік Максім Горкі змагаліся за чысціню рускай мовы. І гэта не выклікала непаразумення і ўспрымалася як неабходнасць. А калі Сцяпан Некрашэвіч пачаў тое ж рабіць з беларускай мовай, то ад камуністаў атрымаў ярлык нацдэма, “ворага народа”, а пазней быў расстраляны.

 

86 НАЦДЭМАЎСКІХ ЗМОЎШЧЫКАЎ

 

Ціск на нацыянал-дэмакратаў у СССР дасягнуў найбольшай моцы ў канцы 1920-х гадоў. Трывожным сігналам стала параўнанне іх у дзяржаўным друку з нацыянал-фашыстамі.

 

На думку мінскага даследчыка Э. Іофе, разгром нацыянал-дэмакратызму ў рэспубліках СССР стаў, відаць, лагічным вынікам цэнтралізацыі ўлады і пераходу да загадна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання. План ліквідацыі нацдэмаў распрацоўваўся па асабістым ўказанні Іосіфа Сталіна і кантраляваўся Молатавым і Кагановічам. Ён быў просты: прадставіць нацыянальная рухі “змоўшчыкамі”, якія быццам бы ставяць мэту адлучэння сваіх рэспублік ад СССР — хоць тагачаснай Канстытуцыяй СССР гарантавалася права выхаду рэспублік са складу Саюза. Разгром нацдэмаў у Беларусі пачаўся ў канцы 1929 і працягваўся па лета 1930 год.

 

Усіх арыштаваных залічылі ў быццам бы заканспіраваную арганізацыю “Саюз вызвалення Беларусі” (СВБ), якая ставіць мэту стварэння буржуазнай Беларускай Народнай Рэспублікі на месцы знішчанай БССР. Гэта, як вынікае з колькасці арыштаваных, спрабавалі зрабіць усяго 86 чалавек. Сярод іх выкладчыкі, дацэнты вышэйшых навучальных установаў, пісьменнікі, акадэмікі, навуковыя супрацоўнікі, інспектары дзяржустаноў, стыль-рэдактары і нават бібліятэчны работнік. Толькі ў ноч з 18 на 19 ліпеня 1930 года было арыштавана 25 чалавек, сярод якіх пісьменнікі Максім Гарэцкі, Язэп Дыла, Уладзімір Пракулевіч, Фларыян Ждановіч і іншыя. Кіраўніцтва СВБ прыпісвалася Сцяпану Некрашэвічу, Язэпу Лёсіку, Вацлаву Ластоўскаму.

 

Следчыя імкнуліся даказаць, што беларусы спрабавалі выступіць адзіным фронтам з “антысавецкімі” арганізацыямі “Саюзам вызвалення Украіны”, ленінградскай “манархічнай арганізацыяй”, Працоўнай сялянскай партыяй. Што цікава, Некрашэвіча з Ластоўскім арыштавалі апошнімі — 21 ліпеня. У гэты дзень абодва знаходзіліся ў навуковай экспедыцыі ў Томску, даследваючы ўмовы жыцця і побыт беларусаў-перасяленцаў.

 

АКАДЭМІК — БУХГАЛТАР «НАРЫХТЗЕРНЯ»

 

Арыштаваны Сцяпан Некрашэвіч правёў некалькі месяцаў у турме: яму “забылі” прад’явіць абвінавачанне. Маўчанне працягвалася да пленума ЦК КП(б)Б, які адбыўся ў кастрычніку 1930 года, на якім ўся папярэдняя работа ў галіне мовазнаўства, літаратуры і гісторыі Беларусі па даследванню дакастрычніцкага перыяду была абвешчана “контррэвалюцыйнай”. Амаль усе кнігі і навуковыя публікацыі былі канфіскаваны з бібліятэк і знішчаны. Людзям забаранялася захоўваць іх пад пагрозай арышту і суда. Пазней у часопісе “Полымя” з’явіўся афіцыйны каментар загадчыка аддзела ЦК КП(б)Б А. Сянкевіча.

 

“Выкрытая органамі ДПУ контрэвалюцыйная група на чале з былымі міністрамі і дзеячамі Беларускай Рады — Ластоўскім, Цвікевічам, Лёсікам, Некрашэвічам і іншымі, — пісаў ён, — акапаўшыміся ў Беларускай Акадэміі навук, прасунала адтуль свае шчупальцы на шэраг участкаў эканамічнага і культурнага фронту, у Наркамзем, Наркамасветы, Белдзяржвыдавецтва і інш… Захапіўшы ў свае рукі шэраг навукова-даследчых устаноў (Акадэмія навук, навукова-даследчыя інстытуты) і шэраг кафедраў у вышэйшых навучальных установах, контррэвалюцыйныя нацыянал-дэмакраты імкнуліся падрыхтаваць сабе навуковую змену” (Полымя. 1930. № 11 — 12. С. 170, 172). Некрашэвіч быў высланы на 5 гадоў у Расію, у горад Сарапул Удмурцкай Аўтаномнай ССР. Спачатку ён працаваў планавіком-эканамістам кааператыўна-прамысловай арцелі інвалідаў, а потым бухгалтарам канторы “Нарыхтзерне” (“Зоготзерно”).

 

“ХАЛОДНАЯ ЗІМА” 1937

 

Тэрмін высылкі Сцяпана Некрашэвіча завяршыўся, але яму не выдавалі ніякіх дакументаў. І раптам пастановай Асобай нарады пры Народным камісарыяце ўнутраных спраў СССР ад 14 ліпеня 1936 года тэрмін высылкі павялічваюць яшчэ на 2 гады. У снежні 1937 г. Сцяпана Некрашэвіча раптам арыштоўваюць паўторна. А 19 снежня Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР выносіць былому акадэміку суровы прысуд – выключная мера пакарання. Яго прывозяць ў Менск, дзе 20 снежня 1937 г. расстрэльваюць. На думку беларускага вучонага Гаўрылы Гарэцкага, цела Сцяпана Некрашэвіча пакоіцца ў сумна вядомым урочышчы Курапаты пад Менскам.

 

РЭАБІЛІТАЦЫЯ

 

12 кастрычніка 1957 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР Сцяпан Некрашэвіч быў рэабілітаваны, але толькі па апошняму прысуду. Савецкая улада па-ранейшаму верыла, што беларускі вучоны рыхтаваўся да барацьбы з бальшавікамі і імкнуўся стварыць буржуазную Беларускую Рэспубліку. Яшчэ праз 21 год Сцяпан Некрашэвіч быў адноўлены ў званні акадэміка (1978). І толькі 10 чэрвеня 1988 года Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР ў закрытым паседжанні адмяніла абвінавачанні 1931 і 1936 года “за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства”…

 

“У асобе С. М. Некрашэвіча Нацыянальная акадэмія навук Беларусі мела таленавітага вучонага і буйнога арганізатара беларускай навукі ў гуманітарнай сферы, які пакінуў выдатны след у гісторыі беларускага мовазнаўства і гуманітарнай навукі наогул”, — зазначаюць навукоўцы Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі ў кнізе “Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. М. Некрашэвіча. Да 120-годдзя з дня нараджэння” (2004).

 

dobramir333.livejournal.com