Вайсковым выправам князя папярэднічаў шэраг нябесных знакаў, што сведчыла пра незвычайныя здольнасці Усяслава.

Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч (блізу 1029 – 1101 гг.) з’яўляецца адной з самых знакамітых і загадкавых постацяў у беларускай гісторыі. Найбольш поўна жыццё і дзейнасць князя адлюстравана ў “Аповесці мінулых гадоў” (далей АМГ). Гэты летапіс цікавы тым, што яго аўтары жылі амаль у адзін час з полацкім князем, а таму адлюстравалі менавіта тыя погляды на асобу Усяслава, якія былі характэрны для тагачаснага кіеўскага грамадства. Вобраз Усяслава Чарадзея вельмі ўражваў яго сучаснікаў, з яго постаццю звязаны вялікі комплекс паданняў пра яго звышнатуральныя здольнасці, якія адлюстроўваюць узровень развіцця тагачаснай духоўнай культуры [5, с. 518]. У АМГ і ў некаторых іншых крыніцах захаваўся шэраг апісанняў розных цудаў і астранамічных з’яў, якія былі звязаны з імем полацкага князя. Чамусьці на іх даследчыкі звярталі недастаткова ўвагі. Мэта працы – рэканструкцыя вобразу полацкага князя Усяслава Брачыславіча на падставе летапісных звестак аб “нябесных знаках” ХІ – пач. ХІІ стст.

Нараджэнне полацкага князя даследчыкі адносяць да зімы 1028/29 гадоў [7, с. 16 – 17]. Летапіс паведамляе, што князь быў народжаны “от вълхвованья” [3, с. 67]. Беларускі гісторык С. В. Тарасаў на падставе летапісных звестак і быліны аб “Волхе Усяславічы” мяркуе, што нараджэнне Усяслава супала з незвычайнай нябеснай з’явай – палярным ззянем: “В лето 6536. Знаменье змиево явися на небеси, яко видети всей земли” [7, с. 16 – 17, 3, с. 65]. Наконт сутнасці гэтай з’явы ёсць розныя меркаванні: звычайна “знаменье змиево” атаясамляюць з палярным ззянем, але ў АМГ пад “змеем” таксама разумеецца і падзенне метэарыту: “…спаде превеликъ змий от небесе, и ужасошася вси людье. В се же время земля стукну, яко мнози слышаша” [3, с. 91].  Параўнанне следу ад метэора са змеем захавалася ў сялянскім асяродку да ХХ ст. Як бы тое ні было, нябесны знак 1028 г. летапісцы напрамую з Усяславам не звязвалі.

Упершыню Усяслаў Брачыславіч згадваецца ў летапісах пад 1044 г. у сувязі са смерцю бацькі і пачаткам уласнага княжання: “В се же лето умре Брячиславъ, сынъ Изяславль, внукъ Володимерь, отець Всеславль, и Всеславъ, сынъ его, сяде на столе его” [3, с. 67].  У 1063 г. полацкі князь згадваецца ў сувязі з незвычайнай прыроднай з’явай: “В се же лето Новегороде иде Волховъ вспять дний 5. Се же знаменье не добро бысть, на 4-е бо лето пожже Всеславъ градъ” [3, с. 71]. Як бачна, аўтар АМГ напрамую звязвае ўдалы вайсковы паход полацкага князя на Ноўгарад са зменай плыні Волхава. Такім чынам, прыродная з’ява стала прадвесцем благога здарэння.

АМГ згадвае полацкага князя ужо праз 2 гады і зноў у сувязі з вайной. Самым цікавым з’яўляецца тое, што гэты летапісны ўрывак змяшчае самую вялікую колькасць апісанняў астранамічных з’яў і розных цудаў, якія адбываліся ў часы старажытнасці і ў часы летапісца, прычым частка апошніх непасрэдна звязваецца з імем Усяслава: “В лето 6573 [1065]. В се же лето Всеславъ рать почалъ. В си же времена бысть знаменье на западе, звезда превелика, луче имущи акы кровавы, въсходящи с вечера по заходе солнечнемь, и пребысть за 7 дний. Се же проявляше не на добро, посемь бо быша усобице многы и нашествие поганыхъ на Русьскую землю, си бо звезда бя акы кровава, проявляющи крови пролитье… Пред симь же временемь и солнце пременися, и не бысть светло, но акы месяць бысть, его же невегласи глаголють снедаему сущю. Се же бывають сица знаменья не на добро. Се же бывають сица знаменья не на добро. Мы бо по сему разумеемъ, яко же древле, при Антиосе, въ Иерусалиме случися внезапу по всему граду за 40 дний являтися на вздусе на конихъ рищющимъ, въ оружьи, златы имущемъ одежа, и полкы обоя являемы, и оружьемъ двизающимся; се же проявляше нахоженье Антиохово на Иерусалимъ. Посемь же при Нероне цесари в том же Иерусалиме восия звезда, на образъ копийный, надъ градомь: се же проявляше нахоженье рати от римлянъ…Знаменья бо въ небеси, или звездах, ли солнци, ли птицами, ли етеромь чимъ, не на благо бывають; но знаменья сиця на зло бывають, ли проявленье рати, ли гладу, ли смерть проявляють” [3, с. 71 – 72]. Разгледзім падрабязней дадзены ўрывак. З апісанняў летапісу вынікае, што паходу Усяслава папярэднічала з’яўленне на небе каметы Галея, якая ўпершыню была заўважана 20 сакавіка 1066, а найбольшай яркасці дасягнула 24 красавіка [8]. Апісанне каметы ў АМГ адносіцца да перыяду з канца красавіка да пачатку траўня 1066 г. [6, с. 181]. Аднак у летапісе прысутнічае памылка з датыроўкай каметы на год, што тлумачаць імкненнем летапісца распавесці аб сутнасці розных астранамічных з’яў, якія змяшчае дадзены ўрывак, з-за чаго выкарыстоўваліся запісы, якія не мелі дакладнай часавай прывязкі [6, с. 218]. Магчыма, што аўтар АМГ выкарыстаў у дадзеным выпадку паданні, для якіх была важна сама падзея, а не яе час. Камета стала прадвесцем шматлікіх усобіц і войнаў. Як сведчаць летапісы, полацкі князь у год з’яўлення каметы захапіў Пскоў і Ноўгарад: “Того же лета Всеславь Брячиславичъ Полотцкий рать почалъ. Пріиде кь Псквоу ратію и перси билъ порокы” [4, с. 154]; “Въ лето 6574 [1066]. Приде Всеславъ и възя Новъгородъ, съ женами и съ детми; и колоколы съима у святыя Софие. О, велика бяше беда въ час тыи; и понекадила съима” [2, с. 17]. Сапраўды, рабаванне Сафійскага сабора ў вачах манахаў-летапісцаў павінна было выглядаць праявай паганства полацкага князя, які быў народжаны ад валхвавання. Цікава, што летапісец у запісе пад 1065 г. ускосна праводзіць паралелі паміж Усяславам і Неронам: абодва ў свой час распачалі вайну супраць “святых гарадоў” (хрысціянскімі цэнтрамі), у абодвух выпадках нашэсцю папярэднічае з’яўленне каметы Галея.

Наступнай астранамічнай з’явай ў вылучаным летапісным урыўку з’яўляецца сонечнае зацьменне: “Пред симь же временемь и солнце пременися, и не бысть светло, но акы месяць бысть, его же невегласи глаголють снедаему сущю” [3, с. 71]. Як і ў выпадку з каметай, сонечнае зацьменне таксама адбылося не ў той год, які быў пазначаны ў летапісе. У АМГ апісваецца колцападобнае сонечнае зацьменне, якое адбылося 19 красавіка 1064 г. Як паказалі разлікі астранома М. А. Вільева, паласа зацьмення якраз праходзіла праз Наўгародскую вобласць, у сувязі з чым яно магло разглядацца ў якасці нябеснага прадвесця нашэсця полацкага князя на Пскоў і Ноўгарад [6, с. 41 – 42]. Апісанне гэтага зацьмення цікавае і для вывучэння тагачасных міфалагічных уяўленняў. Паводле летапіснага паведамлення, “невегласи” (просты народ) прычынай зацьмення лічылі паглынанне сонца. Існавала павер’е, зафіксаванае у Кормчай кнізе, згодна якому, ваўкалакі мелі здольнасць пераследаваць і паглынаць нябесныя свяцілы (сонца ці месяц), што прыводзіла да зацьменняў. У шведскай міфалогіі падобныя персанажы называліся solvarg, solulf, sonnenwolf [6, с. 41]. На гэтай падставе вядомы даследчык старажытнай астраноміі Д. В. Свяцкі прапанаваў сваю версію разумення радкоў з “Слова пра паход Ігаравы” пра Усяслава Брачыславіча: “великому Хръсови влъкомъ путь прерыскаше” [1, с. 62]. Даследчык лічыць, што дадзены радок трэба разумець якраз у рэчышчэ міфа аб ваўкалаках, якія здольны выклікаць сонечныя зацьменні [6, с. 41 – 42]. Такім чынам, звесткі АМГ пра сонечнае зацьменне 1064 г. і радок з “Слова пра паход Ігаравы” могуць з’яўляцца розгаласам тагачасных народных павер’яў пра полацкага князя-ваўкалака, які меў здольнасць выклікаць сонечнае зацьменне.

У 1092 г. у Полацку адбылося незвычайнае здарэнне, якое таксама было адзначана нейкай астранамічнай з’явай: “В лето 6600 [1092]. Предивно бысть чюдо Полотьске в мечте: бываше в нощи тутънъ, станяше по улици, яко человеци рищюще беси. Аще кто вылезяше ис хоромины, хотя видети, абье уязвенъ будяше невидимо от бесовъ язвою, и с того умираху, и не смяху излазити ис хоромъ. Посемь же начаша в дне являтися на конихъ, и не бе ихъ видети самехъ, но конь ихъ видети копыта; и тако уязвляху люди полоцкыя и его область. Темь и человеци глаголаху, яко навье бьють полочаны. Се же знаменье поча быти от Дрьютьска. В си же времена бысть знаменье въ небеси, яко кругъ бысть посреде неба превеликъ” [3, с. 91]. У Цвярскім летапісе гэтыя падзеі звязваюцца з імем Усяслава: “Въ лето 6600. Быша устрашенія и мечты бесовскыя въ Полотску при князи Всеславе”[4, с. 182]. АМГ дакладна не пазначае, дзе назіраўся нябесны знак, але на адной з мініяцюр Радзівілаўскага летапіса, якая адлюстроўвае нашэсце наўяў на Полацк, на небе можна пабачыць той самы знак. Кароткасць паведамлення не дазваляе вызначыць дакладна, з якой прыроднай з’явай мы маем справу. Вялікае кола на небе больш за ўсё падыходзіць пад гало. Апісанні нашэсця наўяў таксама варта параўнаць з прыкладамі нябесных знакаў у старажытнасці, якія аўтар АМГ згадаў пад 1065 г.  Пры Юсцініяне адбылося нешта падобнае на полацкія падзеі: “и пакы солнце без лучь сьяше: се же проявляше…недузи человекомъ умертвия бяше” [3, с. 72]. Наўі з другой мініяцюры Радзівілаўскага летапісу не адпавядаюць тэксту полацкіх падзей, але падобныя на апісанні відзежу коннага збройнага войска (залатое адзенне, узброеныя) перад нашэсцем Анціёха на Іерусалім. Падобна на тое, што пры апісанні нябесных знакаў, летапісец карыстаўся пэўнымі мадэлямі, якія былі закладзены ў прыкладах са старажытнай гісторыі, якія, ў сваю чаргу, былі запазычаны старажытнарускім летапісаннем з візантыйскіх крыніц.

Такім чынам, летапісы яскрава малююць вобраз Усяслава – ворага Ноўгарада, як у старажытнасці Нерон быў для Іерусаліма, рабаўніка Сафійскага сабора, пачынальніка шматлікіх войнаў, які “немилостивъ есть на кровьпролитье” [3, с. 68]. Вайсковым выправам князя папярэднічаў шэраг нябесных знакаў, што сведчыла пра незвычайныя здольнасці Усяслава. Народжанаму ад валхвавання князю у апошняе дзесяцігоддзе свайго кіравання ў Полацку давядзецца перажыць загадкавае нашэсце наўяў (ці бесаў), якое таксама суправаджалася нябесным знакам. На наш погляд, трэба ўдакладніць выснову А. А. Прохарава аб тым, што ў выпадку з апісанымі незвычайнымі прыроднымі з’явамі  мы маем справу не з сапраўднымі падзеямі, а з міфамі вуснай традыцыі, якія потым былі асэнсаваны як прадвесце Усяслававых паходаў [5, с. 520]. Частка гэтых нябесных знакаў была бачна насамрэч: сонечнае зацьменне 1064 г., камета Галея ў 1066 г. і, магчыма, гало 1092 г. Паказальна тое, што большасць пазнейшых летапісаў, якія ўтрымліваюць у сябе АМГ, з апісання гэтых астранамічных з’яў выдалілі згадку пра Усяслава, якая ў тыя часы была ўжо неактуальнай для грамадства.

Літаратура:

  1. Слово о полку Игореве // Злато слово. Век ХII / Сост., предисл. и вступ. ст. Н.С. Борисова. – М.: Мол. гвардия, 1986. – 461 с.
  2. Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов / Предисл. Б.М. Клосса. – М.: Яз. рус. культуры, 2000. – 692 с.
  3. Повесть временных лет / Подг. Текста, перев., статьи и комм. Д.С. Лихачёва. – 2-е изд., испр. и доп. – Спб.: Наука. С-Петерб. изд. фирма, 1996. – 668 с.
  4. Полное собрание русских летописей. Т. 15. Тверской сборник; Рогожский летописец. – М.: Наука, 1965. – 503 с.
  5. Прохараў А. Усяслаў Брачыславіч / А. Прохараў // Беларуская міфалогія: энцыклапед. слоўнік. – Мн.: Беларусь, 2006. – 518 – 520 с.
  6. Святский Д. О. Астрономия Древней Руси / Д. Святский; авт. предисл., комм. и доп. М. Л. Городецкий. – М.: НП ИД «Русская панорама», 2007. – 663 с.
  7. Тарасаў С. В. Чарадзей сёмага веку Траяна / С.В. Тарасаў. – Мн.: Навука і тэхніка, 1991. – 67 с.
  8. Yeomans, Donald K. Great Comets in History [Электронны рэсурс]. – 2010. – Рэжым доступу: http://ssd.jpl.nasa.gov/?great_comets

Друкуецца паводле: Скварчэўскі, Д.В. Нябесныя знакі падчас кіравання полацкага князя Усяслава Брачыславіча / Д.В. Скварчэўскі // Віцебскія старажытнасці: матэрыялы навук. канф., прысвеч. 90-годдзю з дня нараджэння Л. В. Аляксеева, 28 – 29 кастр. 2010 г., Віцебск / Упр. культуры Віцеб. аблвыканкама, Віцеб. абл. краязн. музей; рэдкал.: Г.У. Савіцкі [і інш.]. – Мінск: Медисонт, 2012. С. 323 – 328.