У апошні час у Беларусі значна актывізаваліся прадстаўнікі т.зв. “славянскага”, а часцей “рускага” адзінства.

Звязана гэта з адсутнасцю цьвёрда акрэсленай беларускай нацыянальнай ідэалогіі. Беларускае грамадства вымушана лавіраваць паміж беларускім “нацыяналізмам” і афіцыйнай беларускай ідэалогіяй, якая, у асноўным, базіруецца на выпрацаваных яшчэ ў часы Савецкага Саюза пастулатах. Дадзеная сітуацыя стварыла спрыяльныя ўмовы для дзейнасці ў Беларусі прадстаўнікоў імперскай ідэалогіі, так званай “заходнерускай”.

Вядомы беларускі навукоўца Аляксандар Цвікевіч акрэсліваў паняцце “заходнерусізм” як плынь у гісторыі грамадскай думкі, якая лічыла, што Беларусь не з’яўляецца краінай з асобнай нацыянальнай культурай і таму не мае права на самастойнае культурнае і палітычнае развіццё. Акрамя гэтага, Цвікевіч падкрэсліваў, што заходнерусы лічылі Беларусь культурнай і дзяржаўнай часткай Расіі. Таму наша краіна – паводле заходнерусаў – павінна разглядацца як адзін з яе састаўных элементаў (1). Ён падкрэсліваў:

“Прадстаўнікі гэтай плыні імкнуліся давесці, што Беларусь, як “Заходняя Расія” непадзельна звязана з цэлым – “адзінай вялікай Расіяй” і што беларусы, як адно са славянскіх плямёнаў арганічна ўваходзіць у склад “единого русского народа” (2).

/ 1. Цьвікевіч А. “Западно-руссизм”: Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. /2-е выд./ Мн., 1993, с. 7./

/ 2. Тамсама, с. 7./

Сёння асноўнай пляцоўкай для выступлення рознага роду «публіцыстаў» і «палітолагаў», якія з’яўляюцца адэптамі «рускага адзінства», з’яўляецца расійскі партал www.regnum.ru. Зрэшты, большасць матэрыялаў, якія публікуюцца на «Рэгнуме» пазней тыражуюць мясцовыя «імперскія» сайты www.imperiya.by, www.zapadrus.su. У апошні час ідэолагі заходнерусізму ў Беларусі выступаюць і на старонках дзяржаўных СМІ. Напрыклад калумністам газеты “СБ-Беларусь сёння” стаў “палітолаг” Усевалад Шымаў, які ў сваіх публікацыях адкрыта прасоўвае заходнерускія ідэі. У адным з артыкулаў Шымаў запісаў беларусаў, якім не абыякавы лёс іх мовы і культуры, ў апазіцыянеры і нацыяналісты (3). Такім чынам, з яго падачы ўся беларускамоўная інтэлігенцыя адным махам трапіла ў разрад праславутай “пятай калоны”.

/ 3. Шимов В. Лингвистический зигзаг // СБ-Беларусь сегодня.

У характэрным для заходнерускай ідэалогіі стылі Шымаў паспрабаваў пераканаць чытачоў, што Беларусь – гэта спрадвечна русская зямля. Аўтар мімаходам узгадаў часы Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), забываючы, аднак, успомніць пра тое, колькі войнаў вяла Маскоўская дзяржава з ВКЛ, дзе праваслаўных называлі “рускімі”. “Палітолаг” піша пра негатыўны ўплыў паланізацыі, але ні слова не кажа аб русіфікацыі, якая нанесла беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці адчувальны ўрон.

Палітыку Расійскай імперыі ў дачыненні да беларускіх губерняў Паўночна-Заходняга краю выдатна ахарактарызаваў сумна вядомы рускі намесьнік М. Мураўёў-вешальнік, сказаўшы што “адна руская школа на тэрыторыі Беларусі зробіць больш, чым руская дывізія”. Красамоўным з’яўляецца і трагічны сюжэт, звязаны з выкараненнем уніяцтва ў Беларусі. Беларускі даследчык Л. Лыч, характарызуючы русіфікатарскую палітыку царскай адміністрацыі ў Беларусі, адзначаў:

“Русіфікатарскай дзейнасці ўдалося выйсці на новыя, больш высокія рубяжы пасля адміністратыўна-гвалтоўнага скасавання ў 1839 г. уніяцкай царквы і далучэння пераважнай большасці паствы апошняй да праваслаўнай рэлігіі з яе выключна рускімі ўстоямі. Уся ўласцівая ўніяцтву беларускасць пайшла пад нож. Пад праваслаўныя пераабсталёўвалі ўніяцкія храмы, у полымя шматлікіх вогнішчаў гарэлі іх рукапісныя і друкаваныя кнігі, у тым ліку беларускамоўныя, зачыняліся ўніяцкія (базыльянскія) школы. Паколькі навучальна-выхаваўчы працэс у іх будаваўся ў абсалютнай большасці выпадкаў на этнакультурных традыцыях карэннага насельніцтва” (4).

/ 4. Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. Львоў, 2010, с. 9.

У іншым артыкуле “Дзень волі?” Шымаў працягвае нападкі на беларускую нацыянальную гісторыю (5). У дадзеным выпадку аб’ектам яго крытыкі стаў гістарычны сюжэт, звязаны з абвяшчэннем незалежнасці БНР у 1918 годзе. “Палітолаг” памылкова сцвярджае, што “выспяванне” ідэі беларускага дзяржаўнага самавызначэння ішло ў нетрах Расійскай імперыі. На самой справе для царскай адміністрацыі беларусы былі толькі паслухмянай зброяй у барацьбе супраць беларускага каталіцкага і польскага дваранства на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю імперыі. Ні пра якую незалежнасці і нават аўтаномію беларускіх тэрыторый пад уладай двухгаловага арла не магло быць і гаворкі.

/ 5. Шимов. В. День воли? // СБ-Беларусь сегодня.

А вось прадстаўнікі каталіцкага дваранства беларускіх земляў, супраць якіх правадзіла дыскрымінацыйную палітыку царская адміністрацыя, разам з інтэлігенцыяй ўпершыню ў найноўшай гісторыі паспрабавалі рэалізаваць ідэю беларускай дзяржаўнасці ў выяве Беларускай Народнай Рэспублікі. Так, БНР стваралася пры падтрымцы нямецкіх акупацыйных улад, але і БССР з’явілася пры удзеле чужой для беларусаў бальшавіцкай улады. Такімі былі гістарычныя рэаліі. І нягледзячы ні на што, першая ў ХХ стагоддзі спроба беларусаў абвясціць сваю незалежнасць заслугоўвае павагі і шанавання з боку цяперашніх грамадзян Рэспублікі Беларусь.

ххх

Аналізуючы беларускую гісторыю, ідэолагі заходнерусізму не вынаходзяць нічога новага, а толькі паўтараюць пастулаты перыяду Расійскай імперыі і СССР. У прыватнасці, паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі і К. Каліноўскага яны называюць “польскімі”, а рускіх намеснікаў ў Беларусі А. Суворава і М. Мураўёва называюць не інакш як “вызваліцелямі” і “нацыянальнымі героямі” (6). На самой справе паўстанні 1794 і 1863—64 гг. насілі нацыянальна-вызваленчы характар і былі накіраваны супраць прыгнёту беларускіх земляў Расійскай імперыяй. І Сувораў у 1794 і Мураўёў у 1863—64 гг. крывава задушылі гэтыя выступленні грамадзян былой Рэчы Паспалітай. Дадзеныя асобы могуць лічыцца героямі ў Расіі, але ніяк не ў Беларусі, супраць жыхароў якой яны ваявалі.

/ 6. Гигин В. Оклеветанный, но не забытый // «Нёман», 2005, № 6, с. 127—139; Он же: Суворов vs Костюшко: забытые факты из истории восстания 1794 года в Белоруссии // “Беларуская думка”, 2009, № 10, с. 86—95.

Дарэчы постаць Мураўёва вельмі добра характарызуе ўжо ўзгаданы беларускі даследчык Л. Лыч. Ён у прыватнасці пазначае:

“…стаўшы ў 1863 г. віленскім генерал-губернатарам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі, Мураўёў у першую чаргу пастараўся ўвесці ў штат Віленскай вучэбнай акругі памочніка яе папячыцеля, абязаўшы яго пільна сачыць за ходам ажыццяўлення русіфікатарскай палітыкі. На гэты раз ужо яе прыхільнікі і праваднікі вялі барацьбу не толькі з польскім уплывам, але і беларускасцю, няўхільна прытрымліваючыся такой варожай для яе метадалагічнай устаноўкі М. Мураўёва: “У Паўночна-Заходнім краі так званую беларускую мову неабходна звесці на нішто, бо калі гэтага не зрабіць, яна пастаянна будзе інспірыраваць думку аб асобным беларускім народзе і аб праве гэтага народа на этнічную самастойнасць і нацыянальна-дзяржаўную суверэннасць, чаго дапусціць нельга” (7).

/ 7. Лыч Л. Русіфікацыя:царская, савецкая, прэзідэнцкая, с. 12./

Значнай крытыке з боку сучасных заходнерусаў падвяргаюцца і нешматлікія перадачы на беларускім тэлебачанні, прысвечаныя аспектам нацыянальнай беларускай гісторыі (напрыклад, «Падарожжа дылетанта»). Асобную занепакоенасць з боку заходнерускіх ідэолагаў выклікаюць беларускія нацыянальна свядомыя гісторыкі. Па іх меркаванню апошнія прасоўваюць сюжэты не з беларускай, а з нібыта польскай і літоўскай гісторыі. Нажаль, гэты пункт гледжання сустракае падтрымку з боку беларускіх улад.

Дарэчы, сярод беларускіх гісторыкаў таксама ёсць адэпты заходнерусізма. Так, Валерый Чарапіца з Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта сцвярджае, што «заходнерусізм выступаў за выратаванне беларусаў праз яднанне ў рамках праваслаўнай царквы і адзінай Расеі» (8). На нашу думку, калі б беларусы канчаткова аб’ядналіся ў рамках вышэйсказанага, то не засталося б ні тых беларусаў, ні іх культуры. Адна суцэльная маса «чыстых рускіх».

/ 8. Белорусский историк: Настало время обстоятельного разговора об идее западнорусизма. // Интернет.

Іншы гісторык Аляксандр Бендзін называе палітыку ўсё таго ж губернатара Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі Мураўёва не інакш як «этнічнай мадэрнізацыяй мясцовага рускага насельніцтва» (9). Дадзеная тэрміналогія ў чымсьці нагадвае тую, якой карысталіся нацысты для характарыстыцы сваёй акупацыйнай палітыкі ў рэйхскамісарыяце «Остланд» – мы вас пастраляем ці павесім, але ж вы станеце чыстымі і мадэрнізаванымі. У ўспрыманні Бендзіна нацыянальная беларуская ідэалогія носіць штучны характар. У сваю чаргу па яго меркаванню заходнерусізм для беларусаў – гэта, нібыта, з’ява арганічная і натуральная.

/ 9. Бендин А. Западнорусизм как идейная основа белорусско-российской интеграции. // Интернет./

Нацыянальную беларускую гісторыю Бендзін запісвае ў «выдумкі нацыяналістаў». Апошнія, на яго думку, «сфабрыкавалі канфлікт паміж беларускім этнасам і Расійскай імперыяй». Паводле Бендзіна быццам і не было крывавых паходаў Івана Жахлівага на беларускія землі, падзелаў Рэчы Паспалітай, паўстанняў 1794 і 1863—64 гг., не было гвалтоўнай русіфікацыі і рэпрэсій супраць беларусаў.

Асаблівую актыўнасць адэптаў заходнерусізму ў Беларусі выклікалі прэзідэнцкія выбары ў Расіі ў 2011 годзе. Напрыклад, віцебскія заходнерусы заяўляюць аб тым, што нібыта “з вяртаннем У. Пуціна беларусы звязваюць пэўныя надзеі на абарону сваіх эканамічных і палітычных інтарэсаў (10)”. Што ж гэта за надзеі? Пуцін, на думку беларускіх адэптаў заходнерусізму, павінен вырашыць “руская пытанне”, “сабраўшы” “раскіданыя” рускія землі і абараніўшы інтарэсы “суайчыннікаў”, якія апынуліся за дзяржаўнымі межамі Расіі і цяпер пазбаўлены магчымасці выбіраць яе вышэйшае дзяржаўнае кіраўніцтва.

Клопат аб дыяспары – справа высакародная, толькі нам падаецца, што тут гаворка ідзе не пра дыяспару, а пра незалежную краіну – Рэспубліку Беларусь, якую адэпты заходнерусізму даўно хацелі б бачыць расійскай губерняй. А так званыя “суайчыннікі” – гэта грамадзяне незалежнай дзяржавы.

/10. Белорусские общественники: “Путину нужно решать русский вопрос” // Интернет.

Адзін з ідэолагаў заходнерусізма ў Беларусі А. Герашчанка падкрэслівае, што ў Беларусі фарміруецца прарасейскі сектар грамадскага жыцця, які ўжо не асацыюецца з беларускай вертыкаллю ўлады (11). З вяртаннем Пуціна заходнерусы звязваюць незваротную інтэграцыю Беларусі з Расіяй.

/ 11. Тамсама./

Да чаго ж на самой справе імкнуцца гэтыя прадстаўнікі “прарасейскай грамадскасці” у Беларусі? Да поўнага “выкаранення” беларускай мовы з жыцця нашага грамадства, а таксама да поўнай рэвізіі нацыянальнай гісторыі Беларусі. У сувязі з гэтым вельмі жорсткай крытыцы падвяргаецца дзейнасць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, адзінай беларускай дзяржаўнай установы, дзе справаводства вядзецца на нацыянальнай мове. У нясмелых спробах папулярызацыі беларускай мовы заходнерусы бачаць нібыта “спробу ператварэння Беларусі ў нацыяналістычны анклаў накшталт прыбалтыйскіх рэспублік”. На нашу думку, дадзенае меркаванне сведчыць аб неразуменні заходнерусамі рэальнай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Адэпты заходнерусізму крытыкуюць беларускія ўлады за ажыццяўленне дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”. У іх успрыманні рэзідэнцыі Радзівілаў, Сапегаў і іншых з’яўляюцца “помнікамі іншапляменнага панавання над беларусамі”, сімваламі панскай (чытай: польскай) улады. Як бачым, у гэтых ідэях нічога новага. Звычайны паўтор замшэлых пастулатаў часоў “развітога сацыялізму”.

Таму не дзіўна, што галоўным знешнім ворагам Беларусі адэпты заходнерусізму лічаць Польшчу. Заходняя суседка Беларусі ў гэтым кантэксце бачыцца зручным аб’ектам для нападак. Адносіны на лініі Мінск – Варшава нацягнутыя і на гэтым фоне можна зарабіць палітычныя дывідэнды.

Для крытыкі заходняй суседкі аўтары з Беларусі выкарыстоўваюць розныя гістарычныя матывы. Тут і гісторыя польскіх лагераў для чырвонаармейцаў, узятых у палон падчас савецка-польскай вайны 1920 г., якія называюцца не інакш як “польскі ГУЛАГ (12)”, і свая трактоўка падзей “вызваленчага паходу чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года (13)”. Якія толькі эпітэты не сустрэнеш у артыкулах адэптаў “рускага адзінства”. Тут і “вялікадзяржаўны польскі шавінізм”, і “пагалоўная паланізацыя”, і “фашысцкі рэжым Пілсудскага”, і “вызваленчая місія чырвонай арміі”. Гісторыя тых падзей падаецца ў адпаведнасці з канонамі, прынятымі ў савецкай гістарыяграфіі, паўтараючы тэзы аб нібыта “векавым жаданні беларусаў уз’яднацца са старэйшым братам з Усходу”.

/* 12, 13. Малишевский Н. Польский ГУЛАГ: ад для русских, украинских и белорусских узников. Он же: Как жилось белорусам в “польском раю”. Он же: Как белорусы лишились “польского рая” // Интернет.

Гісторыя тых падзей зусім не такая адназначная, як хацелася б гэта бачыць заходнерусам. Польскія даследчыкі дасканала вывучылі гісторыю трагічнага лёсу чырвонаармейцаў, якія апынуліся ў польскім палоне ў 1920-м. А вось тэма Катыні, якая пастаянна звязваецца з трагедыяй палонных чырвонаармейцаў, на Усход ад Бугу не проста залішне палітызавана, але яшчэ і штучна замоўчваецца. У Расіі ёсць шэраг прафесійных даследчыкаў гэтай праблемы, але іх голас вельмі слабы. У асноўным пануе ідэя “Анты-Катыні” з псеўданавуковымі пасыламі аб тым, што нібыта ў 1940 г. у савецкіх лагерах былі расстраляны “жандары, вінаватыя ў гібелі тысяч савецкіх чырвонаармейцаў ў 1920 годзе”, або паўторам “саўковай” выдумкі аб тым, што палякаў у Катыні расстралялі нацысты.

Пры ўсёй аб’ектыўнасці працэсу аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР не варта, аднак, забываць пра тое, што ён быў не простым і не адназначным. Разам з савецкай уладай у былыя беларускія ваяводствы Польшчы прыйшлі і сталінскія рэпрэсіі, а палітыку паланізацыі змяніла русіфікацыя, якая суправаджалася ганеннямі на рэлігію. Але трэба разумець, што выкарыстанне адэптамі заходнерусізма антыпольскай рыторыкі зусім не звязана з жаданнем адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі і беларусаў. Такія матэрыялы выкліканы сугуба кан’юнктурным жаданнем змагацца з канкурэнтам (Польшчай і рымка-каталіцкай рэлігіяй) у справе паступовай русіфікацыі Беларусі.

Трэба дакладна ўсвядоміць, што сучасныя прыхільнікі заходнерусізму ў Беларусі спрабуюць зацвердзіць думку пра тое, што беларусы – гэта нібыта “частка вялікай рускай нацыі, нягледзячы на свае этнаграфічныя і культурныя асаблівасці”. Менавіта ў гэтым з’яўляецца асноўная небяспека з іх боку для фарміравання нацыянальнай беларускай ідэалогіі. Пастулат пра “агульнарускія карані беларусаў” перавандраваў з работ заходнерускіх ідэолагаў пачатку ХХ стагоддзя. І тады і ў часы СССР, і зараз беларусаў спрабуюць прымусіць паверыць у тое, што яны ў этнічным сэнсе нічым не адрозніваюцца ад жыхароў спрадвечных рускіх тэрыторый.

Раней любая праява беларускіх нацыянальных асаблівасцяў адразу ж трактавалася як “інтрыга польскай шляхты” або “буржуазны нацыяналізм”. Зараз у матэрыялах прыхільнікаў заходнерусізму назіраюцца падобныя тэндэнцыі.

Дзейнасць заходнерусаў на Беларусі – гэта добра спланаваная акцыя, накіраваная супраць усяго беларускага. Асноўная задача ўсіх гэтых «публіцыстаў», «палітолагаў» і «гісторыкаў» ўвесці ў розумы нашых суайчыннікаў рускія каштоўнасці і ліквідаваць іх нацыянальную самасвядомасць. Гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да размывання беларускага этнасу і канчатковай страты нацыянальных асаблівасцяў нашага народа.

У дадзенай сітуацыі сапраўдныя беларускія гісторыкі і публіцысты павінны даносіць да людзей аб’ектыўныя факты нацыянальнай гісторыі. Не варта прагінацца пад ўсход ці захад. Трэба імкнуцца праўдзіва адлюстроўваць беларускую гісторыю. Тады ніякая заходнеруская прапаганда не зможа паўплываць на фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.