7 лютага адбылася ўрачыстая і ўвышэйшай ступені сур’ёзная падзея ўручэння «дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара лепшым вучоным і педагогам Рэспублікі Беларусь». [1] Дыпломы ўручаў асабіста кіраўнік дзяржавы. Эксклюзіўнасць мерапрыемствы мае свае важкія падставы – у гэтым годзе дыпломы доктара атрымалі 47 чалавек і 50 педагогаў сталі прафесарамі.

Навука – гэта, мабыць, адзіная сфера, дзе нават пры ўсім жаданні цяжка пахваліцца колькаснымі паказчыкамі. На працягу апошніх 11 гадоў колькасць дактароў навук скарачалася паслядоўна і няўмольна: з 819 у 2000 годзе да 746 у 2010. [2] І калі ўлічыць, што кожны доктар – гэта «сапраўды адзінкавы тавар» [3], то даводзіцца прызнаць змяншэнне як мінімум 27 штук (нават з улікам папаўнення за кошт новапрыбыўшых пры поўнай адсутнасці сыйшоўшых). Гэта ў адносінах да саміх сабе. У параўнанні жа з суседнімі дзяржавамі, напрыклад, з Украінай, дзе штогод абараняецца каля 500 дактароў навук (у 2011 – 480, у 2010 – 491), а іх агульная колькасць расце з года ў год і на сённяшні момант складае 14 тыс. 895 « штук »[4], нашыя дактары навук сапраўды на вагу золата, На сённяшні дзень кожны наш доктар каштуе мінімум 20 украінскіх! Калі б, вядома, мы іх выставілі на продаж ці хаця б на натуральны абмен.

Але вось з гэтым, падобна, і праблема. І ня столькі таму, што нам самім яны вельмі дарагія і мы не прадамо іх ні за які кошт, а тым больш не памяняем на нізкаякасных украінскіх «прыліпалаў». Галоўная прычына ў тым, што няма таго ўсеагульнага эквівалента, якім можна было б замерыць якасць гэтага спецыфічнага «тавару». Хіба што ўвесці курс канвертацыі дактароў у краінах АЭП. Але для гэтага трэба, ізноў жа, прымусіць Расею і Казахстан ўзяць за ўсеагульны эквівалент беларускага доктара. Задача архіскладаная (нават у параўнанні з коштамі на энерганосьбіты), хоць і вельмі прывабная. Бо калі атрымаецца гэта зрабіць, каштоўнасць нашага доктара (у параўнанні з усё тым жа украінскім), узрасце як мінімум у 2 разы, нават калі ўлічыць зніжэнне курсу канвертавання казахскімі дактарамі. [5] Але гэта архіцяжка. Перш за ўсё, таму, што на беларускую ВАК ёсць расейская ВАК і казахская ВАК.

Акрамя таго, у РФ і Казахстане ўсё больш імкнуцца да ўвядзення усякага роду заходніх вымяральнікаў якасці. Вось, напрыклад, у Казахстане з 1 студзеня 2011 года для ўсіх суіскальнікаў ўведзенае патрабаванне публікавацца ў міжнародных выданнях, якія маюць ненулявы імпакт-фактар і якія ўваходзяць у базы дадзеных кампаніі Scopus або «Томсан Рэйтэр» (ISI Web of Knowledge, Thomson Reuters). [6 ] Гэта сур’ёзная перашкода для рэалізацыі плана ўсталявання беларускага дыплома доктара навук у якасці ўсеагульнага доктарскага эквівалента, паколькі неабходнай умовай паспяховага функцыянавання нашай сістэмы кантролю якасці навуковых даследаванняў з’яўляецца цытаванне працаў тых навукоўцаў, якія і ўваходзяць ў атэстацыйныя камісіі беларускай ВАК. Інакш як жа члены камісіяў змогуць ацаніць навуковыя вартасці даследаванняў?! І адкуль тады ўзяцца аўтарытэту членаў камісіяў?! Гэта, праўда, не перашкаджае прадстаўнікам ВАК назіраць “прыкметны рост аўтарытэту беларускага дыплома на сусветным узроўні”. [7] Цікава было б, вядома, даведацца, што за краіны забяспечваюць гэты рост.

Але як бы там ні было, унутры краіны у наяўнасці відавочныя сімптомы вычарпання рэсурснай базы для падрыхтоўкі навуковых даследчыкаў вышэйшай кваліфікацыі. Так, па словах Галоўнага навуковага сакратара НАН Чыжыка С.А., суадносіны кандыдатаў і дактароў навук у апошнія два гады амаль у тры разы ніжэйшыя (на 1 доктара 4 кандыдаты), чым у «ліхія 90-я» (на 1 доктара 9 — 10 кандыдатаў), а па сведчанні Старшыні Прэзідыума НАН Русецкага А.М., на працягу многіх гадоў немагчыма арганізаваць конкурсны адбор у аспірантуру ў сілу супадзення колькасці вылучаных месцаў з колькасцю пададзеных заяваў. [8]

Пры замкнёнасці беларускай ВАК на саму сябе, непразрыстасці крытэрыяў і працэдуры атэстацыі, адсутнасці канкурэнтнага асяроддзя, рэзка скарачаемага фінансавання, нізкім узроўні акадэмічнай свабоды і высокім узроўні палітызацыі і бюракратызацыі, а таксама, па-ранейшаму, на жаль, вельмі сціплым іміджы беларускай навукі ў свеце, для аспірантаў і дактарантаў зусім незразумела, дзеля чаго трэба біцца галавой аб сцяну беларускай бюракратыі ад навукі.

Таму шматлікія «адрынутыя» беларускай ВАК даследчыкі знаходзяць прызнанне ў іншых – часам больш аўтарытэтных у рэгіёне і свеце – навуковых супольнасцях. Усё больш перспектыўнай моладзі зусім адмаўляецца праходзіць аспірантуру і / або дактарантуру ў Беларусі, аддаючы перавагу менш бюракратызаваным, але больш змястоўным, аўтарытэтным і прэстыжным замежным аспірантуры і дактарантуры. Прычым магчымасцяў абараніцца за мяжой з кожным годам становіцца ўсё больш – як на Захадзе, так і на Усходзе – на значна больш выгадных фінансавых умовах і, што яшчэ важней, з больш пэўнымі перспектывамі далейшага працаўладкавання. Бо ўзровень навукаёмістасці ВУП Беларусі няўхільна падае (з 0,97% у 2007 да 0,65% у 2009), у той час як, па ацэнцы экспертаў, толькі пры значэнні вышэй 0,9% можна разлічваць на мінімальны ўплыў навукі на эканамічнае развіццё . Дзяржавы ЕЗ падтрымліваюць гэты паказчык на ўзроўні 2%, лічачы такі парог крытычным. [9]

Вопыт інавацыйных палітык блізкага і далёкага замежжа сведчыць аб тым, што ключавой умовай поспеху ў сферы інавацыяў з’яўляецца зусім не скарачэнне навуковых кадраў, колькасць якіх у Беларусі супастаўная з колькасцю работнікаў у адміністрацыі прэзідэнта і ў разы саступае легіёну сілавікоў, а фармаванне інфраструктуры інавацыйнага ўзаемадзеяння паміж навукай , бізнэсам і дзяржавай. Мэтай павінна быць стварэнне такога асяроддзя і структуры матывацыяў, якое стымулюе суб’ектаў эканомікі і навукі да ўзаемнага супрацоўніцтва. Інстытут венчурнага інвеставання і патэнтавая сістэма [10] – неабходныя інфраструктурныя ўмовы развіцця інаватыўнай эканомікі – знаходзяцца ў нас толькі ў зачаткавым стане.

Вынікам вось ужо пяцігадовай «актыўнасці» дзяржавы ў развіцці венчурнага інвеставання (першы Указ прэзідэнта з гэтай нагоды быў выдадзены ў 2007 годзе) стала стварэнне ў траўні 2010г. (Указ № 252) Беларускага інавацыйнага фонду, надзеленага функцыямі венчурнага фонду. Гэты фонд пачаў аналіз і адбор першых венчурных праектаў з восені 2010 года. Паралельна ён прыступіў да «добраахвотна-прымусовага» фармавання недзяржаўнай супольнасці бізнэс-анёлаў і венчурных інвестараў «БАВІН», які аб’ядноўвае каля 20 беларускіх бізнэс-анёлаў. [11] Цяжка чакаць прыкметных вынікаў ад гэтага сціплага пачынання, калі значна больш развіты, паводле ацэнак экспертаў , венчурны рынак РФ, які налічвае больш за 150 венчурных фондаў і каля 5000 бізнэс-анёлаў з аб’ёмам інвестыцыяў больш за 300 млн. даляраў у год, пакуль яшчэ ня ў стане абудзіць матывацыю ні ў эканамічных агентаў, ні ў навукоўцаў. [12]

Адным з ключавых фактараў, якія стымулююць зацікаўленасць прадпрыемстваў у інавацыях, з’яўляецца наяўнасць канкурэнтнага асяроддзя, што выбракоўвае неэфектыўнага ўласніка. Ва ўмовах дамінавання дзяржаўнай уласнасці ў Беларусі дзяржава вымушаная гуляць у канкурэнцыю сама з сабой самі, выконваючы ролю і канкурэнтаў, і трацейскага суддзі, які стаяў над канкурэнцыяй. З іншага боку, стымул да прыкладных даследаванняў і інавацыяў у навукоўцаў з’яўляецца пры такой арганізацыі самога працэсу вытворчасці ведаў, калі сістэма аплаты працы пастаўленая ў залежнасць ад якасці атрымнага навуковага выніку, замяраемага празрыстымі, міжнародна прызнанымі спосабамі. У нас жа дамінуе карумпаваная і неэфектыўная схема «базавага» (інстытуцыянальнага) фінансавання з мінімальнай доляй фінансавання праектаў (на канкурэнтнай аснове), вялікая частка якіх прыпадае на інэртных, але добра лабіруемых дзяржзаказчыкаў. Між тым, як паказвае сусветная практыка, найбольш зацікаўленымі і эфектыўнымі ў рэалізацыі навуковых распрацовак і прыкладных даследаванняў з’яўляюцца прыватныя карпарацыі. Менавіта таму прадстаўнікі карпарацыяў прымаюць актыўны ўдзел у працы тых экспертных радаў, якія ажыццяўляюць адбор і селекцыю перспектыўных праектаў. Так фармуецца атмасфера дачынення карпарацыяў да палітыкі праектнага фінансавання, у выніку чаго ўзрастае доля выдаткаў саміх карпарацыяў на даследаванні і распрацоўкі ў агульнанацыянальных выдатках на НДР (у развітых краінах яна перавышае 65% а ў краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця набліжаецца да 70%). [ 13] У сваю чаргу, вылучаюць і рэалізоўваюць інаватыўныя ініцыятывы прадстаўнікі новага класа крэатыўных мэнэджараў перспектыўнага ўзросту (30-45 гадоў), здольныя ня толькі ацаніць навуковую і вытворчую прыдатнасць праекта, але і давесці яго да рэалізацыі. У Еўропе гэты клас крэатыўных мэнэджараў фармаваўся з «прадпрымальных няўдачнікаў» у навуцы, якія маюць вучоныя ступені, але ня лічаць занятак навукай сваім пакліканнем. [14] Камандна-адміністрацыйная кадравая палітыка дзяржавы ў навуцы вымывае гэты пласт, узмацняючы пазіцыі нязменных узроставых кіраўнікоў (чый сярэдні узрост вагаецца паміж 60 і 70 гадамі), рекрутуемых з клана дзяржаўных чыноўнікаў ад адукацыі і навукі.

Нарэшце, інаватыўная палітыка ня можа абысціся без сур’ёзных капіталаўкладанняў у навуку, у кампаніі-інаватары (асабліва ў карпаратыўны сектар) і ў самі інфраструктурныя рэформы. Таму ня варта чакаць аддачы ад спробы перавесці беларускую навуку на камерцыйныя рэйкі камандна-адміністрацыйнымі метадамі. Перагрупоўка ранейшых інстытуцыйных суб’ектаў (ВАК, НДІ, НАН, дзяржуніверсітэты) пры захаванні 100% кантролю дзяржаўнай бюракратыі не абяцае плённых вынікаў. Тым больш, калі замест сур’ёзных капіталаўкладанняў з боку дзяржавы беларускую навуку чакае толькі сур’ёзнае скарачэнне дзяржфінансавання (з 60% у 2011 да 30% у 2012 годзе). [15] І гэта на фоне без таго вельмі сціплага аб’ёму бюджэтнага фінансавання навукі (0,29 % да ВУП у 2011 годзе). [16] Такая рэформа беларускай навукі мае ўсе шанцы ў чарговы раз выракчы навукоўцаў, работнікаў вытворчасці, і бюракратыі на бясплённую і бессэнсоўную сізіфаву працу. І гэтая праца не перастане быць такой, нават калі Сізіф-энтузіяст будзе асветлены аўрай ўладальніка беларускага дыплома доктара навук.


[1] Крыніца: http://www.president.gov.by/press137537.html

[2] Статистический ежегодник 2011. Мн., 2011. Ст. 495.

[3] Крыніца: http://www.president.gov.by/press137537.html

[4] Крыніца: http://www.rbc.ua/rus/newsline/show/kolichestvo-doktorov-nauk-v-ukraine-na-1-oktyabrya-2011-g-uvelichilos-12122011163900

[5] Па выніках періпісу насельніцтва ў 2010 г. у РФ было 224 тыс. дактароў навук. Крыніца: http://www.rg.ru/2011/12/16/stat.html Па дадзеных за 2009 год у Казахстане налічвалася 1340 дактароў навук. Крыніца: http://ingeo.kz/index.php/ru/tseli/otraslevaya-programma-po-razvitiyu-nauki

[6] Крыніца: http://dis.finansy.ru/art/eduk/032kazasp.htm

[7] Паводле сведчанняў галоўнага навуковага сакратара ВАК Ніны Гулько, пасля ўскладненняпатрабаванняў да дысертацыяў  колькасць замежнікаў, якія  абараніліся ў Беларусі, павялічылася з 32 з 9 краінаў у 2010 годзе да 47 з 13 краінаў у 2011.  // Сенькович Ю. Отбор суров, но он отбор. // Минский курьер. Режим доступа: http://mk.by/2012/01/25/53584/

[8] Атэстацыя. Электронный научно-теоретический и информационно-методический журнал. Выпуск № 3. 2011.  Режим доступа: http:/ Крыніца /journal.vak.org.by/index.php?go=Pages&in=view&id=1355

[9] Крыніца: Экономическая газета. http://www.neg.by/publication/2011_01_28_14163.html?print=1

[10] Колькаснае павелічэнне выдадзеных патэнтаў (з 537 у 2000 да 1222 у 2010 годзе) дрэнна карэлюе з якасцю іх укаранення, што далёка не ў апошнюю чаргу звязана з дзяржаўнай прыватызацыяй індывідуальнай ініцыятывы на рынку інтэлектуальнай уласнасці. Так, у сілу вызначэння прыналежнасці выключнага права ў дачыненні да службовых твораў літаратуры, навукі і мастацтва, у парушэнне прынцыпу ўзнікнення аўтарскага права ў стваральніка (гл. арт. 981ГК, ч.1п.1ст.982 ГК, а таксама п.1ст.9 Закона «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (1996)), уладальнікам выключнага права на прайграванне аб’екта становіцца наймальнік, а не аўтар, які, па сутнасці, губляе права на атрыманне аўтарскага ўзнагароджання, і, больш за тое, у выпадку ліквідацыі юрыдычнай асобы, службовы твор становіцца грамадскім здабыткам.

[11] Крыніца: http://ru.forsecurity.org

[12] Крыніца: http://www.raexpert.ru/researches/expert-inno/part1/

[13] Крыніца: http://www.raexpert.ru/researches/expert-inno/part1/

[14] Сёння ў развітых краінах свету каля 2/3 мэнэджараў маюць вучоныя ступені і больш 95% – вышэйшую адукацыю. Крыніца: http://sbiblio.com/biblio/archive/inozemcev_intellekt/

[15] Крыніца: http://http.news.date.bs/economics_269965.html.

[16] Крыніца: http://www.belta.by/ru/all_news/economics/Finansirovanie-belorusskoj-nauki-v-2012-godu-iz-bjudzheta-vozrastet-v-18-raza_i_587543.html Расходы рэспубліканскага бюджэта на навуку (у %  от ВУП) няўхільна зніжалія з 0,31% у 2000 да 0,29% у 2011. Крыніца: Статистический ежегодник 2011. Мн., 2011. Ст. 496. Для параўнання: аналагічныя расходы на навуку за 2011 год у РФ складаюць 1,05 %, у Казахстане 0,26 %, ва Украіне 0,37 %.