Горад Глыбокае прываблівае сваім архітэктурна-ланшафтным ансамблем. Маленькае ўтульнае мястэчка можна за гадзіну-дзве аб’ехаць на ровары, і дзе б Вы не агледзеліся, Ваша вока прыцягне стромкія вежы з крыжамі двух Божых храмаў. У люстэркі пяці азёраў можна глядзець гадзінамі.

Глыбокае – горад былых трох мястэчкаў: Зяновічаў, Беразвечча і мястэчка па правы бераг рачулкі Бярэзвіца. Заўважым, землямі левага боку рачулкі, добрай паловы сённяшняга Глыбокага, да пачатку XVII стагоддзя валодаў багаты і моцны род Зяновічаў, затым – таксама княжацкі род Радзівілаў, ад 20-х гадоў XIX стагоддзя – царскі ад’ютант князь Вітгенштэйн. Але толькі па правы бок рачулкі, толькі на былых землях Іосіфа Корсака захаваліся старажытныя муры сямі помнікаў: царквы, касцёла, крыла кляштара кармелітаў, Ільінскай капліцы, Калоны на Копцеўцы, рэштак агароджы кармеліцкага сада і муроў былога Базыльянскага кляштара ў Беразвеччы. Чаму? А таму, што сын роду герба Корсак – Іосіф Корсак – завяшчаў свае багацці, маёнткі на будаўніцтва храмаў і кляштараў. Людзі гэтай зямлі захоўвалі святло духоўнасці ў віхуры войн і атэістычнага разбурэння.

Глыбачане ўзгадалі сына сваёй зямлі Іосіфа Корсака і яго бюст упрыгожыў цэнтр горада, Храмавую Гару.

Ён родны край любіў, куточак гэты.
Пакінуў нам свае багацці – Храмы.
Яны і праз стагоддзі – яго дзеці.
Гонар горада, яго адметнасць.

У газеце “Вольнае Глыбокае” ад 23.09.2010 г. надрукаваны артыкул “440 гадоў Іосіфу Корсаку”. Напэўна чытачам некаторыя думкі аўтара здаліся спрэчнымі. Сёння распавяду пра дзве рэчавыя знаходкі ў доказ экуменічнай ролі роду Корсакаў у полацкай і глыбоцкай гісторыі.

Знаходка ля далёкай Разані можа стаць сенсацыйнай у разгадцы гербаў роду Корсакаў. Другая знаходка – знайсці сякеру пад лаўкай, як здаўна гавораць на вёсцы: два пялёсткі-чаканкі красуюцца на балконе хора Сабора Раства Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім.

Глыбоцкі краязнаўца Саша раскапаў праз Інтэрнэт цікавую вестку. У 2007 годзе на далёкім беразе расійскай ракі Ака, каля слаўнага горада Разані, у агародзе знойдзена плоская металічная гірка з добра захаваўшыміся знакамі ўладальніка. Гірка масай 110 грамаў з вушкам для падвешвання ў моцных і спрытных руках ваяра ХІ стагоддзя была грознай зброяй. Знойдзены кісцень 900-гадовай даўніны – сёння бясцэнная памятка сівой мінуўшчыны. Без перабольшвання – помнік гісторыі Полацкай зямлі і, мабыць, доказ параднення двух родаў: унукаў Рагвалодавічаў і Корсакаў.

На адным баку кісценя – знак трызубца з двума крыжамі. Рускі гісторык Аляксандр Гаўрылаў пасля вывучэння толькі аднаго боку кісценя зрабіў выснову. Гэта родавы знак Усяслава Брачыслававіча, больш вядомага як Усяслаў Чарадзей.

Палачане ўшанавалі памяць свайго зямляка ў бронзавай постаці, вярхом на кані.Усяслаў Брачыслававіч (1029 — 1101 г.г.) вядзе свой радавод ад прабабулі Рагнеды, дачкі полацкага ўладара князя Рагвалода, забітага Уладзімірам разам з дзвюма сынамі каля 980 г. Князёўна Рагнеда прымусова стала жонкай Уладзіміра і нарадзіла сына Ізяслава. Рагнеда зрабіла няўдалы замах на жыццё мужа з пачуцця помсты за забойства бацькі, маці і братоў. Толькі заступніцтва падлетка-сына выратавала яе ад смерці. Была адасланая разам з сынам Ізяславам у Заслаўе і Полацк.

У канцы ХХ стагоддзя глыбачане ўшанавалі памяць патрыёткі нашага краю: назвалі фірменны магазін «Рагнеда», дзе прадаюць знакамітую глыбоцкую згушчонку.

Пра выяву на адваротным баку кісценя даследчыкі пакуль маўчаць. Пра літару Х грэчаскага алфавіта гаворка наперадзе.

На інтэрнэт-форуме «Дамангол» сайту domongol.getbb.ru надрукаваны артыкул «Кистень с владельческим знаком» Аляксандра Гаўрылава (Расія).Зробім кароткі пераказ артыкула у выглядзе цытат. «…Гирька литая… ушко для подвешивания отломано (рис.1)… На стороне 1 изображён знак в виде геральдического трезубца с острыми отрогами по бокам, загнутыми к верху, и двумя крестами в середине трезубца и внизу под его основанием. Находки знаков Рюриковичей встречаются на кистенях данного типа… На стороне 2 знак в виде буквы Х, перехваченной в средней части пояском… Белецкий С.В. справедливо считает этот знак (на стороне 1) принадлежностью именно Всеслава Брячиславовича – единственного сына Брячислава Изяславовича (рис.2)… Находка этого кистеня… будучи найденной в 5 км от Старой Рязани, невольно вспоминаются страницы Никоновской летописи, повествующей, что в 1114 году в Рязани представились князья «Роман Всеславович и Мстислав, внук Игорев».

Радавод князя УладзіміраНе вызывает сомнений, что Роман Всеславович – сын Всеслава Брячеславовича Полоцкого. Возможно, что описываемый кистень принадлежал кому-то из дружинников, сопровождающих Романа.»

А цяпер зробім параўнанне сярэдняга знака на кісцені і цэнральнай часкі шчыта герба Корсакаў.Улічваючы адрозненне па часе заснавання сімвалаў больш за 200 гадоў, падабенства ёсць. Трэба памятаць, што родавыя знакі, геральдыка ў пачатку свайго развіцця надхнялася, брала ідэі з Бібліі. Сярэдзіна ХІ ст. (1054 г.) была азмрочана расколам хрысціянства на праваслаўную і каталіцкую плыні, а Полаччына аказалася на мяжы цывілізацыйных светапоглядаў. Запавет Ісуса Хрыста «Каб усе былі адно…» (Іаана, 17:21) не мог не быць перад вачыма адукаваных полацкіх князёў. У тым ліку пачынальніка выявы, якая была выкананая на кісцені ХІ ст. (грэчаская літара Х, перахвачаная ў сярэдняй частцы паяском). На мой погляд, тут можна прачытаць зашыфраваную сімволіку імя Хрыста… Палавінкі Хрыстовага яйка – праваслаўе і каталіцызм – скованы кальцом у адно цэлае. Пацвярджэннем жывучасці экуменічнай ідэі знака на кісцені і герба роду Корсакаў можа быць аналіз выявы герба і пячатак прадстаўнікоў роду Корсак розных пакаленняў.Пячатка Гераніма Корсака 1649 г. На малюнку герба кальцо, ад якога адыходзяць палавінкі, але гэта надзея зрастаючых палавінак.

Угледземся ў пячатку Антонія Корсака 1748 г. Мінула 99 гадоў. Ужо відаць, што палавінкі яйка прараслі праз кальцо, імкнуцца стаць самастойнымі.

Мінула яшчэ больш за паўстагоддзя. Увайшлі ў гісторыю крывавыя гады канца XVIII стагоддзя. На чаканцы кальцо разарвана, палавінкі сталі самастойнымі. Набліжалася скасаванне Уніі. Дзве чаканкі-пялёсткі і сёння ўпрыгожваюць балкон храма.

Калі ўгледзецца ў гербы Іосіфа Корсака, Гераніма Корсака, Антонія Корсака, чаканку Э С Корсака, ў герб Корсакаў (Котвіцу), у знак уладальніка на кісцені (літара Х, перахопленая паяском), то іх аб’ядноўвае кальцо ў цэнтры літары Х, або таксама кальцо, павернутае ўверх на 90 градусаў.

З вышэйсказанага вынікае: экуменічная ідэя герба роду Корсакаў жыве з сярэдзіны XI стагоддзя, часоў падзелу хрысціянства на візантыйскую і рымскую плыні. Род Корсакаў на працягу стагоддзяў быў за прымірэння хрысціянаў.

Навуковец В.А. Варонін з Мінска паказаў, што Корсакі былі старэйшымі з баяраў у Полацку на працягу 170 гадоў (з васьмідзесятых гадоў XIV ст. і да сярэдзіны XVI ст.).

Сярод Корсакаў былі святары: Глеб Корсак быў архіепіскапам Полацкім у 1558 годзе, а Рафал Корсак – полацкім уніяцкім мітрапалітам каля 1640 года.

Герб Корсак можна чытаць як раннехрысціянскі сімвал якара, знак якога – крыж-якар – мы бачым у Глеба Усяслававіча (мал.2 унізе) – сына Усялава Чарадзея.

Каля горада Разані знойдзены прадмет зброі ваяра ХІ стагоддзя. Магчыма, гэта рэчавы доказ параднення двух славутых родаў Полацкай зямлі: самога Усяслава Чарадзея і папярэднікаў Корсакаў.

Сёння ў Глыбокім радуе вока Храм, камяні падмурка якога памятаюць цёплыя рукі Іосіфа Корсака, заснавальніка і фундатара з 1639 года. Хай зламанае вушка на кісцені – зброі ваяра ХІІ стагоддзя, стане сімвалам паразумення паміж хрысціянамі Беларусі і Расіі.

Хочацца верыць, што помнікі – бюсты Іосіфу Корсаку – хрысціяніну, Эліэзеру Бен-Іегудзе, адраджэнцу пабытовай мовы іўрыт, на якой напісана найвялікшая кніга, вучэбнік усіх часоў – Біблія, іх асвячэнне стане новай старонкай у пошуках паразумення паміж праваслаўнымі, католікамі і яўрэямі.


Крыніцы:

1. Форум древней культуры и искусства Домангол domongol.getbb.ru

2. Белецкий С.В. «О знаках на роговом кистене из Минска». Минск, 1988.

3. Память. Полоцк. БЭ, 2002. Стр. 51-56, 72, 97-98, 101-102.

4. С. Рыбчонак, У. Свяжынскі “Радавод Корсакаў герба Корсак”. Спадчына, 2002, №2.

5. В. А. Варонін “Гісторыя Полацкай зямлі…” Мінск, БДУ.