Мёры ў міжваенны перыяд (1918-1939 гады) мелі статус мястэчка. А мястэчкам на Беларусі спрадвеку называлася паселішча са значным гандлёва-рамесным насельніцтвам.

Так было і ў Мёрах. Увогуле ў Мёрах, як і ва ўсёй Беларусі да ІІ-й Сусветнай вайны, гандлёва-рамеснай дзейнасцю займаліся пераважна габрэі. Бо Мёры да рэвалюцыі ўваходзілі ў так званую рысу аселасці, дзе габрэі мелі права пражываць.

Габрэі сталі сяліцца ў Мёрах ў 70-х гадах ХІХ стагоддзя. Перад Халакостам яны складалі 80-90 % насельніцтва.

Мёры былі значным мясцовым гандлёвым цэнтрам. У іх здаўна праводзіліся два кірмашы на год – 8 і 15 верасня. Кожную нядзелю на цэнтральнай плошчы адбываўся меншы па размаху кірмаш. На ім сяляне навакольных вёсак збывалі сельскагаспадарчую прадукцыю. І куплялі рэчы, неабходныя ў гаспадарцы: газу, запалкі, мыла і г.д.

Ёсць апісанне кірмаша ў Мёрах 8-га верасня 1871 г. Але ж што дзіўна, там няма ні слова аб габрэях. Каб у Віленскай губерніі ў ХІХ стагоддзі кірмаш абыходзіўся без габрэяў – гэта вельмі дзіўна. Але асноўнымі гандлярамі на той час у Мёрах яшчэ былі стараверы.

Хутка становішча памянялася. У 1886 годзе ў Мёрах ужо ўзгадваюцца 2 карчмы. А карчмарамі маглі быць толькі габрэі, бо стараверы тады ў Мёрах і суседніх вёсках не пражывалі.

За польскім часам насельнітва Мёраў пачало заўважна расці. З прыкладна 200 чалавек ў 1914 да 422 у 1927 і 740 ў 1938. Як бачым, рост за чвэрць стагоддзя прыкладна ў 4 разы. Нагадаю, што габрэі складалі 80-90% насельніцтва мястэчка.“Księgа adresowа” 1929 года пералічвае рамеснікаў і гандляроў, якія працавалі ў Мёрах. Больш за ўсё ў мястэчку было краўцоў, пекараў, мяснікоў і гарбароў.

Краўцамі ў Мёрах былі Крукель і Шэйнер. Пекарамі – Гелер, Ёлаў, Тэйтэльбаўм. Мяснікі – Беркман, Эстрын, Крывіцкі. Гарбары – Дрэйзнер, Фруман, Кайданаў, Кочар, Крэйнер, Гельпрын. Былі таксама прадстаўнікі іншых рамёстваў. Цырульнік Філіпік, галантэрэйшчыкі – Дзедзін, Кочар, Кучнер, Рыф, Сасновік, Шэйкіль. Півавары – Кочар, Шэмель. Ваўначос – Кораб.

Як бачна, большасць рамеснікаў былі габрэі. А восць кавальства было не надта габрэйскай справай. У Мёрах славіўся сваім кавальствам Іван Ходас, які пераехаў у мястэчка з вёскі ў 1935 г. Быў у Мёрах і адзін возчык – Макутонін. Гэта быў вельмі бедны чалавек, які нават хадзіў у лапцях.

Гандляроў было ў Мёрах яшчэ больш. Болей за ўсё гандлявалі спажывецкімі таварамі. Гэтым займаліся Чарняўскі, Дрэйзін, Енгіль, Эстраў, Галубцоў, Крэйнаў, Ліфлянчык Г, Ліфлянчык Л., Любінскі, Мунік, Пайкін, Разман, Самерсон, Сегал, Вільновіч, Берсан, Баднёў, Капытаў, Пінцоў.

Двое гандлявалі нават каланіяльнымі таварамі – Эстрін і Трумін. Каланіяльнымі называліся тавары з заморскіх калоній — кава, гарбата, какава, цукар, апельсіны, лімоны. Было некалькі гандляроў ільном. Гэта Арон, Берман, Эйнкорн, Кочар, Пінцоў, Шэйнер, Свірскі. Дэйч меў у Мёрах аптэчны склад. Сельскагаспадарчымі машынамі гандляваў Рубін. Дрэйзін трымаў кавярню. Лесам гандлявалі Бімбат і Маркман. Усяго на 1929 годзе у Мёрах працавалі 22 рамеснікі і 48 гандляроў ды прадпрымальнікаў, як цяпер бы сказалі, сферы абслугоўвання – гэта на 422 чалавекі насельніцтва (1927 год). Дадайце да гэтых людзей іх сем’і – і атрымаецца, што тры чвэрці жыхароў мястэчка жылі з рамяства ды гандлю.

З пазнейшых успамінаў вядома, што ў Мёрах дзейнічаў паравы млын Гедройца, пры якім дзейнічала сукнавальня. Яшчэ ў мястэчку, недзе непадалёк ад цяперашняга міні-рынка на Кастрычніцкай, жыў немец-калбаснік.. У 1941 ён пераехаў у Трэці Рэйх. Побач на той жа вуліцы жыў габрэй, які гандляваў рыбай.У 1935 г. у Міёрах з’явіўся гандляр-беларус Лысёнак, дом якога на Кастрычніцкай (насупраць кінатэатра) нядаўна знеслі. На месцы сучаснага будынка ў цэнтра горада, дзе цяпер месціца крама “Алімп”, калісьці быў дом, дзе таксама вырабляла каўбасы габрэйская сям’я. Але гэты дом згарэў падчас пажару ў 1937 годзе.

Працаваў у мястэчку ветэрынарны фельчар Іосіф Кашкур. Былі ў Мёрах аж 2 рэстараны — Горчака і Кудрэвіча. Былі ашчадная каса і філія браслаўскага кааператыва “Рольнік” – аб’яднання сялянаў, якія мелі за мэту прадаваць прадукты земляробства і набываць тавары па выгадных коштах. Дзейнічала ў Мёрах і гасцініца на цяперашняй вуліцы Леніна, яе нядаўна знеслі. Яе пабудаваў селянін-каталік Лагун, які таксама перасяліўся ў Мёры за польскім часам. А яго хата стаіць і да гэтай пары на скрыжаванні вуліцы Леніна і Школьнага завулка (дом з вялікім белым цокалем).

Такім чынам, Мёры ў гэты час былі тыповым заходнебеларускім мястэчкам. без значнай прамысловасці і з сярэднеразвітымі рамяством і гандлем. Мёрскія гандляры і рамеснікі задавальнялі патрэбы вясковага насельніцтва Мёрскай гміны. Але канкурэнтам Мёраў у кавальстве і часанні воўны была вёска Чэрасы.

Увогуле, дзякуючы яўрэям Міёры сталі мястэчкам у поўным сэнсе гэтага слова. Гэтае местачковае жыццё было парушана пачаткам ІІ Сусветнай вайны – савецкімі рэпрэсіямі супраць інтэлігенцыі і сялянства, нямецкім Халакостам і паваенным выездам у Польшчу па рэпатрыяцыі.

Пасля вайны Мёры сталі развівацца за кошт перасяленцаў з вёсак. Рамяство знікае, а гандаль становіцца толькі дзяржаўным. Гэта ўжо іншая эпоха.