Камяні называюць самымі старажытнымі сведкамі гісторыі Зямлі і чалавецтва. І Баранавіцкі край таксама можа пахваліцца сваімі культавымі і гістарычнымі валунамі, сведкамі сівой даўніны. Наконт паходжання вялікіх валуноў, якіх вельмі многа параскідана на беларускіх раўнінах, у розны час паўставалі розныя тэорыі. Аднак сёння меркаванні навукоўцаў сыходзяцца пераважна на адной версіі: нашы валуны былі прынесены ледавіком.

Адзін з такіх валуноў ледавіковай эпохі, знаходзіцца каля вёскі Карчова  Баранавіцкага раёна  Брэсцкай вобласці. Камень называюць “Вялікім” за  яго значныя памеры. Нават рэшткі яго, здзіўляюць сваёй велічынёй. У 16 ст. з большай часткі каменя быў зроблены буйны жарон для млына, які знаходзіўся ў мястэчку Мір. У 1971 годзе гэты валун, быў абвешчаны геалагічным помнікам прыроды. Але ёсць усе падставы лічыць гэты камень не толькі прыродным помнікам, але і помнікам нашай гісторыі і культуры. Чаму?

Больш распаўсюджаная назва, якая замацавалася за каменем – камень Філарэтаў. З гістарычных крыніц нам вядома, што ў Туганавічы (цяпер в. Карчова) прыязджалі філаматы — філарэты, разам з Ігнатам Дамейкам, які з’яўляўся сваяком уладальнікаў маёнтка Верашчакаў. Маладыя людзі сустракаліся каля каменя, таму за ім і замацавалася такая назва – камень Філарэтаў.

Але ў сучаснай навуковай літаратуры, адсутнічаюць падрабязныя звесткі на конт таго, ці на самой справе збіраліся тут філаматы альбо філарэты і калі яны тут збіраліся, адказаў няма. Больш таго сучаснай літаратуры, якая прысвечана вывучэнню менавіта філарэтавага каменя і мясцовасці на якой ён знаходзіцца на вялікі жаль, не вельмі многа. Яна прадстаўляе сабой не вельмі дакладныя і сціплыя звесткі.Такім чынам, пры вывучэнні навуковай літаратуры і інтэрнэт — рэсурсаў можна зрабіць выснову аб тым, што камень філарэтаў і гісторыя яго назвы не дастаткова вывучаны і патрабуюць больш шырокага і паглыбленага даследавання.

Акрамя паходжання назвы каменя, ёсць і яшчэ адна праблема. У некаторых дакументах пазначаецца, што камень Філарэтаў знаходзіцца каля вёскі Грачыхі. Ці насамой справе гэта так? Разам са сваімі вучнямі я правёў краязнаўчую экспедыцыю у ходзе якой была абследавана мясцовасць, праводзілася вымярэнне адлегласці ад каменя да бліжэйшых населеных пунктаў. У выніку  было дакладна ўстаноўлена, што камень знаходзіцца ўсё ж такі каля вёскі Карчова.

Але вернемся ўсё ж да галоўнага пытання.  Ці збіраліся філарэты каля Вялікага камня? Калі, у якім годзе яны тут збіраліся? Ці заслугоўвае такой назвы гэты камень? Даследаванняў па гэтай тэматыцы ніхто не праводзіў. І канешне адказаў на гэтыя пытанні ў літаратуры нажаль няма. Мяне зацікавілі гэтыя пытанні і я пачаў сваё асабістае даследаванне па гэтай праблеме.

Акрамя навуковай літаратуры праводзіўся таксама аналіз паэмы “Дзяды ” А.Міцкевіча, так як вядома, што чацвёртая частка паэмы, прысвечана ўзаемаадносінам Міцкевіча з Марыляй Верашчакай. Праводзіўся таксама і аналіз паэмы “Пан Тадэвуш”, якая, па меркаванні даследчыкаў, цалкам адпавядае тапаграфіі Туганавіцкай сядзібы тых часоў. Праводзілася таксама і работа з мясцовым насельніцтвам у форме гутарак. Акрамя вышэй пералічанага, выкарыстоўвалася  ў рабоце таксама і перапіска  філаматаў за 1819 і 1820 г.г.

Па-першае, каб устанавіць у які час тут збіраліся філаматы-філарэты, трэба

вызначыць калі менавіта сюды прыехаў А.Міцкевіч з іншымі філаматамі. Як мы ведаем, Міцкевіч галоўны персанаж з усіх філаматаў у гісторыі Туганавіцкага парка. Паміж ім і дачкой гаспадыні маёнтка Марыляй Верашчакай зарадзілася вялікае каханне, якое яны пранеслі праз усё сваё жыццё, але расталіся назаўжды ў 1822 годзе. І невядома, як бы склаўся лёс гэтага кахання далей, калі б  Міцкевіча не арыштавалі ў 1823 годзе.

Шмат сваіх твораў прысвяціў Адам Міцкевіч Марылі і Туганавічам.  Вывучаючы гісторыю іх узаемаадносін, можна прыйсці да высновы, што, калі б не было  Марылі, не было б і славы пра Туганавічы. І, урэшце рэшт, наўрад ці Адам Міцкевіч узняўся б да такіх вяршынь паэтычнага жыцця. Без Марылі, якая натхніла яго сваімі паводзінамі, сваім дальнабачным і разумным характарам, паэзія Міцкевіча збяднела б вельмі моцна.

У сучасных крыніцах сустракаюцца розныя гады, калі А.Міцкевіч завітаў у Туганавічы першы раз – 1817, асабліва часта сустракаецца 1818, ёсць але без доказаў і 1819 год, 1820 г. Як бачым меркаванняў многа. Што ні аўтар, то свая тэорыя. Але доказаў нажаль ніякіх.

Шляхам аналізу літаратуры, я прыйшоў да наступнай высновы. Вядома, што Марыля Верашчака была заручана з графам Путкамерам яшчэ да сустрэчы з Міцкевічам. Урачыстыя заручыны, якія Путкамер выразіў і запісаў у вершаванай форме, адбыліся 14 ліпеня 1819 года, аб чым было запісана ў штамбуху Марылі.

Значыць, Міцкевіч не мог прыехаць у Туганавічы ў вышэй названыя гады, акрамя 1819 года. Ён прыехаў у Туганавічы разам з Тамашам Занам. Сябры прыехалі акурат на дзень імянінаў Марылі, 15 жніўня. Аб гэтым сцвярджаюць фактычна ўсе аўтары. Тут таксама адзначу і пра тое, што некаторыя аўтары сцвярджаюць, што Марыля нарадзілася 15 жніўня. Гэта памылка. Дзень імянінаў і дзень народзінаў – гэта не адно і тое ж. 15 жніўня Марыля адзначала дзень свайго імені, дзень свайго анёла-ахоўніка. Для каталіцкай дзяўчыны гэта было таксама вялікае свята. А нарадзілася яна 24 снежня 1799 года, як і Адам Міцкевіч, толькі Адам у 1798 годзе.

Такім чынам, Міцкевіч трапіў у Туганавічы першы раз 15 жніўня 1819 года. У гэтым жа годзе, да канца жніўня пачатку верасня, Міцкевіч павінен быў з’явіцца ў Ковенскай гімназіі,  куды яго накіравалі настаўнічаць пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта. А закончыў універсітэт Адам, акурат у чэрвені 1819 года. З гэтага можна зрабіць выснову аб тым, што Міцкевіч у Туганавічах прабыў не доўга. І канешне ніякіх рамантычных сустрэч з Марыляй у гэтым годзе тут быць не магло, прайшоў толькі месяц пасля заручын Марылі з графам Ваўжынцам Путкамерам. Тым больш з навуковай літаратуры вядома, што Марыля не адразу спадабалася Міцкевічу. Аб гэтым адзінадушна сцвярджаюць усе даследчыкі. Аб гэтым пішуць і філаматы ў сваёй перапісцы паміж сабою.  Не было сустрэч і філаматаў, а тым больш філарэтаў, каля камня ў гэтым годзе. Філаматы былі тайнай арганізацыяй, а часу на знаёмства з мясцовай абстаноўкай было мала.

А калі Міцкевіч прыехаў з сябрамі ў Туганавічы ў другі раз, на наступны год – летам 1820-га, тут і разгарэліся рамантычныя  пачуцці  паміж ім і маладой паненкай. Гэта пацвярджае і той факт, што менавіта ў гэтым годзе 1820-м, вобраз Марылі пачынае сустракаецца ў творах  Міцкевіча.

Але другі раз, Міцкевіч прыехаў сюды не із-за Марылі, як сцвярджаюць многія аўтары і даследчыкі жыццёвага шляху Адама Міцкевіча. У Адама і яго сяброў, якія прыехалі   разам  з  ім,  была   зусім  другая мэта. А каханне адбылося выпадкова. Як гэта часта бывае, маладыя людзі сустракаліся ў адной кампаніі, узніклі ўзаемныя сімпатыі а затым і каханне.

Але чаму Міцкевіч прыехаў сюды з Т.Занам і іншымі сябрамі – філаматамі ў 1820 годзе? Уся справа ў тым, што таварыства філаматаў, створанае рэвалюцыйнай моладзю Віленскага ўніверсітэта ў 1817 годзе, было абмежавана навуковымі задачамі. Стаць членам гэтай арганізацыі  было вельмі не лёгка. У дадатак, філаматы баяліся здрады, таму прымалі не толькі навукоўцаў, але і вельмі правераных людзей.

За ўсю гісторыю дзейнасці філаматаў, яе членамі былі толькі 19 чалавек. Асноўнай задачай філаматаў, была самаадукацыя,  вывучэнне сваёй Радзімы, пашырэнне асветы. І менавіта праз асвету, філаматы імкнуліся да галоўнай сваёй мэты. Адмена прыгоннага права і вызваленне Бацькаўшчыны ад рускага царызму.

Для большай масавасці, філаматы ствараюць пад кіраўніцтвам Тамаша Зана, таварыства – “Прамяністых”, праз якое, яны хацелі праводзіць свае філамацкія ідэі — пашырэнне асветы.  Для прамяністых, філаматы саставілі 15 правіл, а для таго каб прыцягнуць моладзь у гэту арганізацыю Тамаш Зан, стварае самую простую прыцягальную тактыку – агульныя пагулянкі, маёўкі і г.д.

Першая такая сходка прамяністых адбылася 6 мая 1820 года. Стаць членам прамяністых мог любы малады чалавек, таму што, гэта арганізацыя не патрабавала навуковых абмежаванняў. Але канешне філаматы не пасвяшчалі прамяністых у свае намеры. У пачатку, рэктар Віленскага ўніверсітэта Сымон Малеўскі, падтрымліваў прамяністых.

Але з-за вялікай масавасці, іх было па словах Тамаша Зана каля 150 чалавек, ён загадаў распусціць гэта аб’яднанне. І філаматы падпарадкаваліся гэтаму загаду. Але вырашылі аднавіць яго, замяніць назву, зрабіць яго тайным, пашырыць задачы і выдвінуць новую праграму. Гэта работа канешне не аднаго дня. Для гэтага, яны і прыехалі ў Туганавічы летам 1820 года.Дзе філаматы маглі праводзіць  свае сходкі? У саміх Туганавічах? Каля Свіцязі? Самым ідэальным месцам каля Туганавіч і быў Вялікі камень. Таму і збіраліся каля яго. Міцкевіч апісвае  камень у сваёй паэме.   Тут варта прыгадаць яго радкі:    “…У сярэдзіне камень шарэў, З пад якога крыніца бруіла…”.

Дык аб якім камні пісаў А.Міцкевіч? І чаму ён звярнуў на яго ўвагу? Адказ

просты. Камень ляжыць у глыбокім рве, пабаках яго вялікія насыпы, вось гэта і ёсць тая сярэдзіна, у якой шарэў камень. Тут ён  сустракаўся са сваімі  сябрамі, удзельнікамі патаемнага таварыства філаматаў, дзе абмяркоўвалі пытанні ўтварэння новага аб’яднання. Сустракаўся тут Міцкевіч і з самой Марыляй.

“…Тальмэна назвала то месца Святыняй Задумы…”. Пра якую Святую задуму піша Міцкевіч?  Тут сустракаецца вельмі цікавы факт.  Менавіта пасля наведвання Туганавіч, Тамаш Зан, які быў тут з Міцкевічам і іншымі філаматамі, у верасні 1820 года стварае ў Віленскім універсітэце больш радыкальнае аб’яднанне філаматаў – таварыства філарэтаў, якое, як мы ўжо ведаем, было створана замест прамяністых.

Калі Зан з Міцкевічам і іншымі філаматамі  былі амаль усё лета ў Туганавічах, то яны безумоўна абмяркоўвалі магчымасць стварэння новага аб’яднання. І менавіта тут, каля камня і нарадзілася ідэя  стварэння — Філарэтаў. Вось гэта і ёсць “Святая Задума” пра якую піша   Адам Міцкевіч у паэме “Пан Тадэвуш”. Чаму менавіта ў Туганавічах сустрэліся філаматы? Адзін з філаматаў, Ігнат Дамейка, прыходзіўся пляменнікам для гаспадыні маёнтка Францішцы Верашчакі. Бацька Ігната, Іпаліт Дамейка, быў хросным бацькам Марылі. Многія з філаматаў таксама былі выхадцамі з Навагрудчыны. Акрамя таго, Тамаш Зан быў добра знаёмы з братамі Марылі, Міхаілам і Юзафам Верашчакамі,  яны разам вучыліся.

Таму і прыехалі філаматы менавіта сюды ў Туганавічы. Вельмі цікавае месца, далей ад паліцыі, менш сведкаў.  А філарэты, як вызначаецца ў літаратуры, каля каменя ніколі не збіраліся. Такога аб’яднання летам 1820 года проста не было. Тут збіраліся толькі філаматы,  па якой прычыне мы ўжо ведаем.

Філаматы і Філарэты, гэта не адно і тое ж аб’яднанне. Фактычна ўсе аўтары, якія краналіся гэтай тэматыкі памыляюцца. І памылка іх заключаецца ў тым, што імі не дастаткова вывучаны і прааналізіраваны, дзейнасць гэтых аб’яднанняў.

Філарэтамі кіравалі Філаматы. Многія Філарэты, калі не ўсе,  нават неведалі пра само існаванне таварыства філаматаў, не кажучы ўжо пра іх галоўныя мэты. Даведаліся яны пра яго толькі ў 1823 годзе, калі пачалося следства па справах філарэтаў. У выніку следства па справах філарэтаў, за якіх прынялі і Міцкевіча і Зана і Дамейку і іншых філаматаў, вызначылася і пра дзейнасць філаматаў. За ўсю гісторыю дзейнасці філамацкага руху, у складзе гэтай арганізацыі было толькі 19 чалавек. Філаматы былі вельмі засакрэчанай, тайнай арганізацыяй. Што датычыцца філарэтаў, то за тры гады іх дзейнасці ў склад гэтай арганізацыі ўваходзіла больш за 100 чалавек. І канешне філаматы не пасвяшчалі філарэтаў аб існаванні філамацкага аб’яднання. Невядома, як бы развіваліся падзеі далей, калі б улады не даведаліся пра філаматаў. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Такім чынам, можна адзначыць, што філаматы сустракаліся каля вялікага каменя — летам 1820 года і канешне не аднойчы. Тут каля камня, яны прынял рашэнне аб стварэнні таварыства Філарэтаў. Таму і замацавалася назва за каменем – камень Філарэтаў!

Тут таксама можна адзначыць і той факт, што назву каменю маглі даць як самі філаматы, так і мясцовыя жыхары. Гэта дакладна ўжо не вызначыш. Але як вядома, дыму без агню не бывае. Чаму, па якой прычыне жыхары нараклі гэты камень – Філарэтавым?  Колькі ўжо пакаленняў навакольных вёсак ведаюць яго пад такой назвай. На пустым месцы вяскоўцы назвы не даюць, тым больш такія. Таму і перадаецца назва – камень Філарэтаў з пакалення ў пакаленне. Камень, безумоўна, заслугоўвае на гэтую назву. А мы з вамі можам смела адзначыць, што камень Філарэтаў не толькі помнік прыроды, але і помнік нашай гісторыі –  “Святыня Задумы” гісторыі Беларусі.