Гісторыя гарадзенскіх цэркваў вывучаецца з ХІХ ст., але нельга сказаць, што на ўсё пытанні атрыманы адказы [1]. У гістарыяграфіі склаўся шэраг памылковых меркаванняў, якія пераходзяць з адной працы ў другую.
Напрыклад, лічыцца што ў Гародні існавала царква Св. Спаса. Меркаванне базуецца на дакуменце за 1514 г.[2], па якому свяшчэннік Марк атрымаў дазвол пабудаваць млын з гаццю на рацэ Котра на набытай зямлі[3]. Але тут ідзе гаворка пра Котру. На той час там існавала царква Св. Спаса[4]. Котра належала Юрыю Катовічу, аб чым згадваецца пра гэта ў справе за 1532 г.[5] Падзел маёмасці пасля яго сына Павела Катовіча, гарадзенскага маршалка і падкаморыя, адбыўся паміж яго дочкамі Паланеяй і Багданай утрымлівае важную згадку пра царкву Св. Спаса. Льву Масальскаму і Багдане адышлі маёнтак Ожскі з выплатай пазыкаў, дамы і пляцы ў Гародні, царква ў Котры Св. Спаса: “Всих домовъ и пляц в месте Городенскомъ лежачых, к церкви Котаровское светого Спаса з кгрунтеи церквны з домами поповскими из церквами, которая церковъ и домы в месте Городенскомъ” (1573)[6].

Блытаніна атрымалася з Васкрэсенскай царквой. Услед за Аленай Квітніцкай у гістарыяграфіі склалася меркаванне, што яна знаходзілася на супраць мураванага замку, на тэрыторыі каралеўскага двара. Як доказ была прынята згадку пра мураваную царкву ў інвентары 1650 г., якую атаясамілі з апісаннем рэшткаў храма пасля пажару 1613 г.[7] Але ў самім дакуменце не адзначана пра тое, што храм пашкоджаны. Да таго ж гэтае апісанне мае дачыненне да Прачысценскай царквы. Шлях да яе апісаны з мураванага замку праз каралеўскі двор (парканам), пасля праз мост з двара ў горад і на права[8]. Адсутнасць царквы на тэрыторыі Новага замку пацвярджае інвентар Гарадзенскага староства за 1578 г. У дакуменце не згадваецца храм, а толькі пабудовы прызначаныя для каралеўскага двара[9].

Васкрэсенская царква сапраўды знаходзілася на гары насупраць замку, але ў іншым месцы – дзе зараз пажарнае дэпо. Лічыцца, што там была Малая царква[10]. Назва храма ўвайшла з гістарыяграфію пайшла з прывілея гарадзенскім жыдам, які з’яўляецца фальсіфікатам першай паловы XVI ст. У ім апісаны межы пражывання жыдоў, дзе адзначаны, што яны праходзілі каля Малой царквы недалёка да замку[11]. Так як у падробцы дакумента была зацікаўлена жыдоўскага грамада, то назву царквы маглі спецыяльна не згадаць. У прывілеі стаіць дата 1389 г., а на тым месцы праваслаўнага храма верагодна ў той час яшчэ не было, але ў XVI ст. ён дакладна існаваў.

Выява Васкрэсенскай царквы з гравюры Адэльгаўзера–Цюндта 1567–1568 гг.

Месца знаходжання Васкрэсенскай царквы ўдакладняе прывілей Стэфана Баторыя на дом у Гародні Францішку з Весяліна[12] за 10 снежня 1584 г. Пляц знаходзіўся на вул. Замкавая, як ісці да замку вул. Вялікай па правай руцэ. Межаваў з аднаго боку ад дому гарадзенскага жыда Іллі Лазаровіча, а з другога боку ад замку на рагу могілак Васкрэсенскай царквы, тылам да пляцаў і дамоў падданых мяшчан Мацея Бондара, Яна Скрабоўскага, Яцка Подзельніка, Мордуша жыда і Аргона яго сына[13]. Дакумент пацвярджае, што царква была побач з замкам, побач з жыдоўскай юрыдыкай. Толькі ў ім згадваецца пра існаванне могілак каля царквы.

У продажы пляца Крыштафа Гешкоўскага і яго жонкі Гальшкі Карыцінскай жыду Беняшу Ізаковічу на вул. Жыдоўскай згадваецца “мураваная руская царква”, без назвы (1607)[14]. Зыходзячы з папярэдняй інфармацыі, можна меркаваць, што гворка ў дакуменце ішла пра Васкрэсенскую царкву.

Пра знаходжанне царквы насупраць замку згадваецца ў прывілеі Уладзіслава IV 1633 г.[15] На падставе крыніц ХVІІ–ХVІІІ стст. Пшэмыслаў Баровік таксама прыйшоў да высновы, што Васкрэсенская царква знаходзілася на месцы, які ў інвентары 1680 г. называўся “манастырыкам” і знаходзіўся пры вул. Замкавая[16]. Назва такая паходзіць стала ад манастыра пры Прачысценскай царквы, да якой стаў адносіцца пляц. На гэтым месцы пабудавалі каралеўскія стайні ў 1783 г.[17]

Дакументальныя звесткі пацвярджаюць археалагічныя раскопы 2006 г.[18] На тэрыторыя пажарнага дэпо былі выяўлены пахаванні ХVІ–ХVІІ стст. і рэшткі мураванай сцяны. Пахаванні сведчаць пра наяўнасць у гэтым месцы рэгулярных могілак. Выяўленая сцяна не дае дакладныя абрысы фундаментаў царквы[19]. Па-першае царква была спалена, а па-другое на гэтым месцы пазней з’явіліся розныя будынкі.

Муры царквы з археалагічных раскопаў 2006 г. Фотаздымак Юліі Юркавец.

Археалагічныя і дакументальныя крыніцы сведчаць на карысць існавання на гэтым узвышшы Васкрэсенскай царквы. Адзіная выява царквы захавалася на гравюры Адэльгаўзера–Цюндта 1567–1568 гг. “vera designatio urbis in Littavia Grodnae”. Яна царква змешчана паміж каралеўскім дваром і Прачысценскай царквой, не падпісана. Васкрэсенская царква патрапіла ў сюжэт з Прачысценскай царквой, бо мастак маляваў яго з іншага месца. А. Квітніцкая апісваючы гэтую царкву як Малую, адзначала, што гэта пабудова з двухсхільным дахам з невялікім купалам на версе[20].

Пра Васкрэсенскую царкву захавалася не так шмат інфармацыі. Першыя пісьмовыя згадкі пра яе адносяцца да перыяду кіравання Аляксандра Ягелончыка[21]. Ён надаў у вёсцы Альшанка 2 валокі зямлі. Яны былі зафіксаваны як уласнасць царквы ў валочнай памеры (1560–1561)[22]. Гэта дазваляе меркаваць, што царква існавала ўжо ў канцы XV – пачатку ХVI стст.

Пра дзейнасць царквы можна меркаваць з урывачнай інфармацыі пра свяшчэннікаў. Са святароў найбольш звестак захавалася пра свяшчэнніка Авяркея Паўловіча. Ён быў братам гарадзенскага шляхціча Кандрата Івановіча, унукам Сцені Сцяцкоўны Сабаноўны. У яго была жонка Ганна Федкаўна і дзеці. Авяркей Паўловіч і Зянко Іванавіч прадалі Богушу Міцуце за 55 коп літоўскіх грошаў (1555) дворэц на Малышчыкоўшчыне. Авяркей абвінавачваў гарадзенскага свечніка Каленіка Васковіча ў нанясенні пабояў (1555). Свяшчэннік судзіўся з шляхцічам Багданам Чашэйкам з-за наезду на маёнтак Горніца, які ён трымаў у заставе ад яго маці Марыны Жукоўны. Багдан выгнаў жонку свяшчэнніка Ганну Федкаўну і дзяцей, забраў рэчы. Багдан Чэшэйковіч таксама падаваў скаргу на папа (1558, 1660). Авяркей Паўловіч падаў скаргу на гарадзенскага баярына Карпа Грынашкевіча, што ён быццам бы яго пабіў. Але не змог даказаць, і Карпа прызналі не вінаватым. Былі выкарыстаны сведчанні дачкі папа (1558)[23].

У судовай справе гарадзенскага войта Богуша Міхновіча з Ядвігай Мыслоўскай, зямянкай крайчага ВКЛ Юрыя Хадкевіча згадваўся дзяк Васкрасенскай царквы (1558). Але імя не названа[24].

Пазней у царкве служылі яшчэ Максім Юрэвіч, які набыў для царквы пляцы на вуліцы Рэзніцкай у Багдана Семеновіча Кульбацкага і ў жонкі Андрэя Казароды. Пляцы межавалі па бакам з пляцамі Фёдара Якубовіча, Міхала Крашнеўскага, чолам выходзілі на вуліцу, а канцом на пляц Беноўскага[25]. У Юр’евіча быў дом каля Прачысценскай царквы. Пра гэта адзначана ў продажы за 1604 г.[26] З 1633 г. паходзяць звесткі пра свяшчэнніка Івана Рэпніцкага (1633)[27].

У 1613 г. царква згарэла разам з іншымі царкоўнымі пабудовамі. Гэта прымусіла перанесці царкву ў іншае месца. Уладзіслаў IV па просьбе свяшчэнніка Івана Рэпніцкага пацвердзіў прывілеі Аляксандра Ягелончыка на 2 валокі ў Альшанцы і Стэфана Баторыя на 2 валокі ў Канюхах і права на набытыя пляцы вул. Рэзніцкая (1633). На гэтую вуліцу было дазволена перанесці царкву. Месца каля замку не задавальняла свяшчэннікаў з-за сваёй малалюднасці, што не прыносіла даход царкве. Умовай надання прывілея стаў пераход царквы ва уніяцтва[28]. Пляц каля замку застаўся ў царкоўным падпарадкаванні і ў 1753 г. нават называўся Васкрэсенскай юрыдыкай[29]. У інвентары горада за 1680 г. адзначаліся папоўскія пляцы на вул. Рэзніцкая[30]. У ХVІІІ ст. царква была ўжо ў даволі занядбаным стане[31].

Такім чынам, першая Васкрэсенская царква знаходзілася насупраць замку, але там, дзе зараз месціцца пажарнае дэпо. Археалагічныя і дакументальныя крыніцы пацвярджаюць, што яна была мураваная. Праіснавала царква да пажару 1613 г., а пасля была перанесена на вул. Рэзніцкая. Па прычыне пажару, страты архіваў гарадзенскага гродскага суда і магістрату па гісторыі храма захавалася мала дакументаў. Аднак яны дазваляюць у некаторай ступені аднавіць гісторыю царквы, што мае важнае значэння для гісторыя Гародні.


[1] Пра гарадзенскія цэрквы гл.: Орловский Е. Гродненская старина. Ч. 1. гродна, 1910. C. 14–18, 40–43 і інш.; Walicki M. Cierkiew św. św. Borysa i Gleba na Kołoży pod Grodniem // Studia do dzieów sztuki w Polsce. 1929. T.1. S. 1–28; Jodkowski J. Świątynia warowna na Kołoży w świetle badań archiwalnych i archeologicznych dokonanych w 1935 r. Grodno, 1936; Воронин Н. Древнее Гродно. М., 1954. С. 78–104; Слючанка В.Г. Барысагребская (Каложская) царква ў Гродне. Мн., 1992; Трусов И. Православные храмы Гродно (краткий очерк истории). Минск-Гродно, 2008; Сліж Н. З гісторыі Прачысценскай царквы ў Гародні. ХVI–ХVIІI ст. // Гарадзенскі палімпсест ХІІ–ХХ стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 7 лістапада 2008 г.) / Пад рэдакцыяй А.Ф. Смаленчука і Н.У. Сліж. Гародня – Беласток, 2008. С. 64–95; Сліж Н. Невядомае пра вядомае: уладанні царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба ў канцы 15 – пачатку 17 ст. // Гістарычны альманах. 2012. Т. 18. C. 2–26 і інш.

[2] Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня–Вроцлаў, 2008. С. 73.

[3] Lietuvos Metrika. Kn. 9 (1511–1518) / Parengė K. Pietkiewicz. Vilnius, 2002. P. 278.

[4] Lietuvos Metrika. Kn. 15 (1528-1538): Užrašymų knyga 15 / Parengė A.Dubonis. Vilnius, 2002. Р. 188–189.

[5] Ibid. Р. 189.

[6] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф.1755. Воп.1. Спр. 7. Арк. 54 адв.–56 адв.

[7] Квитницкая Е.Д. Планировка Гродно в XVI–XVIII вв. // Архитектурное наследство. № 17. М., 1964. С. 12, 20; Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня–Вроцлаў, 2008. С. 78.

[8] Писцовая книга Гродненской экономии. Ч. 2. Вильна, 1882. С. 10.

[9] Archiwum Glowne Akt Dawnych. Archiwum Kameralny. Sygn. I/10 (mf А-44336). K. 10–16.

[10] Квитницкая Е.Д. Планировка Гродно в XVI–XVIII вв. // Архитектурное наследство. № 17. М., 1964. С. 12; Краўцэвіч А. Гарады і замкі Беларускага Панямоння ў XІV–XVIII стст., планіроўка, культурны слой. Мн., 1991. С. 71; Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня–Вроцлаў, 2008. С. 75–76.

[11] Так, у дакуменце як сведка згадваецца князь Фёдар як луцкі ваявода. Але не існавала Луцкага ваяводства. Бершадский С.А. Русско-еврейский архив. Документы и материалы для истории евреев в России. Т.1. Документы и регесты к истории литовских евреев (1388-1550). СПб., 1882. С. 26–27; Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi, magni ducis Lithuaniae / Opr. i wyd. J.Ochmanski. Warszawa–Poznań, 1986. S. 180–181.

[12] Францішак быў даверанай асобай Стэфана Баторыя, паходзіў з семіградскай шляхецкай сям’і. У 1586 г., калі Баторыю стала дрэнна ён быў выкліканы да яго і прысутнічаў пры яго смерці. Францішак памёр у 1594 г. Jankowski T. Smierć Stefana Batorego w Grodnie. Grodno, 1930. S. 20.

[13] Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 70 (1582–1585). Кніга запісаў № 70 (Копія канца XVI ст.) / Падрыхтаваў А.А. Мяцельскі. Мн.: Беларуская навука, 2008. С. 222‑223.

[14] НГАБ. Ф. 1755. Воп. 1. Спр. 18. Арк. 318адв – 319.

[15] Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1519 (Метрыка ВКЛ). Спр. 106. Арк.315–316; Акты виленской археографической коммисии (АВАК). Т. 1. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1865. С. 60–62.

[16] Borowik P. Unici w Grodnie w drugej połowie XVIII wieku // śladami unii brzeskie / Pod red. R. Dobrowolskiego, M. Zemło. Liblin; Suprasl, 2010. S. 233–235.

[17] Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня–Вроцлаў, 2008. С. 75–76.

[18] Пры перабудове пажарнага дэпо былі парушаны могілкі. Дзякуючы ўмяшанню грамадскасці тут былі праведзены археалагічныя працы, але з-за дзеянняў уладаў і пажарнай службы правесці даследаванні на ўсёй тэрыторыі не атрымалася. Аб раскопках гл.: Завяршыліся раскопкі на тэрыторыі пажарнай часткі. 1 лістапада 2006 года // Рэжым доступу: http://harodnia.com/a38.php.

[19] Юркавец Ю.В. Справаздача аб археалагічных даследаваннях у г. Гродна, на вул. Замкавая 19. Гродна, 2007. С. 4–7, 10–11, 16, 94–108. Выказваю шчырую падзяку Юліі Юркавец за магчымасць карыстацца справаздачай.

[20] Квитницкая Е.Д. Планировка Гродно в XVI–XVIII вв. // Архитектурное наследство. № 17. М., 1964. С. 20.

[21] АВАК. Т. 1. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1865. С. 60–62.

[22] Писцовая книга Гродненской экономии. Ч. 2. Вильна, 1882. С. 87.

[23] АВАК. Т. 21. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1894. С. 59, 80, 251, 369–370; АВАК. Т. 17. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1890. С. 399, 415–416, 421; Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 3. Вильна, 1867. С. 16–17.

[24] АВАК. Т. 21. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1894. С. 374.

[25] АВАК. Т. 1. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1865. С. 60–62.

[26] НГАБ у гародні, ф.1475, воп.1, спр.2, арк.60–63.

[27] АВАК. Т. 1. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1865. С. 60–62.

[28] Тамсама.

[29] Писцовая книга Гродненской экономии. Ч. 2. Вильна, 1882. С. 189; Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т.2. 1701-1839. СПб., 1907. С. 151.

[30] Zakład Narodowy im. Ossolineum. Dział Rękopisów. Sygn. 5620/ІІ. K.56v.

[31] Писцовая книга Гродненской экономии. Ч. 2. Вильна, 1882. С. 292; Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня–Вроцлаў, 2008. С. 78.