Што такое архітэктурная спадчына? Адказ на гэтае пытанне не такі трывіяльны, як можа падацца на першы погляд. «Спадчына — гэта выдатнае сведчанне мінулага, што дайшло да нас праз стагоддзі», — такім прагучаў бы адказ і 100, і 50 гадоў таму. Але развіццё культуры і тэхнікі апошніх дзесяцігоддзяў паставіла перад грамадствам новыя выклікі.

У капіталістычным свеце, да якога не так даўно далучылася і наша краіна, помнікі знаходзяцца на перакрыжаванні інтарэсаў самых розных груп насельніцтва. Для адмыслоўцаў аховы і патрыётаў Бацькаўшчыны  помнікі — гэта праява беларускай культуры і сведчанне багатай гісторыі краю. Для архітэктараў і рэстаўратараў — аб’ект прыкладання творчай энергіі, сродак рэалізацыі ўласных прафесійных амбіцый. Для бізнесу — гэта дадатковы фактар гаспадарчай дзейнасці, носьбіт пэўнага камерцыйнага патэнцыялу — станоўчага альбо адмоўнага. Для чынавенства — гэта аб’ект кантролю і кіравання. Для грамадскіх дзеячаў — сродак аб’яднання людзей вакол пэўнай ідэі. А што такое помнікі для шараговых грамадзян — гэтага мы пакуль не ведаем наогул. Прадстаўленыя тлумачэнні помніка цяжка суадносяцца паміж сабой, у выніку чаго любая дзейнасць, звязаная з яго захаваннем і аднаўленнем, мае надзвычай вялікі канфліктагенны патэнцыял. Больш за тое, для постсацыялістычных краін, што вырваліся з-пад савецкага дыктату і дагэтуль яшчэ выпрацоўваюць уласную этнакультурную і палітычную ідэнтычнасць, відавочная з’ява, калі лішак нацыяналістычных і палітычных спекуляцый на тэме спадчыны выцясняе навуковы і культурны складнікі яе захавання. Гэта надзвычай характэрна і для шматкультурнай Беларусі.

Мала таго, колькасць помнікаў увесь час расце. Усё новыя тыпалагічныя групы аб’ектаў — індустрыяльная, сельская спадчына, помнікі савецкай архітэктуры, нават цэлыя культурныя ландшафты атрымліваюць прызнанне грамадства, а значыць, выклікаюць новыя дыскусіі. Усё больш сучасных збудаванняў атрымліваюць статус помнікаў яшчэ пры жыцці іх стваральнікаў. Калі тэндэнцыя захаваецца, ужо ў хуткай будучыні нам давядзецца ахоўваць і кансерваваць літаральна ўсе тварэнні чалавека. А як тады развівацца гарадам?… У гэтых умовах тэорыя нерухомай спадчыны атрымлівае новы імпульс для развіцця. Помнікі, а таксама стратэгіі іх захавання ды аднаўлення, патрабуюць чарговага пераасэнсавання, абгаворвання спецыфічнай унутрыбеларускай праблематыкі. Вельмі не стае нам сістэмнага параўнання з адпаведнымі практыкамі суседніх краін. Большасць матэрыялаў, прадстаўленых у дадзеным тэматычным нумары, утрымлівае гуманітарны погляд на праблемы спадчыны. Сёння вельмі яскрава паўстае разуменне таго, што яе захаванне і аднаўленне — праблема не толькі і не столькі тэхналагічнага характару. Наадварот, спадчына — гэта вынік перадусім гуманітарнага развіцця грамадства. І менавіта гуманітарыі гатовыя браць на сябе адказнасць за выпрацоўку новых канцэптуальных падыходаў да яе. Адметна, што добрую траціну аўтараў гэтага нумара складаюць выкладчыкі або выпускнікі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, а іншую траціну — Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Нумар адкрываецца серыяй з пяці артыкулаў, якія прадстаўляюць аналіз актуальнага стану рэчаў у сферы захавання старой архітэктуры ў Менску, Горадні, Берасці і Оршы. Укладальніку, на жаль, не ўдалося сабраць агляды па ўсіх беларускіх рэгіёнах, аднак нават дадзеныя артыкулы выдатна сведчаць пра наяўнасць скразной агульнабеларускай праблематыкі аховы. Падсумаванне наяўнай сітуацыі выяўлена ў самой назве серыі — «Гарады падаюць SOS».

Наступная серыя з пяці матэрыялаў, «“Дажынкі” і трансфармацыя беларускіх гарадоў», — вынік спецыяльнага даследавання, праведзенага міждысцыплінарнай групай «Лятучага ўніверсітэта». Мэтай даследавання было высвятленне логікі зменаў культурнага ландшафту малых  беларускіх гарадоў на прыкладзе горадабудаўнічых пераўтварэнняў, якія адбываліся ў межах падрыхтоўкі да штогадовага рэспубліканскага свята ўборкі ўраджаю «Дажынкі» — гэтага феномена беларускай рэчаіснасці. Фестываль, які адбываўся з 1996 г. і пра чаканае карэктаванне практыкі правядзення якога было абвешчана толькі сёлета, прыносіў у жыццё беларускіх райцэнтраў істотныя змены. Як жа трансфармаваліся іх гістарычныя цэнтры? Што адбывалася на працягу гэтых гадоў з мясцовымі помнікамі? Ці прыводзілі пераўтварэнні да падвышэння якасці жыцця? І наогул — якім быў механізм ажыццяўлення гэтых інтэрвенцый? Што ўдалося зрабіць дзяржаве за 17 гадоў правядзення «Дажынак»? Адказы на гэтыя пытанні чытач знойдзе ў тэкстах адпаведнага раздзела.

Наступная група артыкулаў прысвечана сімвалам зямлі беларускай — нашым гаротным замкам, абсалютная большасць якіх надалей знаходзіцца або ў аварыйным стане, або ў выглядзе руін. Новыя канцэптуальныя падыходы да іх захавання і аднаўлення прадстаўленыя на прыкладах Крэва, Любчы, Гальшан. Як паказваюць прыведзеныя тэксты, сёння зусім немэтазгодна разглядаць замкі ў якасці толькі асобных выбітных аб’ектаў. Не, замкі — гэта інтэгральныя часткі культурнага ландшафту, і таму толькі комплексная праца з гэтым ландшафтам, а таксама з мясцовымі супольнасцямі дазваляе сапраўды ажывіць помнікі, не ператварыўшы іх у штучныя навабуды. Тое самае тычыцца і іншых аб’ектаў, што разглядаюцца ў тэкстах раздзела — адноўленых віцебскіх храмаў ды поля славутай бітвы вайны 1812 г. каля вёскі Студзёнка на рацэ Бярэзіна.

Нарэшце, для аматараў гістарычных даследаванняў і архіўных матэрыялаў у нумары ўпершыню прадстаўленыя пераклады на беларускую мову тэкстаў польскіх даследчыкаў, якія ў міжваенны час займаліся пытаннямі кансервацыі ды рэстаўрацыі нашых замкаў. Напрыклад, вялікі артыкул архітэктара Яраслава Вайцяхоўскага пра Стары гарадзенскі замак будзе надзвычай карысны тым, хто хоча наогул уявіць рэстаўрацыйную кухню. Тым больш што сама праблема рэстаўрацыі Старога замка, якая ўпершыню была паднятая ў 20-х гг. ХХ ст., з таго часу толькі набірае актуальнасць. Акрамя таго, тэксты Станіслава Лоранца ды Рамуальда Гюртлера пра замак у Наваградку паказваюць тую руплівасць, з якой у міжваеннай Польшчы падыходзілі да помнікаў сярэднявечнага дойлідства і якой нам часам дагэтуль не хапае ўжо ў незалежнай Беларусі. Асобнай увагі заслугоўвае адмысловае даследаванне Юліі Шэстак — сучаснага беларускага архітэктара новай генерацыі, якая займаецца працягам аднаўлення вобраза нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў. Такім чынам, нумар, які чытач трымае ў руках, прадстаўляе своеасаблівы зрэз найбольш актуальных праблем, што стаяць перад беларускай тэорыяй спадчыны. Яго матэрыялы сярод іншага могуць выкарыстоўвацца і ў навучальным працэсе ў адпаведных універсітэцкіх праграмах. Найлепшым жа вынікам нумара было б стымуляванне шырокай грамадскай ды прафесійнай дыскусіі па закранутых у ім праблемах.