Ніжэй хачу прапанаваць увазе спадарства свой варыянт рэканструкцыі замка Баторыя ці Старога замка ў Гародні канца XVI ст.

 

Калі рабіць фотарэндэры з мадэлі, то з дапамогай добрай тэкстуры атрымліваецца крыху больш рэалістычна.

Пра саму мадэль.

Асноўны матэрыял быў пазычаны з рэканструкцыі У. Бачкова, якая многім знаёмая. Многія маглі бачыць яе рэалізацыю ў мадэлі, што паставілі ў Мірскім замку. За каштоўны матэрыялы шчыра дзякую гарадзенскаму краязнаўчаму музэю і асабіста дырэктару Ю. Кітурка.

У час працы з рэканструкцыяй Бачкова асабіста для сябе адзначыў у ёй некалькі сумнеўных момантаў адносна канца 16 ст.:

1. Каля вежы над Нёманам ў Бачкова далучаны вялікі будынак лазьні, хаця па ўсіх плянах замка 18 ст. і на ўзроўні падмуркаў там была толькі прыбудаваная да вежы лесьвіца.

2. Нахіл баявой галерэі апусьціў ва ўнутраны бок замка і «адкрыў» яе, што больш адпавядае абарончаму замку канца XVI ст.

3. Пры разглядзе рэканструкцыі Бачкова трэба разумець, што гэта ёсьць прапанова па сучасным прыстасаваньні ці рэканструкцыі помніка, з улікам многіх пазьнейшых перабудоваў. Такім замак, напэўна, ня быў ніколі! У сваю чаргу мая рэканструкцыя – гэта спроба аднавіць выгляд замка выключана на час Баторыя і Макоўскага, гравюра якога з’яўляецца ў тым найкаштоўнейшай крыніцай. Адсюль у маім варыяньце быў зьменены выгляд вежы-брамы, а баявая галерэя была пракладзена па ўсім перэмэтры муроў. Аднак пры гэтым ізноў жа адзначу, што многія моманты скапіраваў у Бачкова, грунтоўнасьць працы якога над вывучэньнем архітэктуры замка не падлягае сумненьню.

У пэрспэктыве рэканструкцыі замка хацелася б адзначыць, што варыянт Бачкова не з’яўляецца абсалютна ідэальным і бясспрэчным. Ёсьць шмат мэтадаў ці тэорый адносна аднаўленьня помнікаў. Аднак асабіста я з’яўляюся прыхільнікам гэтага «рамантычнага», назавем яго так, варыянта рэканструкцыі. Галоўнае пры правядзеньні прац на першае месца ставіць захаваньне аўтэнтычных частак замка, каб яны не сталі ахвярай «высакароднага парыва».