Прадмова да кнігі «Дзмітры Сямёнаў. Дзённік 1943-1947″. Кніга пабачыла свет дзякуючы працы Наталлі Гардзіенкі, Вітаўта Кіпеля і Лявона Юрэвіча. Набыць выданне можна будзе ўжо ў студзені 2013 г.

У менскай “Беларускай газеце” ці берлінскай “Раніцы” адбіткі тагачаснага ваеннага, падакупацыйнага, а ўсё ж такі беларускага жыцця — і побытавага, і культурнага — трэба шукаць не ў артыкулах-прасцірадлах на першых бачынах, а ў калейдаскопе паведамленняў-карацелек, абвестак, лістоў у рэдакцыю на бачынах апошніх:

“Кожны собсьнік вэлёсыпэдаў абавязаны на працягу лютага месяца 1944 г. заявіць свой вэлёсыпэд і атрымаць на 1944 г. адпаведны нумар і пасьведчаньне аб дазволе. Калі вэлёсыпэд будзе ўжывацца бяз заяўкі, ён будзе канфіскаваны. Пры заўяцы патрэбна ведаць марку і фабрычны нумар вэлёсыпэду. Рэгістрацыя вытвараецца ў памешчаньні Акамулятарнай Майстроўні — Нова-Мясьніцкая, 20”.

“Паважаны спадару рэдактару! Прашу Вас дазволіць мне праз Вашую газэту выказаць глыбокую падзяку ўсім тым, хто ўзяў шчыры ўдзел у пахаваньні мае маці Бэнігны Луцэвіч. Ганна Луцэвіч”.

“Увага! Выйшаў з друку і ёсьць у прадажы ў большай колькасьці невялікі нямецка-беларускі слоўнік, апрацаваны Гансам Лёе. Слоўнік гэты мае 50 балонак друку і можа служыць як дапаможнік асабліва для работнікаў сельскае гаспадаркі”.

“Купляем андаракі (беларускія спадніцы). Даведацца ў сакратарыяце “Беларускае газэты” вул. Рагнеды (был. Рэвалюцыйная), 2”.

“Менскія вечарыны. Кажную другую нядзелю Менская Краёвая Радыёстанцыя будзе ладзіць 2-х гадзінны вясёлы і разнастайны канцэрт для беларускіх слухачоў пад назовам “Менскія вечарыны” ў часе ад 15 да 17 гадзіны. Першая вечарына адбудзецца ў нядзелю 13 лютага. Добры настрой, весялосьць, цікавы і разнастайны зьмест, трохі мрояў, трохі сьмеху — усё гэтае ўвойдзе ў праграму вечарынаў. Беларускія слухачы! Слухайце нашыя канцэрты “Менскія вечарыны”!”.

Сярод падобных у нумары 38200 “Раніцы” ад 17 верасня 1944 г. было змешчана наступнае:

“Беларускі Гістарычны Музэй. Беларускі Гістарычны Музэй з Менску быў вывезены спачатку ў горад Інстэрбург (Усходнія Прусыі), а затым у вёску

Гэхштэдт каля Ульму на Дунаю.

Беларускія бібліятэкі. Шэраг беларускіх бібліятэчных фондаў перавезены ў Рацібор. На жаль, беларускія бібліятэкі знаходзяцца ў агульнай масе з іншымі бібліятэкамі, бо беларускага апрычонага аддзелу пакуль што яшчэ ня створана.

Архіў Беларускай Акадэміі Навук. Частка архіву Беларускае Акадэміі Навук вывезеная ў горад Рацібор, дзе над разборкаю дакумэнтаў часова працуе адзін з маладых беларускіх навукоўцаў. Лёс рэшты архіву яшчэ невядомы”.Вось жа гэты малады навуковец і ёсць аўтарам дзённіку, які шаноўны чытач трымае ў сваіх руках.

З невялікага некралогу ў газеце “Беларус” даведваемся, што нарадзіўся Дзмітры Сямёнаў 11 чэрвеня 1926 г. у Менску. Ягоныя бацькі, Аляксандр і Алёна з Турцэвічаў, былі эканамістамі з вышэйшаю асветаю.

Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў фельчарскай школе і працаваў у Краязнаўчым (Гістарычным) музеі (пад кіраўніцтвам Антона Шукелойця).

У Амерыцы вывучаў паліталогію ў Ратгерскім універсітэце, штат Нью-Джэрсі (але ж працаваў хімікам).
Памёр 29 верасня 1982 г.

Па-за тэкстам некралога застаўся выезд Дзмітрыя Сямёнава разам з сябрамі (і не сябрамі) Рады БЦР у Берлін, ягонае жыццё ў нямецкім лагеры Біраў, а пасля заканчэння вайны — у беларускіх лагерах DP, праца ў скаўтынгу, дапамога Антону Адамовічу ў выданні “Ведамак”. Пра ўсё гэта расказваецца ў дзённіку.

Дасведчанаму чытачу збольшага вядомыя гэтыя падзеі, не ў апошнюю чаргу дзякуючы ўспамінам старэйшых ад Сямёнава дзеячаў-эмігрантаў: Яўхіма Кіпеля, Леаніда Галяка, Наталлі Арсенневай ды некаторых іншых. Таму значнасць дзённіка палягае не толькі ў данясенні да нас новых звестак з гісторыі жыцця ў Беларусі і беларусаў у 1943—1947 гг., але і ў адлюстраванні нутранага, псіхалагічнага свету падлетка; у дэманстраванні, як падзеі ваеннага часу адбіваліся ў свядомасці юнака.

Толькі было б памылковым сцвярджаць, што дзённік не захоўвае нічога новага. Дзе яшчэ, у якой мемуарнай крыніцы можна знайсці пералік рэпертуару Менскага тэатру або назвы нямецкіх фільмаў, што дэманстраваліся ў Soldatenkino ў беларускай сталіцы? Ёсць нават блізу сенсацыйныя запісы, датычныя працы ў Музеі, эвакуацыі экспанатаў — як піша сам Сямёнаў, “службовая таямніца”.

Нястомны паглынальнік кніг (дый наогул аматар прыгожага пісьменства; у скаўцкіх часопісах, у “Ведамках” друкаваўся пад псеўданімам Зміцер Алесіч), аўтар занатоўваў назвы прачытанага, што знаходзіў у Менску, а пазней у лагерах, тым самым захаваўшы найцікавейшы матэрыял для аналізу культуры чытання тых часоў.І, зразумела, надзвычайная каштоўнасць дакумента ў фіксацыі побытавага, штодзённага жыцця менскага нацыянальна-мяшчанскага асяроддзя, пачынаючы ад старонак, напісаных у бацькоўскай хаце (Плошча Свабоды, дом № 35, кватэра 4) да нататак часоў лагераў у Нямеччыне. Як напісаў аўтар іншага дзённіка, “Запісак эмігранта” (або “Дзённіка Ів. Ів. Чужанінава”), ён жа адзін з герояў дзённіка Сямёнава — Лявон Савёнак, “«Запіскі» часта рысуюць драбніцы штодзённага жыцьця, а з драбніцаў гэтых фактычна й складваецца само жыцьцё. Калі ж узяць на ўвагу, што гэтыя драбніцы натаваліся беспасярэдне з самога жыцьця ў часох ваеннае завірухі, калі кажны чалавек найчасьцей бывае без цывілізаванае маскі, дык яны могуць больш праўдзіва схарактарызаваць чалавечую натуру і адлюстраваць сапраўднага чалавека не ў сьвяточным гарнітуры, а ў ягонай штодзённай вопратцы. […] Прашу прабачэньня ў шаноўных чытачоў, што ў сувязі з гэтым паасобныя мясьціны запісак могуць здавацца занадта падрабязнымі й цікавымі хіба толькі для гісторыкаў” .


Дзённік Чужанінава”, як вядома, мастацкі твор, у адрозненне ад дзённіка Сямёнава — гістарычнага дакумента. Але думкі, паводзіны, развагі герояў гэтых двух дзённікаў часам настолькі падобныя, што “бывае складана вызначыць — узнаўляе літаратура тую ці іншую побытавую з’яву ці наадварот — гэта побытавая з’ява ёсць пранікненнем у жыццё літаратурных шаблонаў” . Супадзенне адбываецца часам нават на стылёвым узроўні.

Да прыкладу прывяду дзве цытаты.

З дзённіка Сямёнава: “Настрой маем дось добры, хоць цэлы час мучае неспакой за будучыню. “Хоць бы якая-небудзь вайнішка”, — кажа наш інжынэр”; “Молатаў вылецеў у Сан-Францыска. Божа! Дай вайну! Няхай палятуць у пекла бальшавікі”.

З “Дзённіка Чужанінава”: “Гаварылі пра вайну: што такое вайна, чаму яна, як яно ўрэшце будзе. Тут кажны бараніў сваё. Адзін, прыкладам, выступіў і сказаў, што вайна гэта ёсьць вайна, і хоць яна рэч непажаданая, але ваяваць усё ж трэба. Другі хваліўся, што ён таксама ваяваў бы, але яму бараніць няма чаго. Трэці, наадварот, націскаў на тое, што вайна — рэч надта патрэбная, але ваяваць ня трэба. Некаторыя казалі, што пасьля вайны будзе толькі так, а іншыя, наадварот, што будзе толькі гэтак. Разнабою было шмат. Але ўрэшце бальшыня пагадзілася на тым, што можа быць і так, а можа быць і гэтак. Асабліва ўпорыста выступаў супроць вайны адзін нейкі ні то прафэсар, ні то рахункавод — за пылам не разьбярэш. Ён на абарону свае тэорыі выцяг і Талстога, і Дыягена, і яшчэ тузін іншых філёзафаў. Тут ня вытрываў і я.
— Выбачайце, грамадзянін пацыфісты, вайна — рэч конча патрэбная, без вайны нельга, бо яна асьвяжае, яна ачышчае чалавецтва. Вайна — гэта сьмерць, а сьмерць родзіць жыцьцё”
.

Аўтарамі — знакамітым сталічным фельетаністам, сябрам Янкі Купалы Лявонам Савёнкам і школьнікам Дзмітрыем Сямёнавым — натуральна, кіравалі розныя памкненні да стварэння сваіх дзённікаў. Але разам з тым яны абодва міжволі адбілі характэрную дэталь культуры таго часу: больш-менш паслядоўнае падзённае запісванне для сябе здарэнняў жыцця.

Сямёнаў згадвае сваіх сябровак, якія таксама вядуць дзённікі і нават даюць іх чытаць адно аднаму, інтымныя, кампраметуючыя, напісаныя быццам выключна для сябе, але, выходзіць атрымоўваецца, з патаемным жаданнем быць зведанымі, пачутымі, зразуметымі. Дый сам Сямёнаў звяртаецца да магчымага чытача (“Чы не знаходзіш Ты, Чытачу, што я вар’яцею?”) і дае яго чытаць каханай дзяўчыне, што набліжае дзённік, насуперак наяўнай традыцыі, не да ўспамінаў, а да эпісталярыю.

Шэсць сшыткаў, якія мо не надта карэктна можна назваць “вучнёўскімі”, запоўненыя — адзін да самай апошняй старонкі, а другі толькі да сярэдзіны — запісамі, зробленымі алавіком і атрамантам, варта было б акрэсліць і іншым жанрам — травелогам, бо гарады і мястэчкі — Менск, Берлін, Амберг, Міхельсдорф з’яўляюцца для аўтара такімі самымі героямі, як і людзі, спатканыя ў падарожжы.Падарожжы не толькі прасторавым. Дзённік замяняе аўтару сябра, якога не пашчасціла знайсці і якому льга паспавядацца (“Ізноў і зноў зьвяртаюся я да Цябе — каханы дружа — папера”), асабліва ў хвіліны такой натуральнай для падлетка тугі па каханні і цеплыні (і хай не бянтэжыць чытача, што пра каханне будзе апавядацца мо болей, як пра што іншае). Нездарма, відаць, апошні запіс зроблены незадоўга да жаніцьбы, калі падобны чалавек у жыцці Дзмітрыя Сямёнава нарэшце з’явіўся і патрэба ў дзённіку сышла.

Шура Сямёнава перажыла свайго мужа амаль на трыццаць гадоў. Дзённікавыя сшыткі захоўваліся ў яе праз увесь час, а пасля яе смерці, у 2011 г., дачка Раіна перадала паперы ў Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Ёрк).

У апошнім запісе, датаваным 16 верасня 1947 г., Сямёнаў занатоўвае: “Гісторыя, якую мела дапісаць жыцьцё, дапісваецца”. Ён меў на ўвазе сваю ўласную гісторыю, гісторыю прыязняў, мрояў, закаханасці. У выдрукаваным жа тут цалкам дзённіку словы выглядаюць як свядомы прыём, бы аўтар выбудоўваў ад пачатку сюжэтную лінію і не дні свайго жыцця занатоўваў, а пісаў мастацкі твор. Зрэшты, напэўна меў рацыю Віктар Шклоўскі, напісаўшы, што новай літаратурнай формай, магчыма, будзе газета як мастацкае цэлае, або адродзіцца дакументальная проза праз захапленне мемуарамі і вандраваннямі .

Дзённік друкуецца з захаваннем аўтарскай мовы, у тым ліку выразаў кшталту Дзякаваць цябе; вучу ангельскі. У каментарах выкарыстаны як апублікаваныя ўспаміны (Леаніда Галяка, Наталлі Арсенневай, Яўхіма Кіпеля, іншых), гэтак і адмыслова напісаныя для гэтай кнігі згадкі-заўвагі Вітаўта Кіпеля.

Але адзін каментар варта вынесці ў прадмову, і датычыцца ён Рацібора (польск. Raciborz), куды, як памятаем з паведамлення газеты “Раніца”, былi перавезеныя беларускія бібліятэчныя фонды і дзе нейкі час жыў Дзмітры Сямёнаў. Бо менавіта тут знаходзіўся Аператыўны штаб Розэнберга (Einsatzstab Reichsleiter Rosenberg, далей ERR) — сумнавядомая арганізацыя нацыстаў, якая займалася канфіскацыяй і вывазам з акупаваных тэрыторыяў культурных каштоўнасцяў.

Пераехала яна ў гэтае мястэчка летам-восенню 1943 г., калі бамбаванне Берліну паставіла пад пагрозу захаванне нарабаваных калецый і архіваў. Цягам паўтара гадоў у Раціборы працаваў Цэнтр па вывучэнні бальшавізму — з галоўнымі кабінетамі ў францысканскім манастыры, з асобным памяшканнем для ўсходніх калекцый у сінагозе. Усё сабранае ў адным месцы змясціць не ўдалося, і частка архіваў, вывезеных з СССР, захоўвалася ў мястэчку Тропаў, прыкладна за сто кіламетраў ад Рацібора. Асобны відэа-аўдыё архіў захоўваў каля 8000 фотаздымкаў з Савецкага Саюза і каля 4000 пласцінак (“плітак”). Каб уявіць памер працаў — даследчых, архіўных, бібліятэчных, — варта сказаць, што ўлетку-ўвосень 1944 г. колькасць супрацоўнікаў Цэнтра была блізу лічбы 350. Хутчэй за ўсё Дзмітры Сямёнаў і Антон Шукелойць не ўваходзілі ў штат, але іхная праца была звязаная з апрацоўкаю беларускіх архіваў.У сакавіку 1945 г. калекцыі былі захопленыя савецкімі войскамі, якія ўвайшлі ў Сілезію. Сярод іншага быў і так званы Смаленскі архіў. Не высветлена тымчасам, як ён апынуўся ў руках амерыканцаў, каб пасля — спачатку праз непаразуменні, а потым у выніку палітычных гульняў часоў халоднай вайны — не быў вернуты ў Смаленск, а быў перасланы на захаванне ў Нацыянальны архіў у Вашынгтоне. Для беларусаў жа ён цікавы найперш тым, што там ёсць датаваныя 1926 г. вершы Васіля Каваля (Roll 53, item 505). Iхны provenance — не смаленскі: хутчэй за ўсё, у Раціборы смаленскія і беларускія архівы месціліся побач, і вершы беларускага паэты выпадкова, як і некаторыя ўкраінскія паперы, трапілі туды, калі архівісты спехам рыхтавалі іх да чарговай эвакуацыі.

Што яшчэ захоўвалася ў Раціборы з беларускіх архіваў, невядома, як невядома, што з гэтага вярнулася на Усход, а што паехала далей на Захад. З часам выплыла толькі драма Каруся Каганца “Сын Даніла”, апублікаваная пазней Антонам Адамовічам у часопісе “Сакавік”. Бадай няма сумневу, штo яе паходжанне — раціборскае.

Так ці інакш, але чытачу цяпер прынамсі будзе зразумелы кантэкст.