Гісторыя — гэта тое з мінулага, што зафіксавана праз пэўныя крыніцы, факты, падзеі. Яно існуе ў свядомасці чалавека, грамадства, народа як сведчанне таго, што гэты чалавек, грамадства ці народ асаблівы і непаўторны. І не важна, прайшло 20 гадоў ці 150 — калі тэма дагэтуль жывая, то значыць, сама падзея можа быць да канца не вывучана, не асэнсавана, не зроблены з яе пэўныя высновы, не расстаўлены ўсе кропкі па месцах.

Такая падзея ў беларускай гісторыі — паўстанне, якое разгарэлася пасля адмены прыгоннага права на землях, якія належалі Расійскай імперыі.

Сяляне чакалі волі і мелі надзеі. І шляхта мела надзеі і думала аб праве на волю для народа ці народаў. Яны мелі надзеі быць сабой — сялянамі ці шляхціцамі, але людзьмі, якія заявілі пра свае памкненні і спадзяванні. І гэта быў той час, калі сярод розных галасоў (палякаў, літоўцаў, украінцаў і рускіх) загучаў голас беларусаў — праз газету «Мужыцкая праўда», якой выйшла ажно 7 нумароў. Гэта не мала, калі ўлічыць той час і ўмовы, у якіх дзейнічалі апантаныя ідэяй людзі… І нават калі б гісторыя не захавала нам іх імёны, сам факт, сама спроба неяк сябе асэнсаваць і вызначыць была прыкметнай з’явай, памяць пра якую пранеслі б пакаленні… У ноч з 22 на 23 студзеня 1861 года ў Варшаве пачалося паўстанне, падзеі якога разгарнуліся не на адзін год. Падчас гэтага паўстання гучалі ідэі раўнапраўя грамадзян незалежна ад саслоўя, нацыянальнасці і веравызнання, абмяркоўвалася магчымасць выкупу зямлі сялянамі. І калі адны колы паўстанцаў хацелі аднаўлення незалежнасці Польшчы (страчанай пасля падзелаў Рэчы Паспалітай), то другія імкнуліся заявіць пра інтарэсы іншых народаў. Як адзін шляхціц з Гродзеншчыны па імені Кастусь. І, можа быць, сёння ён бачыцца рэвалюцыянерам і радыкалам у некаторых пытаннях, але гісторыя захоўвае імёны тых, хто ўмее адмовіцца ад прыватнага дзеля грамадскага, ад асабістага дзеля справы агульнай, важнасць якой потым падмацавана ўсім развіццём жыцця. І калі, магчыма, не было яшчэ беларускага народа як носьбіта пэўнай свядомасці, то час паўстання 1861-1863 гадоў стаў тым момантам, калі ідэя прагучала, каб развівацца пазней. Сёння беларускі народ ёсць, і справядлівасць таго, што ён варты сваёй дзяржавы, сцверджаная. Спрыялі ці не гэтаму падзеі 150-гадовай даўніны ці як спрыялі, — гэта глеба для аналізу хутчэй навукоўцаў. Таму што, калі народ саспеў і самасцвердзіўся, то ён не ставіць пад сумнеў і тое, што нехта гэтаму ў свой час паспрыяў, і любы народ будзе шукаць і адзначаць у сваёй гісторыі тых асоб, якія лічылі за гонар ад яго імя прамаўляць, разумеючы, чым рызыкуюць. І як тут казаць, што яны не героі?..У засеках бібліятэчных сховішчаў: фенаменальныя дакументы аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі аб падзеях 1863—1864 гг.

Так склалася, што лёс гістарычных падзей падобны да лёсу пэўнага чалавека. У адным выпадку ён роўны, просты, зразумелы, у другім — мудрагелісты, заблытаны. Маюцца падабенствы і ў іх характары. Адна падзея, як экстраверт, — цалкам адкрытая свету, другая нагадвае інтраверта, сканцэнтраванага ўсярэдзіну сябе самога. Таму і атрымліваецца, што пра першую ведаеш больш падрабязна, а пра другую толькі эпізадычна. Дакладным прыкладам апошняга варыянту ў гісторыі Беларусі ХІХ ст. выступае паўстанне 1863‑1864 гг., якое да сённяшнага дня не раскрыла нашчадкам усіх сваіх сакрэтаў. Тым не менш, даследчыкі старанна імкнуцца пракрасціся ў таямніцы 1863-1864 гг., дзе актыўнымі і вернымі памагатымі для іх з’яўляюцца крыніцы. Менавіта яны пракладваюць шлях у патаемныя куточкі душы сівой даўніны.

Нягледзячы на тое, што па гісторыі паўстання расійскімі дарэвалюцыйнымі і савецкімі гісторыкамі, а таксама сучаснымі беларускімі навукоўцамі надрукавана 10 зборнікаў дакументаў, у засеках архіўных і бібліятэчных сховішчаў цудоўным чынам сустракаюцца фенаменальныя тэматычныя матэрыялы. Не апошняе месца сярод уладальнікаў такіх скарбаў займае і аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі (далей — АРКіР).

Своеасаблівай гістарычнай перлінай калекцыі з’яўляецца справа «Описание военных действий Каргопольского полка с польскими мятежниками». Яна ўяўляе сабой арыгінал рукапісу на 238 старонках са звесткамі аб ваенных дзеяннях на тэрыторыі Люблінскай губерні падчас паўстання. Храналагічныя рамкі дакументаў — 12 снежня 1863 г. — 1 верасня 1864 г. Яны напісаны дастаткова каліграфічна і знаходзяцца ў добрым стане захаванасці. Аўтарамі дакументаў выступалі кіраўнікі розных рангаў 1-га, 2-га, 3-га, 4-га, 5-га эскадронаў Каргапальскага драгунскага палка, якія былі пасланы ў ваенную экспедыцыю з мэтай задушэння паўстання на Любліншчыне.

Гістарычная даведка. Каргапальскі драгунскі полк — кавалерыйскі полк рускай арміі, заснаваны ў 1707 г. З 1857 г. насіў назву Каргапальскі драгунскі Яго Імператарскай Вялікасці Вялікага Князя Канстанціна Мікалаевіча полк. Камандзірам у 1863-1864 гг. быў палкоўнік граф Крэйц П.К.

У справу ўваходзяць дакументы ваеннага справаводства. Сярод іх пераважаюць рапарты, данясенні, ваенныя журналы, дакументы ўліку (ведамасці і спісы). Рапарты маюць дзве формы: пашыраную і кароткую. Пры выкарыстанні першай той, хто рапартаваў, падаваў падрабязную інфармацыю ў большасці выпадках наступнага зместу: дата і месца руху эскадрона, яго колькасны склад, дзеянні пры перадыслакацыі, назіранні па мясцовасці, вынік экспедыцыі ці ўзброенага сутыкнення з паўстанцамі. У кароткім варыянце шаблонна прыводзіліся звесткі пра дату і месца знаходжання пэўнага эскадрона. На некаторых рапартах з левага боку змешчаны прыпіскі сінім колерам «к сведению». Данясенні пад назвамі «Описание военных действий эскадрона…» або «Описание экспедиции эскадрона…» па фармаце паведамленняў фактычна аналагічныя рапартам, але напісаны ў больш адвольнай форме.

Дакументы, што пададзены пад назвай «Военные журналы» — гэта свайго роду справаздачы пэўных асоб аб выкананні імі ваенных заданняў. У справе яны прадстаўлены журналамі паручнікаў Заікіна, Сапожнікава, Шчуко і прапаршчыка Дзьяканава за люты 1864 г. Імі па датах распісаны сутнасць і вынікі даручэнняў.

Дакументы ўліку — гэта ведамасці, спісы і «журналы» рознага вопіснага характару. «Журналы» прысвечаны фіксацыі дзеянняў і маршруту руху пэўных структурных часцей палка з абавязковым запаўненнем графаў: склад атрада, час адпраўлення і прыбыцця, мэта і месца камандзіравання, вынік працы. Усе дакументы аформлены ў выглядзе табліц і запоўнены, улічваючы ваенную педантычнасць, вельмі якасна. Так, маецца «Ведомость о результатах цельной стрельбы 2 эскадрона полка», дзе зафіксаваны даты правядзення стрэльбаў, адлегласць ад мішэні, колькасць удзельнікаў, куляў, якія былі выпушчаны і пацэлілі.

Цікавым па змесце з’яўляецца і «Ведомость делам с польскими мятежниками в 1863 году …». Вопіс улічваў звесткі па наступных катэгорыях: «а) звание частей войск; б) месяц и число; в) место, уезд, губерния; г) состав отряда и начальник оного; д) кто предводительствовал шайкою; е) примечание».

Такім чынам, выяўленыя дакументы дазваляюць прасачыць не толькі ход ваенных дзеянняў, але і даведацца пра склад, агульную арганізацыю расійскіх войскаў і паўстанцкіх атрадаў, іх стратэгію і тактыку, атрымаць колькасныя падлікі забітых, параненых, палонных, спісы ўдзельнікаў, апісанні баталій. Зразумела, што гэтая інфармацыя паказана толькі з пазіцыі членаў расійскай адміністрацыі, якая не ўлічвала сведчанні супрацьлеглага боку (паўстанцкага), таму пазбегнуць некаторай долі суб’ектывізму тут немагчыма. Аднак нельга адмаўляць і наяўную дакладнасць вылучаных крыніц. Яна абумоўлена мэтай іх складання, а менавіта — для ўнутранага службовага карыстання, дзе фальсіфікацыя не была выгаднай, бо заблытвала б саміх жа службоўцаў. У выніку маем найкаштоўны інфармацыйны патэнцыял для стварэння летапісу падзей 1863—1864 гг., дзе, пагаджаючыся з А. Мілавідавым, «военные действия, можно сказать, занимают центральное место. Остальные же проявления революционного движения: манифестации, сопротивления законным властями т. п. — лишь акссесуары главной исторической драмы, кулисы которой закрылись, как только прекратились военные действия…» А апісаныя дакументы так і просяцца стаць адным са светлых промняў у тунэлі навуковай рэканструкцыі ваеннай гісторыі паўстання як айчыннымі, так і замежнымі даследчыкамі.

Алена Фірыновіч — кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі