У мінулым ёсць падзеі, якія застаюцца цікавымі і актуальнымі для даследчыкаў многія стагоддзі. Сакрэт іх навуковай жыццяздольнасці вызначаецца рознымі фактарамі: месцам і роллю ў гісторыі народа, запатрабаванасцю грамадскага жыцця і палітычных рэалій, складанасцю і шматаспектнасцю праблемы, крыніцазнаўчай базай і метадалагічнымі падыходамі.

У сукупнасці гэтыя фактары ствараюць падмурак пастаяннага звароту да тэмы, новага яе пераасэнсавання, перагляду з боку сучаснікаў адпаведнага перыяду і вывучэння неасветленых пытанняў. Да ліку такіх падзей у гісторыі беларускага народа адносіцца паўстанне 1863—1864 гг.

Пра паўстанне 1863—1864 гг. напісана на сённяшні дзень нямала, многае знойдзена і даследавана, але па-ранейшаму не сціхаюць дыскусіі наконт яго гістарычнага сэнсу. Рознасць думак дыяметральна супрацьлеглая: ад поўнага ігнаравання падзеі да вызначэння яе як апорнага пункту ў нацыятворчых працэсах беларускага народа. Канцэптуальныя ацэнкі паўстання вагаюцца як у залежнасці ад вядучых метадалагічных падыходаў у гістарычнай навуцы, так і ад палітычных рэалій. Няма абгрунтаваных адказаў і на асобныя пытанні (сацыяльны і канфесіянальны склад удзельнікаў, мэты яго кіраўнікоў і г. д.). У выніку тэма выклікае неўтаймаваную даследчую цікавасць. Глыбокае ж яе раскрыццё магчыма толькі пры стварэнні моцнай крыніцазнаўчай базы.

На дадзены момант у навуковы абарот уведзена вялікая колькасць тэматычных перша­крыніц. Расійскімі дарэвалюцыйнымі і савецкімі гісторыкамі, а таксама сучаснымі беларускімі навукоўцамі надрукавана 9 зборнікаў дакументаў і матэрыялаў [1, 2, 3, 4, 7, 9, 10, 11, 13]. Агульная колькасць апублікаваных у іх дакументаў складае 2341 адзінку. З гэтага ліку толькі 295 дакументаў (12,6 %) паходзяць з беларускіх архівасховішчаў. Апублікаваныя матэрыялы падрабязна раскрываюць ваенныя дзеянні падчас паўстання, сувязі паўстання з агульнаеўрапейскай і расійскай рэвалюцыйнай сітуацыяй, арганізацыйна-распарадчую сістэму кіравання як з паўстанцкага боку, так і царскай улады; меры карнай палітыкі царызму і дзейнасць карных органаў, вынікі і наступствы гэтай важнай падзеі. Утрымліваюцца тэксты адозваў і маніфестаў (прычым не заўсёды ў поўнай адпаведнасці з арыгіналам), паказаны ўдзел у паўстанні асобных сацыяльных груп.

Аднак асвятленне гэтых пытанняў заснавана на выбарцы дакументаў у адпаведнасці з ідэалагічнымі прыярытэтамі, якія панавалі ў гістарычнай навуцы ў пэўны перыяд. Так, матэрыялы зборнікаў, што былі надрукаваныя ў дарэвалюцыйны час, ствараюць гісторыю «смуты польскіх паноў і ксяндзоў» у 1863—1864 гг., а выдадзеныя ў 40-я гг. XX ст. — гісторыю «класавай барацьбы» і яе сувязі з «пралетарскай рэвалюцыяй». Зборнікі ж, прысвечаныя 100-годдзю паўстання, вызначаюць яго як «буржуазна-дэмакратычны рух шляхты». У 2006 г. быў надрукаваны зборнік «Повстанческое движение в Гродненской губернии 1863—1864 гг.». Яго складальнікі сваёй мэтай паставілі апісанне ваенных падзей на тэрыторыі губерні падчас паўстання праз судовыя паказанні ўдзельнікаў, а таму астатнія пытанні пакінуты імі без увагі. Зразумела, што такія падыходы не могуць стварыць поўнай, цэласнай рэканструкцыі гістарычнай рэальнасці 1863—1864 гг.

Дакументы з беларускіх архіваў маюць важнае значэнне для вывучэння гісторыі паўстання 1863—1864 гг. менавіта на беларускіх землях, для раскрыцця падзей на мясцовым узроўні. У большасці замежных архіваў захоўваецца справаздачная дакументацыя губернскага ўзроўню. Колькасць крыніц, якія распавядаюць пра падзеі ў павеце ці маёнтку, нязначная. Таму і атрымліваецца характарыстыка падзей на ўзроўні «Паўночна-Заходняга краю» або ў кантэксце падзей на тэрыторыі Расійскай імперыі і Царства Польскага. З аднаго боку — гэта станоўчы момант, бо дае магчымасць прасачыць сутнасць і значэнне падзеі ў геапалітычным кантэксце, з іншага — скрадвае маштаб і паўнавартасць рэгіянальных падзей. Нярэдка губернатары ў сваіх справаздачах, рапартах, якія накіроўвалі ў цэнтр (Санкт-Пецярбург, Вільня), хавалі праўдзівую сітуацыю, каб не паказваць свае хібы ў кіраванні падуладнай ім тэрыторыяй. Яскравым доказам таму можа служыць паведамленне са справаздачы Мінскага губернатара за 1863 г.: «<…> в Пинском уезде хотя бродили шайки Рогинского и Траугота, но они были загнаны туда нашими войсками из Царства Польского, и во время пребывания в тамошнем уезде из местных жителей лишь несколько человек присоединились к ним…» [5, арк. 37].

Між тым з дакументаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (г. Мінск), відаць, што яшчэ ў 1861 г. у Пінску адбываліся інтэнсіўныя захады супраць цар­скай улады. Па вуліцах горада праходзілі жалобныя шэсці, у касцёлах спяваліся патрыятычныя гімны, ставіліся крыжы з выявамі сімвалаў РП, актыўна распаўсюджваліся памфлеты антыўрадавага зместу, на галоўных будынках расклейваліся алегарычныя малюнкі тыпу — аднагаловы арол схапіў і трымае ў кіпцюрах двухгаловага і г. д. (гл. рысунак). У рапарце саветніка мінскага праўлення ад 4 верасня 1861 г. сцвярджаецца (у цытуемых дакументах захована мова арыгінала. — А. Ф.): «<…> я старался дознаться о составителях пасквильных стихов равно рисунков, приклеенных в Августе месяце на главных улицах г. Пинска <…> По рассказам лиц, которые знают бывшего ученика Гимназии 7 класса Виталия Шпаковского, падает подозрение на него как предприимчивого молодого человека и патриотического образа мыслей, питающего кроме того ненависть к Правительству за родного брата, осужденного решением Правительствующего Сената в 1858 г. к отдаче в солдаты за разные противозаконные поступки» [8, арк. 5]. Падобную інфармацыю змяшчае і паведамленне рымска-каталіцкага епіскапа ад 17 лістапада 1861 г. [12, арк. 5]. І гэта не адзінкавыя дакументы, што дазваляюць істотна карэктаваць сцвярджэнні, якімі звыклася карыстацца гістарычная навука. Таму існуе вострая неабходнасць у паглыбленым вывучэнні матэрыялаў мясцовых архіваў і выкарыстанні іх інфармацыйнага патэнцыялу.

Па гісторыі паўстання 1863—1864 гг. у архівах Рэспублікі Беларусь маецца даволі вялікая колькасць нявыкарыстаных дакументальных матэрыялаў, што поўняцца арыгінальнасцю, навізной і грунтоўнасцю фактаў. Можна вызначыць 5 архівасховішчаў, у якіх змешчаны тэматычныя калекцыйныя зборы: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (г. Мінск), Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (г. Гродна), Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва, Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі. У першых двух утрымліваецца корпус так званых «арыгінальных гістарычных крыніц», да якіх адносяцца ўсе справаводчыя альбо службовыя запісы інфармацыі аб стане спраў, што даюць магчымасць вылучаць прамыя ці ўскосныя факты канкрэтных падзей. Знешні аналіз дакументаў названых калекцый дазваляе вызначыць шэраг характэрных іх асаблівасцей: у большай ступені калекцыі ўтрымліваюць арыгінальныя крыніцы; сярод распараджальнай дакументацыі ўзроўню генерал-губернатарства і губерні пераважае машынапісны матэрыял, аднак асноўная частка дакументаў розных устаноў прадстаўлена рукапісным выкананнем; для вылучаных дакументаў характэрны полілінгвізм (руская, польская, нямецкая, яўрэйская мовы). Прасочваецца заканамернасць выбару мовы ад характару дакумента. Як правіла, на рускай мове выканана ўся дакументацыя кіруючых устаноў царскай адміністрацыі; на польскай мове складзены дакументы рымска-каталіцкага паходжання, прыватная перапіска, адозвы, пракламацыі польскага жонду. У прыватнай перапісцы і прасіцельнай дакументацыі сустракаецца таксама нямецкая і яўрэйская мовы; у комплексе матэрыялаў маюцца дакументы, якія цяжка прачытаць. Прычынай таму неразборлівасць почырку і неабходнасць рэстаўрацыі некаторых рукапісаў. Але ў агульнай масе колькасць такіх дакументаў нязначная; калекцыі адрозніваюцца відавай разнастайнасцю (найбольш пашыраныя віды — цыркуляры, распараджэнні і інструкцыі генерала М. Мураўёва; рапарты членаў адміністрацыі царскай улады; прашэнні; следчыя справы; асабістыя і афіцыйныя лісты) і, адпаведна, выкарыстаннем паперы рознага тыпу і фармату, у тым ліку бланкаў, а таксама наяўнасцю многіх рэквізітаў (пячаткі, штампы, подпісы), што дазваляе вызначыць ступень аўтэнтычнасці дакумента; вызначаныя дакументы складаюць фонды губернскіх канцылярый, ваенна-следчых камісій, губернскіх, павятовых, валасных, паліцэйскіх кіраванняў, судоў, камітэтаў.

Інфармацыйны патэнцыял дакументаў акрэсліваецца пэўнай тэматыкай і дапамагае раскрыць наступныя аспекты праблемы: этапы, метады і формы барацьбы супраць царскай улады (пракламацыйны, маніфестацыйны, узброены); сістэму ваенна-грамадзянскага кіравання тэрыторыямі Паўночна-Заходняга краю; маштаб і інтэнсіўнасць ваенных сутыкненняў паўстанцаў з царскімі войскамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі; комплекс мерапрыемстваў карнай палітыкі царскай улады і асаблівасці яе ажыццяўлення на беларускіх землях; спецыфіку ўдзелу асобных груп насельніцтва ў паўстанні 1863—1864 гг.; рэгіянальны аспект падзей (у маштабе губерні, павета, горада, воласці); гісторыю паўстання ў асобах — выхадцах з Беларусі; паўстанцкую паэзію і г. д. Гэта далёка не поўны пералік тэматычна-інфармацыйных магчымасцей сабраных у НГАБ у Мінску і НГАБ у Гродна матэрыялаў, бо пры пастаяннай прапрацоўцы дакументальнай базы архіваў нечакана для даследчыка ўзнікаюць новыя напрамкі асвятлення тэмы. Па колькасці крыніц пераважае НГАБ у Мінску, але сутнасна пісьмовыя крыніцы НГАБ у Гродна ім не ўступаюць. Проста ў НГАБ у Гродна захоўваюцца матэрыялы толькі па тэрыторыі былой Гродзенскай губерні.

У трох астатніх архівасховішчах захоўваюцца спецыфічныя калекцыі матэрыялаў па гісторыі студзеньскага паўстання. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі знойдзена 19 адзінак захавання (39 дакументаў) з 8 фондаў аддзела. Гэта асабістыя фонды гісторыкаў, пісьменнікаў, этнографаў, якія займаліся вывучэннем тэмы (І. І. Шутовіч, А. В. Станкевіч, У. С. Караткевіч, І. С. Краўчанка, М. Я. Грынблат, К. І. Шабуня, М. М. Улашчык). Матэрыялы прадстаўлены рукапісным і машынапісным варыянтамі на рускай, беларускай і польскай мовах. Прыналежнасць дакументаў адбілася на спецыфіцы калекцыі. Тут няма афіцыйных арыгінальных дакументаў аб паўстанні. Вызначаны збор прадстаўлены напрацоўкамі, чарнавікамі твораў, матэрыяламі, сабранымі даследчыкамі падчас працы над тэмай, прыватнай карэспандэнцыяй. Асобна вылучаюцца вытрымкі, копіі архіўных матэрыялаў, якія даследчыкі выкарыстоўвалі ў сваёй працы. Таму ў дадзенай калекцыі фарміруюцца тры групы дакументаў: а) напрацоўкі архіўнай дакументацыі даследчыкаў па гісторыі паўстання 1863—1864 гг.; б) літаратурныя і гістарычныя творы; в) карэспандэнцыя. Храналагічны перыяд калекцыі пачынаецца з 1933 г. і заканчваецца 1979 г. Аналіз першай групы матэрыялаў дазваляе выявіць новыя звесткі аб планах царскага ўраду ў справе задушэння паўстання і кіравання беларуска-літоўскімі землямі, уласных праліках, аналізе прычын сітуацыі, якая ўзнікла на беларуска-літоўскай тэрыторыі, што стварае больш поўную карціну карнай палітыкі царызму. Літаратурныя і гістарычныя творы калекцыі, улічваючы, што большасць з іх была напісана ў 60-я гг. XX ст., звяртаюць увагу ў гісторыі паўстання на найбольш запатрабаваныя пытанні свайго часу — на «рэвалюцыйную садружнасць брацкіх народаў у сацыяльным разняволенні». Такая лінія і прызма паказу падзей прасочваецца ва ўсіх артыкулах, рэцэнзіях, выпісках калекцыі. Прыватная карэспандэнцыя паведамляе аб пошуках навукоўцаў, цяжкасцях, якія іх напаткалі пры даследаванні праблемы, месцазнаходжанні некаторых дакументаў. Сустракаюцца варыянты меркаванняў рабочага парадку аб сутнасці і значэнні паўстання. Каштоўнасць збору заключаецца ў прадастаўленні магчымасці вызначыць канцэптуальныя і метадалагічныя падыходы, вядучыя тэзы ў выкладанні падзей 1863—1864 гг. у пэўны перыяд, прааналізаваць ужыванне афіцыйных дакументаў папярэднімі гісторыкамі, знайсці верагодныя несупадзенні і выкарыстаць належныя факты ў аб’ектыўным раскрыцці гісторыі паўстання.

Падобнага накірунку дакументы змешчаны і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Сабраная калекцыя ўтрымлівае 21 адзінку захавання, 28 дакументаў з 4 асабістых фондаў (У. С. Караткевіч, А. А. Есакаў, Г. В. Кісялёў, К. Каганец), 2 фондаў рэдакцый газет і часопісаў («Полымя», «ЛіМ») і фонду «Саюз пісьменнікаў БССР». Большая частка з іх з’яўляецца чарнавымі варыянтамі з рэдакцыйнымі праўкамі будучых тэатральных і літаратурных твораў: п’ес, апавяданняў, артыкулаў, рэцэнзій. У сукупнасці яны адносяцца да аўтарскай публіцыстыкі без фіксаванага адрасата і ахопліваюць гады з 1923 па 1967. Відавочна, што галоўны позірк пісьменнікаў, літаратараў, рэжысёраў-пастаноўшчыкаў звернуты да дзейнасці канкрэтных постацей, асоб, якія ўдзельнічалі ў паўстанні (К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, В. Дунін-Марцінкевіч і інш.), а таксама да аналізу даследчай дзейнасці сучасных ім гісторыкаў і пісьменнікаў па праблеме (Г. В. Кісялёва, А. Ф. Смірнова). Матэрыялы цікавыя тым, што калі папярэдняя калекцыя выражала гістарычную думку пэўнага перыяду, то тут прасочваецца мастацкае бачанне даследуемай праблемы. Зразумела што вядучыя падыходы ў ацэнцы падзей гісторыкамі і палітычныя рэаліі эпохі накладвалі адбітак на сутнасць зместу мастацкіх твораў, але нярэдка ўскоснымі сродкамі пісьменнікам і рэжысёрам удавалася выказаць і сваё стаўленне да паўстання 1863—1864 гг., прадэманстраваць грамадзянскую пазіцыю. Яны таксама часта выкарыстоўвалі архіўныя матэрыялы, копіі якіх дадаюцца да расклеек артыкулаў, п’ес, рэцэнзій. Напрыклад, так зрабіў У. Караткевіч, які адным з першых паспрабаваў у сваіх творах заявіць аб вядучай ролі інтэлігенцыі і перадавога дваранства ў паўстанні 1863—1864 гг., тады калі прыярытэтным было ацэньваць паўстанне як сялянскую барацьбу супраць памешчыкаў і цара. Прыватная перапіска аўтараў з рэдакцыямі газет і часопісаў падцвярджае складанасці пры публікацыі твораў, змест якіх выходзіў за рамкі агульнапрынятых канцэпцый. Аналіз карэспандэнцыі стварае храналогію змянення канцэптуальных падыходаў да гісторыі паўстання 1863—1864 гг.: ад нацыянальных матываў (у 20-я гг. XX ст.) да яго класава-сацыяльных пытанняў (у 60—70-я гг.).

Зусім іншага накірунку дакументальныя матэрыялы з Цэнтральнага навуковага архіву НАН Беларусі. У архівасховішчы выяўлена 38 адзінак захавання — 55 дакументаў з фондаў Інстытута гісторыі, Інстытута Беларускай Культуры і асабістага фонду У. Перцава за перыяд з 1927 па 2003 г. Асноўная частка дакументаў прадстаўлена справаводчай дакументацыяй інстытутаў: гадавыя планы (1927—2003), пратаколы пасяджэнняў сектароў (аддзелаў), вучонага савета (1949—2003), справаздачы супрацоўнікаў, сектароў (аддзелаў), інстытутаў (1945—2003). Неабходна вылучыць тры падгрупы справаводчай дакументацыі: а) пратакольная; б) справаздачная; в) планавая.

Найбольшай інфарматыўнасцю вызначаецца падгрупа пратаколаў, дзе абмяркоўваліся артыкулы, раздзелы кніг, манаграфіі даследчыкаў. Працэс абмеркавання дэманструе пазіцыі вучоных у даследаванні праблемы, вымалёўвае канцэпцыі і падыходы ў ацэнцы падзей 1863—1864 гг. На аснове пратаколаў сама па сабе ствараецца стужка часу ў расстаноўцы акцэнтаў пры вызначэнні сутнасці паўстання: 50—70-я гг. XX ст. — вызначэнне сутнасці паўстання скіравана на паказ рухаючых сіл і класавай барацьбы; пратаколы 1980-х гг. не захаваліся; 90-я гг. XX ст. — пачатак XXI ст. — зварот да нацыянальнага аспекту ў падзеях 1863—1864 гг., спроба гістарыяграфічнага абагульнення. Зразумела, што такая перыядызацыя абумоўлена гістарычнымі абставінамі і ідэалагічнай зададзенасцю часу.

З аналізу справаздач мы атрымліваем праекты даследчай дзейнасці Інстытута гісторыі па паўстанню 1863—1864 гг., працэс выканання навукова-даследчай працы на ўсіх узроўнях установы і тэматычную накіраванасць даследаванняў: 40—50-я гг. XX ст. — распрацоўка праблемы ў складзе тэмы «Развіццё капіталізму ў 2-й палове XIX ст.; 60—70-я гг. XX ст. — вывучэнне крыніцазнаўчай базы тэмы і ўключэнне яе ў раздзел «Грамадска-палітычныя рухі Беларусі ў 2-й палове XIX ст.»; 90-я гг. XX ст. — пачатак XXI ст. — вывучэнне гістарыяграфіі праблемы. Планавыя матэрыялы даюць магчымасць прасачыць інтэнсіўнасць вывучэння тэмы, цікавасць да яе гісторыкаў, вызначыць актуальнасць праблемы ў той ці іншы перыяд, патрэбу грамадства ў яе даследаванні.

Маецца ў зборы і ўласна-навуковая дакументацыя — рукапіс кандыдацкай дысертацыі А. Ф. Смірнова «Революционный демократизм К. С. Калиновского», а таксама «Статьи и другие работы академика В. Н. Перцева по истории революционно-демократического движения в Белоруссии во второй половине XIX ст., деятельность К. Калиновского и восстание 1863 г.». Гэтая група дакументаў дазваляе сканцэнтраваць увагу на дамінуючых пастулатах пры характарыстыцы паўстання даследчыкамі. А. Смірноў сканцэнтраваў увагу на светапоглядзе К. Каліноўскага і акрэсліў яго ў сацыяльна-палітычным ракурсе: барацьбіта за знішчэнне феадальных парадкаў і царызму для забеспячэння інтарэсаў сялянства. Нацыянальныя матывы ў дзейнасці К. Каліноўскага гісторык бачыў у рэвалюцыйным закліку «польское дело — это наше дело, это вольности дело». У працах У. Перцава спачатку таксама знаходзіцца падобная характарыстыка падзей: «Сам же Калиновский никогда не придавал столь огромного значения национальному вопросу. Он был тесно связан с крестьянством, а оно прежде всего боролось за землю, за освобождение от крепостного гнета» [14, с. 28]. Але менш як праз дзесяць год у даследчыка кардынальна мяняюцца высновы на сутнасць паўстання 1863—1864 гг.: «…требование белорусско-литовской независимости, выдвинутое К. Калиновским, находило себе сочувственный отклик в крестьянских массах Белоруссии и Литвы и еще более возвышало его в их глазах как подлинного защитника их интересов <…> веря в то, что белорусы могут и должны иметь свою государственность и свою культуру, и хорошо понимал и то, что независимое существование Белоруссии связано с освобождением крестьянства от панской власти и с наделением землей» [14, с. 145]. Палярнасць канцэпцый назіраецца не толькі ў розных гісторыкаў, але і ў аднаго даследчыка на працягу пэўнага часу, што галоўным чынам было абумоўлена не глыбокай прапрацоўкай тэмы, а ўяўленнямі, якія залежалі ад змен у палітычным жыцці краіны. Магчымасць вызначэння асаблівасцей гэтых гістарычных крыніц падкрэслівае іх унікальнасць і значнасць у выкарыстанні пры вывучэнні аб’ектыўнай гісторыі паўстання 1863—1864 гг.

Сістэмны аналіз усіх відаў дакументальных матэрыялаў дапаможа зняць многія спрэчныя пытанні па праблеме, глыбей іх даследаваць. А спрыяць таму будзе друкаванне перша­крыніц. Як прыклад, якраз гэта і робіцца ў дадзенай публікацыі. Дасведчанаму чытачу прапануецца заклік польскай моладзі да жанчын беларуска-літоўскіх зямель пад назвай «Литвинки и Русинки!». Дакумент захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве (г. Мінск) — фонд 1418 («Камісія «Высочайше», заснаваная па палітычных справах у г. Мінску»), вопіс 2, адзінка захоўвання 1 («Письма генерала Мейера 1 П. А. Валуеву и минскому архиепископу (черновики). Ответы на его письма. Записки о работе комиссии. Ноты польских религиозных песен, воззвания, статьи (черновики, копии, выписки)»). Дакумент прадстаўлены рукапісным варыянтам на рускай мове. Ён з’яўляецца спісанай перакладзенай копіяй 2. Дакумент, на жаль, не датаваны. Ускосныя дадзеныя ўказваюць на прыблізны прамежак часу, у які ён мог быць напісаны: красавік 1861 г. — студзень 1863 г. Першая храналагічная мяжа вызначана са зместу на аснове разважанняў аўтараў аб расстрэле маніфестацыі ў Варшаве 8 красавіка 1861 г. Веданне аўтарамі гэтага факта азначае, што яны звярнуліся да народа пазней, пасля 8 красавіка 1861 г. Другая сутнасна вынікае з мэты прызначэння дакумента, накіраванага сагітаваць народ распачаць узброенае паўстанне. Пачаткам узброенай барацьбы ў Польшчы лічыцца 22 студзеня 1863 г. Таму выказваць падобную просьбу пазней гэтай даты страчвае сэнс. Як відавае найменне гістарычнай крыніцы заклік мае ўсе належныя яму структурныя элементы: адрасат — «Литвинки и Русинки!»; асноўная частка, ці заклік, якая складаецца з пад­частак (апісанне сітуацыі — зварот да гісторыі, рэкамендацыі і просьбы, заклік да канкрэтных дзеянняў); адпраўнік — «Молодежь Польская». Каштоўнасць гэтага дакумента, як і іншых заклікаў, у тым, што, нягледзячы на гіперэмацыянальнасць і некаторую суб’ектыўнасць, яны раскрываюць погляды, ідэі, мэты ўдзельнікаў падзей, сродкі дасягнення, характарыстыку існуючай рэальнасці.

Дакумент друкуецца ўпершыню. Тэкст перадаецца ў адпаведнасці з асаблівасцямі ары­гінала: з захаваннем стылістыкі, сінтаксісу і арфаграфічных недакладнасцей (з сучаснага пункту гледжання). Некаторыя графічныя асаблівасці тагачаснага напісання слоў адкарэктаваны (літара Ь зменена на е-, літара і ў канцы слова перад галоснымі — на и, а літара ъ у канцы слова апушчана). Курсівам у дужках пазначаны каментарыі, напісаныя невядомай асобай па тэксце закліку. Заўвагі і ўдакладненні аўтара артыкула да тэксту дакумента падаюцца лічбавымі спасылкамі.

Литвинки и Русинки! 3

Это еще первый раз обреченная пыткам молодежь Варшавы взывает к Вам, матери и дщери народа. В первый раз измученная Польша простирает к Вам свои окровавленные длани, в первый раз страждущее отечество взывает к Вам голосом удрученным; а голос его проникающий в могилы отцов наших, голос взывающий тысячи жертв нашей великой Польши, — не ужели не проникнет в самую глубь самых сильных и нежных сердец и чувств ваших; не ужели он не возбудит в вас стремление к участию в общем нашем Польском деле!

Литвинки и Русинки! не видите ли Вы на Западе багроваго савана из крови Варшавской, облекающаго всю землю Литовскую? разве Вы не чувствуете запаха свежей крови братней? разве Вы не слышите стонов замученных Поляков ваших братьев, солдатскими прикладами добитых матерей, обагривавших кровию свою мостовую столицы нашей?! Что глухи еще к этим стонам наши аристократы — это не удивительно: в рядах готовящихся к возстанию сил народных, Польша еще не считает их в числе верных сынов своих; к вечному стыду их она обойдется и без них и тогда все права свои между нами они утеряют на всегда. Древние именитые роды Тизенгаузов, Огинских, Радзивиллов — угасли, их нет в новых родословиях 4, хотя преемники их Домейки, Тышкевичи, Хоминские не забывают их дел. Но все же нет ничего удивительного, что в большей части аристократии нашей для изнеженных женщин стон неведомаго им народа — не выносим; что женоподобные руки их молодежи пригодны не для сабли и штыка, а для атласных карт и пляски lancier 5 на паркете гостинных — куда не заглядывает Польский народ, этот народ о котором не даром Литовский гений сказал:

Народ Ваш — точно слава огнедышущей горы,

Сверху холодная, твердая, сухая безобразная…

Но внутренняго огня своего не выдышет и во сто лет…

Так не будем смотреть на эту кору, а углубимся внутрь… 6

Но Вы, поддержавшие в сердцах ваших древле священный огонь Знича 7 (Литовское Божество неугасимаго огня), соблюдавшие его во всей чистоте в персях ваших, Вы еще не довольно вдумались в то что следует Вам делать. А потому отечество, всё, нашими устами теперь обращается к Вам. Пусть вопль его, как звук трубы Архангела 8 в день последнего суда, возбудит чувства Ваши, пусть воспламенит их до неизменной решимости на дело святое…Тогда, верьте, исчезнут разницы сословий: Еврей мещанин, Крестьянин, Помещик — будут для Вас детьми одной великой семьи, сынами одной для всех нас крестоносной Польши. Отчизна взывает к Вам: займитесь истолкованием дела народу, укажите ему святую цель нашу, окажите Ваше благодетельное влияние на землевладельцев, чтобы они как можно скорее решились покончить междоусобный вопрос наделом земли… Отечество достойною благодарностию воздаст вам за ваши участие; вам оно будет особенно обязано и признательно; как Ангелы утешения — Вы не покинете его в несчастии, Вы всюду поможете ему, — ибо чудное слово Ваше вылетающее из уст Ваших — как могучий обоюдуострый меч проникает в сердца даже пропитанные эгоизмом. Только при Вашем благодатном посредничестве мы можем надеяться, что когда загремят боевая труба — целый народ наш народ всей великой Польши и нераздельных с нею Литвы и Руси (Белоруссия), возстанет как один исполин, возстанет руководимый Вами против нашего Тирана, возстанет с братской друг к другу любовию всех сословий, с жаждой мести врагу!

Но горе нам, горе! Если силы народныя разделятся и кровь братьев наших польется прежде крови вражеской! Тогда тысячи проклятий мы бросим на тех виновных, через кого свободу нашу на долго отдалим. Горе Вам, горе! скажут тогда и другие народы… Горе нам, горе! повторим и мы. А потому мы должны упредить всякое несогласие добровольною жертвой: лучше сами дадим собственность народу и тем привяжем его к себе по примеру братьев наших.

А когда, увлекаемый Вами народ весь возстанет вместе с нами, — о тогда один наш блаженный, наш вожделенный, двадцатимилионный клик «да будет Польша!!!» — изгонит врагов из наших пределов…потому что сражаться против целого народа возставшаго поголовно, — тоже что сражаться против Бога!

Литвинки и Русинки! идите и Вы по следам славных матерей и девиц нашей великой Польши (Korony) 9 потому что в летописях мира нет момента величественнее как тот священный миг, когда, стоя на камнях мостовой, менее твердых чем сердца наших тиранов москалей, матери Польки, подняв на руках своих детей, кричали: «стреляй, москаль, стреляй! вот сыновья наши!»

Вот оно безсмертное завещание написанное 8-го Апреля 10 кровию Польскою на улицах Варшавы! Вот оно, дорогое наследство, оставшееся нам после мучеников наших!

В отчаянии от таких тиранств и в надежде только на Бога, заступника всех угнетенных, отечество обращается наконец к Вам дщери Литвы, Жмуди 11, Руси! Вы верно не откажетесь принести отечеству, для спасения его, всевозможныя и ожидаемыя от Вас важныя заслуги самопожертвования. Исполняя слова нашего Патриарха (Фиалковский) 12, пусть скроются пышныя ливреи, парадные гербы с коронами, причудливые блестящие наряды разорительной моды…потому что все это презренная мишура и горькая насмешка над гробом разверзтым для нашей общей матери Польши. Потому что не время вам веселиться, а время плакать и молить Бога о спасении отчизны. Казните единодушным общим презрением вашим тех несмысленных в нашем обществе, тех ходячих мертвецов для Польши, которые еще глухи к ее призывам, — и это одно принудить их оглянуться на свою душевную пустоту. Казните также точно и тех гробокапателей нашей отчизны — в блестящих мундирах и златокованых эполетах — которые, оставаясь в рядах врагов наших, идут в лад с ними, а не стремят к достижению нашей общей цели. Если руки их еще прольют хоть каплю крови братьев наших, то легко может статься что и наши руки обагрятся их крови. Внушите им и спасительный страх, и еще более спасительную любовь к отчизне, любовь на смерть… Внушите им, внушайте всем нашим, кто только носит имя Польское, в ком есть хоть капля крови Польской, — внушайте эти святые чувства; — иначе пламенный укор целого народа постигнет совесть вашу, отымет навсегда спокойствие жизни вашей, не даст вам покоя и по смерти!!

После же всего что свершилось, пора всем Вам облечься в общий народный, глубокий, постоянный траур, — до того светлого и радостного дня наших невыразимых восторгов, когда воскреснет вся Польша в целостном обширном объеме своем 13 и станет твердою ногой в числе держав, из ряда которых столько безпримерных несчастий вытеснили её; когда из рабыни она станет наконец свободною повелительницею 20-миллионного народа. А до того, — по примеру Великой Польши, прекратите все увеселения и суетные и дорогие удовольствия, потому что трудно и скользко плясать по братской крови, — тогда как она требует отмщений и молитв, требует пожертвований и пособия на оружие, на дело возстания. Вот на что Вы должны сложить деньги ваши, вместо мишуры и светлых нарядов.

Молитесь же Литвинки и Русинки, молитесь за отшедших к Богу мучеников и за обреченных еще на муки сохраните навсегда, из рода в род, память о них; а пар крови их не должен остыть в сердцах и молитвах наших пока не будут страшно отомщены… молитесь об этом, молитесь!

Во истину: очень трудно, очень тяжело бедному угнетенному народу нашему. Три злобных врага (Россия, Пруссия, Австрия) 14 терзают его, хотят совсем уничтожить. Мучения переносимыя им теперь, не имеют примера в Истории. Народы Италии 15, возставшие на освобождение своей родины и достигшие этой священной цели, — во время их борьбы с тираном считали сотнями тысяч Италиянок-Патриоток, всем жертвовавших отечеству, даже сражавшихся за него; ни смерть, ни позорные казни — их не останавливали!.. Но разве можем мы забыть, что и Польша имела своих Мальжинских, Рачинских, Платеровых 16!!

Возьмитесь же, Литвинки и Русинки, возьмитесь дружнее, единодушнее, тверже за священное, за великое наше дело. Вы непременно поможете народу нашему достигнуть триумфа! на вас крепка наша надежда и уверенность в могущественном вашем влиянии на соотчичей.

Какая мать, сестра, жена подруга, коханка (Любимица) 17, дочь — не найдет пути к сердцу мужчины её любящаго? Воодушевите же их! воспламените, увлеките их! Вам будет вся честь и слава безсмертная! отчизна Вам будет обязана особою благодарностию…

И когда трубы легиона загремят под предводительством нашего Мирославского 18, и эхо их отзовется звучным громким призывом в лесах Литовских, — составьте Вы один общий стан, всячески истребляющий неприятеля, — гораздо больше погубящий врагов наших нежели пушки и штыки; — и тогда из ваших персей прольется тот яд, который отравит разом всех наших врагов.

Молодежь Польская.

О. Леон

1. Александр

Jуzef Юзеф

Два брата [6, арк. 90—94].

примечания

1 Пётр Мартынавіч Мейер быў членам следчай камісіі ў Мінску, яму таксама была даручана справа кантролю па ўсталяванню праваслаўных цэркваў у «Паўночна-Заходнім краі». Генерал Мейер дакладваў П. А. Валуеву аб выніках сваёй працы, збіраў агітацыйныя лістоўкі, што заклікалі да паўстання, і пасылаў П. А. Валуеву. Адной з такіх лістовак і быў заклік «Литвинки и Русинки!».

2 Арыгінал дакумента (на польскай мове) захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі (г. Санкт-Пецярбург). Ф. 629 «Ратч В. Ф.» Воп. 1. Адз. зах. 137. «Воззвание к литовским и белорусским женщинам с просьбой о поддержке восстания». Змест арыгінальнага тэксту і пераклад ідэнтычны. Прычым можна ўпэўнена сцвярджаць, што пераклад зроблены не проста дакладна, а прафесійна, класічна-літаратурна. Польскі варыянт утрымлівае эпіграф да закліку наступнага зместу: «О! nie zgineła jeszcze Ojczyzna. Polki niewiasty tak czują; Bo z ich to piersi spłynie trucizna, Którą wrogowi się strują!» («О! яшчэ не згінула радзіма. Польскія жанчыны так моляцца, бо з іх першых сплывае атрута, якую пасылаюць ворагі!»). Асаблівай інфармацыйнай нагрузкі ён не нясе, але прыгадвае ролю жанчыны як апоры, памагатай і адзінадумцы для мужчыны ў нялёгкай справе барацьбы за волю Радзімы. Рускі ж варыянт утрымлівае заўвагі і каментарыі па тэксце. Хутчэй за ўсё, на нашу думку, яны зроблены перакладчыкам (прадстаўніком царскай адміністрацыі), што дае магчымасць прасачыць погляды на аднолькавыя падзеі варожых бакоў. У гэтым і ўнікальнасць рускамоўнага варыянта закліку.

3 У аснову назвы пакладзены тэрытарыяльна-геаграфічны прынцып атаяснення насельніцтва з месцам жыхарства. Па меркаваннях большасці гісторыкаў, «ліцьвінамі» ў другой палове XIX ст. называлі жыхароў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, «русінамі» — Віцебскай і Магілёўскай, а таксама сучаснай тэрыторыі Украіны.

4 Сцвярджэнне не зусім адпавядае рэчаіснасці. Многія прадстаўнікі з указаных родаў пасля ўдзелу ў паўстанні 1830—1831 гг. вымушаны былі эміграваць за мяжу (Мацей Юзэф Радзівіл, Міхаіл Гедэон Радзівіл, Херанім Леон Дамінік Радзівіл і інш.), але іх нашчадкі засталіся. Так, землі ў Клецку і Давыд-Гарадку ў 1863 г. Хераніма Леона Дамініка Радзівіла перайшлі да яго брата Антонія Радзівіла, м. Паланэчка ў Мінскай губерні да пачатку XX ст. належала сыну Міхаіла Гедэона Радзівіла Альберту.

5 Lancier, або лансье па «Слоўніку іншамоўных слоў, увайшоўшых у склад рускай мовы» Ф. Паўлава, азначае французскую кадрылю з паклонамі, якая вельмі была папулярнай у 50—60-я гг. XIX ст. у Расійскай імперыі.

6 Радкі ўзяты з п’есы А. Міцкевіча «Дзяды».

7 Таксама Зніч — бог пахавальнага абраду.

8 Маецца на ўвазе Арханёл Міхаіл — галоўны арханёл у хрысціянстве, правадыр нябесных ваярстваў, які ў час Апошняга суда абараняе рай ад злых духаў.

9 Рэч Паспалітая складалася з дзвюх частак — Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага.

10 8 красавіка 1861 г. у Варшаве была расстраляна шматтысячная рэвалюцыйна-патрыятычная маніфестацыя.

11 Неафіцыйная назва тагачаснай Ковенскай губерні.

12 Перакладчыкам зроблена слушная заўвага. Пад «Патрыярхам», прычым абавязкова напісанне з вялікай літары, патрэбна разумець варшаўскага архіепіскапа-мітрапаліта Антонія Мельхіора Фіялкоўскага (1778—1861), які быў ідэолагам, распачынальнікам і актыўным удзельнікам антыўрадавых маніфестацый пачатку 60-х гг. XIX ст. у Польшчы.

13 У межах былой Рэчы Паспалітай.

14 Указваюцца краіны, паміж якімі была раздзелена Рэч Паспалітая — Расійская імперыя, Прускае каралеўства і Аўстрыйская імперыя.

15 Аўтары нагадваюць рэвалюцыйныя падзеі ў Італіі 1848—1849 гг., 1850—1860 гг., калі пад кіраў­ніцтвам Джузэпе Гарыбальдзі народныя батальёны пачалі барацьбу з Аўстрыяй за поўную палітычную і нацыянальную незалежнасць.

16 Згадваецца ўдзел у паўстанні 1830—1831 гг. прадстаўнікоў знакамітых родаў. Магчыма, з роду Плятэраў гэта Цэзар Аўгуст — адзін з арганізатараў «Таварыства літоўскага» ў Парыжы, ці стаўшая легендай Эмілія Плятэр, або Люцыян Станіслаў і Леон Іахім Блажэй — кіраўнікі паўстанцкіх атрадаў у Віцебскай губерні. З роду Рачынскіх асабліва актыўны ўдзел у падзеях 1830—1831-х гг. прымаў Леапольд — афіцэр, атрад якога дзейнічаў у Галіцыі (сучасная Украіна); Эдвард, які з Берліна забяспечваў паўстанцкія сілы матэрыяльнымі сродкамі. Рышард Мальжынскі (Мільжынскі) змагаўся са сваім атрадам у Свенцянскім павеце Віленскай губерні. Прыём звароту да гераічнай дзейнасці выхадцаў як з «ліцьвінскай» тэрыторыі, так і «русінскай» аўтарамі выкарыстаны нездарма, а для больш моцнага ўзрушэння патрыятычных пачуццяў суайчыннікаў, жыхароў менавіта гэтых тэрыторый, у дадзеным выпадку ліцьвінак і русінак.

17 Недакладны пераклад. «Ęochanka» ў перакладзе з польскай мовы значыць «палюбоўніца».

18 Людвіг Міраслаўскі (Мераслаўскі) (1814—1878) — польскі гісторык, генерал, займаў падчас паўстання 1863—1864 гг. пост ваеннага дыктатара ў Варшаўскім Цэнтральным Камітэце, якому павін­ны былі падпарадкоўвацца ўсе паўстанцкія ўлады і ўвесь польскі народ.


ЛІТАРАТУРА

1.    Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию в пределах Северо-Западного края. Ч. 1: Переписка по политическим делам гражданского управления с 1 января 1862 г. по май 1863 г. Виленский Временник. Книга VI / сост. А. И. Миловидов. Вильна : Губернская типография, 1913. 464 с.

2.    Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию в пределах Северо-Западного края. Ч. 2: Переписка по военным действиям с 10 января 1863 г. по 7 января 1864 г. Виленский Временник. Книга VI / сост. А. И. Миловидов. Вильна : Губернская типография, 1915. 466 с.

3.    Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии: сб. документов / редкол.: В. Дьяков (отв. ред.) [и др.]. М. : Наука, 1965. 586 с.

4.    Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі: у 2 т.  / Н. М. Нікольскі [і інш]. Мінск : АН БССР, 1940. Т. 2. 938 с.

5.    Отчет Начальника Минской губернии за 1863 г. (к журналу Западного комитета от 12 мая 1864 г.) // Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (Санкт-Пецярбург). Ф. 1267. Воп. 1. Адз. зах. 7.

6.    Письма генерала Мейера П. А. Валуеву и минскому архиепископу (черновики). Ответы на его письма. Записки о работе комиссии. Ноты польских религиозных песен, воззвания, статьи (черновики, копии, выписки) // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (Мінск). Ф. 1418. Воп. 2. Адз. зах. 1.

7.    Повстанческое движение в Гродненской губернии 1863—1864 гг.: сб. документов / редкол.: Д. В. Карев (отв. ред.) [и др.]. Брест : Академия, 2006. 404 с.

8.    Рапорт Советника Минского губернского правления от 4 сентября 1861 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (Мінск). Ф. 295. Воп. 1. Адз. зах. 1435.

9.    Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг. / редкол.: В. Дьяков (отв. ред.) [и др.]. М. : Наука, 1960. 705 с.

10. Русско-польские революционные связи / редкол.: В. Дьяков (отв. ред.) [и др.]. М. : АН СССР, 1963. Т. 1. 583 с.; Т. 2. 793 с.

11. Сборник распоряжений Михаила Николаевича Муравьева по усмирению польского мятежа в Северо-Западной губернии 1863—1864 / сост. Н. Цылов. Вильна : Тип. А. К. Киркора, 1866. 383 с.

12. Сообщение Минского Римско-Католического Епископа от 17 ноября 1861 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (Мінск). Ф. 295. Воп. 1. Адз. зах. 1434.

13. 1863 г. на Міншчыне (Материалы отдела III отделения собственной Его Императорского Величества Канцелярии). Собрали и обработали Я. Витковский, О. Яневич, Л. Лех. Минск : Инбелкульт. Польский отдел. Историческая комиссия, 1927. Сер. 1. Т. 1. Вып. 1. 216 с.


SUMMARY

The author presents general characteristic of Belarusian archival documents on the history of the insurrection of 1863—1864, proves the importance of local archives for the reconstruction of regional events during 1863—1864. The author also suggests a thematic and typological classification of collected sources, defines common and specific features of each group, and analyses scientific importance of the discovered sources concerning events of 1863—1864 on Belarusian – Lithuanian lands. The uniqueness of sources is demonstrated through the publication of one of the original documents — a proclamation «Litvinki i Rusinki».


Фірыновіч Алена Эдуардаўна — аспірант сектара гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі