Дзённікі як гістарычная крыніца звычайна ўяўляюць асаблівую цікавасць для даследчыкаў. Пры гэтым для гісторыка важныя дзённікі не толькі знакавых гістарычных персанажаў, але таксама і запісы па свежых слядах, якія рабілі менш вядомыя і ўплывовыя відавочцы эпахальных падзей.

Яны таксама могуць дапоўніць дадатковымі падрабязнасцямі некаторыя, здавалася б, ужо добра вядомыя і вывучаныя сюжэты гісторыі Беларусі падчас нацысцкай акупацыі. Калі дзённік яшчэ і захаваўся ў арыгінальнай аўтарскай рукапіснай версіі, то ён мае відавочную перавагу перад шматлікімі ўспамінамі, якія ствараліся ў пасляваенны час часта пад пэўным уплывам самацэнзуры, калі аўтар павінен быў сачыць, каб не даць будучым чытачам «лішняй інфармацыі», якая магла яго неяк асабіста скампраметаваць.

У дзённіку, які друкуецца ніжэй, адлюстраваныя ўражанні, якія атрымліваў у першы год нямецкай акупацыі звычайны савецкі юнак з мястэчка Калінкавічы на Гомельшчыне — васямнаццацігадовы Кастусь Ярмілаў. Гістарычныя падзеі, якія апісваюцца на старонках дзённіка, змешваюцца з расповедам пра асабістае жыццё хлопца і ягоных сяброў у першы год акупацыі. Многія старонкі прасякнутыя лірычнымі разважаннямі аўтара, якi ў барацьбе з ворагам шукаў магчымасць зрабіць нешта карыснае для сваёй роднай зямлі. Першыя  запісы ў дзённік былі зробленыя, паводле пазнакі аўтара на вокладцы звычайнага агульнага сшытка зялёнага колеру, 18 верасня 1941 г., аднак першыя некалькі старонак у гэтым сшытку адсутнічаюць, таму мы маем магчымасць азнаёміцца толькі з тымі запісамі, якія рабіліся з 30 кастрычніка 1941 г. па 8 ліпеня 1942 г.Паводле журналісткі «Советской Белоруссии» Віялеты Дралюк, сшытак з запісамі Кастуся быў знойдзены пасля вайны ў кніжнай шафе ў доме Ярмілавых [1]. Спачатку ён знаходзіўся ў фондах Калінкавіцкага краязнаўчага, а пазней — Гомельскага абласнога краязнаўчага музея [2]. З красавіка 1972 г. ён захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР (цяпер — Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь), у архіўным фондзе падпольных патрыятычных арганізацый горада Калінкавічы і горада Мазыр Палескай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны [3]. Зразумела, што крыніца такога зместу павінна была ў свой час сярод іншага зацікавіць і супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, якія збіралі ды адсочвалі розную інфармацыю пра тое, хто і як паводзіў сабе падчас акупацыі. Магчыма, менавіта пасля такой «апрацоўкі» з дзённіка і былі выдаленыя першыя старонкі [4].

Аўтар дзённіка Кастусь Ярмілаў быў адным са стваральнікаў патрыятычнай групы ў горадзе Калінкавічы, у склад якой уваходзілі юнакі старэйшых класаў мясцовай чыгуначнай школы [5]. З вясны 1942 г. да іх далучыліся таксама маладыя жыхары з вёсак Калінкавіцкага і суседніх раёнаў [6]. Створанай арганізацыі па першых літарах яе дэвіза «Смерть угнетателям народов!» было дадзена імя «Смугнар».

У 1962 г., дзякуючы намаганням журналіста абласной газеты «Гомельская праўда» Рыгора Разінскага, які кантактаваў з выжыўшымі падпольшчыкамі і сваякамі загінуўшых, дзейнасць групы «Смугнар» была прызнана партыйнымі органамі [7]. Разінскі нават адмыслова прысвяціў ёй невялікую кнігу [8]. У адным з нядаўніх інтэрв’ю аўтар, які дасканала вывучыў гісторыю маладых падпольшчыкаў, распавядаў, як з-за перашкод, якія чыніла савецкая цэнзура, яму было цяжка тады выдаць сваё даследаванне, над якім ён працаваў больш за дваццаць гадоў [9]. Скарочанае яго выданне, якое пабачыла свет у пачатку перабудовы, было разлічана на патрыятычнае выхаванне моладзі «старэйшага школьнага ўзросту» на прыкладзе падпольнай камсамольскай арганізацыі. Пры гэтым цікава, што, калі меркаваць з запісаў у асабістым дзённіку, самога лідара «смугнараўцаў» цяжка назваць апантаным прыхільнікам камуністычных ідэй, якімі звычайна ўяўляюцца сябры камсамольскіх арганізацый.

Відавочна, што дзённік Ярмілава быў для савецкіх ідэолагаў не вельмі зручным сведчаннем пра часы акупацыі, бо ён ніякім чынам не адпавядаў тым узорам, паводле якіх падобныя дакументы павінны былі пісацца «сапраўднымі» камсамольцамі. Так, аўтар на ягоных старонках шмат разоў крытыкуе даваенную савецкую рэчаіснасць — рэпрэсіі, здзекі над сялянствам, варварскія адносіны да Царквы і вернікаў і г. д. Важным момантам, які праходзіць праз усе запісы Ярмілава, з’яўляецца пераасэнсаванне аўтарам сталінскай ідэалогіі, якая актыўна навязвалася беларускай моладзі напярэдадні вайны савецкай школай і прапагандай, піянерскай і камсамольскай арганізацыямі і г. д. Дапытлівы юнак меў цікавасць да ўсяго таго, чаго быў пазбаўлены савецкі падлетак: паездак за мяжу, праўдзівай інфармацыі пра іншыя краіны. Кастусь пісаў сярод іншага пра тое, як ён марыў наведваць курсы нямецкай мовы, жадаў запісацца на працу ў Германію, каб пазнаёміцца з культурай Заходняй Еўропы (запіс ад 21 красавіка 1942 г.). Ён шукаў звесткі пра падзеі ў Заходняй Беларусі, у Польшчы і іншых краінах, сустракаўся ў акупаваных Калінкавічах з рознымі людзьмі з замежжа, напрыклад, з палякамі ці славакамі, якія апавядалі яму, што адбывалася ў іншых частках Еўропы (запіс ад 10 чэрвеня і інш.).Чытаючы дзённік Ярмілава, даволі лёгка заўважыць і бягучую эвалюцыю светапогляду юнака. Можна прасачыць, як адносіны да немцаў ад першапачатковых нейтральных з цягам часу пераходзілі ў варожыя. Адбывалася не толькi трансфармацыя поглядаў хлопца — напісаная ім крыніца таксама сведчыць пра змены настрояў на працягу першага года акупацыі і ў іншых жыхароў рэгіёна. Цікавыя звесткі падае дзённік пра штодзённае жыццё насельніцтва Калінкавічаў пад нямецкай акупацыяй. Тут згадваецца пра жыццё моладзі, якая наведвала танцы, хадзіла ў кіно на нямецкія фільмы і інш. Кастусь збіраў розныя чуткі, якія распаўсюджваліся сярод мясцовага насельніцтва, часам неверагоднага зместу. Ён пісаў пра адраджэнне рэлігіі, якую так і не змаглі вынішчыць бальшавікі, узмацненне евангелізму (запіс ад 2 траўня 1942 г.). У дзённіку згадваюцца і розныя злачынствы захопнікаў, якія ўзбуджалі ў юнака нянавісць да іх: нялюдскае абыходжанне з савецкімі ваеннапалоннымі, рабаванне насельніцтва і гвалт над ім, спальванне вёсак разам з жыхарамi. Вясной 1942 г. ён ужо не думаў пра добраахвотную працу ў Германіі. Прымусовы ўгон туды моладзі, гібель знаёмых падчас карных акцый цалкам змянілі ягоныя адносіны да гэтай краіны. З пагардай Ярмілаў піша пра калабарацыянізм часткі насельніцтва, ён паказвае «перараджэнне» былых камуністаў у калабарантаў, сведчыць пра даносы мясцовых жыхароў адзін на аднаго, пра «неэтычныя» паводзіны некаторых дзяўчат падчас танцаў.

Юнак сур’ёзна ставіўся да далейшага лёсу роднага краю і свайго народа, разумеючы, якія крыўды ім прынеслі савецкая ўлада і нацысцкая акупацыя. Так, хлопец сярод іншага разважаў пра наступствы сталінскіх рэпрэсій, Галадамору на Украіне (запіс ад 7 лістапада 1941 г.). У апошнім выпадку, акрамя ўласнай памяці пра Галадамор сярод жыхароў мазырскага Палесся, пэўны уплыў, магчыма, магла аказваць і прапаганда новых уладаў. Згодна з праведзеным акупантамі новым адміністрацыйным падзелам Калінкавічы апынуліся ў складзе рэйхскамісарыята «Украіна», дзе тэма вынішчэння сялянства голадам актыўна падымалася як нямецкімі, так і калабарацыйнымі прапагандыстамі [10].

Значная частка дзённіка распавядае пра тыя шляхі, якімі калінкавіцкія юнакі прыходзілі да барацьбы. У адрозненне ад некаторых партызанскіх груповак, яны лічыліся з тым, што іхная актыўная дзейнасць супраць нацыстаў непазбежна прывядзе да рэпрэсій у дачыненні да мясцовага насельніцтва (запіс ад 1 чэрвеня 1942 г.). Таму яны вырашылі пакуль што сканцэнтравацца на барацьбе супраць калабарантаў. Запісы дзённіка абрываюцца 8 ліпеня 1942 г., таму што яго аўтар з сябрамі пасля гэтага непасрэдна ўключыліся ў актыўную барацьбу. Улетку група Ярмілава правяла рэйд па палескіх вёсках, падчас якога хлопцы разграмілі шэраг паліцэйскіх участкаў і знішчылі пункты па нарыхтоўцы харчавання для акупацыйных уладаў. Калі пра ўсё гэта чытаеш, то часам здаецца, што іх рызыкоўныя баявыя акцыі супраць акупантаў знаходзіліся на мяжы з ваенізаванай гульнёй. Таму, не маючы дастатковага досведу і навыкаў канспіратыўнага змагання, хлопцы хутка сталі ахвярамі нацысцкіх спецслужбаў. 11 (паводле іншых звестак 14) верасня 1942 г. нямецкая жандармерыя арыштавала ўдзельнікаў групы. Паводле некаторых сведчанняў, іх допыты адбываліся на працягу сямі дзён. Дзяўчына, якая тады прыбірала ў памяшканні жандармерыі, бачыла моцна збітых юнакоў [11]. Каб зламаць волю хлопцаў, нацысты выкарыстоўвалі жудасныя катаванні. 17 верасня большасць «смугнараўцаў» была расстраляна [12]. Дакладнае месца расстрэлу доўгі час заставалася невядомым, і толькі ў 2003 г. магілы некаторых патрыётаў былі знойдзеныя пашуковым батальёнам [13]. У пачатку наступнага года, з нагоды 60-й гадавіны вызвалення Калінкавіцкага раёна ад нацыстаў, у цэнтры Калінкавічаў быў устаноўлены помнік загінуўшым юнакам.

Вынікі падрыўной дзейнасці «смугнараўцаў», асабліва даволі паспяховая дыверсія на чыгунцы, былі для немцаў даволі адчувальныя, і менавіта таму, мабыць, юнакі былі катаваныя і пакараныя з такой жорсткасцю. Подзвігі гэтай моладзі былі прывабныя і для афіцыйнай савецкай партызанкі. Аднак інфармацыя з дзённіка сведчыць, што доўгі час сувязі з «сапраўднымі» партызанамі калінкавіцкая моладзь не мела (запіс ад 21 мая 1942 г.). Кастусь, праўда, пасля згадвае пра сустрэчу з лэйтэнантам з Акцябрскага раёна, ад якога яны павінны былі атрымаць інструкцыі (запіс ад 5 чэрвеня 1942 г.). Вядома таксама, што пасля вайны адзін з супрацоўнікаў НКДБ, адказны за разгортванне партызанскага руху ў дадзеным рэгіёне, спрабаваў прыпісаць кіраўніцтва «смугнараўцамі» сабе. Аднак неабгрунтаванасць гэтых прэтэнзій ужо тады была выкрыта журналістам Рыгорам Разінскім і ацалелымі падпольшчыкамі [14]. У той жа час трэба адзначыць, што з восені 1942 г. у рэгіёне дзейнічала і іншая група пад той самай назвай [15].

Цяжка даць упэўнены адказ на пытанне, як бы склаўся лёс Кастуся Ярмілава і яго баявых сяброў, калі б ім удалося дачакацца вызвалення Беларусі. Зразумела, што ў сталінскія часы публікаваны ніжэй дзённік мог выкрыць свайго аўтара як вальнадумца, а таксама стаць небяспечным сведкам пра антысавецкія настроі, якія прысутнічалі ў гэтага юнака на першым этапе нацысцкага панавання на Палессі. Ярмілаў шчыра давяраў дзённіку свае «крамольныя» думкі: напрыклад, у нейкі момант ён марыў пра змаганне на два франты — супраць нацыстаў і супраць камуністаў. Такога сталінскі рэжым, натуральна, дараваць не мог. Да таго ж дзённік сведчыць пра тое, што ў Беларусі былі сілы, якія маглі арганізоўваць супраціў акупантаў самастойна, без «кіруючай ролі партыйных і савецкіх органаў». У любым выпадку няма сумневу, што Кастусь Ярмілаў быў шчырым патрыётам роднай Беларусі [16]. Пры гэтым ён і мабілізаваныя ім на барацьбу юнакі, у адрозненне ад пэўнай часткі дарослых, не чакаючы спрыяльнага моманту і «зменаў на савецка-германскім фронце», на ўласную рызыку пачалі ўзброеную барацьбу супраць ворага, заплаціўшы ў рэшце рэшт за гэта ўласным жыццём.

***

Публікацыя дзённіка Кастуся Ярмілава, якая робіцца ніжэй, не першая — урыўкі з яго раней ужо друкаваліся ў кнізе «Памяць» Калінкавіцкага раёна[17]. Аднак у той публікацыі пры параўнанні з арыгіналам заўважаюцца змены ў сэнсе і паслядоўнасці некаторых сказаў, а некаторыя цікавыя факты з часоў акупацыі апушчаныя. Гэта не абавязкова было абумоўлена ідэалагічнымі прычынамі, бо складальнікі кнігі «Памяць», відаць, проста надавалі большае значэнне звесткам пра баявую дзейнасць «Смугнара», у той час як моманты пра паўсядзённае жыццё падчас акупацыі былі апушчаныя як дробныя і не вартыя ўвагі. Не публікаваліся, напрыклад, некаторыя лірычныя думкі Кастуся Ярмілава пра каханне, сяброўства і інш. Гэтым разам дзённік упершыню друкуецца цалкам, без скарачэнняў. Ярмілаў рабіў дзённікавыя запісы на расійскай мове, і ў дадзенай публікацыі мова і стылістычныя асаблівасці аўтара захоўваюцца. Дзеля захавання духу арыгінала не выпраўляліся таксама некаторыя характэрныя граматычныя памылкі аўтара, асабліва тыя, наяўнасць якіх абумоўленая ўплывам беларускай мовы.


1. Журналістка Віялета Дралюк, адсочваючы пасляваенны «шлях» дзённіка па розных інстанцыях, не выключае нават, што мог захавацца толькі ягоны «муляж». Гл.: Дралюк В. «Смугнар» — воздух свободы // Советская Белоруссия. 2004. 29 января. № 17. С. 5.

2. На вокладцы бачны штамп: «Инвентарный Номер 12086. Областной Краеведческий музей г. Гомеля».

3. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 1344, воп. 1, спр. 9 («Дневник руководителя подпольной комсомольской организации «Смугнар» (Смерть угнетателям народа) в г. Калинковичи К. Ермилова. 30 октября 1941 — 8 июля 1942 г.»).

4. На першым аркушы архіўнай справы адмыслова пазначана, што гэта «Дневник руководителя группы «Смугнар» К. Ермилова, получен от Гомельского ОКП Белоруссии (Областного комитета партии) без первых страниц».

5. НАРБ. Ф. 1344, воп. 1, спр. 2, арк. 26 (даведка супрацоўніка НКДБ Беларускай чыгункі Ануфрыева на Канстанціна Ярмілава).

6. Група Ярмілава налічвала да 10 чалавек. Гл: Калінкавіцкае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4. Мінск, 1997. С. 29. У групу «Смугнар» уваходзілі ці супрацоўнічалі з ёй: Міхаіл Ткач, Мікалай Змушко, Васіль Сякач, Іван Корбаль, Анатоль Гаманок, Сямён Шаўчэнка, Пётр Яроменка, Валянцін Таларай, Уладзімір Кавалькоў, Віктар Такарскі, Андрэй Тозік.

7. НАРБ. Ф. 1344, воп. 1, спр. 2, арк. 23—24 (пастанова Бюро Калінкавіцкага райкама КПБ № 33 ад 29 лістапада 1962 г. «Аб пацвярджэнні факта існавання патрыятычнай маладзёжнай падпольнай групы ў г. Калінкавічы»).

8. Розинский Г. Б. Смугнар: Документальная повесть. Минск, 1986.

9. Дралюк В. «Смугнар»… С. 5.

10. Лисенко О., Нестеренко В. Оккупаційний режим на Україні у 1941—1943 рр.: адміністративный аспект // Архіви окупації 1941—1944. Київ, 2008. С. 766.

11. НАРБ. Ф. 1344, воп. 1, спр. 2, арк. 67 (ліст Розы Канаш у рэдакцыю «Гомельскай праўды», таварышу Разінскаму).

12. Тамсама. Арк. 26 (даведка супрацоўніка НКДБ Беларускай чыгункі Ануфрыева на Канстанціна Ярмілава).

13. Дралюк В. «Смугнар»… С. 5.

14. НАРБ. Ф. 1344, воп. 1, спр. 2, арк. 27—29 (дакладная Р. Б. Разінскага сакратару гомельскага прамысловага абкама КПБ пра першую падпольную моладзевую групу «Смугнар», якая дзейнічала ў горадзе Калінкавічы ў 1941—1942 гг., 7 сакавіка 1963 г.).

15. Тамсама. Арк. 48 (ліст П. Ануфрыева да вучняў Калінкавіцкай рускай школы, 15 снежня 1958 г.).

16. Кастусь Ярмілаў быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Яго імя носіць адна з вуліц у Даманавічах. Памяць загінуўшых «смугнараўцаў» увекавечвае помнік у Калінкавічах, сродкі на які ахвяравалі ўнукі і праўнукі тых, за каго змагаліся юнакі.

17. З дзённіка Косці Ярмілава, кіраўніка падпольнай патрыятычнай групы «Смугнар» // Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Калінкавіцкага раёна. Мінск, 1999. С. 266—270.


Андрэй Замойскі — беларускі гісторык. У 1999 г. скончыў гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Навучаўся ў аспірантуры БДУ, аспірантуры Школы сацыяльных навук пры Інстытуце сацыялогіі і філасофіі Польскай Акадэміі навук. У 2008 г. абараніў доктарскую (паводле беларускай сістэмы кандыдацкую) дысертацыю ў Інстытуце гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта на тэму «Трансфармацыя мястэчак (штэтлаў) Савецкай Беларусі ў 1921—1932 гг.». З 2009 г. — навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі. Займаецца вывучэннем гісторыі савецкага грамадства, гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі.

Са зместам дзённіка Кастуся Ярмілава можна азнаёміцца ў «ARCHE» №1 за 2013 год.

Нумар можна замовіць, даслаўшы электронны ліст на адрас dastauka@arche.by з пазнакай у полі «Тэма» «Паліцаі і партызаны». У лісце абавязкова пазначце свае прозвішча і імя, дакладныя паштовы адрас і індэкс, а таксама падайце нумар тэлефона для сувязі.