Лісты Вінцэнта Гадлеўскага да Янкі Чарнецкага

Жыццё і дзейнасць вядомага беларускага палітычнага і рэлігійнага дзеяча Вінцэнта Гадлеўскага (1888–1942) вывучана да гэтага часу далёка недастаткова. Дадатковыя штрыхі да яго біяграфіі дадаюць матэрыялы, выяўленыя ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці (ДАБВ) – лісты ксяндза Гадлеўскага да актывіста міжваеннай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Янкі Чарнецкага (ф. 1, воп. 9, спр. 1826), у якіх утрымліваецца цікавая інфармацыя па гісторыі беларускага хрысціянскага руху канца 1930-х гг.

 

Пра карэспандэнта Гадлеўскага Янку Чарнецкага (1894–1984) –, нам вядома няшмат. Ён жыў у мястэчку Ляхавічы, у 1922 г. на выбарах у Сейм быў у спісе кандыдатаў у дэпутаты ад польскай партыі “Вызваленне” па Наваградскай акрузе. Пазней узначальваў у Ляхавічах гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БIГiК), пісаў у газету «Беларуская Крыніца» пад псеўданімам «Czaj». У 1928 г. за беларускую дзейнасць яго звольнілі з пасады намесніка войта. Янка Чарнецкі з’яўляўся відным дзеячам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), у 1931 г. быў абраны сябрам Цэнтральнага камітэта БХД, а ў студзені 1936 г. – Беларускага народнага аб’яднання (БНА). Падчас вайны ўзначальваў у Ляхавічах «Беларускую народную самапомач». Пры набліжэнні савецкіх войскаў Чарнецкі з сям’ёй выехаў у Германію, дзе ў Рэгенсбургу разам са Станіславам Грынкевічам і Юрыем Попкам у 1947 г. выдаваў газету “Adradžennie”.

 

Пазней выехаў у ЗША, дзе падтрымліваў кантакты з Антонам Шукелойцем, Наталляй Арсенневай, Вацлавам Пануцэвічам, Міколам Куліковічам, а. Пятром Татарыновічам і інш. Друкаваў невялічкія зацемкі ў газетах “Бацькаўшчына” і «Беларус». У 1965 г. Вацлаў Пануцэвіч апублікаваў біяграфію Вінцэнта Гадлеўскага, у прадмове да якой адзначыў, што сваімі ўспамінамі пра ксяндза падзяліўся, па ягонай просьбе, Янка Чарнецкі. Памёр апошні  16 ліпеня 1984 г. у Чыкага.

 

Перапіска паміж Вінцэнтам Гадлеўскім і Янкам Чарнецкім адносіцца да канца 1936 – пачатку 1937 гг., калі беларускі нацыянальны рух перажываў цяжкі крызіс і раскол. Ад пачатку беларускамоўныя лісты дайшлі ў нас у выглядзе копій, перакладзеных польскімі паліцэйскімі чынамі на польскую мову. Тут яны падаюцца ў адваротным перакладзе на беларускую мову. Першы ліст датуецца 10 жніўня 1936 г.:

 

Дарагі пане Яне, дзякуй за віншаванне. Я не мог Вам адпісаць раней, бо выязджаў на вакацыі, пасля прыезду трэба было выдаць газету, а зараз я хаджу па розных установах, бо газету сканфіскавалі за артыкул пра незалежнасць Беларусі. Канфіскуюць без аніякай літасці. У газеце было трохі і пра Баранавіцкі павет (што там, дзе найлепей развіваецца школьная кампанія, найбольш накладаецца штрафаў за непрыбраную тэрыторыю і г. д.). Трэба вытрымаць, бо школьная кампанія сапраўды развіваецца. Адусюль прыходзяць навіны пра рух і стварэнне беларускіх школ. Збірайце матэрыялы і перасылайце нам, а калі збярэцца іх цэлы стос, то напішам пра ўсё мемарыял у Міністэрства. У свеце неспакойна, падзеі ў Гішпаніі могуць прывесці да вайны, бо там ужо немец з французам б’юцца, і абодва дапамагаюць. Рэалізацыя ўсходніх планаў таксама набліжаецца, гавораць пра паразуменне Польшчы з Нямеччынай. «Kurjer Wileński» адкрыта пра гэта піша, і ў адказ на камуністычную агітацыю трэба падтрымліваць нацыянальныя рухі Украіны і Беларусі і скіраваць іх на Ўсход. Тады лепшага і жадаць не трэба будзе. Той жа «Kurjer Wileński» ў нядзельным нумары паведамляе, як вітаюцца жыхары Слонімшчыны пры сустрэчы: замест “Пахвалёны” ці “Добры дзень” яны кажуць “На акупанта”, а адказ гучыць як “Гатовы”. Гэтая навіна выклікала на віленскім бруку сенсацыю. Гэтак сама вітаюцца і на Украіне. Калі будзе нейкая складка на “Беларускі Фронт”, прашу прыслаць грашовым пераводам. Прывітанне ўсім.

 

Ваш Кс. Гадлеўскі.

 

З другога ліста Вінцэнта Гадлеўскага, напісанага 1 кастрычніка 1936 г., мы даведваемся пра некаторыя падрабязнасці тагачаснага збліжэння Таварыства беларускай школы (ТБШ) і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, расколу ў БНА і БІГіК і г. д. На якія сілы намякаў ксёндз, калі пісаў «нас хочуць злучыць у адно»? Думаецца, на камуністычнае кіраўніцтва БССР. Гэта стала заканамерным вынікам заігрывання БХД з беларускімі камуністамі. Яшчэ ў 1925 г. на патаемнай нарадзе беларускіх дзеячоў у Вільні дэпутат сейма Фабіян Ярэміч сказаў, «што Менск асігнаваў на некамуністычнае і нацыяналістычнае выданне, якім з’яўляецца «Беларуская Крынiца», 1000 даляраў, нягледзячы на тое, што яна выдаецца ў духу, варожым Саветам, і працуюць у ёй ксяндзы, і друкуецца яна лацінкай». Тут жа на нарадзе Ярэміч уручыў гэтыя грошы ксяндзу Адаму Станкевічу (ДАБВ, ф. 93, воп. 1, спр. 589, а. 19). Можна прыгадаць і пра пагадненне, заключанае ў ў 1929 г. Адамам Станкевічам і Фабіянам Ярэмічам з пасольскім клубам “Змаганне” аб выданні радыкальнай газеты «Сьвет» у друкарні імя Ф. Скарыны…

Дарагі пане Яне! 

 

Ва ўрадзе Інстытута адбыўся вялікі раскол у справе сумеснага святкавання 10-годдзя існавання гурткоў Беларускага iнстытута гаспадаркi i культуры, а таксама святкавання 15-годдзя Таварыства беларускай школы. Я і большасць цэнтральнага ўраду стаім на той пазіцыі, што агульнабеларускія імпрэзы, як дамаганне беларускай школы, святкаванне юбілеяў Купалы і Коласа, святкаванне Дня беларускай культуры і іншыя трэба арганізоўваць супольнымі сіламі, а свае асабістыя – асобна. Святкуючы асобна свае юбілеі, мы падкрэсліваем сваю некаторую адасобленасць як асобнай арганізацыі, і гэтае падкрэсліванне сёння вельмі пажаданае, бо, як я ведаю, нас хочуць злучыць у адно…  Лічу, што такое злучэнне – вельмі непажаданае, бо пры ім трэба будзе ліквідаваць адну з нашых дзвюх арганізацыяў, і гэта вельмі адаб’ецца на агульнабеларускай арганізацыі (некаторыя газеты хочуць ліквідаваць ТБШ, пра што ўжо была згадка ў “Беларускай крыніцы” і «Karcie»).

 

Супольнае святкаванне мае быць першым этапам злучэння, таму, каб не дапусціць гэтага, цэнтральны ўрад пастанавіў не святкаваць юбілею супольна. У адказ на гэта рэвізійная камісія Інстытута (кс. Адам Станкевіч, Пазняк і Найдзюк) падалі заяву ў цэнтральны ўрад з патрабаваннем склікання рады. Але рада дэкамплектаваная, бо ў нас няма аддзелаў. Таму мы пастанавілі стварыць некалькі акруговых аддзелаў. Спачатку быў праект стварыць у Ляхавічах, але, беручы пад увагу Ваша становішча паміж намі і імі, пастанавілі стварыць у Мядзведзічах. То, калі трэба будзе прыехаць на паседжанне Ганне і Язэпу Татарыновічам, то пра гэта мы паведамім ім пісьмова. Трэба толькі, каб яны ведалі, пра што ідзе гаворка. Пытанне штэмпельных і іншых аплат паднятае ў Міністэрстве. На пакаранне, накладзенае Староствам, трэба падаваць абскарджанне ў Акруговы суд праз старасту. 

 

                                                                Бывайце.  /-/ Кс. Гадлеўскі

 

Трэці ліст, напісаны 5 студзеня 1937 г., паказвае ўсю складанасць асабістых адносін у асяродку інтэлігенцыі, блізкай да БНА. У жніўні 1936 г. камсамольцы Заходняй Беларусі вылучаюць паэта Міхася Машару ў дэлегаты на Сусветны кангрэс моладзі, а ўжо ў снежні паэт – у кампаніі дзеячоў БНА–БХД:

 

Дарагі пане Яне!  

 

На святы ў нас здарылася такая гісторыя. У першы дзень Божага Нараджэння за сталом у кватэры Янкі Шутовіча пачалася спрэчка на тэму палітычнай сітуацыі, і Машара назваў Янку Шутовіча “палітруком”… На гэта Шутовіч адказаў, што гэта паліцэйскі данос, дэфензіва і да т. п. На гэтае абвінавачванне Машара, выйшаўшы з раўнавагі, пачаў кідаць у Шутовіча бутэлькамі. Мачун таксама кінуў бутэльку ў Шутовіча, і параніў яму ёй руку. Адным словам, у кватэры ўзнік скандал, а прысутныя Станкевіч, Найдзюк і Казлоўскі ў знак пратэсту пакінулі кватэру і разам з Машарам выйшлі ад Шутовіча. Выйшаўшыя на двор мелі намеры яшчэ вярнуцца ў кватэру і надаваць Шутовічу поўхаў, але іх стрымаў наборшчык Багдановіч. Затым Шутовіч прасіў у сваіх гасцей прабачэння, але ўсе, аднак, абураныя разышліся. 

 

Папуцэвіч атрымаў акт абвінавачання за трэці нумар «Беларускага Фронту». Улады абвінавачваюць яго па арт. 93 і 154 К. К., г. зн. у закліках у газеце да арганізацыі паўстання і адарвання часткі Беларусі ад Польшчы, а таксама закідаюць, што група “Беларускага Фронту” заклікае насельніцтва да варожага стаўлення адносна польскай дзяржавы. Чым усё гэта скончыцца? «Беларускі Фронт» хутка выйдзе. Прышліце праз Ванду спіс людзей з вядомых Вам мясцовасцяў, якім можна будзе выслаць газету “Беларускі Фронт”. Ці раздаеце Вы газету “Беларускі Фронт” людзям? Ці не задорага гэтая газета каштуе? Прышліце свае крытычныя заўвагі.

 

З вышэйпрыведзенымі лістамі тэматычна і храналагічна звязаныя два лісты да Яна Чарнецкага ягонай дачкі Ванды. Вось што піша пра Ванду Чарнецкую гісторык Ю. Туронак у сваёй кнізе “Людзі СБМ”: “Нарадзілася ў 1918 г. у Расіі, дзе падчас Першай сусветнай вайны апынуліся ейныя бацькі, эвакуваныя з Ляхавічаў. У сакавіку 1919 г. сем’я вярнулася на радзіму. У 1930-х гг. вучылася ў Віленскім універсітэце, дзе брала ўдзел у Беларускім студэнцкім саюзе, з восені 1939 г. працавала настаўніцай у школе ў Ляхавічах. Летам 1944 г. выехала ў Нямеччыну, у 1947 г. выйшла замуж за земляка з Ляхавічаў Міхася Махнача, які апынуўся ў ЗША, у 1950 г. выехала да мужа. Жыла каля Чыкага, была вядомай дзяячкай беларускай грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Збаўцы (Чыкага). У 1969 г. Ванда Чарнецкая-Махнач даслала Аляксею Вініцкаму ўспаміны пра сваю дзейнасць у СБМ (…)”. Адзначым дадаткова, што муж і жонка Махначы былі аднымі з галоўных фундатараў беларускай эмігранцкай газеты “Беларус”.

 

Вытрымка з ліста, напісанага Вандай Чарнецкай да Янкі Чарнецкага 12 кастрычніка 1936 г.

 

Учора я была ў ксяндза і на Полацкай. Клімовіч быў вельмі заняты з Пазняком: нешта пісалі. Інжынер пісаў у «Беларускія ведамасьці» і пытаўся ў мяне пра пастаўлены спектакль у Ляхавічах і асвячэнне дома ў Мядзведзічах. Грошай даў. Зараз ідзе спрэчка паміж Беларускім народным аб’яднаннем і “Беларускім Фронтам” – пры кім застанецца ўрад Беларускага iнстытута гаспадаркi i культуры? Кс. Гадлеўскі думае стварыць 4 аддзелы, і адзін з іх – у Ляхавічах. Трэба было б, тата, зусім парваць з БНА, аднак тады мне не будуць дапамагаць матэрыяльна. Ксёндз ужо вырашыў стварыць аддзел у Мядзведзічах. “Беларускі Фронт” цяпер не мае грошай, утрымліваецца за кошт сваіх складак, усіх крытыкуе і вытрымлівае незалежную лінію – так казаў ксёндз. Ксёндз шмат казаў пра БНА, пасля Вам раскажу, а гэтымі днямі ксёндз напіша да Вас ліст. Пішыце мне пра дзейнасць гуртка, бо Клімовіч і ксёндз заўжды пытаюцца, ці робіце Вы што там. Цяжка здагадацца, дзе праўда – ксёндз кажа, што БНА кепска скончыць (камуністы), а сам занадта ганарлівы, амбіцыйны і, можа, таксама памыляецца. Татка, можа ты ўжо ведаеш, што ў канверце, у якім выслалі (Канюхоўцы ці Жарабкоўцы) дэкларацыі, прыйшлі розныя старыя паперы, замест дэкларацыяў “на смех”. Пры БНА трэба яшчэ трымацца, хоць бы дзеля таго, што яны даюць грошы.

 

Вытрымка з ліста, напісанага Вандай Чарнецкай да Янкі Чарнецкага 1 лістапада 1936 г.:

 

Сёння хадзіла ў касцёл св. Мікалая на Завальнай і размаўляла з Клімовічам. Пытаўся ў мяне Клімовіч, як там было з біскупам і г. д., але было яму вельмі прыкра, што я пра гэтую справу нічога не ведала. Інжынер прасіў, каб я да Вас звярнулася з просьбай, каб Вы пра ўсё мне падрабязна апісалі, далучыўшы факты, якія можна было б падаць у прэсу. Можаце пра ўсё гэта падрабязна напісаць мне, бо так ці іначай Клімовіч, сустрэўшы мяне, будзе  падрабязна распытваць пра гэтую справу. Незалежна ад таго можаце пра гэта і непасрэдна Клімовічу напісаць, але мне гэта напісаць мусіце абавязкова. Пішыце толькі як мага хутчэй, як там пані Міхаліна, інжынер казаў, што прыняла. У мяне нічога новага.

 

Ага! Беларусы, здаецца, атрымаюць касцёл св. Ганны і сёння ўжо раіліся, дзе б знайсці адпаведнага арганіста. Касцёл св. Ганны – вельмі прыгожы і будзе наш.