У беларускай гістарыяграфіі ХХ ст. Вінцэнта Кастуся Каліноўскага часта згадваюць як значную постаць у фармаваньні новай беларускасьці ХІХ ст. Я апісваю Каліноўскага (што зразумела) у катэгорыях яго эпохі, укладаючы ў яго тэрміны той сэнс, які яны мелі амаль паўтара стагодзьдзя таму.

У беларускай гістарыяграфіі ХХ ст. Вінцэнта Кастуся Каліноўскага [1] часта згадваюць як значную постаць у фармаваньні новай беларускасьці ХІХ ст. Аляксей Каўка назваў яго «першым беларускім палітычным дзеячам новага часу» [2]. У сваіх развагах я зь відавочных меркаваньняў абміну біяграфію Каліноўскага, але паспрабую адказаць на пытаньне: кім быў Кастусь Каліноўскі. Кім быў у сьведчаньнях сучасных яму і захаваных дакумэнтаў, перадусім «Мужыцкай праўды» [3] і «Ліста з-пад шыбеніцы» [4]. Я апісваю Каліноўскага (што зразумела) у катэгорыях яго эпохі, укладаючы ў яго тэрміны той сэнс, які яны мелі амаль паўтара стагодзьдзя таму.

 

Увагу чытача «Мужыцкай праўды» і «Ліста з-пад шыбеніцы» прыцягвае перадусім вялізная непрыязь да «маскалёў», на якіх Каліноўскі ўскладае віну за нядолю народу і цяжкае становішча ўсяго краю. Па-другое, гэта паказаньне галечы сялянаў, прыгнечаных як захопнікамі, так і панамі. Калі ў першым пытаньні Каліноўскі вызнаваў погляды, досыць паказальныя для тагачаснай шляхецка-інтэлігенцкай эліты, то ў другім пытаньні ён выразна вылучаўся ў гэтым асяродзьдзі сваім стаўленьнем да народу. Я. Гейштар, які ведаў Каліноўскага з агульных паўстанчых дзеяньняў, пісаў, што «ён занадта строга судзіў шляхту, больш ведаючы яе з крайне дэмакратычных выданьняў і расейскіх пісьменьнікаў, чым з жыцьця» [5].

 

«Ад маскаля і паноў, — пісала «Мужыцкая праўда», — няма чаго спадзявацца, бо яны ня вольнасці, а глуму і зьдзерства нашага хочуць. (…) Вазьмемся, Дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А калі паны схочуць трымаць з намі, так няхай жэ робяць па сьвентай справядлівасьці: бо калі іначай — так чорт іх пабяры!» [6] Хоць абвінавачаньне памешчыкаў за нядолю сялянаў выразна гучыць у «Мужыцкай праўдзе» і «Лісьце з-пад шыбеніцы», яно адназначна саступае крытыцы расейскага акупанта, на якога ўскладаецца галоўная віна за нядолю народу. Антыпанская пазыцыя Каліноўскага з большай сілай прадстаўленая ва ўспамінах Гейштара [7]. Напэўна, гэта тлумачыцца шакуючым уражаннем, якое рабілі погляды маладога рэвалюцыянэра на заможнага памешчыка. Трэба ўзяць пад увагу і тое, што галоўнай мэтай студзеньскага паўстаньня, а потым і «Мужыцкай праўды», якая рыхтавала да вызваленчага ўздыму, было вызваленьне ад расейскай няволі. У выніку гэтага, як меркавалася, мусілі ўсталявацца справядлівыя сацыяльныя стасункі. Таму ў творах Каліноўскага мацней экспануюцца антыцарскія і антырасейскія, чым класавыя — антыпанскія погляды. Можна дапусьціць, што такая выразная схільнасьць Каліноўскага ўспрымаць навакольны сьвет у класавых катэгорыях, прыпісаная яму палкасьць і ў той жа час справядлівасьць характару, вялізная энэргічнасьць («у словах дэмагог, прагны крыві» — пісаў пра яго Я. Гейштар [8]), мела шэраг прычынаў. Напэўна, яны хаваліся ў яго асобе, прычым ня трэба забывацца, што калі Каліноўскі як правадыр паўстаньня загінуў на шыбеніцы, яму было ўсяго дваццаць шэсьць гадоў. Юначыя ідэі, энэргія і тэмпэрамэнт бралі верх над разважлівасьцю, спакоем і досьведам. Можна меркаваць, што сфармаваныя падчас навучаньня ў Пецярбургу ідэалы былі падмацаваныя падчас «хаджэньня ў народ», іх сутыкненьня з будзённай сялянскай галечай, канфліктамі паміж вёскай і дваром ды царскімі ўраднікамі.

 

«Мужыцкая праўда» выразна ідэалізавала сацыяльныя адносіны ў былой Рэчы Паспалітай, проціпастаўляючы ім паводзіны расейскіх уладаў. «Стаў зараз Маскаль, — пісалася ў ёй, — свой ронд уводзіць у нашам краю і кажэ: «Мужык, давай рэкрута, мужык, давай падаткі, да і паншчыну яшчэ служы альбо плаці аброк у казну!» [9] Расея была для Каліноўскага сымбалем прыгнёту: «няволя манголаў да і цароў маскоўскіх, — пісаў у «Лісьце з-пад шыбеніцы», — заўсім забіла ў гэтам [расейскім. — Р. Р.] народзе ўсякую памяць а свабодзе да і зрабіла зь яго грамады людзей паганых бяз мысьлі, бяз праўды, без справядлівасьці, без сумленьня да і без баязьні Боскай» [10]. Аб расейцах пісаў: «дзікі маскаль» [11], расейскіх ураднікаў параўноўваў са зьнішчальнай саранчой: «і жыві пад гэтакім рондам без суду і праўды» [12]. «Мужыцкая праўда» заклікала да барацьбы з маскалямі: трэба «прагнаць Маскаля зь яго сабачым рондам», каб сяляне ўжо ніколі не адраблялі паншчыны, каб люд быў свабодны і шчасьлівы [13]. Тым, хто спрыяе «маскалю», «ніколі Бог не даруе» [14]. Варожаму царскаму панаваньню проціпастаўляліся польскія паўстанцкія ўлады [15]. Прыхільных словаў на адрас Расеі і расейцаў няма ні ў «Мужыцкай праўдзе», ні ў «Лісьце з-пад шыбеніцы». Затое іх можна знайсьці ў газэце «Chorągiew Swobody», што выдавалася ў першай палове 1893 г. Яе першыя два нумары паўсталі ў час, калі Каліноўскі кіраваў Правінцыйным літоўскім камітэтам і, як лічыцца, рэдагаваў яе [16] (выданьне было органам Камітэту). У яго першым нумары былі зьмешчаны словы:

 

Маскоўскі народ не прымае нашай векавой крыўды. Ён хоча быць нашым вольным братам, а не прыгнятальнікам, і рашуча ўскладае адказнасьць перад нашчадкамі за нашу жалезную няволю на царызм, які павінен абрынуцца [17].

 

Увесь шосты нумар «Мужыцкай праўды» быў прысьвечаны ўніяцкаму пытаньню…

 


 

1. Шырокая літаратура, якая дакумэнтуе жыцьцё і дзейнасьць Каліноўскага, была зьмешчана ў працах: Шалкевич В. Ф. Кастусь Калиновский. Страницы биографии. — Минск, 1988; К. Калиновский. Из печатного и рукописного наследия. — Минск, 1988; Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Рэд. Г. Кісялёў, Я. Янушкевіч. — Мінск, 1999.

 

2. Каўка А. Беларускі вызваленчы рух. Спроба агляду // Спадчына. 1991. № 5. С. 5.

 

3. Ніна Амяльянюк, аналізуючы мову ўсіх сямі нумароў «Мужыцкай праўды» і «Ліста з-пад шыбеніцы», а потым параўноўваючы яго з мовай сучасных жыхароў Мастаўлян — месца нараджэньня Каліноўскага, прыходзіць да высновы, што Каліноўскі быў іх аўтарам, за выключэньнем сёмага нумару «Мужыцкай праўды»: Omeljaniuk N. Jeszcze o języku i autorstwie «Mużyckiej Praudy» i listów «z-pad szybienicy» // Studia z Filologii Rosyjskiej i Sіowiańskiej. T. 18 (Językoznawstwo). Uniwersytet Warszawski, 1989. S. 207—208; гл. таксама: Кісялёў Г. Кастусь Каліноўскі, яго час і спадчына // Кастусь Каліноўскі. За нашую… С. 271 і далей.

 

4. Каліноўскі напісаў падчас сьледзтва тры кароткія тэксты на беларускай мове, названыя іх выдаўцом Агатонам Гілерам сукупна «Да беларускага народу. Ліст з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага» (першыя два тэксты досыць згодна прыпісваюць Каліноўскаму, аўтограф трэцяга не захаваўся): Giller A. Historja powstania narodu polskiego w 1861—1864 r. T. I. Paryż, 1867. S. 327—335; захаваны ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве аўтограф знайшоў і апісаў Уладзімер Казьбярук. Аўтограф Кастуся Каліноўскага // Літаратура і мастацтва. 29 лютага. 1980.

 

5. Gieysztor J. Pamiętniki… Т. II. Wilno, 1913. S. 48.

 

6. Mużyckaja Prauda. Nr. 1 // Prasa tajna z lat 1861—1864 / Red. S. Kieniewicz i I. Miller. Cz. 1. Wrocław, 1966. S. 321 (у гэтым томе зьмешчаныя ўсе сем нумароў «Мужыцкай праўды»).

 

7. Gieysztor J. Pamiętniki… Т. I. Напр., выказваньне на с. 221—222.

 

8. Тамсама. С. 222; гл. таксама: Т. II. С. 48 і далей.

 

9. Mużyckaja Prauda. Nr 1 i 5 // Prasa tajna… S. 321 i 325.

 

10. Pismo z pod szubienicy // Giller A. Historja… S. 328.

 

11. Тамсама. С. 331.

 

12. Тамсама. С. 330.

 

13. Mużyckaja Prauda. Nr 2 // Prasa tajna… S. 322.

 

14. Тамсама. № 5. С. 325.

 

15. Тамсама. № 7. С. 329.

 

16. Гл.: K. Калиновский. Из печатного… С. 65.

 

17. Prasa tajna… С. 400.

 


 

ЦАЛКАМ АРТЫКУЛ РЫШАРДА РАДЗІКА НАДРУКАВАНЫ Ў № 5 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД.

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты». Падпісны індэкс — 00345.

 


 

Рышард Радзік — прафэсар сацыялёгіі ўнівэрсытэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне. У аснове гэтага тэксту ляжыць даклад, прачытаны падчас канфэрэнцыі «Кастусь Каліноўскі як стваральнік беларускага народу — «за» й «супраць», адбытай у Вышэйшай школе імя Лазарскага ў Варшаве сёлета 2—3 красавіка.