Па крапатлівых падліках бібліёграфаў, Скарыне прысвечана больш за 6 тыс. публікацый. Лічба прыстойная, але ў навуковым кантэксце абмежаваная.

Значна больш 5 тыс. — гэта дробныя публікацыі асветніцкага, школьнага, юбілейнага характару ці проста дзяжурныя згадванні пры асвятленні іншай тэматыкі. Лічаныя працы вядомых гісторыкаў, кнігазнаўцаў, філолагаў, мастацтвазнаўцаў, філосафаў складаюць манаграфічныя даследаванні (У. В. Анічэнка, М. А. Алексютовіч, І. Дварчанін, Ю. А. Лабынцаў, Я. Л. Неміроўскі, С. А. Падокшын, П. У. Уладзіміраў, А. В. Флароўскі, В. Ф. Шматаў, А. А. Яскевіч). Прыкметны ўклад у Скарыніяну ўнеслі калектыўныя зборнікі, матэрыялы навуковых канферэнцый (у тым ліку «чорная» юбілейная серыя выдавецтва «Навука і тэхніка»), многія артыкулы прафесійных даследчыкаў (А. І. Жураўскі, У. Г. Кароткі, А. К. Каўка, Г. В. Кісялёў, У. М. Конан, Г. П. Лебедзеў, В. І. Лук’яненка, А. І. Мальдзіс, А.С. Мыльнікаў, А. Надсан, В. Т. Пуцко, У. М.Свяжынскі, Ф. Сокалава, А. А. Турылаў, В. Тумаш, Л. І. Уладзіміраў, В. А. Чамярыцкі). У 1988 і 1990 гг. на беларускай і рускай мовах выйшаў энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час», які падвёў вынікі папярэдніх даследаванняў (гал. рэд. І. П. Шамякін).

Дачакалася грамадскасць трохтомнага выдання пражскай Бібліі Скарыны (Мінск, 1990—1991, адк. рэд. С. В.Кузьмін) і віленскага Апостала 1525 г. (Падзерборн, 2002, пад рэд. нямецкіх славістаў праф. Г. Ротэ, Ф. Шольца). На падыходзе — навуковае выданне Малой падарожнай кніжыцы (каля 1522 г.). Поўнае ж бібліяграфічнае апісанне кніг Скарыны склала два тамы грунтоўнага Зводнага каталога кірылічных выданняў, падрыхтаванага ў 1988—1989 гг. Я. Л. Неміроўскім [1]. Здаецца, наступіў час спачыць на лаўрах.

Для недасведчанага назіральніка можа скласціся ўражанне, што ўсе этапы жыццёвага шляху самага знакамітага культурнага дзеяча сярэдневяковай і новай гісторыі Беларусі і галоўныя сферы яго дзейнасці ўжо асветлены і шмат што сенсацыйнага адкрыта нанава. Некалькі скараспелае адчуванне

Для недасведчанага назіральніка можа скласціся ўражанне, што ўсе этапы жыццёвага шляху самага знакамітага культурнага дзеяча сярэдневяковай і новай гісторыі Беларусі і галоўныя сферы яго дзейнасці ўжо асветлены і шмат што сенсацыйнага адкрыта нанава. Некалькі скараспелае адчуванне. Асноўная прычына — выразны недахоп пісьмовых крыніц, якія датычацца біяграфіі Скарыны. Большасць дакументальных (а часткова і наратыўных) сведчанняў сабрана ў грунтоўным найбольш поўным іх комплексе: «Францыск Скарына. Зборнік дакументаў і матэрыялаў». (Мінск, 1988 / В. І. Дарашкевіч, склад. і камент.; Я. Л. Неміроўскі, апісанне выданняў). З 56 дакументальных і часткова наратыўных крыніц, што адлюстраваны ў гэтым зборніку, толькі ў 29 актах згадваецца імя Францішка Скарыны, многія з іх складаюць сціслыя пратакольныя запісы. Абсалютная большасць усіх зарэгістраваных крыніц — судовыя маёмасныя справы. Інфарматыўная значнасць іх для вывучэння біяграфіі і дзейнасці Скарыны надзвычай абмежаваная.

Такім чынам, храналагічна ўся дакументаваная біяграма Скарыны па матэрыялах згаданага комплекса і звязаных з імі менш канкрэтных, але бясспрэчна доказных сведчанняў, мае вельмі вузкі характар. Гэтыя звесткі адносна карэктна (хоць і з рознымі інтэрпаляцыямі) змешчаны ў энцыклапедычных даведніках. Мноства лакун у дакументальных крыніцах і жаданне прадставіць чытачам больш поўны і пласцічны воблік выдатнага палачаніна пабуджае многіх аўтараў да дапаўнення яго біяграфіі ўласнымі версіямі, міфамі, легендамі.

Рамантычныя і паветраныя версіі радзей закранаюць сферы духоўнай творчасці Скарыны, бо амаль уся яго друкаваная спадчына захавалася. Надзвычай радыкальныя сцверджанні маюць нямнога шанцаў на выжыванне ў прафесійнай ацэнцы беларускіх гісторыкаў, філолагаў, філосафаў, даследчыкаў мастацтва і кніжнасці, хоць і ў гэтых сферах хапае яшчэ жніва. Недастаткова вывучана эпоха Скарыны, яго выдавецкая, пісьменніцкая і грамадская дзейнасць, характар, моўныя і мастацкія асаблівасці выданняў, адносіны Скарыны са свецкай уладай, духоўнай іерархіяй, паспольствам, паплечнікі і праціўнікі, яго погляды і ментальнасць у кантэксце сярэдневяковай і рэнесансава-гуманістычнай культуры, патрыятычныя і нацыянальныя інтэнцыі, уплывы і шмат іншых важкіх праблем.

Большасці чытачоў немагчыма разабрацца з многімі гістарыяграфічнымі сцверджаннямі з-за слабага ведання крыніц, пэўнай герметычнасці даследчых прац і, галоўным чынам, уздзеяння розных гіпотэз, якія пашыраны ў навуковай, папулярнай, мастацкай літаратуры і нярэдка падаюцца як бясспрэчныя ісціны. Па словах Гегеля, прафесійныя даследчыкі адрозніваюцца ад аўтараў-белетрыстаў тым, што першыя сваёй мэтай ставяць набліжэнне да навуковай ісціны, другія павінны ад яе адыйсці, каб ступіць далей, стварыць вобраз для сучаснікаў. Трэба не блытаць жанры. У гістарычных навуках маюць істотнае значэнне не толькі рабочыя гіпотэзы, але і працэс іх крытычнай адаптацыі. Прагматычная мэта дадзенага артыкула — не столькі канкрэтнае апісанне асноўных этапаў жыццёвага шляху і тым больш творчых дасягненняў Скарыны, што патрабавала б высілкаў многіх даследчыкаў, колькі пэўнае высвятленне агульнага фона Скарыніяны па шэрагу распаўсюджаных гіпотэз, меркаванняў і версій. І ў гэтым сэнсе — дапамога калегам-навукоўцам, выкладчыкам і студэнтам, усім, хто пачынае падступацца да гэтай тэмы і іншаму чытацкаму асяроддзю знайсці пэўныя інфармацыйныя і сэнсавыя арыенціры па шматлікіх пытаннях тэмы. Неабходна нагадаць, што некаторыя з узнятых праблем раней закрануты аўтарам у асобнай публікацыі [2, с. 9—20].

Дата нараджэння Скарыны. Дакладная дата дакументальна не высветлена: верагодна, ён нарадзіўся каля 1490 г. Шэраг гісторыкаў схіляюцца да сярэдзіны 80-х гг. ХV ст., некаторыя падзяляюць трапную гіпотэзу выдатнага беларускага мастацтвазнаўца М.Шчакаціхіна аб нараджэнні Скарыны 6 сакавіка 1486 г., калі ў Полацку было бачна сонечнае зацьменне [3, с. 148—151]. На думку даследчыка, гэтая знамянальная падзея адбілася ў яго вядомай графічнай сімволіцы: сонца і наплываючы на яго месяц. Сувязь гэтага «герба» Скарыны з фактам полацкага зацьмення, а не з астралагічнымі, тэалагічнымі, канфесійнымі ці іншымі традыцыямі тагачаснага выдавецкага і інтэлектуальнага асяроддзя нічым не даказваецца. Акрамя таго, Шчакаціхін не ўлічваў іншых зацьменняў, якія маглі быць бачаны ў Полацку і зафіксаваны ў каноне рускага матэматыка М. А. Вільева. Няўдачна завяршылася цікавая спроба вызначыць узрост Скарыны на падставе яго «партрэта», датаванага 1517 г. і змешчанага ў пражскай Бібліі. Даследчыкі гэтага антрапалагічнага артыфакта капітальна разышліся ў сваіх ацэнках (каля 27 гадоў — па П. У. Уладзіміраву, да 40—45 — па А. М. Ясінскаму). Два ўскосныя факты — больш важкія. У Кракаўскі універсітэт простыя незаможныя шкаляры з зямель ВКЛ звычайна запісваліся па дасягненні 14 гадоў ці болей. Толькі знатныя асобы зрэдку маглі запісваць сваіх дзетак з малалецтва, часта хутчэй фармальна, для надання роду адпаведнага бляску і гонару. У такіх выпадках у рэгістрацыйных кнігах звычайна рабіўся запіс, што новы шкаляр не змог прынесці прысягі. Іматрыкуляцыя Скарыны не мае такой адзнакі. Таму можна лічыць бясспрэчным, што ён быў залічаны ва універсітэт пасля дасягнення 14 гадоў.

Апрабацыі больш ранняй даты нараджэння Скарыны перашкаджае экзаменацыйны акт Падуанскага універсітэта 1512 г., дзе ён запісаны юнаком з Полацка. Цяжка было б назваць прэтэндэнта на ступень доктара ў лекарскіх навуках юнаком (прыблізна 22-гадовага ўзросту — з 1490 г.), улічваючы тагачасныя крытэрыі.

Апрабацыі больш ранняй даты нараджэння Скарыны перашкаджае экзаменацыйны акт Падуанскага універсітэта 1512 г., дзе ён запісаны юнаком з Полацка. Цяжка было б назваць прэтэндэнта на ступень доктара ў лекарскіх навуках юнаком (прыблізна 22-гадовага ўзросту — з 1490 г.), улічваючы тагачасныя крытэрыі. Пры больш раннім нараджэнні гэта было б яшчэ складаней. З улікам універсітэцкіх актаў вельмі верагоднай здаецца гіпатэтычная дата нараджэння Скарыны: каля 1490 г. ці з невялікім допускам — на некалькі гадоў раней. Да гэтай умоўнай даты было слушна прыстасавана прыўзнятае святкаванне ў Беларусі і ва ўсім свеце 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны.

Імя і род Скарыны. Да другой паловы ХIХ ст. амаль усе даследчыкі, бібліёграфы, навукоўцы называлі беларускага першадрукара Францыскам, зыходзячы з непасрэднага ці ўскоснага знаёмства з яго «інкунабуламі». Так называецца ён таксама ва ўсіх захаваных айчынных і замежных актах (за выключэннем адной копіі). У 1858 г. вучоны сакратар Віленскай археалагічнай камісіі М. Круповіч выдаў каштоўны збор дакументаў па гісторыі ВКЛ [4, с. 6—37]. У дзвюх копіях каралеўскіх актаў 1532 г., дзе надаваўся пэўны прававы і маёмасны імунітэт Скарыне ў сувязі з пазнанскім працэсам, ён згадваецца па-рознаму: у першым ад 21 лістапада — «выдатны і слаўны Францыск Скарына з Полацка», у другім, праз некалькі дзён, — «вопытны і ўмелы ў медычных навуках Георгій Францыск Скарына». Рознае найменне Скарыны ў двух практычна адначасовых актах адразу наводзіла на думку, што гэта быў руцінны канцылярскі промах. У 1925 г. у рэцэнзіі на кнігу А. Станкевіча «Доктар Францыск Скарына» гэта прыкмеціў польскі медыявіст, славяназнаўца Г. Лаўмянскі [5, s. 161—179]. Стэрэатыпны тэрмін — egregius (выдатны бліскучы, знакаміты), які звычайна прыкладаўся як эпітэт да прывілеяў, што тычыліся магістраў і дактароў навук, быў прыняты за дадатковае імя Скарыны. У тых жа каралеўскіх дэкрэтах Скарына яшчэ сем разоў слушна называўся толькі Францыскам. Радавая няўважлівасць кароннага пісара, які памыліўся ў сваёй скарочанай копіі каралеўскага дэкрэта і нават імя Скарыны ў загалоўку акта перадаў памылкова, дала падставы да доўгай і небесстароннай палемікі ў канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. Яна ажыўлялася ў часы пагаршэння адносін з Польшчай, з іншымі каталіцкімі краінамі. У 50-х — 60-х гг. ХХ ст. згадванне «Георгія» (ці Георгія Францыска) Скарыны ў Беларусі і Расіі стала ледзьве не дырэктыўным. З гэтай нагоды не ўбачыла света праца запрошанай у Мінск вядомай маскоўскай даследчыцы дзейнасці Скарыны і друкарскіх сувязей рускіх і беларускіх выдаўцоў ХVI—ХVII ст. А. С. Зёрнавай.

Абаронцы міфічнага ці падвойнага наймення Скарыны разлічвалі на тое, што імя «Георгій» (у адрозненне ад «Францыск» ці «Францішак») дазваляе аднесці яго да выдатных дзеячаў Заходняй Русі, праціўнікаў каталіцтва. Па сцверджанні некаторых даследчыкаў, Скарына свядома назваўся Францыскам, каб таямніча паступіць у Кракаўскі універсітэт. Што імя «Георгій» ці «Юрый» значыцца ў подпісу пад партрэтам Скарыны ў яго Бібліі. І іншая падобная эквілібрыстыка не аднойчы замяняла навуковую дасведчанасць. На самой справе Скарыне не было патрэбы хаваць сваё «прыражонае» імя, бо ў Кракаўскую акадэмію ў той час запісалася шмат іншых «Георгіяў». Святых з такім імем хапала ў лацінскай і ў грэка-візантыйскай Еўропе. Адбіткам старых тэндэнцый стала выкарыстанне дзівоснага імені — «Францыск (Георгій) Скарына» у навуковай і папулярнай літаратуры Беларусі ў 1970-х гг. Міфалагема пра падвойнае імя Скарыны была канчаткова падважана адкрыццём уласнага акраверша Скарыны ў яго акафістах (адкрыццё А. А. Турылава) і выяўленнем дакладнага тэксту дэкрэта Жыгімонта I ад 21 лістапада 1532 г., арыгінал якога з віслай пячаткай быў самім Скарынам дастаўлены для ўнясення ў магістрацкія кнігі Пазнані [6, c. 3—5]. Зразумела, што там згаданы толькі Францыск Скарына.

У вялікім і слаўным Полацку. Першыя гады Скарыны прайшлі ў буйнейшым горадзе Беларусі, здаўна вядомым сваімі палітычнымі, культурнымі, канфесійнымі традыцыямі, міжнароднымі сувязямі. Сярод ураджэнцаў Полацка невыпадкова значацца такія знакамітыя духоўныя постаці, як Ефрасіння Полацкая і Сімяон Полацкі. Тут здаўна працавалі манастырскія скрыпторыі, існавалі буйныя бібліятэкі, свая архітэктурная школа, артыстычнае рамяство. Вельмі актыўным ў часы Скарыны было полацкае мяшчанства, якое ў 1498 г. атрымала Магдэбургскае права і канфліктавала з полацкім баярствам, архірэямі, ваяводамі. Палачане ўдзельнічалі ва многіх пасольствах ВКЛ у Маскву, шырока гандлявалі з ёй, а таксама з Рыгай, Ноўгарадам, Вільняй, Бярэсцем, Гародняй, наведвалі ўкраінскія, польскія, заморскія гарады, вядомы былі і сваёй ваеннай спраўнасцю.

Існуе практычна неабвержная версія, што сваю школьную асвету Скарына атрымаў у Полацку ці ў сталіцы ВКЛ. З-за поўнай адсутнасці крыніц цяжка размежаваць ці аб’яднаць гэтыя меркаванні. З Полацкам бацькоў Францішка звязвала роднае асяроддзе, зямляцтва, гандлёвыя і іншыя інтарэсы, з Вільняй — некаторыя сваякі і сябры, большыя жыццёвыя перспектывы для малодшага сына. Бясспрэчна толькі, што паступленне ў еўрапейскія універсітэты патрабавала ведання лацінскай размоўнай і пісьмовай мовы, што не маглі даць традыцыйныя прыватныя і царкоўныя школы. Але там ён мог авалодаць роднай пісьмовай мовай, пазнаць першыя рукапісныя кнігі, набыць іншыя школьныя навыкі, што вельмі спатрэбілася яму ў далейшых яго службах, вучобе і выдавецкай дзейнасці.

Пэўныя ўмовы для атрымання школьнай асветы пачатковага ўзроўню, безумоўна, існавалі ў Полацку: мноства манастыроў, наяўнасць скрыпторыяў, бібліятэк, традыцыйны піятэт да кніжнай і духоўнай дзейнасці. Свае ўладальніцкія правы мяшчане пацвярджалі публічнымі актамі, дарэннямі і фундушамі, якія нават у часы Скарыны нярэдка ўпісваліся ў пергаментныя напрастольныя Евангеллі. Ігуменам Прадцечанскага манастыра быў Яўфімій, брат Мацвея Дзесятага — стваральніка першага вядомага нам беларускага кірылічнага звода кніг Бібліі (1502—1507, Вільня-Супрасль). Аўтарскі калафон Мацея «аб напісаўшым кнігу сія» сведчыў пра рост творчай свядомасці, годнасці, адмову ад ананімнасці, характэрнай для сярэдневяковай літаратурнай традыцыі. Папярэдніка Скарыны звязвае з ім і жанравы характар помніка, ускосна ці непасрэдна і месца працы (бо пачыналася яна ў Вільні, дзе ў 1502 г. мог жыць Францішак) і нават прыгожы арнаментальны аўтограф Мацея ў канцы яго працы, які нагадвае друкаваны подпіс Скарыны пад яго партрэтам у Бібліі. Наступная фаза адукацыі Скарыны хутчэй за ўсё адбылася пры полацкім Бернардынскім манастыры, заснаваным у 1498 г., і працягвалася ў Вільні. Віленская кафедральная школа была адной з лепшых у ВКЛ і мела ўстойлівыя сувязі з Кракаўскай акадэміяй.

Бацькі і сям’я. Пра маці Скарыны даследчыкам невядома. Бацька — Лука Скарына, згадваецца ў расійскіх пасольскіх абвінавачаннях як саўдзельнік грабежніцкага нападу ў 1492 г. на лучаніна Дароцю Іванава: з’ява даволі руцінная ва ўмовах узаемных прэтэнзій ваеннага часу. Некаторыя даследчыкі залічаюць Луку Скарыну ў шэраг багатага купецтва, што малаверагодна. Багатыя гандляры маглі дазволіць сабе не ўдзельнічаць непасрэдна ў такіх рызыкоўных імпрэзах. Па актах Кракаўскага і Падуанскага універсітэтаў бачна, што Францішак паходзіў з небагатай радзімы (плаціў невялікі ўступны ўзнос у Кракаве, а ў Падуе прасіў прыняць экзамены бясплатна з-за незаможнасці.). У 1512 г. Лука Скарына згадваецца ўжо як нябожчык.

З блізкіх родзічаў Францішка акты 20-х гг. ХVI ст. згадваюць жонку Маргарыту (Малкгарэту), якая мела адзін дом каля Рынка ў Вільні, а другі, спадчынны ад першага мужа Юрыя Адверніка, — на Нямецкай вуліцы. З іх дзяцей у 1552 г. упамінаецца па імені толькі адзін Сімяон. Версія пра іншага сына Скарыны (таксама з імем Францішак), які загінуў падчас пражскага пажару 1541 г. (меркаванне А. В. Флароўскага), застаецца ў межах дапушчальнай гіпотэзы. З родным братам Іванам Скарынай (у 1529 г. ён ужо быў нябожчык) Францішак удзельнічаў у гандлёвых аперацыях з Польшчай і «немцамі».

Яго універсітэты. У гістарыяграфіі даўно адзначана, што ў Кракаўскім універсітэце Скарына вучыўся з 1504 па 1506 г. Уступны запіс унесены ў матрыкул рукой акадэмічнага пісара, які дапусціў памылку ў рэгістрацыі айчыннага горада Скарыны: «Плоцк», замест Полацка, і запісаў яго як ліцвіна. Сучасным даследчыкам вядома, што Скарына меў тры навуковыя ступені: бакалаўр філасофіі (або вольных навук, арціум), што дакументальна пацверджана запісам у кнізе прамоцый Кракаўскага універсітэта 1506 г., магістр арціум (у зборніку В. І. Дарашкевіча не зусім дакладна адзначана — «доктар мастацтваў»). З такім магістарскім тытулам Скарына згадваецца ў першым экзаменацыйным акце Падуанскага універсітэта ад 5 лістапада 1512 г. Невядома, дзе атрымаў Скарына сваю магістарскую годнасць. У літаратуры са спасылкай на яго сакратарскія абавязкі ў Дакіі сустракаецца версія, быццам гэта магло адбыцца ў Капенгагене. Матрыкулы Капенгагенскага універсітэта пачатку ХVI ст. загінулі, а іншыя сведчанні адсутнічаюць.

Ступень «доктара ў лекарскіх навуках» Скарына, мяркуючы па вядомых чатырох актах падуанскай альма-матэр, атрымаў экстэрнам, бо універсітэцкія кафедры ў неспрыяльных умовах працяглых італьянскіх войнаў часта не працавалі.

Ступень «доктара ў лекарскіх навуках» Скарына, мяркуючы па вядомых чатырох актах падуанскай альма-матэр, атрымаў экстэрнам, бо універсітэцкія кафедры ў неспрыяльных умовах працяглых італьянскіх войнаў часта не працавалі. Акты Падуанскага універсітэта не пакідаюць сумнення ў тым, што Скарына з’яўляўся незвычайным прышэльцам з далёкай экзатычнай краіны — Полаччыны, за некалькі тысяч рымскіх міль ад Падуі. Афіцыйна ён атрымаў згоду на экзамены па яго просьбе і з-за яго незвычайных здольнасцей. Не выключана, што ў яго быў невядомы нам беларускі ўплывовы пратэктар. Нямнога раней да Скарыны ў іншым знакамітым універсітэце, у Балоньі, пасцігаў навукі Мікалай Капернік.

На ростанях: 1512—1518 гг. З гэтым перыядам, дагэтуль не асветленым ніякімі дакументамі, у Скарыніяне звязваецца некалькі рабочых гіпотэз. Самая ранняя была выказана адным з заснавальнікаў навуковага славяназнаўства ў Чэхіі І. Добраўскім (1753—1829). На яго думку, Скарына быў cярод асоб, якія суправаджалі польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта I у яго паездцы на Венскі кангрэс 1515 г. (з’езд трох манархаў) [7, s. 105]. Пасля кангрэса Скарына з польскай дыпламатычнай дэлегацыяй наведаў Венецыю, дзе заказаў матрыцы для сваіх будучых выданняў у Празе. Як лічыць Я. Неміроўскі, малаверагодна, каб сам Жыгімонт I быў ініцыятарам утварэння славянскай друкарні [8, с. 221].

Адзначым, што меркаванні І. Добраўскага спалучаюць цэлы шэраг гіпотэз, што падрывае іх агульную верагоднасць, асабліва ў заключнай фазе. Але ўдзел Скарыны ў пасольстве на з’езд трох манархаў нельга лічыць поўнасцю фантастычным у святле адкрытых ужо ў ХХ ст. звестак аб сакратарскай службе Скарыны пры двары караля Дакіі і згаданым ніжэй акце аб знаходжанні Скарыны ў Кракаве ў 1512 г.

Дакія. У пратаколе Падуанскага універсітэта ад 9 лістапада 1512 г. апісваецца заключная стадыя: прыватны экзамен па медыцыне — «viri domini magistri Francisci, quodam domini Lucae Scorina de Poloczko, Rutheni, secretarii regis Datiae». Згадванне пра Дакію выклікае розныя меркаванні даследчыкаў. Дакіяй у часы Скарыны называлі Данію і Валахію (Румынію). Літоўскі матэматык Э. Гячаўскас у 1986 г. на Скарынаўскіх чытаннях у Мінску выступіў з заявай, быццам яму вядомы дакументы аб сакратарскай службе Скарыны пры двары гаспадара Валахіі Раду Вялікага. Значыць Скарына мог быць таксама прычасным да друкарскай дзейнасці іераманаха Макарыя ў Тырговішце. Развіцця гэтай тэмы ў публікацыях аўтара не паследавала. Як даказаў Я. Неміроўскі, выданні Макарыя відавочна адрозніваюцца ад пазнейшых друкаў Скарыны і зусім не падобны да апошніх [9, с. 135—137].

У еўрапейскіх універсітэцкіх колах пад Дакіяй пераважна разумелі Данію. У такім кантэксце яна сустракаецца ў дыпламатычных пасланнях Жыгімонта I да караля Дакіі. Акрамя таго, у Падуе ў актах, ніяк не звязаных з адносінамі з Валахіяй, наўрад ці сталі б называць каралём валашскага гаспадара, бо тытулатуры ў той час надавалі вялікае значэнне.

Кракаў. Спадзяванні гісторыкаў на тое, што істотную ролю ў даследаванні жыццёвага шляху Скарыны павінны ўнесці далейшыя архіўныя пошукі ў асноўных цэнтрах яго выдавецкай, службовай і прадпрымальніцкай дзейнасці, зрэдку збываюцца. Акрамя акта, знойдзенага ў гарадскім архіве Пазнані, вельмі цікавы дакумент, невядомы скарыназнаўцам, апублікаваны ў зборніку рэгэстаў аб прысутнасці літвінаў у Кракаве ў ХIV—ХVI ст. Скарыны тычыцца запіс ад 4 жніўня 1512 г., які варта прывесці поўнасцю: «Mgr Franciscus [Skoryna ?] de Poloczko ad akta praesentia personaliter constitutas» contra Annam Craysla, institricem de Cracovia, mgr. Stanislaum Brzezicki in procuratorum constituit» [10, p. 94, № 29, 102, 59]. Складальнікі зборніка не вельмі былі ўпэўнены, што згаданы акт прэтэнзій да кракаўскай мяшчанкі Ганны Крайсля дакладна звязаны з дзейнасцю знакамітага пазней першадрукара і асветніка Скарыны. Аднак гэтыя сумненні, на наш погляд, лішнія. Супадзенне шэрагу вызначэнняў робіць яго практычна бясспрэчным: імя — Францыск, навуковы і педагагічны статус — магістр арціум, паходжанне — з Полацка (Акт захоўваецца ў Архідыецэзальным архіве Кракава: MS Of. 32. P. 222). Знойдзены акт дазваляе са значнай ступенню верагоднасці ўдакладніць адзін з самых цьмяных перыядаў жыцця Скарыны да яго экзаменаў у Падуе, а, магчыма, і ў больш позні перыяд.

Cудовая справа Скарыны з кракаўскай мяшчанкай пры ўдзеле адваката — магістра Станіслава Бжэзіцкага — паказвае, што яго сувязь з Польшчай і Кракаўскім універсітэтам захоўвалася даўжэй, чым лічылася даследчыкамі. Хутчэй усяго тут у Кракаве, працягваючы сваю навуковую і педагагічную дзейнасць, ён набыў ступень магістра арціум і пасля таго атрымаў доступ да вышэйшых або медычных навук. У пачатку ХVI ст. медычныя кафедры Кракаўскага універсітэта яшчэ не мелі афіцыйных праў надаваць статус доктара ў лекарскіх навуках, што не вельмі перашкаджала іх грунтоўнаму выкладанню.

Сакратарская дзейнасць пры двары караля Дакіі была кароткім эпізодам у жыцці Скарыны і, магчыма, звязана з польска-літоўскімі пасольствамі ў Капенгаген. Згаданы акт дазваляе значна пашырыць патэнцыяльнае кола кракаўскіх знаёмых Скарыны — педагогаў, студэнтаў, афіцыйных асобаў, у т. л. выхадцаў з ВКЛ. Студэнты-ліцвіны Кракаўскай акадэміі надзвычай даражылі вучэбнымі кнігамі, не вельмі даступнымі на радзіме. Адзін з «кніжных працэсаў» — з нагоды прыўлашчэння дзвюх кніг Венцэславам ліцвінам — адбыўся як раз у бытнасць Скарыны ў Кракаве, у кастрычніку 1506 г. Дарэчы, у 1512 г. кракаўскім, пазнанскім і плоцкім канонікам быў Ян — з князёў літоўскіх — пазнейшы віленскі біскуп. У яго канцылярыі Скарына доўга выконваў сакратарскія абавязкі. І ці не ў Кракаве пачалося іх непасрэднае знаёмства?

На радзіме. Праз тры месяцы, пасля таго як Скарына адзначыўся ў Кракаве, ён прысутнічаў ужо ў Падуе. Згадванне пра Полацк і вельмі далёкі край у першым акце падуанскай экзаменацыйнай калегіі наводзіць на думку, што Скарына ў гэты прамежкавы перыяд наведаў сваю радзіму. Не выключана і іншая гіпотэза, што ён непасрэдна прыбыў з Кракава і проста хацеў падкрэсліць сваё паходжанне з Беларусі. Здзівіць мэтраў Падуі студэнтамі з Польшчы, Заходняй ці Цэнтральнай Еўропы не выпадала. Місіянерскі, у пэўным навуковым сэнсе эксклюзіўны экзамен чужаземцу мог дадаткова схіліць вагі на карысць большай прыхільнасці да яго з боку універсітэцкай і царкоўнай эліты Падуі.

Амаль бясспрэчна, што пасля Падуі Скарына вяртаецца ў ВКЛ. У Вільні ён завязвае кантакты з будучымі ўдзельнікамі і мецэнатамі яго выдавецкай дзейнасці і, магчыма, пасрэднічае ў іх гандлёвых аперацыях з Прагай. Адзін з вядомых пратэктараў Скарыны — Багдан Онкаў — шырока гандляваў з Прагай сукнамі і іншым хадавым таварам.

Менш верагодна, што Скарына ў самой Празе, не маючы прамых сувязей з суайчыннікамі, вырашыў заснаваць выдавецкую афіцыну і здалёк атрымаў іх падтрымку. Архаічная версія ХIХ ст. аб тым, што пад Прагай Скарыны маецца на ўвазе варшаўскае прадмесце Прага, выпадкова адноўленая ў беларускім перыядычным выданні 1969 г., не заслугоўвае разгляду [11].

«У веліком месте Празском». Даследчыкі звычайна датуюць першы чэшскі перыяд Скарыны па выхадных звестках яго пражскіх выданняў — 1517—1519 гг. Гэта не зусім слушна. Заснаваць на пустым месцы новае выдавецтва, знайсці кнігі і рукапісы, падрыхтаваць тэксты і пераклады, азнаёміцца з тагачаснымі еўрапейскімі выданнямі Бібліі і каментарыямі да іх было немагчыма адразу. Зусім верагодна, што Скарына абаснаваўся ў Празе з пэўнай адлігай да пачатку сваёй выдавецкай дзейнасці.

У заснаванні ўласнай друкарні не было асобнай патрэбы, бо кнігадрукаванне ў Празе і ва ўсёй Чэхіі мела ўжо старыя традыцыі, міжнародныя кніжныя сувязі. Да таго ж арганізацыя новага варштата патрабавала нямалых сродкаў. Скарына не меў іх. Большасць яго пражскіх «інкунабул» надрукавана на таннай паперы без вадзяных знакаў. Калафоны ў яго выданнях, у адрозненне ад віленскіх, сведчаць аб тым, што ў Чэхіі галоўнымі яго функцыямі было наладжванне і забеспячэнне выдавецкага працэсу. Даследчыкі, на жаль, не знайшлі ніводнага прыкладу выкарыстання графічных ці шрыфтавых матэрыялаў Скарыны ў іншых пражскіх друках канца ХV—першай паловы ХVI ст. Праблему магла б вырашыць фізічная экспертыза складу тыпаграфскага гарту розных пражскіх друкарань па адбітках літар на іх выданнях, што няпроста з розных пунктаў гледжання.

Апошнія пражскія выданні Скарыны не маюць дакладных выхадных звестак. Традыцыйна іх прыстасоўваюць да 1519 г., аднак пэўныя сляды пашкоджанняў у ксілаграфіях наводзяць на думку, што некаторыя з адзначаных друкаў маглі выйсці ў пачатку 1520 г. Для адказу на гэтае пытанне патрэбны параўнальны тыпаграфічны аналіз усіх захаваных экзэмпляраў апошніх выданняў Пражскай бібліі ці хоць бы іх дакладных электронных копій.

Выдавецкія планы Скарыны прадугледжвалі поўнае выданне «Библии Рускай» (беларусы ў той час карысталіся гэтым мэтаэтнонімам), што зразумела па яго агульнай прадмове, змешчанай у кнізе «Быццё». Фактычна надрукаваны 20 кніг Старога запавету (кнігі Царстваў — адным комплексам). Не выдадзена прыблізна палова поўнага зводу па каталіцкаму ці праваслаўнаму канону. Сцверджанні даследчыкаў, што ўсе кнігі Старога запавету, магчыма, убачылі свет, бо захаваліся некаторыя іх спісы, не пераконваюць [12, с. 264].

Дарога да айчынных парогаў. Каля 1520—1521 гг. Скарына перабраўся ў Вільню. Вяртанне да «дому» быў абумоўлена яго сталым натуральным імкненнем паслужыць свайму люду «языка рускага», сваёй Айчызне. У прадмове да адной з найбольш патрыятычных кніг Бібліі ён падкрэсліваў: «святыми отци …дазволена нам сия книга Іудиф чести к нашему научению, абыхом, яко зеръцало, жену сию преславную пред очима имеюще, в добрых делех и в любви отчины не толико жены, но и мужи наследовали и всякого тружания и скарбов для посполитого доброго и для отчины своея не лютовали». Далей даваўся вядомы пераказ іншага біблейскага тэксту: «Понеже от прирожения звері, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя …; тако ж и люди, игде зродилися а ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».

Пераезд да айчынных парогаў быў, верагодна, паскораны ўскладненнем грамадска-палітычных адносін у Празе і асабліва страшэнным морам 1520 г., што ўзрушыў горад. Не выключана, што пераезд Скарыны быў паскораны па жаданні яго віленскіх і полацкіх саўдзельнікаў. Адно можна сказаць з упэўненасцю — ад’езд загадзя не быў прадбачаным на канкрэтную дату. Асобныя неразрэзаныя для друкарскіх патрэб аркушы з кнігаў Царстваў і некаторых іншых выданняў Скарыны пазней выкарыстоўваліся для вокладак розных пражскіх і вроцлаўскіх кодэксаў. Кнігі Царстваў выйшлі ў 1518 г., таму доўгае захаванне часткі падрыхтаваных ужо адбіткаў сведчыць, напэўна, аб фінансавых цяжкасцях Скарыны ў апошнія гады яго дзейнасці ў Празе.

Вільня. У Вільні Скарына абаснаваўся ў доме «почтивого мужа Якуба Бабича, наистаршего бурмистра славнаго и великаго мћста виленскаго» [13], дзе размясціў уласную друкарню. Ёсць меркаванне, што дом Бабіча (як і большасці багатых купцоў і членаў магістрата) знаходзіўся побач з Рынкам і пазней стаў уласнасцю выдавецкай фірмы Мамонічаў. Паводле Э. Гячаўскаса, гэта хутчэй пазнейшая камяніца Бабічаў, што ў ХVII ст. знаходзілася на Вялікай вуліцы, «за святым Пятром руским» [14, с. 63].

Доўгі час даследчыкі высвятлялі, якое з віленскіх выданняў Скарыны было першым. У 1928 г. на падставе параўнальнага аналізу філіграняў з абодвух выданняў М. Шчакаціхін прыйшоў да высновы, што Малая падарожная кніжыца надрукавана пасля 1530 г., хутчэй за ўсё — між 1535 і 1539 гг. [15, с. 435—450]. Спадзявацца на вадзяныя знакі пры адсутнасці рэпрэзентатыўных альбомаў філіграняў, а таксама нярэдкай залежнасці паперы — было рызыкоўнай справай. Гэта высветлілася ў 1959 г. пасля публікацыі А. С. Зёрнавай. Выкарыстанне новага метада даследавання (назіранні над дошкамі сюжэтных гравюр і арнаментыкі) дазволілі ёй прыйсці да вельмі дакладнага выніку: Малая падарожная кніжыца надрукавана прыкладна ў 1523—1534 гг. [16, с. 215, 220—221]. Пацвердзіліся гэтыя высновы ўжо пасля смерці даследчыцы, калі стала вядомай праца А. Надсана з першым паведамленнем аб унікальным экзэмпляры Малой падарожнай кніжыцы, знойдзеным у Капенгагене [17, с. 9—11]. Захаваная там Пасхалія дазваляе датаваць кнігу прыблізна 1522 г.

На службах і ў пошуках. Паводле слушнай заўвагі Э. Гячаўскаса, ужо ў 1523 г. Скарыну згадваюць у афіцыйных паперах як «фізіка» (лекара) віленскага біскупа Яна, што з князёў літоўскіх [14, с. 62]. Паралельная версія некаторых даследчыкаў, што Скарына служыў пры двары праваслаўнага епіскапа, не вытрымлівае крытыкі. Віленскай праваслаўнай епархіі ў ХVI ст. не існавала. Там знаходзілася намесніцтва праваслаўнага мітрапаліта, і ён часам наведваў сваю віленскую даволі незалежную паству з Навагародка, Кіева або Мінска.

Ян з князёў літоўскіх, пазашлюбны сын Жыгімонта I, легаліст, прыхільнік абмежавання ўплываў магнатаў у сярэдзіне 20-х гг. разам з троцкім кашталянам Юрыем Мікалаевічам Радзівілам распрацоўваў план аб’яўлення ВКЛ каралеўствам. Як адукаваны дасведчаны іерарх ён цаніў сакратарскія і медычныя таленты Скарыны, абараняў яго ў судовых працэсах. Нішто не пацвярджае, аднак, што ён аказаў падтрымку Скарыне ў арганізацыі яго друкарні ў Вільні [18, с. 780]. Хутчэй было якраз іншае. З пачатку 20-х гг. ён актыўна ўдзельнічаў у рэфармаванні каталіцкай царквы ў ВКЛ, выступаў за «навяртанне» праваслаўных, аблічаў пратэстанцкія павевы. Акрамя неспрыяльнай пазіцыі біскупа на звёртванне выдавецкай дзейнасці Скарыны пасля 1525 г., верагодна, паўплывалі фінансавыя праблемы, абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцей у Вільні, канчына мецэнатаў ці паплечнікаў.

З 20-мі гг. ХVI ст. нярэдка звязваюцца дзве рызыкоўныя гіпотэзы. Адна — аб пераможным дыспуце Скарыны з Лютэрам ў Вітэнбергу ў 1525 г., другая — аб яго наведванні Масквы. Першая з гіпотэз — відавочны міф, народжаны павярхоўнай гіпотэзай В. Капітара (1780—1844), які атаясаміў Скарыну з нейкім Францішкам-палякам. Пасля сустрэчы Францішка з Лютэрам і Меланхтонам нямецкі рэфарматар западозрыў госця ў д’ябальскіх кознях і спалоханы збег у Торгаў. Версія Капітара заснавана на няўважліва адчытаным ім фрагменце з кнігі Секендорфа. Ніхто з даследчыкаў дакладна не звяртаўся да больш ранняга сведчання сябры самога Лютэра і яго біёграфа Іагана Матэзіуса (1504—1565), які паведамляў, што згаданая сустрэча была звязана з Міхелем-палякам і падкопамі каталіцкіх біскупаў [19, s. 427—431]. Абедзве версіі, Секендорфа і Матэзіўса, значна разыходзяцца ў храналогіі, імені чужаземца і іншых рэаліях. Збліжае згаданых рэфарматараў антыкаталіцкі і антыіудзейскі характар іх твораў, як і палемічных прац самога Лютэра ў позні перыяд яго дзейнасці, што і абумовіла з’яўленне гэтай міфічнай гісторыі [9, с. 428; 20, с. 13—14].

Масква. Адносна верагоднай выглядае гіпотэза пра падарожніцтва Скарыны ў Маскву. Падобнае меркаванне ў 1888 г. выказаў славіст І. Первольф на падставе інструкцыі польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста да яго пасланца ў Рым Войцеха Крыскага, якому ў канцы 1552 г. было даручана місія вырашэння шэрагу фінансавых і палітычных спраў з папам Юліям III. Ужо ў дарозе сакратара каралеўскай канцылярыі дагнала новая інструкцыя, якая павінна была даказаць Рыму ілюзорнасць планаў далучэння Масквы да грэкакаталіцкай царкоўнай уніі і крыжовага пахода супраць Атаманскай Порты. Пасля шэрагу няўдалых войнаў з Вялікім княствам Маскоўскім і страты значнай часткі ўсходніх зямель Жыгімонт II Аўгуст быў надзвычай зацікаўлены ў абмежаванні палітычных і царкоўных кантактаў Масквы з рымскай курыяй і Захадам. У якасці гістарычнага прэцэдэнта, які сведчыў пра нязменна адмоўнае стаўленне Масквы да каталіцтва і Захада, пасланец абавязаны быў азнаёміць панціфіка з выпадкам ранейшага наведвання яе нейкім падданым Жыгімонта I Старога з мэтай распаўсюджання «рускіх» кніг Бібліі, дзе яны былі спалены па загадзе вялікага маскоўскага князя.

Духоўная атмасфера ў Маскве была не вельмі спрыяльнай для такіх паездак. Кнігі паходзілі з варожай на той час замежнай дзяржавы з яе незвычайнай поліканфесійнай структурай і палітычнымі прэтэнзіямі на землі, страчаныя ў выніку літоўска-маскоўскіх войн канца ХV — пачатку ХVI ст. Афіцыйныя спісы Бібліі ў Маскоўскай Русі, у адрозненне ад друкаў Скарыны, ніколі не прызначаліся простым людзям. Яго выданні вылучаліся таксама сваім друкарскім і мастацкім абліччам, мовай, каментарыямі і нагадвалі «лютаранскія» друкі. Няма сумненняў, што ініцыятыва з распаўсюджаннем рэнесансавых кніг Бібліі з партрэтам выдаўцы атрымалі б не надта цёплы прыём у Маскве, тым больш з боку маскоўскага мітрапаліта Данііла. Вучань Іосіфа Волацкага быў плённым аўтарам, прыхільнікам царкоўнай манаполіі ў літургічным і рэлігійным пісьменстве, жорсткім ганіцелем ерасяў, заходніх навінак. Пасля некаторых ваганняў яго пазіцыі стаў падтрымліваць Васіль III. У Маскве добра памяталі пра доўгую барацьбу наўгародскага архіепіскапа Генадзія з пскоўска-наўгародскімі ерэтыкамі, што спасылаліся на «свае» біблейскія тэксты, а зроблены ім у 1499 г. і прызнаны ўладай пераклад Бібліі рупліва захоўваўся ў рукапісу.

Меркаванні даследчыкаў разышліся ў ацэнцы самой гіпотэзы, асобы і верагодных тэрмінаў паездкі падданага Жыгімонта ў Маскву. На думку беларускага філолага В. І. Дарашкевіча, які апублікаваў копію з інструкцыі Жыгімонта II Аўгуста да пасланца Альбэрта Крычкі (прозвішча перакладзена нядбайна), падарожніцтва Скарыны ў Маскву адбылося недзе ў 1525—1533 гг. Маскоўскае княства неаднаразова наведваў Багдан Онкаў, але дакументы маўчаць аб яго ўдзеле ў пазнейшых кніжных і гандлёвых справах Скарыны.

Нядаўнія адкрыцці амерыканскага даследчыка Х’ю Олмстэда, які выявіў рэальныя факты выкарыстання кніг Скарыны ў Маскве італьянскім манахам і багасловам Максімам Грэкам, дазволілі Я. Неміроўскаму аднесці мяркуемае падарожніцтва Скарыны (ці Онкава) да 1520—1521 гг. Максім Грэк быў асуджаны ў Маскве ў лістападзе 1524 г., а з 1522 г. Скарына займаўся выданнем сваіх кніг у Вільні. Не падзяляючы ў цэлым версіі пра паездку Скарыны ў Маскву, даследчык выказаў меркаванне, што яго кнігі маглі быць там спалены [21, с. 487—489]. Між тым Скарына мог наведаць Маскву і пазней — у канцы 20-х — пачатку 30-х гг. Версія ў цэлым мае некалькі ўразлівых пунктаў. Адсутнічаюць якія-небудзь непасрэдныя згадванні, дакументы, маўчаць і маскоўскія летапісы, у т. л. шматтомны (Ніканаўскі) звод, у стварэнні якога ўдзельнічаў згаданы мітрапаліт Данііл. Уключэнне такога матыву ў пасольскія дакументы з боку Жыгімонта I Старога магло быць звычайнай дэзінфармацыяй Рыма з палітычнымі мэтамі.

Кёнігсберг, або Монтэрэгіо. Шмат пытанняў выклікае хуткацечная служба Скарыны пры двары прускага герцага Альбрэхта Гогенцоллерна. Даследчыкі звязваюць гэтую паездку з асветніцкімі планамі Альбрэхта па заснаванні ўласнага універсітэта ў Кёнігсбергу, наладжваннем кірылічнага рэфармацыйнага кнігадрукавання для Літвы, спробай Скарыны заручыцца падтрымкай уплывовага палітычнага дзеяча і бібліяфіла (ён меў эксклюзіўны збор кніг у сярэбраных пераплётах), з аульнамедычнымі мэтамі.

На наш погляд, сталіцы прускага герцагства ў 1529 г. больш за ўсё была неабходна неадкладная медычная дапамога. Горад спусташала кантынентальная эпідэмія (вядомая пад назвай потнай гарачкі, аб чорнай смерці). Альбрэхт з прыдворнай элітай спешна перабраўся ў Польшчу. У тым жа 1529 г. у Кёнігсбергу быў заснаваны шпіталь, які патрабаваў паслугі лекараў. Кёнігсбергскі эпізод вядомы нам толькі па захаваных лістах Альбрэхта да віленскага ваяводы Яна Гаштольда, віленскай Рады і па падарожнай грамаце самому Францішку, у якіх ён тлумачыць нечаканы ад’езд знакамітага доктара ў лекарскіх і іншых навуках судовымі і маёмаснымі справамі яго сям’і ў Вільні і просіць аказаць яму неабходную дапамогу. Чацвёртае яго пасланне абвінавачвае « нейкага доктара Францыска Скарыну» у тым, што зманіў з сабой двух іншых падданых — лекара-іудзея з Кракава, які даглядаў хворых у Кёнігсбергу, і ўласнага друкара Альбрэхта (магчыма — Ганс Вайнрэйх). Падобная рызыкоўная акцыя з боку Скарыны была выклікана яго намерам працягваць сваю медычную і выдавецкую дзейнасць, пошукамі выйсця са складанай сітуацыі ў Вільні. У Брытанскай бібліятэцы ў Лондане захаваўся экзэмпляр Псалтыра з Малой падарожнай кніжыцы з экслібрысам кёнігсбергскага прапаведніка, памеранскага епіскапа Паўла Сператуса: магчыма, след яго непасрэдных кантактаў са Скарынай.

Другі пражскі перыяд. Апошнія гады дзейнасці Скарыны ў ВКЛ вядомы фрагментарна — па яго судовых працэсах з родзічамі жонкі, прэтэндэнтамі на яе віленскую маёмасць, кракаўска-пазнанскімі крэдыторамі, якія за даўгі нябожчыка Івана Скарыны дамагаліся заключэння ў турму яго гандлёвага саўдзельніка Францішка. Вяртанне з «немцаў» сына Івана Скарыны Рамана, які засведчыў, што ён спадчыннік даўгоў свайго бацькі, а таксама, верагодна, заступніцтва віленскага біскупа за свайго сакратара і медыка дазволілі разрадзіць сітуацыю. Апусташальны пажар у Вільні ў 1530 г., калі расплавілася нават крыша галоўнага кафедральнага касцёла, а потым чарговая эпідэмія 1530—1533 гг. ускладнілі становішча Скарыны. У 1536—1537 гг. Ян з князёў літоўскіх атрымоўвае пасаду пазнанскага біскупа і перабіраецца ў Польшчу. Каля гэтага часу Скарына таксама пакідае Вільню.

У Празе, як даказаў А. Флароўскі, Скарына працаваў пры адным з першых у Цэнтральнай Еўропе новазаложаных батанічных садоў — на Градчанах. Гады яго службы дакладна невядомы, бо парк пад наглядам Багемскай канторы абслугоўваўся некалькімі садоўнікамі і значнай колькасцю іншых работнікаў. Большасць даследчыкаў атаясамлівае Скарыну з нейкім вядомым па лістах Багемскай кароны да чэшскага караля Фердынанда I «італьянскім садоўнікам Францыскам». Я. Неміроўскі тлумачыць гэтую «італьянскую» версію спасылкай на грамату караля Фердынанда ад 29 студзеня 1552 г., дзе згадваецца «покойный доктор Франтишек Рус Скорин из Полоцка наш садовник» [21, с. 507]. Дакладней у тэксте той граматы згаданы « «doktor Frantissek Rus Skoryn s Poloczko, zahradnijk nass» [22, с.185]. Яго гіпатэтычнае «італьянскае» паходжанне тут адсутнічае. Сакратар Багемскай кароны Фларыян Грыспек быў адукаванай асобай, каб зблытаць італьянца з усходнім славянінам, нават атрымаўшым дыплом Падуанскага універсітэта. Так што пытанні застаюцца.

Перад заходам сонца. Дата смерці Скарыны дагэтуль аспрэчваецца даследчыкамі. Падставы для ранняй версіі даў фрагмент з рэляцыі чэшскага храніста Вацлава Гаека, які апісваючы пажар 1541 г., згадаў, што ў доме каталіцкага святара Яна з Пухава згарэў падлетак Францішак «сын негды доктара Руса». Гэтую гіпотэзу першым абгрунтаваў Я. Флароўскі, яе падтрымаў М. Алексютовіч, а зараз яе падзяляе Я. Неміроўскі і іншыя аўтары.

Аргументы сапраўды важкія. «Доктар Рус», на думку Флароўскага, гэта першы русін з навуковай ступенню доктара і ім мог быць толькі Францыск Скарына. Даследчык тут памыляўся: былі дактары гэтага рангу і раней, але рэдка і аб іх прысутнасці ў Чэхіі ў другой трэці ХVI ст. няма звестак. Акрамя таго, часткова ў падобнай лексічнай форме ўпамінаецца доктар Францішак «Рус» з Полацка ў згаданым акце Фердынанда 1552 г. Нарэшце, нічога не ведаюць даследчыкі пра Скарыну ў перыяд з 1542 па 1551 г.

Тым не менш грамата Фердынанда ад 1552 г., якая прадстаўляе законнае права яго сыну Сімяону шукаць і атрымліваць маёмасць яго бацькі, у т. л. паперы, даўгавыя абавязацельствы, кнігі, з’яўляецца першым дакладным дакументам аб смерці Францыска Скарыны. Прэтэнзіі на маёмасць Скарыны, якія ў гэтыя гады прад’явілі некаторыя віленскія купцы і члены віленскага магістрата — Марцін Онкаў, Ян Тоўсцік — таксама варты ўвагі. Знойдзеныя акты сведчаць, што гэтыя цяжбы мелі ўжо некаторую працэсуальную даўнасць і разглядаліся ў судах іншых інстанцый. Такім чынам, у межах гэтай другой версіі смерць Скарыны наступіла не пазней 1551 г. і, магчыма, крыху раней гэтай даты.

Другая версія, ва ўсякім разе хоць і не вызначае дакладную храналогію, мае дакументальныя пацверджанні. У хроніцы В. Бжэзан згадваецца «лекар нейкі паляк Сімяон Рус з Полацка», які ў 70-х гг. абслугоўваў чэшскага ксёндза Іржы Чэтла. А ў другой наратыўнай крыніцы пад 1584 г. — «stary zahradnik Rus z Polocka Simon Rousek» [22, с. 187—190]. Вельмі падобна, што меўся на ўвазе Сімяон сын Скарыны, які захаваў некаторыя прафесійныя навыкі свайго бацькі. Невялікая зямельная ўласнасць Скарыны ў Полацку ў сярэдзіне ХVI ст. была падзелена паміж яго аддаленымі сваякамі.

Прывабныя гіпотэзы, якія не маюць крынічнага пацверджання. Побач з прафесійнымі навуковымі працамі, якія прысвечаны жыццёваму шляху Скарыны, яго постаці і поглядам, часам з’яўляюцца публікацыі, дзе ў лепшым выпадку элаквенцыя падмяняе эрудыцыю, а навіны зводзяцца да прывабных гіпотэз, якія не маюць крынічнага пацверджання. Цяжка адмовіцца ад думкі, што некаторым аўтарам нешта не хапае ў постаці Скарыны, якога нярэдка даволі павярхоўна параўноўваюць з іншымі дзеячамі еўрапейскага Адраджэння. Адсюль імкненне пашырыць некаторыя сферы яго дзейнасці, прыпісаць іншыя кнігі, адкрыцці, зрабіць пераможцам у дыспутах з вядомымі рэфарматарамі. Дастаткова закрануць тры гіпотэзы, якія, здаецца, пацвярджаюць гэтую захапляльную тэндэнцыю. Па нарастаючай схеме ірэальнасці: версія аб перамозе Скарыны ў палеміцы са знакамітым медыкам Парацельсам у Вільні ў 20-х гг. ХVI ст. (аўтар гіпотэзы праф. А. П. Грыцкевіч); версія аб яго ўдзеле ў стварэнні Статута ВКЛ 1529 г. (праф. І. А. Юхо); версія аб патаемным абвяшчэнні Скарынай геліяцэнтрычнай канцэпцыі раней Каперніка (У. Агіевіч).

Першая версія мае вытокі з цьмянага паведамлення самога Парацельса, які аднойчы зазначыў, што яго перамаглі ў спрэчках віленскія калегі. Медыкаў у тагачаснай сталіцы ВКЛ хапала, і, калі запіс аб гэтай падзеі і назва горада адчытаны верна, сярод дыспутантаў сапраўды мог знаходзіцца Скарына [23, с. 85—95]. Другая версія для яе пацверджання патрабуе дадатковых доказаў [24, с. 18—19]. Праца над Статутам ВКЛ ужо вялася, калі Скарына яшчэ быў у замежжы. Склад рэдакцыйнай камісіі невядомы. Безумоўна, што галоўную ролю побач з манархам адыгрывалі прывілеяваныя колы, якія на вальных сеймах пачатку ХVI ст. настойліва патрабавалі хутчэй выдаць першы абагульняльны звод агульназемскага пісанага права. У складанні чарнавых праектаў не маглі не ўдзельнічаць канцлер, дзеячы гаспадарскай канцылярыі, непасрэдна знаёмыя з судовай практыкай і справаводствам ВКЛ. Статут 1529 г. замацаваў значныя прывілегіі магнатаў ВКЛ, што наўрад ці прываблівала Скарыну з яго паспалітымі настроямі. Ён не быў выдадзены ў яго віленскай друкарні, як, дарэчы, і ў Польшчы (праўда, па розных прычынах). Трэцяя версія, заснаваная на фантастычнай трактоўцы У. Агіевічам «зашыфраванага» партрэта «Георгія Францыска Скарыны» з пражскай Бібліі, абсалютная бязглуздзіца. Геліяцэнтрычная канцэпцыя была сфармулявана яшчэ Арыстархам у III ст. да н.э. Заслуга Каперніка была звязана не з яе аднаўленнем, а з матэматычным абгрунтаваннем планетных арбіт вакол сонца, што немагчыма было абвергнуць. Працы У. Агіевіча [25] увогуле вылучаюцца непрыстойнымі нападкамі ледзьве не на ўсіх іншых скарыназнаўцаў, а па свайму зместу яны пераважна непісьменныя і анекдатычныя. Невыпадкова галоўны замежны даследчык творчасці Скарыны, дырэктар бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане А. Надсан адзначыў, што яны моцна дыскрэдытуюць Акадэмію навук Беларусі, якая павінна абараняць і захоўваць навуковыя прынцыпы [26; 27].

У сваёй выдавецкай дзейнасці ў Празе і Вільні Скарына паслядоўна імкнуўся ажыццявіць галоўны намер — выдаць поўную Біблію, што ва ўсёй Еўропе са старажытных часоў лічылася справай важкай, складанай, небяспечнай. У яго апрацоўцы і рэдакцыі гэта была ў значнай ступені секулярызаваная Біблія, да таго ж надрукаваная свецкай асобай без санкцыі іерархаў. Невыпадкова, такая знамянальная падзея ў духоўным жыцці Беларусі і ўсяго Княства не выклікала ніякіх пазітыўных водгукаў з боку духоўнай іерархіі ўсіх хрысціянскіх цэркваў ВКЛ, а пазней і Расійскай імперыі, на працягу больш чым пяці стагоддзяў.

Біблію Скарына ўспрымаў як Боскі запавет, як самыя Свяшчэнныя кнігі ўсяго хрысціянскага свету. І ён стараўся давесці і растлумачыць іх усяму хрысціянскаму паспольству. Дарэмна было б шукаць у яго прадмовах і каментарыях прыкметы крытычнага рацыяналістычнага падыходу, што адзначалася ў некаторых прысвечаных яму працах.

Біблію Скарына ўспрымаў як Боскі запавет, як самыя Свяшчэнныя кнігі ўсяго хрысціянскага свету. І ён стараўся давесці і растлумачыць іх усяму хрысціянскаму паспольству. Дарэмна было б шукаць у яго прадмовах і каментарыях прыкметы крытычнага рацыяналістычнага падыходу, што адзначалася ў некаторых прысвечаных яму працах.

Праблемы канфесійнага статусу Скарыны. У цэнтры дыскусій даследчыкаў застаюцца праблемы канфесійнага статусу Скарыны. Яны ў пэўнай ступені адлюстроўваюць канфесійнае размежаванне старадаўняй, ды і сучаснай Еўропы і хрысціянскага свету, якое паступова зыходзіць у мінулае. На дзейнасць Скарыны паўплывала агульная атмасфера постгусіцкай Чэхіі, рэфармацыйных рухаў у нямецкіх княствах. Адна з асноўных крыніц яго пражскіх перакладаў была, як вядома, чэшская ўтраквісцкая Біблія (венецыянскае выданне 1506 г.) [28, s. 153—258; 29, с. 274—279].

Аб’ектыўна дзейнасць Скарыны часткова супадае з праграмнымі пастулатамі еўрапейскіх рэфарматараў: выданне Бібліі як асновы хрысціянскай веры на зразумелай народу мове. Але памылкова было б уключаць яго ў кагорту свядомых еўрапейскіх пратэстантаў. У Беларусі ў першай чвэрці ХVI ст. не адчувалася выразных рэфармацыйных павеваў і не існавала ўмоў для разгортвання падобнай дзейнасці. У адрозненне ад пратэстантаў, Скарына прызнаваў царкоўную традыцыю, важнасць дагматыкі і абраднасці, у сваіх каментарыях спасылаўся на творы айцоў царквы, пастановы ўсяленскіх сабораў. Не толькі віленскія, але і пражскія выданні, як сведчаць, напрыклад, паметы на экзэмпляры Пражскага музея, выкарыстоўваліся ў праваслаўных літургічных службах.

Глыбокая хрысціянская свядомасць відавочна ў яго стаўленні да царкоўнага размежавання ў свеце і на Радзіме. Складана ў лацінскай тагачаснай Еўропе знайсці асветнікаў і выдаўцоў, якія выдавалі б адначасова свае кнігі таксама для праваслаўнага паспалітага люду, захоўваючы грэка-візантыйскі сімвал веры. Віленскія выданні Скарыны ў сваёй аснове мала чым адрозніваліся ад традыцыйных праваслаўных тэкстаў Апостала і Псалтыра, нягледзячы на вядомае дабаўленне да 13-га псалома («Гроб разверсты…»). Па сутнасці, Скарына з’яўляецца адным з першых прыхільнікаў экуменічнага збліжэння ўсіх хрысціянскіх народаў і цэркваў. У яго прадмовах і каментарыях няма палемічных і ідэалагічных акцэнтаў, скіраваных супраць каталіцкай ці праваслаўнай канфесіі, ці нават і рэфарматараў.

Патрыятычныя погляды Скарыны выцякалі з яго разумення патрэб грамадства, асэнсавання цэласнасці беларускага народа, пры ўсіх унутраных супярэчнасцях і канфліктах. Сталае згадванне Полаччыны — сваёй малой Радзімы, рысы народнай беларускай мовы праследжваюцца ў большасці яго выданняў (даследчыкі называюць яе царкоўнаславянскай мовай беларускай рэдакцыі). Яны паказваюць, каму ў першую чаргу прызначаў ён свае выданні: усяму беларускаму паспольству, усім яго станам, гараджанам, шляхце, духоўным асобам, у больш шырокім кантэксце — усім беларусам, украінцам і рускім, што пражывалі на землях ВКЛ. Можна сказаць, што тэксты Скарыны былі вядомы і сялянам, бо ў шмат якіх прыхадскіх храмах чыталі іх галосна і адпраўлялі па іх патрэбныя службы.

Адукаваны уніяцкі мітрапаліт Антоній Сялява ў 1622 г. публічна асудзіў яго кнігі, але гэтая інвектыва шмат чаго варта. Звяртаючыся да сваіх апанентаў, беларускіх і ўкраінскіх выдаўцоў і палемістаў, ён сцвярджаў: «Y przed tym jeszcze dawno za przodkow waszych wam podobnych, Ruњ byla dobrze potruta: przed uni№ byі Skoryna, heresi№ Hussyta, ktory wam ksiкgi po rusku drukowaі w Pradze. Przjmowali ich wdziкcznie, dosyж na tym їe siк zwaі Rusinem z Poіocka, jako siк podpisaі. Smakowali sobie iego druki, czіowek godny mowili, a Rusin, brat nasz to drukowaі» [30, s. 53].

Гуманістычныя, асветніцкія і грамадска-палітычныя погляды Скарыны сказваюцца ў яго стаўленні да школьнай і вышэйшай асветы, да твораў антычных і рэнесансавых аўтараў, у яго піетэце да прыродазнаўчых і «вольных» навук. Толькі свабодны чалавек, які асэнсоўваў годнасць духоўнай творчасці, мог двойчы надрукаваць у Бібліі свой «партрэт» — доктара ў лекарскіх навуках, адыйсці ад многіх канонаў мастацкага афармлення ацаркоўленых твораў традыцыйнай беларускай і ўсходнеславянскай пісьменнасці. Некаторыя даследчыкі падкрэслівалі, што параўнанне Бібліі з кнігамі Арыстоцеля і іншых дзеячаў старажытнасці, з 7 свецкімі навукамі, сведчыла аб пэўнай недаацэнцы Скарынай значнасці свецкай навукі і культуры. Няма больш памылковага ўражвання. Згадванне Арыстоцеля, класічных аўтарытэтаў сярэдневяковай і рэнесансавай Еўропы павінна было падкрэсліць духоўны прыярытэт Бібліі і ў той жа час вызначыць высокі духоўны сэнс згаданых свабодных навук, прац і аўтараў. Іншае параўнанне проста б не спрацоўвала. Выдатнае веданне знакамітых твораў Арыстоцеля, між іншым, ляжала ў аснове дзвюх універсітэцкіх ступеняў Скарыны.

Уплыў Скарыны на духоўную культуру Беларусі і ўсіх усходнеславянскіх народаў цяжка пераважыць. У шырокім кантэкце як заснавальнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігадруку ён вырашальным чынам уздзейнічаў на зараджэнне новай духоўнай цывілізацыі, і ў пэўнай ступені на збліжэнне славянскіх і еўрапейскіх народаў, лацінскай і грэка-візантыйскай Еўропы. Уплывы Скарыны на духоўную культуру Беларусі, Украіны, Польшчы, тагачаснай Расіі па-свойму праяўляліся ў розных рэгіёнах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. І асноўным іх чыннікам былі непасрэдна яго выданні. Дзе былі яго кнігі, там быў Скарына. Даследчыкі высветлілі нямала бібліятэк, кніжных, архіўных і музейных збораў ХVI—ХVIII ст., маргінальных уладальніцкіх і чытацкіх запісаў, дзесяткі рукапісных спісаў, цытатаў і перайманняў з яго прац [31; 32].

Скарына садзейнічаў развіццю духоўнай і кніжнай талерантнасці, дзякуючы чаму адроджанае з другой паловы ХVI ст. беларускае кнігадрукаванне (тэматычна і па колькасці афіцын і напрамкаў) выразна пераўзыходзіла рускае і ўкраінскае. Ён заклаў падставы біблейскай друкарскай традыцыі. Ніводная з суседніх дзяржаў не можа пахваліцца такой колькасцю рознамоўных і рознаканфесійных выданняў Свяшчэннага Пісання, як Беларусь ХVI ст. Спадчына Скарыны як уся яго творчасць не была ні кананічнай, ні амярцвелай. Пераемнікі Скарыны, што добра ведалі яго творы і нават імітавалі іх у пэўных стылістычных і моўных рысах і мастацкім аздобленні, у нечым адышлі ад Скарыны, у нечым пайшлі далей. Сымон Будны, як выразны дзеяч еўрапейскага Рэнесанса і Рэфармацыі, стаў зачынацелем плённай філалагічнай крытыкі многіх польскіх і заходнееўрапейскіх перакладаў Бібліі, сам ажыццявіў шэраг выданняў і неаднаразова спасылаўся на тэксты Скарыны. Васіль Цяпінскі пераняў патрыятычныя заветы Скарыны і ўпершыню ў свеце выдаў частку Евангелля на славянскай і старабеларускай мовах. Прыклады можна было б прадоўжыць.

Бясспрэчна, што дзейнасць Скарыны не патрабуе штучных упрыгожванняў. Многія яго духоўныя і ментальныя рысы ствараюць непаўторны воблік вялікага палачаніна: глыбокія хрысціянскія погляды, экуменізм, гуманізм, упэўненасць у неабходнасці актыўнай дзейнасці дзеля ўласнага непаўторнага лёсу ўсіх вернікаў, для карысці грамадства і дзяржавы, павага да іншых народаў і краін, асветніцтва, дэмакратызм (у тагачасным яго выглядзе), талерантнасць, літаратурныя і іншыя таленты. Па агульнай сукупнасці сваіх поглядаў і сваёй дзейнасці ён не меў адэкватных асоб у тагачаснай лацінскай і «грэцкай» Еўропе.

Скарына не быў тыповым прадстаўніком духоўнай эліты Беларусі першай паловы ХVI ст. Ён намнога апярэдзіў свой час, чым і тлумачыцца значны «глухі» перыяд у станаўленні сталага кнігадрукавання ў Беларусі, Літве, Украіне і Расіі. Па многіх сваіх памкненнях і ідэях ён больш сучасны для нас, чым для тагачаснага насельніцтва Беларусі і Усходняй Еўропы.

Семя, пасеянае Скарынай, не прапала. Вегетацыя была працяглай, але яно ўзышло новымі ўсходамі і абліччамі ў кнігах беларускіх і ўкраінскіх выдаўцоў, адбілася ў творчасці рускіх першадрукароў, пазней эмігрантаў — Івана Фёдарава і беларуса Пятра Мсціслаўца, расквітнела ў спадчыне беларускага Адраджэння другой паловы ХVI ст. Нягледзячы на тое, што кнігадрукаванне пасля Скарыны заўсёды выкарыстоўвалася з рознымі мэтамі, у цэлым яно перамагала цемру і забабоны, служыла людзям, стварала чалавека разумнага, цэласнага, свядомага, годнага. Святло кнігадрукавання прарывалася праз цені часу.

Літаратура

1. Gesamtkatalog der Fruhdrucke in kyrillischer Schrift. Bd. 3—5 / Hrsg. E. L. Nemirovskij. Baden-Baden, 1998—1999.

2. Галенчанка, Г. Я. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі / Г. Я. Галенчанка // Беларусіка — Albaruthenica 9: матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў. Мінск, 1998.

3. Шчакаціхін, М. Калі радзіўся Францішак Скарына / М. Шчакаціхін // Полымя. 1925. № 5.

4. Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы и соединенных с ней владений (от 1387 до 1710 года). Вильна, 1858. Ч. 1.

5. Јowmiaсski, H. Ateneum Wileсskie / H. Јowmiaсski. 1925/26. R. 3, z. 3.

6. Галенчанка, Г. Канец застарэлага міфа. Новы дакумент пра Скарыну / Г. Галенчанка // Кантакты і дыялогі. Мінск, 1996. № 9, верасень.

7. Dobrovsky, J. Littrarische Nachrichten von einer auf Veranlassung der Bцchmischen Gesselschaff der Wissenschaften im Jahre 1792 unternommenen Reise nach Schweden und Russland / J.Dobrovsky. Praga, 1796.

8. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность белорусского просветителя. Минск, 1990.

9. Немировский, Е. Л. Франциск Скорина / Е. Л. Немировский. Минск, 1990.

10. Urban, Wacіaw. Cracovia Lithuanorum saeculis XIV—XVI amziais / Wacіaw Urban, Luћys Sigitas. Vilnius, 1999.

11. Гапова, В. Краковские раритеты / В. Гапова // Нёман. 1969. № 12.

12. Францыск Скарына і яго час. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1988.

13. Апостал, 1525, л. 187 3-й фаліяцыі.

14. Гячаускас, Э. Франциск Скорина — секретарь виленского епископа Иоанна из князей литовских / Э. Гячаускас // Федоровские чтения. 1982. М., 1987.

15. Шчакаціхін, М. Да пытання аб хронолёгіі Малое Падарожнае Кніжыцы Скарыны (з 24 клішэ) / М. Шчакаціхін // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн. 3: Працы кляса гісторыі. Т. ІІ. Менск, 1928.

16. Зернова, А. С. Обзор выставки книг кирилловской печати, посвященной 375-летию со дня смерти Ивана Федорова / А. С. Зернова // Труды Гос. библиотеки СССР им. В. И. Ленина. Т. 3. М., 1959.

17. Надсон, А. Кніга Скарыны ў Капенгагене / А. Надсон // Божым шляхам. 1971. № 5.

18. Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. 792 с.

19. Das Leben des theueren mannes Gottes Doct. Martin Luthers… — Francfurt und Leipzig, 1624.

20. Галенчанка, Г. Я. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі / Г. Я. Галенчанка // 480 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1998.

21. Немировский, Е. Л. Франциск Скорина. Жизнь и деятельность белорусского просветителя / Е. Л. Немировский. Минск, 1990.

22. Францыск Скарына. Зб. дакументаў і матэрыялаў / склад. В. І. Дарашкевіч. Мінск, 1988.

23. Грыцкевіч, А. П. Доктар медыцыны Францыск Скарына / А. П. Грыцкевіч // Спадчына Скарыны: зб. матэрыялаў. Мінск, 1989.

24. Юхо, І. «Языком власным права спісаные маем…». Да 400-годдзя Статута Вялікага княства Літоўскага / І. Юхо // Беларусь. 1988. № 12.

25. Агіевіч, У. У. Сімволіка гравюры Скарыны / У. У. Агіевіч. Мінск, 1999; Агіевіч, У. У. Імя і справы Скарыны: У чыіх руках спадчына / У. У. Агіевіч. Мінск, 2002.

26. Надсан, А. Міф, якому не даюць памерці. Яшчэ пра імя Скарыны / А. Надсан // Наша ніва. 2001. 26 крас.

27. Чамярыцкі, У. Суцяжніцтва на падлогу і невуцтве / У. Чамярыцкі, Г. Галенчанка // Навіны Акадэміі навук Беларусі. 1994. № 43, 44.

28. Флоровский, А. В. Чешская библия в истории русской культуры и письменности: (Франциск Скорина и продолжатели его дела) / А. В. Флоровский // Sbornik filologicky, Vidawa III. Trida Ceske Akademie Ved a Umeni. Praha. 1940—1946. Sv. 12.

29. Косман, М. Ці мог Скарына быць пратэстантам / М. Косман // Беларусіка — Albaruthenica 1. Мінск, 1993.

30. Sielawa, A. Antelenchus / A. Sielawa. Wilna, 1622.

31. Галенчанка, Г. Я. Францыск Скарына: Спадчына і пераемнікі. Анатаваны бібліяграфічны паказальнік / Г. Я. Галенчанка. Мінск, 2002.

32. Голенченко, Г. Я. Открытие Скорины: Библиографический указатель книговедческих и библиографических описаний изданий Ф. Скорины, его книг, представленных в собраниях ХVI—ХХ вв., обзоров Скоринианы / Г. Я. Голенченко. Минск, 1989.