“Узрост” Глыбокага чарговы раз выклікае пытанні. Спроба даведацца болей пра згадку Глыбокага ў 1414 годзе прывяла аўтара гэтых радкоў да пераканання, што гэтай згадкі… не было. Высветлілася, што гэта проста памылка польскага гісторыка.

Сенсацыйная навіна – што Глыбокае ўзгадваецца ў 1414 годзе — разляцелася ў 1990-х, калі ў рукі краязнаўцам трапіла ксеракопія з “Вітальдыяны”, зборніка прывілеяў Вітаўта, выдадзенага ў 1988 годзе ў Польшчы пад рэдакцыяй Ежы Ахманьскага.

Словы пра Глыбокае можна прачытаць у анатацыі да страчанага прывілею вялікага князя Вітаўта, які ў 1414 годзе пацвердзіў Зяновічу правы на вялікія ўладанні, у тым ліку “маёмасць, нададзеную яму Уладзіславам Ягайлам паміж Глыбокім і Паповічамі”. Вось за яе і ўхапіліся ўзрадаваныя краязнаўцы і нават здолелі пераканаць мясцовыя ўлады, што ў 2014 годзе трэба адсвяткаваць 600-годдзе Глыбокага.Але аўтар гэтых радкоў вырашыў даследваць тэму крыху глыбей. І вось тут пачалі высвятляцца цікавыя дэталі…

Сам Вітаўтаў прывілей Зяновічу даўно страчаны. Пра пергамент з 1414 года, да якога прымацаваная вялікакняская пячатка, піша ў тэстамэнце 1611 года ўладальнік Смаргоні і Глыбокага Кшыштаф Зяновіч. Ён наказвае дзецям берагчы гэты дакумент, які знаходзіўся “ў дубовай скрыні ў мураваным склепе” у Смаргоні, галоўным маёнтку Зяновічаў. Ніводнай цытаты з прывілею ў тэстамэнце няма.

Адкуль гісторыкам вядома пра змест прывілею? У 1817 годзе Зяновічы прадставілі дваранскаму згуртаванню Мінскай губерні вытрымку з Ашмянскіх земскіх кніг, дзе ў 1626 годзе быў запісаны тэкст прывілею або яго частка. Ашмянскія кнігі загінулі ў агні ў 1837 годзе, а дакумент 1817 года адшукаў у адной з варшаўскіх бібліятэк гісторык Румбальт Полацкі. У сваім артыкуле “Z dziejów starostwa Dziśnieńskiego”, надрукаваным у 1913 годзе ў зборніку “Літва і Русь”, ён прыводзіць дзве цытаты з прывілею – адну на лаціне, другую па-польску.

Першая цытата: “Quas omnes haereditates videlicet lacus praefatus Zenowicz, filius Bratosin, ex donacione ser[reni] ssi[mi] principis et domini Vladislai Dei Gr[atiae] Regis Pol[oniae] nec non Supr[emi] Ducis Lith[uaniae], fratris mei clarissimi, nec non ex succesione haereditaria est assecutus cim hominibus et singulis proventibus, agris et pratis”.

Далей гісторык пераказвае змест дакумента – “Вітаўт пацвярджае Зяновічу права на ўладанне Myssę, Czordlonę, Hisznew над возерам Spiahlo, Czeczelicze з людзьмі рознымі (пастырамі конскімі, парабкамі) над возерам Narocz у паветах Miadiolskim і Markowskim, а таксама іншымі вёскамі і азёрамі, як Postawy, Mopow, Borowicze”, і прыводзіць яшчэ адну цытату: “з абмежаваннем іх межаў да рэк Osiercewicze, Chodogewicze, Gaprzyłuh, Łuczeczyce, Płocki, Ryczecy, Miedzielica, Kurowica, Łusica, Olbiecia, Dzisna, Berezwica i t.d… aż do granic Polockich”.Усё. Высветліць болей пра загадкавы прывілей нам не ўдалося.

Цікавая дэталь — дакумент з 1817 года кажа пра 1409 год як пра дату выдання Вітаўтава прывілея. Абапіраючыся на яе, Паставы ў 2009 годзе адзначылі сваё 600-годдзе. Тэстамэнт Кшыштафа Зяновіча, як мы ўжо згадвалі, гаворыць пра 1414 год. Такія супярэчнасці прымушаюць засумнявацца ў сапраўднасці дакумента. Вядома, што падробкі дакументаў у мінулыя стагоддзі былі досыць распаўсюджанымі.

Але вернемся да нашай тэмы. Як чытач ужо заўважыў, згадкі пра Глыбокае ў вышэйпрыведзеных цытатах няма. Дык адкуль жа словы пра ўладанні “паміж Глыбокім і Паповічамі” ўзялася ў Ахманьскага?

Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, дастаткова, чытаючы “Z dziejów starostwa Dziśnieńskiego”, апусціць вочы на некалькі радкоў ніжэй. “З іншых крыніц, — піша Р. Полацкі, — ведаем, што каля 1380 года Уладыслаў Ягела зрабіў protoplaście роду Корсакаў праз наданне ста міляў квадратных зямлі ў межах даўнага Полацкага ваяводства”. Гісторык цытуе радавод Корсакаў, складзены ў 1718 годзе, дзе гаворыцца, што “rex dedit ei in haereditatem bona a Głębokie usque Popowicze” (“кароль надаў у валоданне маёмасць паміж Глыбокім і Паповічамі”).

Гэтая цытата і патрапіла ў анатацыю Ахманьскага. Прычым цалкам выпадкова. Відавочна, што яна не мае аніякага дачынення да прывілею Вітаўта, нададзенага Зяновічу. У радаводзе, складзеным напачатку XVIII стагоддзя, узгадка пра Глыбокае была патрэбная, каб даць чытачу ўяўленне пра лакалізацыю Корсакавых маёнткаў – аднак яна ніякім чынам не сведчыць пра існаванне Глыбокага ў час, калі гэтыя ўладанні былі імі атрыманыя.

Выглядае на тое, што Е. Ахманьскі вельмі паспешна праглядаў працу Р. Полацкага і дапусціў такую памылку.

Такім чынам, за першую згадку пра Глыбокае трэба лічыць занатаваную ў Літоўскай Метрыцы судовую справу з 1514 года. Тады “старац” двара Глыбокае забіў селяніна з Верхняга ды адабраў у яго пуд мёду, купленага на торгу ў Глыбокім. Скаргу падаў віленскі ваявода Мікалай Радзівіл, якому належала Верхняе. “Старац” быў прызнаны вінаватым, і мусіў выплаціць дзесяць коп (600) грошаў. Падзеі таго году, захаваныя ў дакументах, нагадваюць сучасную крымінальную хроніку, і мы да іх яшчэ вернемся.

Атрымліваецца, што ў 2014 годзе глыбачанам давядзецца адзначыць не 600-годдзе, а 500-годдзе. Усё роўна круглая дата. Толькі невядома, ці пажадаюць улады прызнаваць змену “ўзросту” горада.

А пачатак існавання Глыбокага аніяк не тоесны з першай пра яго згадкай. У 1514 годзе, паводле Літоўскай Метрыкі, у Глыбокім ужо праходзілі “таргі”, што сведчыць пра значэнне паселішча сярод навакольнай акругі Пра стары ўзрост Глыбокага сведчаць і архелагічныя дадзеныя — на беразе возера Кагальнага знаходзяць кераміку Х – ХІІ стагоддзяў. Праўда, археолагі кажуць пра адсутнасць знаходак ХІІІ-XV стагоддзяў, што можа сведчыць пра “перапынак” у існаванні паселішча.