У 1493 г. упершыню была надрукавана «Кніга хронік» («Liber cronicarum») нюрнбергскага ўрача і вучонага-гуманіста Гартмана Шэдэля, якая разышлася па ўсёй Еўропе і стала добра вядомай сярод шырокага кола адукаваных людзей тагачаснай Еўропы. Яе выдавец Антон Кобергер своечасова ацаніў попыт на такі твор, і пасля першага тыражу выданне ўзнаўлялася яшчэ некалькі разоў.

Хроніка Шэдэля адразу была перакладзена на нямецкую мову Сымонам Альтам пад назіраннем самога Шэдэля і выдадзена ў тым жа годзе і ў тым самым мастацкім афармленні, што і лацінскамоўны варыянт. Немалая заслуга ў шырокай папулярнасці кнігі належыць яе мастацкаму афармленню, зробленым Міхаэлем Вальгемутам і Вільгельмам Плейдэнвурфам(1). Яны праілюстравалі аб’ёмісты фаліянт каласальнай колькасцю ксілаграфій(2), зрабіўшы тым самым гэтае выданне самай багата ілюстраванай кнігай XV ст.

Па сваім змесце хроніка Шэдэля нагадвае творы іншых гісторыкаў той эпохі, дзе вычварна змешваліся сярэднявечныя і рэнесансныя рысы. У цэлым яна ўзнаўляе традыцыйную для Сярэднявечча схему «шасці ўзростаў»(3). Гэта, а таксама некрытычнае стаўленне да крыніц давала падставу некаторым даследчыкам адносіць хроніку Шэдэля хутчэй да сярэднявечнай, чым да гуманістычнай гістарыяграфіі. У навуцы XIX—XX стст. яе звычайна крытыкавалі за кампіляцыйны характар і адсутнасць арыгінальнага погляду на гісторыю чалавецтва. Пры пераказванні гісторыі чалавецтва «ад стварэння» да сярэдзіны XV ст. Шэдэль старанна прытрымліваецца вядомых крыніц, і нешта сваё, арыгінальнае з’яўляецца толькі пры апісанні сучасных аўтару падзей. Ф. К. Вегеле лічыць, што дзейнасць Шэдэля мела значэнне хутчэй для гісторыі гуманізму, чым для гісторыі гістарыяграфіі [1]. О. Л. Вайнштэйн ставіўся вельмі скептычна да творчасці Шэдэля разам з іншымі раннімі гуманістамі (такімі, як Трытэмій, І. Наўклер), ён называў творы гэтых гісторыкаў «гуманістычнымі толькі паводле формы» [2]. «У хроніцы Шэдэля, — як адзначаў Вайнштэйн, — адноўлены ўсе сярэднявечныя легенды, басні, усе забабоны і прымхі, адхіленыя і зганеныя сучаснымі яму італьянскімі гуманістамі» [3].

Аднак такога кшталту творы, відавочна, яшчэ цалкам адпавядалі густу тагачаснага грамадства, пра што сведчыць надзвычайная папулярнасць хронікі Шэдэля. Твор нюрнбергскага гуманіста разгортваў маштабную панараму не толькі ў гістарычным, але і ў геаграфічным плане, апісанне ахоплівала шмат розных краін Старога Свету накшталт старажытных касмаграфій. І гэта, безумоўна, павінна было ўражваць простага чытача. Такім чынам, для шырокіх колаў заходнееўрапейцаў хроніка ўяўляла сабой своеасаблівы кампендыум гістарычна-геаграфічных ведаў, назапашаных да гэтага часу ў еўрапейскім грамадстве. Крыніцамі для хронікі Шэдэля з’яўляліся Біблія, творы антычных гісторыкаў, сярэднявечныя хронікі, а таксама ўласныя назіранні за сучаснымі аўтару падзеямі.

Зацікаўленасць грамадства ў разнастайных звестках пра іншыя народы і краіны можна разглядаць як сведчанне новых настрояў у грамадстве, якія яшчэ не маніфеставалі, а толькі ўскосна давалі адчуць зварот грамадскай свядомасці заходнееўрапейцаў да «адкрыцця свету» на мяжы эпох. І нягледзячы на многія сярэднявечныя рысы хронікі Шэдэля, на яе старонках усё ж такі адчуваюцца новыя веянні.

Захапленне Шэдэля studia humanitatis выявілася і ў шырокім выкарыстанні ім антычных крыніц, і ў тым, што ён з вялікай павагай ставіцца да вучоных-гуманістаў. На Шэдэля значна паўплывалі гістарычныя працы італьянскага гуманіста Энея Сільвія, якія ўвогуле служылі ўзорам для нямецкай раннегуманістычнай гістарыяграфіі. Твор нюрнбергскага гуманіста належыць да раннегуманістычнай гістарыяграфіі, нягледзячы на выкарыстанне сярэднявечнай схемы «сусветнай хронікі». Сама логіка развіцця навукі падказвае, што ранні этап новага кірунку непазбежна павінны быў змяшчаць рысы папярэдняга перыяду.

Разам з хронікай Шэдэля ў якасці дадатку былі надрукаваны ўрывак з «Гісторыі Еўропы» італьянскага гуманіста Энея Сільвія (Пікаламіні) і кароткі гісторыка-геаграфічны нарыс «Пра еўрапейскі край Сарматыю»(4). Аўтар нарыса ў самім выданні не пазначаны і таму ў навуковай літаратуры гэтае апісанне часта згадваецца як вытрымка з хронікі Шэдэля. Аднак такое вызначэнне не карэктнае, таму што спараджае блытаніну: можна палічыць апавяданне пра Сарматыю часткай твора самога Г. Шэдэля, а гэта не так. Застаецца таксама невядомым і тое, па чыёй ініцыятыве быў зроблены такі дадатак да хронікі — аўтара ці выдаўца. Вядома, что Гартман Шэдэль добра ведаў творы па еўрапейскай гісторыі Энея Сільвія, матэрыялы з якіх уключыў у сваю хроніку, а таксама запазычыў метад выкладання з «Апісання Германіі» італьянскага гуманіста [4]. Такім чынам, уключэнне ў дадатак яго твора магло быць зроблена, здаецца, самім Шэдэлем. Тады было б лагічна дапусціць, што і другі дадатак — пра Сарматыю — быў унесены таксама па яго прапанове. Магчыма, Шэдэль свядома скарыстаў самастойныя творы іншых аўтараў як дадатак да сваёй кнігі, каб кампенсаваць адсутнасць або скупасць звестак пра некаторыя краіны Усходняй Еўропы, з гісторыяй і жыццём якіх сам ён быў не вельмі добра знаёмы. Сапраўднага аўтара (ці аўтараў) нарыса, відавочна, трэба шукаць у коле знаёмых нюрнбергскага гуманіста.

Звестак пра сям’ю Шэдэля і ранні перыяд яго жыцця няшмат(5). Нарадзіўся ён 13 лютага 1440 г. у Нюрнбергу, а ў 1456 г. паступіў у Лейпцыгскі ўніверсітэт [7]. Прайшоўшы традыцыйны курс схаластычных дысцыплін, Гартман атрымаў ступень бакалаўра, а праз два гады — магістра [8]. З 1460 г. Шэдэль пачынае вывучэнне юрыспрудэнцыі і адначасова знаёміцца з новым навуковым рухам — гуманізмам. У снежні 1463 г. ён накіраваўся ў Італію, дзе вывучаў медыцыну і займаўся гуманістычнымі даследаваннямі [9; 10].

Пасля вяртання ў 1466 г. на радзіму Шэдэль праз некаторы час здзейсніў падарожжа па розных нямецкіх гарадах. Атрыманыя ўражанні потым адлюстраваліся пры апісанні ў хроніцы гарадоў Германіі. Шмат гадоў Гартман Шэдэль займаўся медычнай дзейнасцю ў розных гарадах, а ў 1484 г. ён замяніў свайго дзядзьку Германа Шэдэля на пасадзе гарадскога ўрача («фюзікуса») у Нюрнбергу [11].

Тут ён увайшоў у кола выдатных вучоных і мастакоў, адзін з найвядомейшых гуманістычных гурткоў тагачаснай Германіі. За дзесяць першых гадоў знаходжання ў Нюрнбергу Шэдэлем быў напісаны на лацінскай мове яго галоўны гістарычны твор — «Кніга хронік», які ў навуковай літаратуры атрымаў розныя назвы: Сусветная хроніка, Нюрнбергская хроніка і г. д.(6) Пасля гэтай працы з-пад пяра нюрнбергскага гуманіста выйшаў яшчэ шэраг невялікіх твораў па гісторыі Германіі: хроніка горада Бамберга, хроніка кляштара св. Эгідыя ў Нюрнбергу і інш. Памёр Гартман Шэдэль 28 лістапада 1514 г., пакінуўшы нашчадкам свае творы і цудоўныя калекцыі. Але для многіх пакаленняў адукаваных чытачоў ён застаўся ў першую чаргу аўтарам знакамітай Сусветнай хронікі.

Зыходзячы з вядомых абставін жыцця Шэдэля, яго наўрад ці можна лічыць аўтарам разгледжанага нарыса пра Сарматыю. Таму што ён, відавочна, у гэтых краях не бываў, а вось невядомы аўтар асобнымі дэталямі свайго апавядання выказвае веданне гэтых мясцін, дзе ён, магчыма, падарожнічаў. Дакладна вядома, што з кола нюрнбергскіх знаёмых Шэдэля тут пабываў выдатны нямецкі паэт-гуманіст Конрад Цэльтэс, якога можна разглядаць як верагоднага аўтара нарыса. Яшчэ больш у гэтай здагадцы ўмацоўвае вершаванае заканчэнне гэтага раздзела(7). Аднак тады не зусім зразумела, чаму не было пазначана імя паэта. Нельга выключаць таксама, што інфармантамі маглі выступіць і некалькі чалавек. Іх успаміны або нататкі падарожжа былі аб’яднаныя ў рамках адзінага нарыса.

У нарыс «Пра Сарматыю» ўваходзяць падраздзелы: «Пра кіруючы дом Польшчы і яго пачатак», у якім згадваецца таксама Літва і Русь, «Пра святога Станіслава, біскупа кракаўскага, патрона Сарматыі» і тры апавяданні пра гарады — Кракаў («сталіцу Сарматыі»), Любэк і Нісу Сілезскую. Аўтар атаясамлівае Сарматыю ў значнай ступені з Польшчай. Пры гэтым ён вызначае межы гэтага еўрапейскага рэгіёна паводле антычных географаў такім чынам, што сюды павінны былі ўваходзіць і Вялікае княства Літоўскае, і Маскоўская дзяржава. Бачна, што аўтар не зусім дакладна ўяўляў суадносіны паміж каралеўствам Польскім і ВКЛ. Відавочна, такія памылкі і недакладнасці пры апісанні аддаленых зямель паходзілі ад імкнення аўтара аб’яднаць інфармацыю старажытных і сучасных крыніц.

Кідаецца ў вочы, што гэты гісторык больш клапоціцца аб займальнасці апавядання, чым аб правільнасці фактаў. Такая пазіцыя не супярэчыла меркаванню большасці гуманістаў, што гістарычныя сачыненні дачыняюцца да мастацкай літаратуры і падлягаюць яе прынцыпам. У некаторых выпадках апавяданне не пазбаўлена пэўнай тэндэнцыйнасці. Так, паводле версіі нямецкага пісьменніка, імператар Свяшчэнай Рымскай імперыі Атон выступае ў якасці патрона польскага караля.

Значная частка першага падраздзела прысвечана апісанню прыроды, пры гэтым узнікае ўражанне, што яно мае мэтай не толькі даць уяўленне пра асаблівасці далёкай зямлі, але і папярэдзіць магчымых падарожнікаў пра цяжкасці, з якімі яны могуць тут сустрэцца.

Апошняя частка падраздзела «Пра кіруючы дом Польшчы і яго пачатак» прысвечана праслаўленню літоўскай княжацкай дынастыі, прадстаўнікі якой выбіраліся на каралеўскі трон Польшчы, пачынаючы з Уладыслава-Ягайлы. Называючы імёны тых, што кіравалі каралеўствам раней, аўтар згадвае таксама і іншых братоў польскага караля, якія сталі каралямі ўжо ў XVI ст. (Аляксандр і Жыгімонт I). Такім чынам, ён, па сутнасці, вызначыў амаль усю дынастыю, за выключэннем апошняга Жыгімонта II Аўгуста, які нарадзіўся толькі ў 1520 г.

Так атрымалася, што будучы цесна звязаным з хронікай Шэдэля, нарыс «Пра еўрапейскі край Сарматыю» таксама атрымаў шырокую вядомасць у Еўропе і праз гэта павінны быў паўплываць на ўяўленні еўрапейцаў пра ўсходнія землі. Дакладныя звесткі і памылкі сашчапляліся ў адзіны вобраз аддаленай краіны, які мог надаўга захоўвацца і транслявацца ў культурнай памяці народаў.

DE SARMACIA REGIONE EUROPE(8)

De regno Polonie et eius initio

Quoniam de Boleslao (qui tercius Sarmacie rex existit) paulo post mentio fiet, quare et de terra Sarmacie, et quo pacto illa regium sceptrum meruerit breviter absolvere proposui. Est igitur Sarmatia nimis ampla et vasta regio que inculta et in solitudine posita, et sub rigidissimo ethere iacet. Hec ex ortu mosthos et Thanaim fluvium habet. A meridie dacos et pannonas. Ab occidente bohemos, moravos, schlesitas et theutones. A septentrione mare Germanicum et finum Codanum. Ad vero quod regni nomen tantum partitur Poloniam vocant. Hec duo nomina sortitur. Nam ea pars terre ubi Cracovia situata est minorem Poloniam vocant. At ubi Posnania et Gnesna surgit maiorem nuncupant. A Craco autem primo duce usque ad etatem primi Boleslai non nisi duces illic imperitabant. Temporibus autem primi Ottonis cesaris Boleslaus clarissimus dux fuerat. Non is de quo in vita divi Stanislai dicemus, nam ille nepos eius fuit, qui ex monacho huius Boleslai filio natus fuerat. Iste igitur Boleslaus regem Francie et germanas gentes victrici manu infestabat. Tandem ob Ottonis cesaris praeces tali bello finem dedit ac fedus cum germanis et gallis contraxit. Otto autem Cesar videns tanti principis animi magnitudinem, quam toti Germanie et Sarmacie notam fecerat se cum Boleslao duce in Sarmacias contulit ut et imperium et potestatem eius planius perspiceret. Quem illustris dux summis honoribus in Posnam suscepit. Nam tribus ante urbem milibus passuum aut longius sericas lanas muriceasque vestes auro argentoque decoratas per viam qua cesar iturus fuerat prosterni iussit. Et post ingressionem cesaris in urbem Posnam cuicumque licitum fuerat illa deferre et deportare. Illic magnificis splendidissimisque convivijs ac theatris ceterisque cerimonijs cesarem venerabatur ut nulla quam aurea illic forent suppellectilia. que post quoslibet cibos in puteos quorum fundi nemo certus fuerat deici ac deperdi jubebat.

Multas alias pompas ac munificencias cesari Ottoni instaurabat, que satis ample vetusta Sarmatica historia enarrat. Jamque videns cesar tanti principis liberalitates et mentis sublimitatem, diviciarumque abundantiam non abre animo duxit tantum clarissimum ducem corona regia dignus fore. eum itaque regali sceptro ac dyademate exornavit. ac ceteris dignitatibus sedem regiam requirentibus celebravit. Ne autem Boleslaus iam illustris rex tanti erga cesarem beneficij ingratus videretur brachium divi Adalberti antistitis. quem pruteni nefanda morte trucidarunt pro munere cesari obtulit. Jamque aucto regni imperio usque ad annos salutis nostre 1400 aut paulo antea rex Polonie dum absque prole discessisset. Tandem dux qui Lituanis ac Russie presidebat in regem electus fuit. qiu ydola antea coluit. Sed eo tempore quo illi regium sceptrum deferebatur et christianam religionem cum omni terra cui preerat suscepit. Itaque lituanos ac russitas ad regnum Sarmacie sic adiunxit. ut non nisi absque certa conditione dissolui possint. Is ergo illustrissimus princeps prutenos maritimas Germanie gentes sevissimo bello subiugum duxit ac imperium amplius extendit. Ubi insignes urbes extant Dantiscum et Thuronia. Est et clarissima arx Marieburgum. cui similis nemo mortalium vidisse fertur. multis varijs structuris. menibus. turribus ac fossis munita ut nulli inimicorum tutus sit ad arcem accessus. Amplius imperium ante aliquot annos fuerat. infestante tamen tartarorum et turchorum perfidissima gente magnum toti Sarmacie damnum illatum est. Nam terra que post Russiam vadit quam gens Podoliam vocat tota exusta et in solitudine posita est. ut et necessitatem peregrinantibus ferre non possit quaeuis fertilissima sit ita ut gramina in altitudine unius celsi viri excrescant. et apibus et melle tota redolens ut non satis illis locus sit ubi mella deferant. sub arboribus nanque aut virgultis et silvis favos sic educunt. Hercinium autem celebratissimum nemus quo in tota Europa nihil prestantius Sarmaciam totam percurrit et circa Cracoviam saltus suos extendit. per quos iturus potest unusquisque usque in Lituaniam et Scithiam. tantis brachijs regionem illam totam divagatur ferarum maximas educens greges.

In ea vero silve parte qua septentrionalior est bissontes fert que ferox ac immanis bellua est humanum genus maxime odiens. ad vescendum quidem maxime conveniens. Formam autem gerit citrini coloris. Frontem latam et cornua fert. ut nec venationi satis aptum sit nisi maximis varijsque laboribus. Metallum vero nullum quam plumbum Sarmacia fert non alia quam Saturni causa. qui terram rigido infestat frigore. Salis autem maxima copia est qua cetere longinque gentes utuntur. quod maximum prostat toti regioni emolimentum. qua nulla regi ipsi maior in toto regno gaza extat. Nam sub terra exciduntur ingentia salis saxa. Extra terram autem aliud sal ex aqua decoquitur. Est et Sarmacia ferax et uberrima tellus omnius genere fructuum et quicquid ad pascendum humanum corpus expetit. Nunc addendum est clarissimam prolem illustrissimi principis Vladislai. de quo antea diximus. Is tres (ut quidam ferunt) uxores habuit. ex quibus duos susceperat filios. quorum unus natu maior Vladislaus vocabatur. alter Casimirus. Vladislaus autem post mortem patris regio insignitus fuerat imperio.

itaque Hungarie et Bohemie et Polonie regnis presidebat, ubi clarissima gesta militari manu faciebat. ac imperium et christianas religionem ampliabat. Nam regi turchorum tantum terrarum depopulatus fuerat ut et ante Constantinopolim castram etaretur ubi dum seuissima bella erga turchos gereret ac utraque pars crudelissimo conflictu decertaret Pannones versis tergis fugam dabant ac regem cum paucis Sarmacie copijs in tanta hostium multitudine reliquerunt.

Cassimirus vero dux Lituanis et Russie preerat. Inde dum casus regius genti notus fuerat Cassimirus per Sarmatas in regem declaratur qui filiam ducis Austrie sororem Ladislai qui regno Bohemie et Hungarie praesidebat in uxorem duxit. Ex ea sex suscepit filios et quinque filias.

Primogenitus vero Vladislaus vocatur. Hic adhuc iuvenis existens in imperium regni Bohemie electus fuit mira quadam animi magnitudine ac optimis consilijs pollens. Ob quod dus Mathias rex Hungarie discessisset et regnum Pannonie adeptus est. Huic erat proximus frater. cui Cassimirus nomen paternum datum fuerat. qui summo ingenio ac prudentia claruit. tandem morbo inualescente perijt. At huic successit illustrissimus princeps Johannes-Albertus iam futurum toti orbi spectaculum. Is plurima illustria gesta militari bello aput Tartaros ac ceteras gentes edidit. Post patris autem obitum regno successit. ubi favente illi prospera fortuna regnum virtute sua et optimorum doctissimorumque virorum consilijs gubernat. Inclitus vero dux Alexander quartus natus regius est. cui fortitudine et mentis sublimitate parem tota Sarmacia vix tulit. Hunc ob eius constanciam Lituam post mortem patris in ducem susceperunt. qui et maximum toti Sarmacie decus esse existimatur. Post hunc sequitur Sigismundus celebris princeps. qui paterna sequitur vestigia. Is multis egregijs gestis clareret si illi aliquid felix fatum aspiraret. Celeberrimus autem Fridericus princeps ultimum natorum locum obtinuit. qui innata animi ingenua virtute relinquens vanos principum tumultus et inquietam vitam ad sedem tranquilliorem sese contulit. unde episcopus Cracoviensis electus ad arcpiepiscopatus Gnetsnensem postea devenit. Hij omnes quinque clarissimi principes hanc usque in etatem magnifice ac celeberrime vitam ducunt. Inter filias vero quinque. prima nupsit Georgio duci Bavarie. Secunda Friderico marchioni Brandeburgensi. Tercia duci Pomeranie. At due relique innupte apud matrem vitam ducunt.

ПРА ЕЎРАПЕЙСКІ КРАЙ САРМАТЫЮ

Пра кіруючы дом Польшчы і яго пачатак

Паколькі пра Баляслава (які стаў трэцім каралём Сарматыі) размова пойдзе крыху пазней, таму я вырашыў спачатку коратка распавесці і пра зямлю Сарматыі, і якім шляхам яна набыла каралеўскую годнасць.

Сарматыя ёсць надзвычай вялізны і непамерны край, а таксама неапрацаваны і пустынны, у якім пануюць вельмі суровыя норавы. З усходу яна дасягае москаў і ракі Танаіс(9), з паўднёвага боку — дакаў і панонцаў, з захаду — багемцаў, мараваў, сілезцаў і немцаў, з паўночнага боку — Германскае мора і Каданскі заліў. Каралеўства, што называюць Польшчай, мае дзве назвы. Бо тая частка краіны, дзе знаходзіцца Кракаў, называюць Малой Польшчай, а тая, дзе ўздымаюцца Познань і Гнезна, клічуць Вялікай.

Ад першага князя Крака да часоў Баляслава І там кіравалі толькі князі. Баляслаў жа быў яснавяльможным князем у часы імператара Атона І(10). Гэта не той, пра якого мы кажам у жыцці святога Станіслава(11) і які быў пляменнікам таго, хто быў народжаны ад манаха — сына гэтага Баляслава(12). Гэты ж Баляслаў(13) пагражаў пераможнай рукой каралю Францыі і германскім народам. Нарэшце, ён звярнуўся да імператара Атона з прапановай пакласці канец такой вайне і заключыў саюз з германцамі і галамі. Імператар жа Атон, бачыўшы веліч душы такога выдатнага князя, сустрэўся з князем Баляславам у Сарматыі, каб пільней разгледзець і яго ўладу, і магутнасць дзяржавы. Слаўны князь прыняў яго ў Познані з найвышэйшымі ўшанаваннямі. Бо ён даў загад услаць шаўковымі, шарсцянымі і пурпурнымі дыванамі з залатым і сярэбраным шыццём шлях, па якім павінны быў праехаць імператар, на працягу больш за тры мілі да горада. А пасля ўступлення імператара ў горад Познань кожнаму было дазволена іх здымаць і забіраць. У дадатак ён ўшанаваў імператара цудоўнымі і пышнымі бяседамі, тэатральнымі дзействамі і іншымі ўрачыстасцямі, пры гэтым посуд пасля розных страў загадаў скінуць у калодзежы, дна якіх ніхто не ведае.

Шмат іншых урачыстасцей і шчадрот ён учыніў у гонар імператара Атона, якія досыць пышна апісвае старадаўняя гісторыя Сарматыі. І тады імператар, убачыўшы такую гасціннасць, ўзвышаны розум князя і празмерную раскошу, вырашыў, што такі знатны князь заслугоўвае каралеўскай годнасці, і таму надзяліў яго каралеўскім скіпетрам і каронай, а таксама ўзвысіў каралеўскі трон іншымі належнымі ўшанаваннямі. І Баляслаў ад гэтага часу ўжо найсвятлейшы кароль, удзячны імператару за такую вялікую ласку, выступіў паслядоўнікам святога біскупа Адальберта, якога прусы ўмярцвілі жудаснай смерцю.

Ад гэтага часу дзяржава была ўзмоцнена каралеўскай уладай аж да 1400 г. нашага выратавання або крыху раней, калі кароль Польшчы памёр, не пакінуўшы нашчадка. Урэшце, каралём быў абраны князь, які кіраваў Літвой і Руссю і раней пакланяўся ідалам. Але ў той час ён прыняў хрысціянскую веру [разам] з усімі землямі, якімі ён кіраваў, каб атрымаць каралеўскі скіпетр. Такім чынам ён прыцягнуў пад каралеўскую ўладу літоўцаў і русінаў так, што яны маглі б скасаваць без дакладнай дамовы. Гэты яснавяльможны князь бязлітаснай вайной пакарыў прусаў — прыморскія германскія плямёны — і яшчэ больш пашырыў дзяржаву. Там існуюць значныя гарады — Данцыг і Торунь. Ёсць таксама знакамітая крэпасць Мар’енбург, умацаваная многімі разнастайнымі збудаваннямі, сценамі, вежамі і равамі, каб не баяцца ніякага ворага, які падступіць да горада. Падобнай да яе, кажуць, не бачыў ніхто са смертных.

Некалькі гадоў таму дзяржава была большай, аднак ёй пагражаюць вельмі вераломныя народы татараў і туркаў, якімі была нанесена значная для ўсёй Сарматыі страта. Бо зямля, якая ідзе за Руссю і якую называюць Падоліяй, уся спалена і спустошана нагэтулькі, што не ў стане прапанаваць падарожнікам нават самае неабходнае, хоць з’яўляецца ўрадлівай настолькі, што травы вырастаюць у рост высокага чалавека. Уся пахне пчоламі і мёдам, і не дастаткова ім месца, куды складваць мёд, таму зносяць пчаліныя соты пад дрэвы альбо пад кусты і ў лясныя гушчары.

Знакаміты Герцынскі лес, большага за які няма ва ўсёй Еўропе, ахоплівае ўсю Сарматыю і распасцірае свае лясы вакол Кракава, і кожны, ідучы праз іх, зможа [дасягнуць] Літвы і Скіфіі, і праз вялікія адгалінаванні вандраваць па ўсім краю, палюючы на велічэзныя статкі дзікіх жывёлаў. У той частцы лесу, што далей на поўнач, сустракаецца бізон, які з’яўляецца неўтаймаваным і велізарным зверам і зусім не пераносіць людзей. Мае скуру жоўтага колеру, шырокі лоб і рогі, што досыць прыдатныя не для палявання, а для многіх разнастайных заняткаў.

Ніякіх металаў, за выключэннем волава, ні іншых выкапняў Сарматыя не мае, волею Сатурна, які мучыць зямлю суровай сцюжай. Затое існуе вялікае мноства солі, якой карыстаюцца іншыя народы за мяжой. І не існуе для самога караля ніякага больш каштоўнага ва ўсім каралеўстве багацця, бо выступае найвялікшым прыбыткам для ўсяго краю. Пад зямлёю вырубаюцца вялізныя камлыгі солі. А на павярхоўнасці зямлі соль яшчэ выпарваюць з вады. Урадлівая і багатая глеба ў Сарматыі дае плады ўсіх гатункаў, што б чалавек не пажадаў для харчавання.

Зараз трэба дадаць пра выдатных нашчадкаў яснавяльможнага князя Уладыслава, пра якога мы казалі раней. Ён меў, як некаторыя паведамляюць, трох жонак, ад якіх меў двух сыноў, старэйшага з якіх назвалі Уладыслаў, другога — Казімір. Уладыслаў жа пасля смерці бацькі быў надзелены каралеўскай уладай, і ў выніку ўзначальваў Венгерскае, Чэшскае і Польскае каралеўствы. Там ён доблеснай рукой здзейсніў выдатныя справы і ўзмацніў дзяржаву, а таксама хрысціянскую веру. Ён спустошыў вялікую колькасць зямель падуладных турэцкаму каралю, што і перад канстанцінопальскай крэпасцю, дзе вёў жорсткія войны супраць туркаў, і абодва бакі змагаліся ў бязлітаснай барацьбе да таго моманту, пакуль панонцы не ўцяклі і не пакінулі караля з невялікім войскам Сарматыі сярод вялікага мноства ворагаў.

Князь Казімір у той час кіраваў Літвой і Руссю. Калі здалёку прыйшла вестка пра гібель караля, сарматы абвясцілі каралём Казіміра, які ўзяў у жонкі дачку(14) аўстрыйскага герцага(15), сястру Ладыслава, правіцеля Чэхіі і Венгрыі(16). Ад яе нарадзілася шэсць сыноў і пяць дачок. Першароднага назвалі Уладыславам. Ён, яшчэ маладым абраны на пасад караля Чэхіі, вылучаўся незвычайнай веліччу душы і цудоўнымі разумовымі здольнасцямі. А калі кароль Венгрыі Матыяш(17) пакінуў трон, ён атрымаў і Панонскае каралеўства(18).
Наступны за ім брат, якому было дадзена бацькоўскае імя Казімір і які быў знакаміты глыбокім розумам і ведамі, памёр ад моцнай хваробы.

За ім ішоў яснавяльможны князь Іаан-Альберт, які цяпер з’яўляецца надзеяй усяго свету. Ён здзейсніў шмат слаўных подзвігаў пад час вайны з татарамі і іншымі народамі. А пасля сканання бацькі атрымаў у спадчыну каралеўства, дзе пад апекай шчаслівай фартуны кіруе каралеўствам [з дапамогай] сваёй дабрачыннасці і парадаў найлепшых і адукаваных людзей.

Яснавяльможны князь Аляксандр з’яўляецца чацвёртым каралеўскім сынам. Роўнага яму адвагай і ўзвышанасцю розуму яшчэ не нараджала Сарматыя. За яго непахіснасць ён быў абраны князем пасля смерці бацькі і лічыцца найвялікшай славай усёй Сарматыі.

Пасля яго ідзе яснавяльможны князь Жыгімонт, які крочыць па слядах бацькі. Ён знакаміты шматлікімі выдатнымі справамі, у чым яму спрыяў шчаслівы лёс. Найслаўнейшы князь Фрыдэрык — апошні сын, які вызначаецца высакароднай дабрадзейнасцю душы, пакінуўшы пустыя хваляванні і турботнае жыццё, звярнуўся да месца спакою. Ён быў абраны спачатку біскупам кракаўскім, а потым гнезненскім арцыбіскупам. Усе гэтыя пяць яснавяльможныя князі заўсёды вядуць жыццё з веліччу і годнасцю.

З пяцярых жа дачок першая замужам за герцагам Баварыі Георгам, другая — за маркграфам брандэнбургскім Фрыдэрыкам, трэцяя — за герцагам Памераніі, а дзве астатнія незамужнія і жывуць пры маці.


1. Да працы над ілюстрацыямі мог таксама далучыцца вучань М. Вальгемута малады А. Дзюрэр.

2. Усяго даследчыкі налічваюць у кнізе больш за 1800 гравюр. Але ў рэчаіснасці шмат якія выявы паўтараюцца і нават неаднойчы, і таму рэальная колькасць дошак, з якіх рабіліся гравюры, менш гэтай лічбы амаль у тры разы.

3. Уся гісторыя чалавецтва падаецца ў лінейным руху ад першапачатковага акта Божага стварэння свету да сучаснай аўтару эпохі (г. зн. да канца XV ст.) з адзначаным у цьмянай перспектыве будучыні «канцом свету». Пры гэтым «шосты ўзрост», які пачаўся з прыходам Хрыста і павінен скончыцца з яго другім прышэсцем, займае ў кнізе больш месца, чым пяць папярэдніх.

4. У нюрнбергскім выданні 1493 г. яны размешчаны на ненумараваных аркушах, пасля ўласна «Liber chronicarum» Шэдэля. Гэты дадатак захаваўся і ў наступных перавыданнях кнігі.

5. Больш падрабязна біяграфічныя звесткі гл. [5; 6].

6. У Нюрнбергскім выданні 1493 г. яе назва пазначаецца на пачатку кнігі перад зместам такім чынам: «Registrum huius operas libri cronicarum cum figures et ÿmaginibus ab initio mundi» («Змест гэтага твора Кнігі хронік ад пачатку свету з фігурамі і выявамі»).

7. Да такіх высноў прыйшлі і нямецкія даследчыкі. Ф. К. Вегеле ў сваёй фундаментальнай гісторыі нямецкай гістарыяграфіі (1885) яшчэ не ўказваў ніякага аўтара нарыса пра Сарматыю, але ў ХХ ст. думка наконт аўтарства Кон¬рада Цельтэса, відавочна, становіцца агульнапрынятай. Гл., напр. [12].

8. Тэкст прыведзены паводле выдання: Schedel, H. Liber chronicarum. Nürnberg, 1493. Асаблівасці арфаграфіі і пунктуацыі арыгінала пераважна захоўваюцца. Унесеныя змены датычацца толькі відавочных памылак друку, перадачы імёнаў уласных з пачатковай вялікай літары, поўнага напісання скарочаных форм і напісання літар «u» i «v» у адпаведнасці з класічнай традыцыяй (у сярэднявечнай латыні яны замянялі адна адну).

9. Дон.

10. У рэчаіснасці Атона ІІІ.

11. У падраздзеле, які тут не прыводзіцца, з назвай «Пра святога Станіслава, біскупа кракаўскага, патрона Сарматыі».

12. Тут аўтар памылкова аб’ядноўвае Баляслава ІІ Смелага (1042—1081), праўнука Баляслава І (967—1025), які сапраўды жыў у часы святога Станіслава, з яго дзядзькам — Баляславам, сынам Мешка ІІ. Згаданы манах, відавочна, Безпрым (987—1032), сын Баляслава І.

13. Г. зн. Баляслаў І.

14. Елізавета Габсбург (1436—1505).

15. Альберт ІІ Габсбург (1397—1439).

16. Уладыслаў V Постум (1440—1457).

17. Матыяш Корвін (1443—1490).

18. Г. зн. Венгрыю.


Літаратура

1.    Wegele, F. X. Die Geschichte der deutschen Historiographie seit dem Auftreten des Humanismus. — München; Leipzig, 1885.

2.    Вайнштейн, О. Л. Западноевропейская средневековая историография. — М.; Л., 1964. — С. 321.

3.    Там жа. — С. 224.

4.    Немилов, А. Н. Немецкие гуманисты XV в. — Л.: Изд-во ЛГУ, 1979. — С. 90.

5.    Allgemeine deutsche Biographie. — Bd. 30. — Leipzig, 1885.

6.    Сынкова, І. А. Апавяданне пра Сарматыю ў Сусветнай хроніцы Г. Шэдэля // Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць. Матэрыялы міжнар. навук. канф. Мінск, 26 красавіка 2007 г. — Вып. 6. — Мінск, 2007. — С. 279—284.

7.    Allgemeine deutsche Biographie. — Bd. 30. — Leipzig, 1885. — S. 661.

8.    Wegele, F. X. Die Geschichte der deutschen Historiographie seit dem Auftreten des Humanismus. S. 52.

9.    Немилов, А. Н. Немецкие гуманисты XV в. — Л.: Изд-во ЛГУ, 1979. — С. 102.

10.    Wegele, F. X. Die Geschichte der deutschen Historiographie seit dem Auftreten des Humanismus. — S. 52.

11.    Ibidem. — S. 53.

12.    Bömelburg, H. J. Frühneuzeitliche Nationen im östlichen Europa. — Wiesbaden, 2006.


І. А. Сынкова — дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін Мінскага інстытута кіравання, кандыдат філасофскіх навук; e mail: isynkova@yahoo.com