Міжваенны перыяд стаў якасна новым этапам у жыцці беларускай дыяспары. Менавіта ў гэты час за мяжой з’яўляюцца беларускія нацыянальныя арганізацыі, адбываецца згуртаванне беларускага насельніцтва на чужыне вакол ідэі беларускай дзяржаўнасці.

Адным з цэнтраў, дзе праходзілі вышэйадзначаныя працэсы, з’яўлялася Чэхаславацкая Рэспубліка (ЧСР). У гэтай краіне ў 1920—1930 я гг. пражывала значная колькасць беларусаў. Асаблівасцю беларускай дыяспары ў ЧСР з’яўляўся высокі адукацыйны ўзровень яе прадстаўнікоў (90% былі студэнтамі ВНУ, астатнія — прадстаўнікамі эміграцыйнага ўрада БНР, а таксама розных палітычных партый). Дадзены факт і абумовіў актыўную грамадска-палітычную пазіцыю беларусаў у ЧСР, што выявілася ў стварэнні шматлікіх суполак і таварыстваў, выданні часопісаў, прадуктыўнай навуковай дзейнасці, актыўным супрацоўніцтве з рускай і ўкраінскай дыяспарамі.

Вывучэннем грамадска-палітычнай дзейнасці беларускай дыяспары ў ЧСР (1921—1935) займаліся навукоўцы як у Беларусі, так і за яе межамі. Сярод беларускіх даследчыкаў трэба адзначыць У. Ляхоўскага, працы якога прысвечаны агульнаму разгляду грамадска-палітычнай дзейнасці беларускай дыяспары ў ЧСР у міжваенны перыяд [3; 4]. Сярод замежных публікацый трэба вылучыць даследаванні чэхаславацкай навукоўцы Д. Каленоўскай аб жыцці беларускай эміграцыі ў ЧСР (1918—1939) [44], украінскіх гісторыкаў В. Зубко і В. Ямковай аб беларуска-ўкраінскім культурным і навуковым супрацоўніцтве ў ЧСР [1; 2; 43]. Але грамадска-палітычная дзейнасць беларускай дыяспары ў ЧСР (1921—1935) да гэтага часу не стала прадметам комплекснага даследавання з дэталёвым вывучэннем усіх аспектаў праблемы (колькаснага і якаснага складу дыяспары, дзейнасці прасавецкіх арганізацый, удзелу прадстаўнікоў дыяспары ў міжнародных акцыях і мерапрыемствах). У сувязі з гэтым высокую каштоўнасць прадстаўляе адносна шырокае кола архіўных матэрыялаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ), зварот да якіх дапаможа праліць святло на шмат якія старонкі гісторыі беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі ў 1920 я — першай палове 1930 х гг. Вывучэнне гэтых дакументаў, праведзенае аўтарам дадзенага даследавання ў НАРБ на працягу некалькіх гадоў, дазваляе гаварыць аб наяўнасці шэрагу дакументаў, якія да сённяшняга дня былі незапатрабаванымі і не знаходзіліся ў навуковым ужытку. Таму ёсць патрэбнасць прадставіць кароткі агляд даследаваных архіўных фондаў і спраў НАРБ па гісторыі грамадска-палітычнай дзейнасці беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі (1921—1935).

Крыніцы НАРБ па вывучаемай праблеме варта падзяліць на чатыры групы: 1) матэрыялы справаводства: а) арганізацыйна-распарадчая дакументацыя; б) улікова-кантрольная дакументацыя; в) справаздачная дакументацыя; 2) публіцыстычныя творы; 3) эпісталярныя крыніцы; 4) перыядычны друк [42].

Дакументы справаводства. Яны з’яўляюцца найбольш маштабнай і інфармацыйна насычанай групай крыніц. Таму дадзеная група падзелена на тры падгрупы.

Арганізацыйна-распарадчая дакументацыя. Да яе адносяцца статуты Беларускай рады ў Празе [27] і Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА) [41], дэкларацыя Таварыства студэнтаў беларусаў і маларосаў «Адзінства рускай культуры» [23]. Гэтыя дакументы даюць уяўленне аб задачах, формах і метадах дзейнасці дадзеных арганізацый. Так, напрыклад, згодна статуту, АБСА абавязвалася абараняць беларускае студэнцтва перад уладамі ў публічным жыцці, у міжнародных і дабрачынных студэнцкіх і грамадскіх арганізацыях.

Сярод інфармацыйна-даведачных матэрыялаў варта вызначыць даклад аб беларуска-эсэраўскім руху, падрыхтаваны сакрэтным аддзелам Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР у 1925 г. [5, л. 7]. У дадзеным дакладзе паведамлялася, што ў Празе існуе значны беларускі эсэраўскі цэнтр, які кіруе эсэраўскім рухам у БССР. Беларускія студэнты, якія пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў ЧСР ехалі на працу ў БССР, называліся эсэраўскімі агентамі. Акрамя гэтага, цікавасць прадстаўляе «Паведамленне» замежнага бюро Цэнтральнага камітэта Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС Р), матэрыялы якога адлюстроўваюць складаную ідэалагічную сітуацыю ў беларускім асяроддзі ў ЧСР [10, л. 70—70адв.].

Шырока прадстаўлена ў НАРБ бягучая перапіска беларускіх арганізацый у ЧСР з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. Шмат важных звестак аб размеркаванні стыпендый паміж беларускімі грамадска-палітычнымі арганізацыямі, адборы прэтэндэнтаў на стыпендыі, арганізацыі пераезду ў ЧСР змешчана ў перапісцы Таварыства беларускай школы ў Вільні (ТБШ) з Беларускай грамадой у Празе, Беларускім студэнцкім гуртком імя Ф. Скарыны, беларускім аддзелам Міністэрства адукацыі Латвіі [34, л. 6—6адв., 10, 22адв., 48—48адв., 50, 60, 75, 86; 35]. Так, інфармацыя пра тое, што ў ЧСР для беларусаў выдзелены стыпендыі на навучанне ў ВНУ, друкавалася ў віленскіх часопісах і газетах. Частка стыпендый прызначалася беларускім грамадска-палітычным арганізацыям у Латвіі, дзе значная колькасць беларускай моладзі не мела магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю з-за дрэннага матэрыяльнага становішча.

Перапіска Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні (БСС) з АБСА і іншымі беларускімі арганізацыямі ў ЧСР дазваляе даследаваць змест і характар дзейнасці найбуйнейшай беларускай студэнцкай арганізацыі міжваеннага перыяду — АБСА, а таксама скласці ўяўленне аб спектры беларускіх арганізацый, якія дзейнічалі ў ЧСР у пачатку 1930 х гг. [40]. Асабліва актыўна перапіска паміж АБСА і БСС вялася ў канцы 1920 х — першай палове 1930 х гг. Дадзеныя арганізацыі плённа супрацоўнічалі паміж сабой. Больш таго, у канцы 1920 х гг. БСС увайшоў у склад АБСА, а ў 1930 г. эканамічны, прэсавы і спартыўны аддзелы АБСА былі перанесены ў Вільню і склалі разам «Аддзел урада АБСА ў Вільні». Таму невыпадкова, што ў перапісцы абедзве арганізацыі давалі вельмі падрабязны агляд сваёй дзейнасці.

У пісьмах АБСА да Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў Вільні (БІГІК) за 1931—1932 гг. змешчаны просьбы аб матэрыяльнай дапамозе для ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях, арганізаваных пад эгідай Міжнароднай канфедэрацыі студэнтаў [32, л. 102—103; 33, л. 90е].

Працэс фарміравання беларускай дыяспары ў ЧСР адлюстраваны ў дыпламатычнай перапісцы Дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у ЧСР за 1921—1924 гг. Так, пісьмы паўнамоцнага прадстаўніка БНР у ЧСР М. Вяршыніна да старшыні ўрада БНР В. Ластоўскага тычацца фінансавага боку дзейнасці беларускага прадстаўніцтва ў ЧСР за 1921 г. [11, л. 34, 37, 46, 58—59адв.]. У перапісцы Дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР у ЧСР з міністрам замежных спраў БНР А. Цвікевічам за 1921—1923 гг. утрымліваецца каштоўная інфармацыя пра змест дзейнасці М. Вяршыніна ў адзначаны перыяд [11, л. 3—7, 21, 33, 38, 43—45адв., 67—68]. Апошні, у прыватнасці, кожны тыдзень рабіў агляды чэшскай прэсы (дасылаў іх А. Цвікевічу), змяшчаў у чэшскім друку артыкулы аб становішчы ў Беларусі. Акрамя ўсяго гэтага, М. Вяршынін займаўся непасрэднай падрыхтоўкай Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі, якая адбылася ў верасні 1921 г. у Празе. Цікавыя звесткі аб арганізацыі прыезду беларусаў на вучобу ў ВНУ ЧСР выяўлены ў перапісцы Дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР у ЧСР з Дыпламатычным прадстаўніцтвам БНР у Літве за 1922—1923 гг. [11, л. 8—9адв., 14, 15, 20; 14]. З гэтых пісьмаў можна даведацца аб тым, што М. Вяршынін адносіў спісы студэнтаў, якія мусілі прыехаць на навучанне, у Міністэрства замежных спраў (МЗС) ЧСР для зацвярджэння, а апошняе накіроўвала распараджэнні аб выдачы віз для беларускіх студэнтаў сваім консулам у Коўне, Рызе, Варшаве і Сафіі. Меркаваць аб пачатку арганізацыйнага жыцця беларускіх студэнтаў у ЧСР, а таксама пра ідэалагічную атмасферу ў іх асяроддзі дазваляе копія пісьма М. Вяршыніна прадстаўніку МЗС ЧСР пры Чэшска-ўкраінскім камітэце [14, л. 105—106адв.]. Так, у другой палове 1921 г. пры Беларускай грамадзе ў Празе была створана студэнцкая секцыя, а ўжо вясной 1922 г. адбыўся першы ідэалагічны раскол сярод беларускіх студэнтаў. Паводле даных перапіскі Дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР у Літве з Чэхаславацкім і Нямецкім консульствамі ў Літве можна вызначыць лік беларускіх службовых асоб і студэнтаў, якія выехалі ў ЧСР у 1922—1923 гг. [15].

Даволі змястоўна ў фондах НАРБ прадстаўлена пратакольная дакументацыя беларускіх арганізацый, якія дзейнічалі ў ЧСР на працягу 1920 х — першай паловы 1930 х гг.
Асноўныя накірункі дзейнасці Беларускай рады ў Празе з лістапада 1923 г. (пачатак функцыянавання) і да снежня 1925 г. адлюстраваны ў пратаколах пасяджэнняў прэзідыума дадзенай арганізацыі [28]. На гэты час прыпаў найбольш актыўны перыяд грамадска-палітычнай дзейнасці Беларускай рады ў Празе, якая спрабавала заняць лідыруючае становішча сярод іншых арганізацый беларускай дыяспары ў ЧСР. Менавіта 1924—1925 гг. сталі для беларусаў у ЧСР вельмі багатымі на розныя мерапрыемствы. У 1924 г. Беларуская грамада ў Празе святкавала 40 я ўгодкі смерці В. Дуніна-Марцінкевіча, 6 я ўгодкі незалежнасці БНР. Падрабязныя даныя пра правядзенне гэтых урачыстасцей змяшчаюць адпаведныя пратаколы [20; 30]. ЧСР таксама стала месцам працягу дзейнасці групы беларускіх эсэраў на чале з Т. Грыбам. Пратакол нарады сяброў БПС Р прысвечаны акурат пытанню падрыхтоўкі сталай партыйнай арганізацыі ў ЧСР [19]. Пратаколы камісіі па разглядзе справы па абвінавачанні студэнтамі-беларусамі братоў Вацлава і Францішка Пяткевічаў у шпіянажы і падробцы дакументаў для атрымання пенсіі сведчаць пра складаныя ўзаемаадносіны ў беларускім студэнцкім ассяроддзі [29]. У пратаколе рэвізійнай камісіі Беларускай рады ў Празе змешчаны каштоўныя звесткі аб дзейнасці дадзенай арганізацыі ў канцы 1920 х гг. [31, л. 3—5]. Цікава, што ў гэты час у склад кіраўніцтва Беларускай рады ў Празе ўваходзілі ў пераважнай большасці прадстаўнікі беларускага студэнцтва. Пратаколы пасяджэння ўправы Дапамаговага фонду ўкраінскіх і беларускіх студэнтаў у Празе дазваляюць прааналізаваць узровень беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў справе арганізацыі матэрыяльнай падтрымкі незабяспечаных студэнтаў ва ўмовах пагаршэння эканамічнага становішча і значнага скарачэння фінансавай падтрымкі з боку чэхаславацкіх улад у першай палове 1930 х гг. [21].

Улікова-кантрольная дакументацыя даволі шырока прадстаўлена ў фондах НАРБ. Заявы на атрыманне стыпендый на навучанне ў ЧСР за 1922—1923 гг. адлюстроўваюць маштабы кампаніі па выбары кандыдатаў у Заходняй Беларусі [36—38]. Так, беларускія гімназіі ў Заходняй Беларусі не давалі сваім выпускнікам так званых «правоў публічнасці».
Выпускнікі беларускіх гімназій, каб паступіць ва ўніверсітэт, былі вымушаны самастойна рыхтавацца да здачы дзяржаўных экзаменаў у польскай гімназіі, каб атрымаць атэстат сталасці. Да таго ж навучанне ва ўніверсітэце было платным. Таму магчымасць бясплатнага навучання ў ЧСР была, напэўна, адзіным шанцам для заходнебеларускай моладзі на атрыманне вышэйшай адукацыі. Колькасць жадаючых вучыцца ў разы перавышала колькасць выдзеленых стыпендый. У сувязі з гэтым праводзіўся вельмі жорсткі адбор. Пры прызначэнні ў лік стыпендыятаў бралася пад увагу сацыяльнае і матэрыяльнае становішча, удзел у беларускім руху, наяўнасць рэкамендацый ад беларускіх дзеячаў, навучальная ўстанова, якую скончыў кандыдат на атрыманне стыпендыі. Акрамя гэтага, тыя, хто ехаў на вучобу ў ЧСР па накіраванні віленскіх беларускіх арганізацый, падпісвалі абавязацельства, згодна з якім пасля заканчэння навучання павінны былі вярнуцца працаваць на Бацькаўшчыну, напісаць і выдаць па сваёй спецыяльнасці адну кнігу на роднай мове, дапамагчы аднаму беларусу, вызначанаму ТБШ, атрымаць адукацыю за мяжой [39]. Прааналізаваўшы пасведчанні ТБШ аб накіраваннні беларускіх студэнтаў на навучанне ў ЧСР [34, л. 7—9, 11, 17—18, 20, 45, 47, 51—55, 71—73], спіс студэнтаў-беларусаў, якія навучаліся ў Празе ў 1922 г. [35, л. 26], спіс кандыдатаў на стыпендыі на 1922/23 навучальны год, прадстаўленыя на зацвярджэнне ў МЗС ЧСР [35, л. 62—63], можна скласці ўяўленне аб колькасным складзе беларускага студэнцтва ЧСР у 1922 г. Так, у маі 1922 г. па стыпендыях чэхаславацкага ўрада ў ЧСР навучаліся 25 беларусаў, восенню 1922 г. лік нашых студэнтаў павялічыўся да 62 чалавек.

Справаздачная дакументацыя. Гэтая крыніца таксама знайшла адлюстраванне ў фондах НАРБ. Фінансавыя справаздачы дыпламатычнага прадстаўніка БНР у ЧСР за 1921—1922 гг. змяшчаюць вельмі важныя звесткі пра фінансавы аспект дзейнасці Дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР у ЧСР у першыя гады існавання [12, л. 27; 13, л. 1—6]. Дзейнасць беларусаў у ЧСР не заставалася па-за ўвагай кіраўніцтва БССР, якое было зацікаўлена ў ідэалагічнай пераарыентацыі беларускай моладзі з мэтай яе прыезду, пасля атрымання вышэйшай адукацыі, на працу ў Савецкую Беларусь. Таму неаднаразова арганізоўваліся паездкі беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў у ЧСР. Так, у справаздачах У. Пічэты і З. Жылуновіча аб загранічных камандзіроўках сустракаюцца каштоўныя даныя аб іх знаходжанні ў ЧСР і кантактах з прадстаўнікамі беларускай моладзі [6, л. 25—32; 8, л. 31—35].

Публіцыстычныя творы. Грамадска-палітычная дзейнасць беларускай дыяспары ў ЧСР (1921—1935) паказана ў іх у значна меншай ступені ў параўнанні з дакументамі справаводства, прадстаўленымі ў фондах НАРБ. Да гэтай групы адносяцца прамовы, артыкулы і нататкі актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў Празе Т. Грыба і В. Русака. Найбольшую цікавасць выклікае артыкул Т. Грыба «Тэзісы аб культурна-нацыянальным аб’яднанні беларускага студэнцтва ў Празе», напісаны ў маі 1925 г. Галоўную прычыну раз’яднанасці ў беларускім студэнцкім асяроддзі Т. Грыб бачыў у тым, што беларускія студэнты былі ў пераважнай большасці ўцекачамі з Заходняй Беларусі, а не палітычнымі эмігрантамі (як гэта было ў рускіх і ўкраінцаў), вельмі маладога ўзросту, не мелі акрэсленага светапогляду, таму і падпадалі пад розныя ўплывы і мянялі свае настроі і перакананні. Выхад з дадзенай сітуацыі аўтар артыкула бачыў у стварэнні культурна-навуковага таварыства, якое аб’яднала б рознае па палітычных перакананнях беларускае студэнцтва на агульнай культурна-навуковай глебе [24]. Неўзабаве ў Празе было створана Беларускае (Крывіцкае) таварыства імя Ф. Скарыны, найбольш дынамічны перыяд дзейнасці якога прыйшоўся на другую палову 1920 х — першую палову 1930 х гг.
Крывіцкае таварыства праводзіла актыўную асветніцкую працу шляхам чытання дакладаў і рэфератаў на розныя тэмы і выдання часопіса «Іскры Скарыны». Акрамя гэтага, сведчанні аб грамадскай дзейнасці беларусаў у ЧСР адлюстраваны ў прамове Т. Грыба на ўрачыстым адкрыцці помніка на магіле П. Крачэўскага ў 1930 г. [25]. Нататкі і артыкул «Студэнцтва і ягоныя арганізацыі» В. Русака прадстаўляюць інфармацыю аб удзеле гэтага дзеяча ў грамадска-палітычным жыцці беларускай дыяспары ў ЧСР [5, л. 1—5; 17]. Так, В. Русак, паводле вышэйадзначаных крыніц, з’яўляўся старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта за мяжой, які знаходзіўся ў Празе. Ад імя дадзенага камітэта ў 1931 г. былі пададзены два мемарандумы ў Лігу Нацый. Акрамя гэтага, В. Русак у 1932 г. удзельнічаў у падрыхтоўцы і фінансаванні выдання мемарандума прэзідыума Рады БНР на французскай мове.

Эпісталярныя крыніцы. Дакументы гэтага кшталту, якія знаходзяцца на захаванні ў НАРБ, маюць важнае значэнне ў вывучэнні жыцця і дзейнасці прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў ЧСР у 1920 я гг. У прыватных пісьмах П. Крачэўскага да В. Ластоўкага і А. Цвікевіча ўтрымліваюцца звесткі аб удзеле П. Крачэўскага, які ў снежні 1921 г. — лютым 1922 г. знаходзіўся ў Празе, у арганізацыі беларускай дыяспары ў ЧСР, а таксама наладжванні кантактаў з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей былой Расійскай імперыі, для якіх ЧСР таксама стала месцам сталага жыхарства [11, л. 23—23адв., 26—26адв., 29—32адв.]. У пісьме Т. Грыба і Я. Мамонькі ў Віленскі акруговы камітэт БПС Р падкрэсліваецца, каб на навучанне ў Прагу пасылаліся такія студэнты, якія пасля атрымання вышэйшай адукацыі маглі быць карыснымі грамадзянамі роднага краю і актыўнымі змагарамі за народную волю [26, л. 1]. У перапісцы Л. Зайца, В. Захаркі, П. Крачэўскага, У. Пракулевіча з А. Цвікевічам за верасень—снежань 1924 г. можна знайсці рознабаковую інфармацыю пра грамадска-палітычную дзейнасць беларускай дыяспары ў ЧСР у адзначаны перыяд [9, л. 106—108адв., 110—110адв., 153—155адв., 157—166адв.]. Гэта і даныя пра дзейнасць Беларускай рады ў Празе і драматычнага гуртка, спробы стварэння кафедры беларусазнаўства, даклад В. Ластоўскага на сходзе беларускай дыяспары ў Празе ў кастрычніку 1924 г., расстаноўку палітычных сіл у асяроддзі беларускага студэнцтва ў Празе і інш. Пісьмы Л. Зайца і У. Пракулевіча ў рэдакцыю часопіса «Прамень» за 1926 г. маюць на мэце інфармаванне беларусаў ЧСР аб выніках Берлінскай канферэнцыі, дыскрэдытацыю пазіцыі П. Крачэўскага, прапаганду ідэі вяртання на сталае жыхарства ў БССР [16, л. 53—58адв., 61—62адв.].

Перыядычны друк. Гэтыя матэрыялы па вывучаемай праблеме, знойдзеныя ў фондах НАРБ, не надта шматлікія, але вельмі каштоўныя. У першую чаргу цікавасць прадстаўляюць даныя часопіса «Беларускі студэнт», які ў 1923 г. выдаваўся ў Празе [22]. Так, інфармацыя, пададзеная ў раздзеле «Хроніка» гэтага часопіса, дае магчымасць скласці даволі дакладную карціну грамадска-палітычнага жыцця беларускай дыяспары ў ЧСР у канцы 1922—1923 гг. У аглядзе замежнага друку, падрыхтаваным Упраўленнем справамі Савета Народных Камісараў (СНК) і Эканамічнай нарадай БССР, прысутнічаюць даныя пра Сацыялістычную Лігу Новага Усходу, арганізацыю, у дзейнасці якой актыўны ўдзел прымалі беларускія эмігранты ЧСР (Т. Грыб, В. Чарнецкі, В. Захарка, П. Крачэўскі) [7, л. 4—5].

Такім чынам, матэрыялы фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь уяўляюць значную цікавасць і навуковую каштоўнасць для раскрыцця тэмы, прысвечанай грамадска-палітычнай дзейнасці беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі (1921—1935). Найбольш рэпрэзентаванай групай крыніц з’яўляюцца матэрыялы справаводства, прычым у пераважнай большасці гэта арганізацыйна-распарадчая дакументацыя (статуты, інфармацыйна-даведачныя матэрыялы, бягучая перапіска арганізацый і ўстаноў, пратакольная дакументацыя). У значна меншай ступені прадстаўлена ўлікова-кантрольная (заявы, спісы, абавязацельствы, пасведчанні) і справаздачная дакументацыя. Астатнія групы крыніц (публіцыстычныя творы, эпісталярныя крыніцы і перыядычны друк) не знайшлі шырокага адлюстравання ў фондах НАРБ, але, нягледзячы на гэта, дадзеныя матэрыялы па інфармацыйнай насычанасці не нашмат уступаюць матэрыялам справаводста і з’яўляюцца вельмі запатрабаванымі пры вывучэнні грамадска-палітычнай дзейнасці беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі (1921—1935). Зыходзячы з пункту гледжання раскрыцця даследуемай тэмы, лепш за ўсё ў фондах дадзенага архіва прадстаўлены наступныя аспекты праблемы: фарміраванне беларускай дыяспары, грамадска-палітычная дзейнасць беларусаў у Чэхаславакіі ў 1920 я гг., функцыянаванне Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый у першай палове 1930 х гг. Таму для глыбокага і змястоўнага вывучэння грамадска-палітычнай дзейнасці беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі (1921—1935) неабходна выкарыстанне ўсяго комплексу крыніц, якія знаходзяцца на захаванні ў іншых беларускіх і замежных архівах.


Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры

1.     Зубко, В. Беларуская пражская эміграцыя і Украінскі педагагічны інстытут імя М. Драгаманава (1923—1933) / В. Зубко // Кантакты і дыялогі. — 2001. — № 2—3. — С. 14—17.

2.     Зубко, О. Громадсько-культурна діяльність білоруської та української діаспор у Чехо-Словаччіні в 1921—1939 рр. / О. Зубко // Дыяспара, культуралогія, гісторыя. — Мінск: Голас Радзімы, 2006. — С. 67—75.

3.     Ляхоўскі, У. Грамадска-культурная чыннасць беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі ў 1921—1938 гг. / У. Ляхоўскі // Грамадска-культурная чыннасць беларускай і расійскай эміграцыі ў Чэхаславакіі, 1921—1938: Каталог: Выстава ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, з 27 мая па 3 ліп. 2002 г. / Уклад.: Т. Р. Воранава і інш. — Мінск: НАРБ, 2002. — С. 21—31.

4.     Ляхоўскі, У. Чэхія і беларускі вызвольны рух у першай трэці ХХ ст. / У. Ляхоўскі // Białoruś w ХХ stoleciu. W kręgu kultury i polityki / pod red. D. Michaluk. — Toruń, 2007. — S. 491—522.

5.     Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — Ф. 4п (Цэнтральны камітэт КП(б)Б). — Воп. 1. — Спр. 2482. Рэзалюцыі пленума ЦК КПЗБ, даклад пра беларуска-эсэраўскі шавіністычны рух (па матэрыялах сакрэтнага аддзела ДПУ БССР) на 29 кастрычніка 1925 г., прывітанне ЦК КПЗБ ЦК КП(б)Б у сувязі з 6-й гадавінай вызвалення Беларусі ад белапалякаў (ліпень 1926 г.), ліпень — 13 лістапада 1926 г.

6.     Там жа. — Спр. 2498. Выпіскі з пратаколаў бюро ЦК КП(б)Б і Прэзідыума ЦК КП(б)Б, 1926—1928 гг.

7.     Там жа. — Спр. 3736. Агляды замежнага друку (выданне Кіравання справамі СНК і Эканамічнай нарады БССР), 26 жніўня 1927 г. — 20 красавіка 1928 г.

8.     Там жа. — Ф. 205 (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт). — Воп. 1. — Спр. 6335. Асабістая справа У. Пічэты.

9.     Там жа. — Ф. 325 (Рада Народных Міністраў БНР). — Воп. 1. — Спр. 9. Пратаколы сходаў членаў прэзідыума Рады і ўрада БНР у Празе, даклад аб становішчы беларускіх школ і гімназій у Латвіі, 1918—1926 гг.

10.    Там жа. — Спр. 56. Дакументы аб стварэнні і дзейнасці БПС Р і яе груп за мяжой (рэзалюцыі, дэкларацыі, адозвы, звароты, заклікі), 1922—1924 гг.

11.    Там жа. — Спр. 131. Перапіска з паўнамоцным прадстаўніком БНР у Чэхаславакіі аб яго дзейнасці. Праект статута Саюза народаў Усходняй Еўропы (дата адсутнічае). Кароткі пералік міжнародных і мясцовых палітычных падзей, 1920—1923 гг.

12.    Там жа. — Спр. 176. Каштарысы выдаткаў на ўтрыманне канцылярыі Рады Народных Міністраў, Міністэрства фінансаў БНР і Дыпламатычнай місіі БНР у Празе, 1921 г.

13.    Там жа. — Спр. 187. (Інфармацыя) «Прэсы аб Беларусі», тэкст артыкула «Голас Беларуса» (аб літоўска-беларускіх адносінах), фінансавыя справаздачы паўнамоцнага прадстаўніка ўрада БНР у Чэхаславакіі, 1921—1922 гг.

14.    Там жа. — Спр. 200. Адносіны Дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР у Літве Дыпламатычнаму прадстаўніцтву БНР у Чэхаславакіі, 1922—1923 гг.

15.    Там жа. — Спр. 201. Перапіска Дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР у Літве з Чэхаславацкім консульствам у Літве аб выдачы віз на ўезд у Чэхаславакію службовым асобам і беларускім студэнтам, 1921—1923 гг.

16.    Там жа. — Спр. 222. Лісты ў рэдакцыю бюлетэня Рады БНР, часопіса «Новы Прамень» у сувязі з ліквідаваннем урада БНР, 1923—1927 гг.

17.    Там жа. — Ф. 459 (Асабісты фонд В. М. Русака). — Воп. 1. — Спр. 1. Сшытак В. М. Русака з вершамі, аўтабіяграфіяй, нататкамі і іншымі запісамі, [1923]—1942 гг.

18.    Там жа. — Спр. 5. В. М. Русак «Студэнцтва і ягоныя арганізацыі», «З сям’і складаюцца народы і людствы», [В. М. Русак] «Паведамляючы аб гэтым і з’яўляючыся выразнікам волі народу, Слуцкая Рада …» (няма канца). Артыкулы, 1927—[1940 я ] гг.

19.    Там жа. — Спр. 44. Пратакол нарады сяброў БПС Р у Чэхаславакіі, 1923 г.

20.    Там жа. — Спр. 53. Пратакол і спіс прысутных беларусаў на арганізацыйным сходзе па правядзенні ўрачыстага святкавання 40 х угодкаў смерці В. Дуніна-Марцінкевіча, 1924 г.

21.    Там жа. — Спр. 54. Дакументы Дапамаговага фонду ўкраінскіх і беларускіх студэнтаў у Празе (пратаколы і спіс прысутных агульнага сходу фонду, грашовая справаздача за перыяд 01.03—30.11.1931 г., пратаколы № 1—7, 9 пасяджэння ўправы фонду і інш.), 1931—1935 гг.

22.    Там жа. — Спр. 55. «Беларускі студэнт». Штомесячны часопіс. № 1—5. — Прага, 1923 г.

23.    Там жа. — Спр. 56. Дэкларацыя Таварыства студэнтаў беларусаў і маларосаў «Адзінства рускай культуры», 1925 г.

24.    Там жа. — Ф. 567 (Асабісты фонд Т. Т. Грыба). — Воп. 1. — Спр. 2. Т. Т. Грыб. «Тэзісы аб культурна-нацыянальным аб’яднанні беларускага студэнцтва ў Празе». Артыкул, 1925 г.

25.    Там жа. — Спр. 14. Прамова Т. Т. Грыба на ўрачыстым адкрыцці помніка на магіле П. А. Крачэўскага, выступленне [Т. Т. Грыба] у дыскусіі па дакладзе старшыні Усерасійскага ўстаноўчага сходу В. М. Чарнова «Сучасны стан Расіі і пазіцыя партыі эсэраў», [1930 г.].

26.    Там жа. — Спр. 23. Пісьмы Т. Т. Грыба і Я. А. Мамонькі, Т. Т. Грыба ў Віленскі акруговы камітэт БПС Р, дырэкцыі г. Прага (Чэхаславакія), У. Шалешку, М. Я. Шапавалу, 1922, 1931, 1932 гг.

27.    Там жа. — Ф. 571 (Беларуская рада ў Празе). — Воп. 1. — Спр. 1. Статут Беларускай рады ў Празе, [1923 г.].

28.    Там жа. — Спр. 2 — Дакументы аб дзейнасці Беларускай рады ў Празе (пратакол устаноўчага сходу ініцыятыўнай групы заснавальнікаў, пратаколы сходаў прэзідыума, спісы студэнтаў, прадстаўленых на залічэнне ва ўкраінскія вышэйшыя школы Чэхаславакіі і інш.), 1923—1925 гг.

29.    Там жа. — Спр. 3. Дакументы па абвінавачанні студэнтамі-беларусамі братоў Вацлава і Францішка Пяткевічаў у шпіянажы і падробцы дакументаў для атрымання пенсіі (заява ў Беларускую раду ў Празе, акт і пратаколы камісіі па разглядзе справы і інш.), 1923—1924 гг.

30.    Там жа. — Спр. 4. Дакументы аб арганізацыі і правядзенні святкаванняў з нагоды 6 х угодкаў незалежнасці БНР у Празе (запрашэнні, віншавальныя адрасы, пратаколы і інш.), 1924 г.

31.    Там жа. — Спр. 5. Абвестка аб рэгістрацыі беларусаў у Чэхаславакіі і пратакол рэвізійнай камісіі Беларускай рады ў Празе, 1924, 1929 гг.

32.    Там жа. — Ф. 880 (Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры). — Воп. 1. — Спр. 10. Матэрыялы аб працы беларускіх школ і гурткоў (пратаколы, планы, справаздачы, перапіска і інш.), 1930—1931 гг.

33.    Там жа. — Спр. 11. Перапіска з беларускімі школамі і гурткамі па арганізацыйных і гаспадарчых пытаннях, 1927—1931 гг.

34.    Там жа. — Ф. 883 (Таварыства беларускай школы). — Воп. 1. — Спр. 17. Пасведчанні аб заканчэнні школ і гімназій, 1922 г.

35.    Там жа. — Спр. 18. Заявы сяброў таварыства аб прыёме іх на навучанне, накіраванні на навучанне ў Пражскі ўніверсітэт, 1922 г.

36.    Там жа. — Спр. 21. Заявы студэнтаў аб выплаце ім стыпендыі ў пражскіх навучальных установах і дакументы аб адукацыі, 1922—1923 гг.

37.    Там жа. — Спр. 22. Заявы с