Як паказалі шматгадовыя даследаванні Інстытута вірусалогіі Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, вадаплаўныя птушкі, якія гняздуюцца ў Сібіры і Арктыцы, проста набітыя вірусамі птушынага грыпу.

Для ўсяго чалавецтва інфекцыйныя хваробы – гэта пагроза нумар адзін. Актывізаваліся туберкулёз, шаленства, малярыя, пнеўманія, а новыя з’яўляюцца практычна кожны год.

Хваробы 21 стагоддзя вывучаюцца ў спецыяльных лабараторыях. Згодна з вынікамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, за апошняе стагоддзе было ўстаноўлена 40 новых небяспечных захворванняў і выяўлена больш за тысячу ўспышак эпідэмій.

Вострыя рэспіраторныя інфекцыі

Яны сталі сусветнай праблемай. Кожны год у свеце рэгіструецца 1,5 мільярда выпадкаў захворвання. Іх выклікаюць больш за дзве сотні ўзбуджальнікаў.

Сярод вялікай групы гэтых інфекцый лідзіруюць вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ). Яны складаюць каля 90% выпадкаў усіх вострых рэспіраторных захворванняў.

Галоўнымі ўзбуджальнікамі з’яўляюцца розныя вірусы, але шляхі заражэння, развіццё, цячэнне і клінічныя праяўленні хваробы падобныя.

Грып

Вельмі сур’ёзная праблема на сённяшні дзень. Інфекцыя забірае жыцці людзей не толькі ў слабаразвітых краінах. Напрыклад, у ЗША за прайшоўшыя 25 эпідэміялагічных сезонаў смяротнасць ад грыпу і выкліканых ім пнеўманій склала ў сярэднім 20-21 тысячу чалавек штогод.

У свеце, па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод падчас эпідэмій грыпу і падобных да яго захворванняў хварэюць ад трох да пяці мільёнаў чалавек, а паміраюць ад 250 да 500 тысяч.

Акрамя гэтага грып наносіць вялізныя эканамічныя страты. Разлікі экспертаў ЗША паказалі, што за апошнія гады эпідэміі грыпу абыходзяцца штогод у 71-167 мільярдаў долараў.

Важным фактарам распаўсюджвання інфекцыі ў нашы дні з’яўляюцца развіццё сучасных сродкаў транспарту, міжнародныя кантакты, міграцыя. Паколькі гэтым працэсам няма альтэрнатывы, то верагодна, што хуткасць распаўсюджвання грыпу і далей будзе расці.

Вядома ж, людзі ацэньваюць усю ступень небяспекі і аб’ядноўваюць свае сілы ў барацьбе з такой інфекцыяй. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) стварыла спецыяльны камітэт па глабальным адсочванні за вірусамі грыпу, які абапіраецца ў сваёй рабоце на больш чым сто нацыянальных цэнтраў па грыпе ў 83 дзяржавах.

Інфармацыю аб цыркуляцыі вірусаў грыпу яны рэгулярна пасылаюць у міжнародныя цэнтры ў Лондане і ў Атланце (ЗША), а адтуль гэтак жа рэгулярна атрымліваюць звесткі аб распаўсюджванні тых ці іншых штамаў (чыстая культура вірусаў) інфекцыі ў розных рэгіёнах свету.

У лабараторыі навукова-даследчага інстытута эпідэміялогіі спецыялісты вядуць пастаянную работу па выяўленні і вывучэнні вірусаў, якія цыркулююць у нашай краіне. Калі знаходзяць нетыповыя, узбуджальнікаў якіх яшчэ не было да гэтага, то іх штамы з вялікай асцярожнасцю ў асобых кантэйнерах адпраўляюцца ў Лондан.

Эксперты СААЗ вывучаюць іх, даюць рэкамендацыі па саставе грыпозных вакцын на пэўны сезон.

Узбуджальнікам самых масавых і небяспечных успышак грыпу з’яўляецца вірус грыпу тыпу А з яго трыма падтыпамі. Віноўнікам “іспанкі” быў падтып А, які ў наш час абазначаецца як А(H1N1).

Вірус тыпу В выклікае менш буйныя эпідэміі, размах якіх ніколі не даходзіў да пандэмій – павальных эпідэмій, што ахопліваюць вялікія рэгіёны, цэлыя краіны.

Знойдзены і вірус грыпу тыпу С, які з’яўляецца узбуджальнікам спарадычных (не звязаных з эпідэміяй) захворванняў.

Пры пранікненні вірусу грыпу ў кроў і ўнутраныя органы адразу пагаршаецца самаадчуванне, нарастае запаленне слізістай дыхальных шляхоў і дыханне становіцца частым, з’яўляюцца насмарк, чханне, кашаль. Узнікае галаўны боль, патлівасць, праймаюць дрыжыкі, з’яўляецца ламота ў касцях і мышцах, узмацняецца агульная слабасць – сведчанне моцнага таксікозу.
Амерыканскія фізіёлагі падлічылі, што грып сярэдняй цяжкасці выклікае такую інтаксікацыю, якая можа каштаваць чалавеку аднаго года жыцця. Чым ніжэй імунітэт чалавека, тым актыўней яго атакуе вірус. Да таго ж грып адчыняе вароты для іншай хваробатворнай мікрафлоры, таму так часта сустракаюцца грыпозная і іншая інфекцыі.

Работа па папярэджанні грыпу ва ўсім свеце вядзецца вялізная. Вакцынацыя не вырашае гэтай праблемы, бо вірус надзелены ўнікальнай здольнасцю відазмяняцца пад уздзеяннем знешніх фактараў. Гэта дазваляе нас трымаць у пастаянным напружанні. Імунітэт пасля грыпу застаецца ў арганізме спецыфічны і на нядоўгі час.

У апошнія гады ўсё больш выяўляюць такі від, як А(Н1N2) – гібрыд двух вядомых штамаў. З’явіліся нечаканыя спалучэнні і штамаў грыпу тыпу В.

Высокапатагенны грып

Гэта вірусы грыпу тыпу А (H1N1) і тыпу А (H5N1) – раней “птушыны”. Для нас грып – гэта хвароба дыхальных шляхоў, свайго роду заразная прастуда. Грып у птушак – гэта кішэчная інфекцыя, яны заражаюцца ёю з ежай. Асабліва захворваюць качкі, чайкі, іншыя птушкі, якія кормяцца ў вадзе і там жа спаражняюцца: у прэснай халоднай вадзе вірус месяцамі захоўвае жыццяздольнасць.

Як паказалі шматгадовыя даследаванні Інстытута вірусалогіі Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, вадаплаўныя птушкі, якія гняздуюцца ў Сібіры і Арктыцы, проста набітыя вірусамі птушынага грыпу.

У апошнія гады асабліва пераважалі ў іх штамы H5, у тым ліку і вядомы цяпер H5N1. Але птушкі хварэлі рэдка.

Сярод пакаленняў (а яны ў вірусаў змяняюцца нашмат хутчэй, чым у людзей і жывёл) патагеннасць узбуджальніка, які жыве ў птушак, увесь час зніжаецца – аж да поўнага знікнення ўсялякіх праяў хваробы. Але калі гэты “перавыхаваны Бармалей” сутыкнецца з новым для яго відам гаспадара (ці нават з незнаёмай папуляцыяй усё таго ж віду), ён зноў пачынае забіваць.
Людзі могуць заразіцца птушыным грыпам толькі ад хворых птушак, калі яны з’ядуць недастаткова праваранае ці прасмажанае мяса ці выпадкова праглынуць мікраскапічную пушынку ці луску са скуры.

Потым хвароба аказваецца ў тупіку, бо перадавацца паветрана-кропельным шляхам вірус птушынага грыпу не можа.
Пандэміі грыпу, выкліканыя вірусамі-мутантамі, супраць якіх у людзей няма імунітэту, узнікаюць 2-3 разы у 100 гадоў. Пандэмія грыпу была ў 1918–1919. Мяркуюць, што вірус “іспанкі” ўзнік у выніку перамешвання генаў вірусаў грыпу птушак і чалавека. У 1957–1958 гадах пандэмія “азіяцкага грыпу”, выкліканая штамам H2N2. У 1968–1969 пандэмія “ганконгскага грыпу” – (H3N2).

Грып тыпу А (H1N1)

У 2009 годзе ўспышка грыпу, які стаў вядомы як “свіны грып”, была выкліканая новым вірусным падтыпам H1N1, які генетычна найбольш падобны да грыпу свінні.

Вірус можа перадавацца як ад свіней людзям, так і ад людзей свінням. Чалавек можа заразіцца пры блізкім знаходжанні з хворымі жывёламі, напрыклад, у загонах для свіней, на кірмашах. Вірус таксама перадаецца ад чалавека да чалавека паветрана-кропельным шляхам.

Па дадзеных Сусветнай аховы здароўя ў пачатку шляху гэтага грыпу па свеце (2009 год) зарэгістраваныя 70 893 лабараторна пацверджаныя выпадкі хваробы, 311 – са смяротным зыходам. Чым больш вірус “гуляе” сярод успрымальных да яго арганізмаў, тым менш яго наступствы і цяжкасць праяўлення захворвання. Гады пасля 2009 пацвердзілі гэта правіла.