У наборы дэмаграфічных паказчыкаў нараджальнасць і смяротнасць разглядаюцца ў якасці асноўных, бо яны ў найбольшай ступені адлюстроўваюць кірунак развіцця грамадства, дэманструюць яго галоўны дэмаграфічны трэнд. Менавіта таму карэктнае вызначэнне межаў выкарыстання і фарміраванне ўяўлення пра магчымасці ў інтэрпрэтаванні паказчыкаў смяротнасцi – тэма для шырокага абмеркавання.

У наборы дэмаграфічных паказчыкаў нараджальнасць і смяротнасць разглядаюцца ў якасці асноўных, бо яны ў найбольшай ступені адлюстроўваюць кірунак развіцця грамадства, дэманструюць яго галоўны дэмаграфічны трэнд. Выкарыстанне гэтых паказчыкаў сёння выходзіць далёка па-за межы навуковай сферы: да iх звяртаюцца і даследчыкі, і дзяржаўныя дзеячы, і сродкі масавай інфармацыі. Менавіта таму карэктнае вызначэнне межаў выкарыстання і фарміраванне ўяўлення пра магчымасці ў інтэрпрэтаванні паказчыкаў смяротнасцi – тэма для шырокага абмеркавання.

 

Пытанне, якое навукоўцы, а следам за імі і іншыя карыстальнікі статыстычнага матэрыялу найчасцей задаюць – гэта пытанне пра надзейнасць дадзеных. Верагоднасць статыстычных дадзеных заўсёды павінна заставацца пад знакам пытання, тым больш калі мы звяртаемся не да агульных паказчыкаў смяротнасці, а праводзім іх дыферэнцыроўку (па ўзроставых групах, па асобных прычынах і г.д). Толькі адрэгуляваная праца механізму нацыянальнай і рэгіянальнай статыстычнай справаздачы дазваляе спадзявацца на з’яўленне верагодных лічбаў. Тут нельга разлічваць на роўныя магчымасці механізму статыстычнага ўліку альбо не можна раўназначна адносіцца да ўсяго набору дадзеных дэмаграфічнай і медычнай статыстыкі. Перш за ўсё гэта абумоўлена адрозненнямі ў затратах на рэгістрацыю некаторых паказчыкаў смяротнасці ад асобных прычынаў, або юрыдычнымі і маральнымі абмежаваннямі ў доступу да персанальнай інфармацыі. Па гэтых ці іншых прычынах сярод ўсяго набору дадзеных мы можам выдзеліць тыя, якія з’яўляюцца больш верагоднымі, і тыя, якія практычна не адпавядаюць рэчаістасці, альбо цалкам пазбаўлены сацыяльнага сэнсу. Паколькі абсалютна верагодных (на 100 %) статыстычных паказчыкаў не існуе, то паміж групамі разнародных паказчыкаў трэба карэктна праводзіць дыферэнцыяцыю і вызначаць тыя дадзеныя, якія маюць сацыяльны сэнс.

 

Спосабы зневажання гэтага сэнсу нам добра вядомыя з нядаўняй гісторыі нашай краіны. Гэта і легендарнае “ў параўнанні з 1913 годам…..”, і прымітыўныя фальсіфікацыі, прыпіскі, спробы ізаляцыі ад сусветных стандартаў. Некаторыя дадзеныя нельга адарваць ад нацыянальнага кантэксту, іншыя ж практычна недасягальныя па эканамічных ці сацыяльных прычынах.

 

У дзевяностых гадах адбыліся кардынальныя змены ў дзейнасці сістэмы статыстычнай справаздачнасці. Большасць сацыяльна-дэмаграфічных лічбаў сталі адкрытымі, рэгулярна друкуюцца нацыянальныя статыстычныя зборнікі, таксама можна казаць пра тэндэнцыю да стандартызацыі нацыянальнай сістэмы збору медычных дадзеных у адпаведнасці з сусветнымі крытэрамі і ўводам некаторых агульнасусветных крытэраў уліку і статыстычнай справаздачы. Так, увядзенне на тэрыторыі Беларусі і іншых дзяржаў былога СССР міжнароднай статыстычнай класіфікацыі хваробаў (IDC-10) стварае магчымасці да рэалізацыі міжнародных параўнальных даследаванняў. Аднак часта спроба міжнароднай уніфікацыі застаецца фармальнай; па розных прычынах захоўваецца спецыфіка справаздачнасці, тыповая для савецкіх часоў.

 

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на некаторыя станоўчыя тэндэнцыі, праца са статыстычным матэрыялам заўсёды патрабуе ўважлівага аддзялення “зернят ад мякіны”.

 

Маніпуляцыі з лічбамі – з’ява тыповая для аўтарытарнага грамадства. Некаторыя з дадзеных – вынік грубых маніпуляцый, накшталт: “Якія лічбы вы хочаце атрымаць – такія і будуць”. І гэта тычыцца не толькі палітычных ці эканамічных паказчыкаў, такая практыка існуе і ў сферы медыцыны.

 

Часам нават сам факт друку ў нацыянальных і міжнародных даведніках такіх лічбаў дэманструе іх неадпаведнасць рэчаістасці. Напрыклад у дакументах Сусветнай Арганізацыі Аховы Здароўя (WHO) за 1989 адзначана, што смяротнасць ад інфаркту міякарду ў Беларусі ў мужчын 26.4; у жанчын – 14.2, ва Ўкраіне адпаведна 29.1 і 16.4; у той самы час калі Нарвегія, Нідэрланды і Польшча мелі паказчыкі (213.7/141.0; 140.9/96.0 і 116.5/49.5).

 

У наступным дзесяцігоддзі для Беларусі афіцыйныя паказчыкі агульнай смяротнасці ад інфаркту значна не мяняліся і заставаліся ў межах 19.9 – 22.2, у той час як у краінах Усходняй Еўропы (Балгарыя, Польшча, Чэхія) яны адпаведна былі 86.8; 78.8 і 115.2 (дадзеныя за 1999), а ў Аўстрыі і Швецыі – 101,4 і 137,2.

 

Такое разыходжанне ў лічбах перадусім сведчыць пра тое, што верагоднай статыстыкі гэтай хваробы ў нашай краіне не існуе: рэгулярна з’яўляюцца нейкія лічбы, якія не адпавядаюць рэчаістасці (хіба толькі сведчаць пра недасканаласць сістэмы ўліку, ці пра сістэматычнае ўжыванне іншых крытэраў для пастаноўкі гэтага дыягназу). Далей, пры абмеркаванні крытэраў верагоднасці дадзеных, мы вызначым, што падобныя неверагодныя лічбы з’яўляюцца не толькі ў медыцыне, і гэта вынік працы зацікаўленных асобаў, у першую чаргу кіраўнікоў службаў, якія атрымліваюць адзнаку сваёй працы на падставе статыстычных дадзеных. “Разбаўленыя” паказчыкі атрымліваюцца шляхам адмысловага суаднясення лічбы зарэгістраваных смяротных выпадкаў да агульнай лічбы асобаў з вызначанай паталогіяй (зразумела, што калі моцна націскаць на персанал, то скажэнне статыстычных паказчыкаў будзе адбывацца ў розных кірунках).

 

І тут мы сутыкаемся з дылемай: калі мы ведаем пра неверагоднасць адных статыстычных лічбаў, то чаму мы павінны мець давер да іншых? Для гэтага трэба зрабіць крок наперад і паспрабаваць зразумець, што стаіць за канкрэтнымі лічбамі і як дзейнічае механізм іх рэгістрацыі. Як любіў паўтараць мне ў войску сяржант: “На павеці розныя словы напісаны (і ён доўга пералічваў варыянты), а зазірнеш – там дровы ляжаць”. А “дровы” афіцыйная статыстыка насамрэч збірае і адмаўляцца ад гэтага спажытку было б неразумна. Як бы дзеля доказу праўдзівасці слоў сяржанта Мінстат у 2002 годзе выдаў даведнік “Население Беларуси” з фатаграфіяй Неўскага праспекту на вокладцы.

 

На дробязі мы здольныя звяртаць увагу, але яны не павінны перашкаджаць асноўнай ацэнцы якасці і аб’ёму статыстычнай справаздачнасці ў Беларусі, а гэта праца, прынамсі ў галіне дэмаграфічнай статыстыкі, адпавядае вельмі высокім сусветным стандартам, а па некаторых разделах яна проста ўнікальная. Як бы парадаксальна не гучала, асабліва пасля прыведзенага прыкладу са статыстыкай інфарктаў, але па некаторых відах статыстычнай справаздачнасці нашая сістэма не мае аналагаў у свеце. І парадокс гэты мае даволі простае тлумачэнне. Нацыянальная сiстэма статыстычнай справаздачнасці фарміравалася як частка статыстычнага апарату СССР. Існаванне таталітарнага рэжыму на вялікай геаграфічнай прасторы вызначыла недасягальныя для дэмакратычных краінаў магчымасці статыстычнага ўлiку. Іншымі словамі, высокі ўзровень развіцця статыстычнай справаздачнасці ў былым СССР, з’яўляўся вытворнай савецкай сістэмы. Сярод спрыяльных чыннікаў тут варта вызначыць наступныя:

 

1) Выключныя магчымасці кантролю за натуральным рухам насельніцтва: пашпартны кантроль, інстытут прапіскі, існаванне толькі дзяржаўных медычных установаў;

 

2) Магчымасці уніфікацыі збору статыстычных дадзеных і пільны дзяржаўны кантроль за яго рэалізацыяй;

 

3) Адносна высокі ўзровень адукацыі насельніцтва;

 

4) Адносна малыя выдаткі на дзейнасць статыстычных органаў: малыя заробкі супрацоўнікаў, мінімальныя затраты на ўладкаванне ўмоваў іх працы;

 

5) Адсутнасць значных адміністратыўных зменаў: межы абласцей Беларусі застаюцца практычна нязменнымі з канца 50-х гадоў (для параўнання, адміністратыўныя межы ваяводстваў Польшчы за гэты ж перыяд зменяліся ўжо некалькі разоў);

 

6) Практыка сакрэтнасці мела шматбаковы ўплыў на эфектыўнасць статыстычнай справаздачы, у тым ліку і пазітыўны: не было публічна дэклараванай барацьбы за самыя дэмаграфічныя паказчыкі, што пазбаўляла супрацоўнікаў статслужбаў дадатковага прэсінгу;

 

7) Неабходна паасобна разглядаць дадзеныя, атрыманыя ў сістэме Мінстату і Міністэрства аховы здароўя (або іншых міністэрстваў), бо верагоднасть апошніх была меншай у сувязі з iх спецыфiкай i шэрагам абектыўных прычынаў (часткова разглядаюцца ніжэй).

 

Пры гэтым варта памятаць пра адносны ці парадаксальны характар дасягненняў статыстычнай саправаздачы ў савецкiя часы, бо ў некаторых галінах верагодных дадзеных не існавала наогул (што таксама абумоўлена якасцямі сiстэмы, той жа прыклад са смяротнасццю ад інфаркту). Іншымі словамі, таталiтарны рэжым вызначыў як станоўчыя, так і адмоўныя моманты ў характары статыстычнай справаздачы, пры гэтым адметнасць гэтых элементаў – тэма асобных даследаванняў.

 

Прымаючы да ўвагі вышэй пералічаныя сацыягістарычныя чыннікі – зразумела, чаму неабходна ўважліва ставіцца да даробку нацыянальных органаў статыстыкі, але, перш за ўсё, гэта сапраўдная скарбонка матэрыялу для даследавання грамадства, якая створана ў выніку цяжкай і сумленнай працы некалькіх пакаленняў спецыялістаў. Каб зразумець, што за матэрыял знаходіцца ў гэтай скарбонцы, неабходна арыентавацца ў ягоным змесце. І тут зноў паўстае пытанне аб верагоднасці сабраных звестак.

 

Прывядзем некаторыя з прынцыпаў верыфікацыі афіцыйных дадзеных рэгіянальнай статыстыкі, якія дазваляюць выказваць думку аб адноснай іх верагоднасці.

 

1. Статыстычныя паказчыкі не павінны выкарыстоўвацца для непасрэднай ацэнкі якасці працы службаў ці сацыяльных інстытутаў. Больш дакладна – калі службовыя асобы адказваюць за якасць некаторых паказчыкаў, адбываецца іх скажэнне. Большасць з вядомых сацыяльных і дэмаграфічных паказчыкаў вызначаюцца комплексам прычынаў, большасць з якіх не залежаць ад стылю ці метадаў кіравання. Таму практыка “барацьбы за паказчыкі” мае негатыўныя сацыяльныя наступствы, вядзе да скажэнняў ці фактычнай ліквідацыі статыстычнай справаздачнасці. Так, функцыянеры сістэмы аховы здароўя па паказчыках смяротнасці ад інфаркту мiякарду вызначаюць узровень якасці працы медычных устаноў, таму рэальныя лічбы робяцца недасягальнымі. Амаль тое ж самае адбываецца і з выпадкамі траўматызму на працы. Разам з тым цяжка вызначыць службу ці асобаў, якія адказвалі б за колькасць самагубцаў у рэгіёне, таму гэты паказчык захоўвае адносную чысцiню.

 

2. Збор пэўных дадзеных часцей не патрабуе значных фінансавых сродкаў, а верагоднасць дарагіх статыстычных матэрыялаў для небагатых краін не можа быць высокай. Верыфікацыя многіх захворванняў патрабуе дадатковых сродкаў, напрыклад, для правядзення марфалагічнага ці цытагенетычнага даследавання. У той жа самы час у ЗАГСах толькі рэгіструецца колькасць народжаных, колькасць разводаў або колькасць памерлых.

 

3. Агульная даступнасць, метадалагічная дакладнасць і простасць класіфікацыі і крытэраў рэгістрацыі. Менавіта размытасць класіфікацыйных рамак, як і разнароднасць клінічнай маніфестацыі, прыводзіць да павышэння ролі суб’ектыўнага чынніка ў пастаноўцы дыягназу “інфаркт міякарду”.

 

4. Паказчыкі захоўваюць пэўную ўстойлівасць у часе, калі, напрыклад, адсутнічаюць значныя ваганні на працягу дзесяцігоддзяў. Гэтая серыйнасць асабліва датычыць верагоднасці рэгіянальнай статыстыкі. Напрыклад, калі агульны паказчык смяротнасці ад анкалагічных хваробаў у Віцебскай вобласці нязменна вышэйшы, чым у Брэсцкай, ад пачатку рэгістрацыі, ці з канца 1950-х гг., то такая ўстойлівасць можа ўскосна пацвярджаць верагоднасць зарэгістраванай розніцы.

 

5. Серыйнасць размеркавання, як правіла, пацвярджаюць вынікі іншых незалежных навуковых даследаванняў, альбо верагоднасць дадзеных павялічваецца, калі падобныя вынікі атрымліваюцца рознымі спосабамі і з розных крыніцаў, у тым ліку і ў выніку экспертных ацэнак верагоднасці дадзеных. Так, надзейнасць грубых рэгіянальных паказчыкаў узрастае, калі яна пацвярджаецца стандартызаванымі паказчыкамі, якія ўлічваюць склад насельніцтва паводле полу і ўзросту, што мы таксама назіраем на прыкладзе смяротнасці ад анкалагічных хваробаў, дзе стандартызаваныя паказчыкі ў Віцебскай вобласці ўвесь час вышэйшыя, чым у Брэсцкай.

 

6. Правядзенне верыфікацыі адпаведнасці міжнародным стандартам працы асобаў, якія рэгіструюць прычыны смерці, таксама з’яўляецца адным з магчымых метадаў ацэнкі верагоднасці сабраных дадзеных. Такі метад быў выкарыстаны для верыфікацыі статыстыкі самагубстваў у краінах былога СССР [1]. Гэта даследаванне пацвердзіла, што дадзеныя статыстыкі па самагубствах можна лічыць верагоднымі для Расіі, Беларусі, Украіны і Балтыйскіх краінаў, у той час калі для некаторых краінаў Сярэдняй Азіі і Каўказа іх верагоднасць застаецца спрэчнай.

 

7. Верагоднасць дадзеных павялічваецца, калі зборам і рэгістрацыяй адных і тых жа паказчыкаў адначасова займаюцца розныя ўстановы. Напрыклад, статыстыка самагубстваў асобна вядзецца Мінстатам і Міністэрствам унутраных спраў (такая падвойная справаздача па самагубствах тыповая для большасці краін). Аналагічна зборам і праверкай дадзеных аб анкалагічных захворваннях у Беларусі займаюцца некалькі канцэр-рэгістраў. З’яўленне неадпаведнасці ў лічбах адразу выклікае пытанні і можа садзейнічаць выпраўленню метадалагічных недахопаў.

 

8. Зацікаўленасць і кантроль за правядзеннем збору дадзеных органаў правапарадку (як у статыстыцы гвалтоўнай смерці) часам павышае іх верагоднасць (аднак аб агульнай тэндэнцыі тут казаць нельга).

 

9. Дадзеныя суадносяцца з адпаведнымі паказчыкамі іншых краін і рэгіёнаў. Смяротнасць ад інфаркту міякарду выступае як прыклад такога несуаднесення, тады як паказчыкі самагубстваў па рэгіёнах Беларусі маюць выразнае падабенства з рэгіёнамі суседніх краінаў [2].

 

10. Высновы аб верагоднасці тых альбо іншых паказчыкаў часцей за ўсё зафіксаваны ў калектыўных рашэннях навукоўцаў, якія з’яўляюцца падсумаваннем аналізу размеркавання і дынаміцы дадзенага паказчыка ў розных краінах і рэгіёнах. Такога роду “канвенцыя” была прынята адносна магчымасці выкарыстання афіцыйных дадзеных па самагубствах для правядзення міжнародных і міжрэгіянальных параўнанняў [3].

 

11. Ускосным пацвярджэннем верагоднасці паказчыкаў могуць выступаць статыстычныя дадзеныя, якія знаходзяцца ў непасрэднай сувязі паміж сабой, такія, як агульны паказчык смяротнасці ў папуляцыі і паказчыкі смяротнасці ад асноўных прычынаў.

 

12. Для параўнаўчага аналізу могуць выкарыстоўвацца паказчыкі працэсаў, якія ў межах даследуемых папуляцый (і тэрытарыяльных адзінак) праяўляюцца з адпаведнай частатой. Напрыклад, некаторыя парокі развіцця сустракаюцца вельмі рэдка ў папуляцыі раёну ці вобласці, таму вартасцёвае іх параўнанне можна праводзіць толькі на прыкладзе буйных тэратарыяльных адзінак (краінаў, рэгіёнаў). У той жа час народжанні ці разводы адбываюцца даволі часта, і іх параўнанне можа быць праведзена паміж малымі тэрытарыяльнымі адзінкамі. З мэтаю пераадолення бар’еру малай колькасці статыстычных выпадкаў часам праводзіцца іх падсумаванне за вызначаны перыяд. Гэта працэдура дапушчальная, але яна мае дадатковыя абмежаванні, якія залежать ад працягласці выбранага перыяду і патэнцыйнага ўплыву шэрагу некатраляваных умоваў.

 

13. Верагоднасць паказчыкаў ніколі не павінна разглядацца як сталая з’ява, яна дэманструе цесную сувязь з развіццём эканамічных, палітычных і іншых інстытутаў. Так, паказчык спаронаў у БССР меў высокую верагоднасць у 60-я ці 70-я гады, але пры канцы 80-х, калі знайшла распаўсюджанне працэдура вакуум-экстракцыі, якая ўжо праводзілася як у дзяржаўных, так і ў прыватных установах, гэты паказчык стаў неверагодны (акрамя таго, ускосны ўплыў мелі і змяненні дзетароднай практыкі і распаўсюджанне сродкаў кантрацэпцыі).

 

14. Вельмі істотным момантам параўнаўчага аналізу паказчыкаў смяротнасці з’яўляецца іх мультыфактарнасць ці залежнасць у іх фарміраванні ад шэрагу (найчасцей дакладна неакрэсленай колькасці) этыялагічных чыннiкаў: біялагічных, эканамічных, культурных, рэлігійных, геафізічных і іншых. (У практыцы даследаванняў вызначаюцца толькі асобныя этыялагічныя чыннікі ці групы чыннікаў, уплыў астатніх прымаецца роўным для ўсіх даследваных групаў). Сама па сабе этыялагічная складанасць дэмаграфічных паказчыкаў не павінна ўплываць на іх верагоднасць, але яе неабходна ўлічваць пры стасаванні вышэй названых крытэраў верагоднасці.

<!** Title> <!** EndTitle>

У чым спецыфіка параўнання рэгіянальных дэмаграфічных паказчыкаў ў Беларусі?

 

Па сутнасцi, гэта пытанне аб гістарычнай спецыфіцы сацыяльнай прасторы Беларусі. Пералічым галоўныя з гэтых асаблівасцяў:

 

Па-першае, гэта скрыжаванне двух гістарычных градыентаў на яе тэрыторыі; этнагістарычнага (антрапалагічнага) ў накірунку “поўдзень–поўнач”, які вызначаны ўплывам балцкага антрапалагічнага субстрату, і сацыякультунага ў накірунку ўсход–захад, як праява сутыкнення лакальных цывілізацыяў. Пры гэтым найбольш значным па свайму ўплыву на дыферэнцыяцыю паказчыкаў смяротнасцi з’яўляецца антрапалагiчны градыент “поўдзень–поўнач”. Такая з’ява нетыповая для большасці краінаў, дзе градыент гістарычных зменаў звычайна мае нейкі агульны накірунак (праблема падрабязна разглядалася ў папярэднiх працах) [4].

 

Другой спецыфічнай рысай з’яўляецца адносная гамагеннасць сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і іх прыналежнасць да адзінага сацыякультурнага арэалу, што трэба разглядаць як вынік палітыкі ўніфікацыі грамадства ў часы існавання СССР. Найбольш дакладным і ў большай ступені адпрацаваным метадам ацэнкі ўзроўню дабрабыту насельніцтва асобных рэгіёнаў Беларусі прынята лічыць штогод праводжанае ЦСУ даследаванне хатніх гаспадарак. Дадзеныя па Мінску павінна разглядацца асобна ў сувязі с выключным сацыяльна-эканамічным статусам сталіцы, асаблівасцямі яе дэмаграфічнай структуры.

 

Істотным з’яўляецца і тое, што сацыяльныя і палітычныя чыннiкі вызначылі і ўніфікацыю сістэмы збору статыстычнага матэрыялу.

 

Трэцяя з асаблівасцяў абумоўлена адноснай устойлівасцю структуры насельніцтва краіны. На працягу апошнiх стагоддзяў Беларусь не ахоплівалі хвалі масавай міграцыі з тэрыторыі іншых краінаў (падобных засяленню паўднёвых рэгiёнаў Украiны ў XVII–XIX ст., або заходняй часткi Польшчы ці Калiнiнградскай вобласцi пасля апошняй вайны). Міграцыя тут насіла пераважна дысперсны характар; у краіне няма рэгіёнаў з кампактным рассяленнем немясцовага насельніцтва альбо рэгіёнаў, дзе такое насельніцтва мае значную долю ў агульнай структуры папуляцыі. У пасляваенны перыяд гарадское насельніцтва пераважна складалася з былых жыхароў прылеглых вёсак, а ўнутрыабласная міграцыя была найбольш распаўсюджанай формай руху насельніцтва. (Варта падкрэлiць, што такi падыход, мае свае абмежаваннi i ён прыдатны толькi для макрарэгiянальных даследаванняў: напрыклад, для параўнання на абласным узроўнi, тады як на ўзроўнi асобных раёнаў яго недахопы робяцца больш выразнымi). Беларусь доўгi час была краем, адкуль людзi часцей выязджалi, чым прыязджалi, а што да тых, хто вяртаўся, то найчасцей яны вярталiся ў тую ж самую мясцовасць, адкуль у свой час выехалi, або туды, дзе былі iх каранi, або вярталiся ў вялiкiя гарады (гэта тэза адпавядае рэчаiснасцi, але навуковым спосабам пацверджана толькi часткова).

 

Падобная ўстойлівасць структуры насельніцтва азначае, што ў рэгіёнах жывуць паслядоўныя генерацыі носьбітаў культурнай традыцыі і разам з тым захоўваецца і адметная морфафізіялагічная структура папуляцый. Згодна з высновамі аналізу генетычнага матэрыялу, сельскае насельніцтва Беларусі ў цэлым дэманструе ўстойлівасць сваёй генетычнай структуры на працягу дзесяткаў генерацый [5].

 

Відавочна, што найбольшы рух насельніцтва адбываўся ў гады вайны і пасляваенны перыяд. Аднак дадзеныя перапісаў 1979 і 1989 гадоў пацвярждаюць вышэй вызначаную тэндэнцыю да ўстойлівай аселасці насельніцтва беларускіх рэгіёнаў: сярод той часткі насельніцтва, якая нарадзілася да вайны, больш за палову па-ранейшаму (у гады перапісу) жыла ў межах свайго ж раёну (заўважым, што працэнт устойлівага жыхарства ў адміністратыўных межах вобласці быў значна вышэйшы).

 

Асаблівасці адміністратыўнага падзелу краіны дазваляюць рэалізаваць параўнанне як на ўзроўні абласцей, так і на ўзроўні групаў раёнаў.

 

І апошняе: у аналізе сучасных дэмаграфічных дадзеных нельга ігнараваць доўгатэрміновы і шматвектарны эфект Чарнобылю. У выніку чарнобыльскай катастрофы ўжо адбыліся і працягваюць адбывацца значныя змены ў стане здароўя насельніцтва. Увага найболей сканцэнтравана на пацярпелых рэгіёнах і, як вынік, на змяненнi іх эпідэміялагічных характарыстык. Калі мы даследуем уплывы даўніх гістарычных традыцый, альбо “гiстарычных траўмаў”, у сучаснай кампазіцыі сацыяльных паказчыкаў, то чарнобыльская зона робіцца асаблівым арэалам, дзе да праяваў сацыяльнага стрэсу далучаецца доўгатэрміновае адмоўнае дзеянне экалагічнага асяроддзя. Тут ужо генеруюцца адметныя папуляцыйныя характарыстыкі як у медыка-біялагічным, так і ў сацыядэмаграфічным напрамку. Так, сёння мы можам казаць пра верагодны рост выпадкаў раку шчытападобнай залозы цi пра рост колькасці захворванняў на цукровы дыябет сярод дзяцей.

 

Далей варта вызначыць найбольш прынцыповыя абмежаванні, якія неабходна ўлічваць пры правядзенні аналізу размеркавання дэмаграфічных і сацыяльных паказчыкаў.

 

Як ўжо падкрэслівалася, фарміраванне практычна ўсіх рэгіянальных дэмаграфічных паказчыкаў вызначана іх складанай поліфактарнай прыродай і яны з’яўляюцца інтэгральнымі адзінкамі. Часам мы можам казаць пра адносную дамінацыю ўплыву тых альбо іншых чыннікаў у фарміраванні паказчыкаў рэгіёнаў, але выразная перавага аднаго з іх часцей назіраецца пад час крызісаў і стыхійных бедстваў (цунамі, узброены канфлікт альбо эканамічны крызіс). У грамадстве, якое функцыянуе нармальна, гетэрагенічнасць, альбо шматлікасць уплываў, з’яўляецца непазбежнай. Больш за тое, існаванне гэтай функцыянальнай гетэрагенічнасці з’яўляецца своеасаблівым крытэрам аптымальнага развіцця грамадства. Поліфактарны характар фарміравання паказчыкаў не дазваляе рабіць высноваў аб генезісе, у тым ліку растлумачыць існаванне ўстойлівых рэгіянальных варыяцыяў.

 

Другім абмежаваннем рэгіянальнага аналізу выступае так званая памылка папуляцыйных даследаванняў (ecological fallacy) [6]. Існаванне гэтай памылкі абумоўлена як прыгаданай вышэй поліфактарнасцю сацыяльных з’яваў, так і прынцыповым адрозненнем функцыянавання сістэмаў на ўзроўні асобы і на ўзроўні цэлай папуляцыі. Іншымі словамі, пры правядзенні параўнальнага аналізу паміж папуляцыямі рэгіёнаў некаторыя паказчыкі могуць губляцца, а іншыя могуць набіраць нерэальную моц.

 

Для прыкладу возьмем характарыстыкі рэлігійнасці рэгіёнаў Беларусі і іх сувязь з наборам сацыядэмаграфічных паказчыкаў. У нашым грамадстве замацавалася думка аб тым, што адрозненні паміж заходняй і ўсходняй часткай Беларусі з’яўляюцца вынікам рознага ўзроўню рэлігійнасці гэтых рэгіёнаў. Лічбы тут больш чым унушальныя. Так, у 1939 годзе ва ўсходняй савецкай частцы засталіся толькі дзве праваслаўныя абшчыны і ні воднай каталіцкай, у той самы час у заходняй частцы, якая знаходзілася ў складзе Польшчы, існавала 542 адных толькі праваслаўных абшчынаў [7]. Гэтая дыспрапорцыя захавалася і ў далейшым, у 1996 годзе ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях разам было зарэгістравана 950 рэлігійных абшчын, а ва ўсходніх Магілёўскай і Гомельскай іх колькасць складала 373. Паказчык колькасці абшчынаў на 100.000 насельніцтва, як і колькасць веруючых, значна вышэй на захадзе краіны.

 

Розніцай у рэлігійнасці рэгіёнаў можа тлумачыць існаванне адрозненняў у рэгіянальных паказчыкаў захворвальнасці і смяротнасці (у Беларусі падобнае спалучэнне абодвух групаў паказчыкаў найбольш выразна праглядаецца паміж Брэсцкай і Віцебскай абласцямі) [8]. Аднак вызначаная залежнасць не можа разглядацца як праява непасрэднага ўплыву рэлігійнасці на фарміраванне набору сацыяльных характарыстык рэгіёнаў, ці, больш дакладна, мы не маем ніякіх падставаў сцвярджаць, што назіраемая палярнасць ёсць выключны вынік уплыву рэлігійнасці. Любая карэляцыя не можа сведчыць пра этыялагічную залежнасць, але справа не толькі ў гэтым. Для таго, каб зрабіць пэўныя высновы аб уплыве рэлігіі на фарміраванне сацыяльнай структуры рэгіёнаў, мы павінны апусціцца з узроўню папуляцыі да ўзроўню асобы ці групы насельніцтва з іх падзелам на вернікаў і не вернікаў.

 

Тут зноў жа мы павінны падкрэсліць, што вынікі папуляцыйных даследаванняў не могуць непасрэдна сведчыць аб існаванні каўзальнай сувязі паміж рознымі сацыяльнымі з’явамі. Гэта толькі першы крок, які дае дазвол звярнуцца да іншых, больш дакладных метадаў.

 

Сама з’ява нераўнамернасці ў геаграфічным размеркаванні паказчыкаў смяротнасці ў той альбо іншай ступені тыповая для большасці краін. Разам з тым Беларусь уяўляе з сябе спецыфічны палігон для правядзення рэгіянальных даследаванняў. Выключнасць Беларусі, як і другіх краін былога СССР, зададзена гістарычнымі ўмовамі іх агульнага развіцця. Як мы адзначалі раней, амаль уся постсавецкая прастора з’яўляецца арэалам, дзе была праведзена сацыяльна-эканамічная гамагенізацыя грамадства і рэалізаваліся спробы культурнай уніфікацыі. Таму найважнейшая асаблівасць сітуацыі – у магчымасці спрашчэння метадалагічнай працэдуры аналізу, выключэння патэнцыйнага ўздзеяння на варыяцыі даследуемых паказчыкаў прычынаў сацыяэканамічнага характару.

 

Варта звярнуць увагу на той факт, што размова ідзе як пра грубыя, або нестандартызаваныя паказчыкі, так і пра паказчыкі, што прымаюць пад увагу розніцу полу і ўзроставай структуры асобных папуляцый. Гэта азначае, што адрозненні ў паказчыках здароўя з’яўляюцца рэальнымі і не звязаны з асаблівасцямі дэмаграфічнай структуры насельніцтва. Тое ж спрашчэнне недапушчальнае ў выпадку параўнаня краінаў ці рэгіёнаў з рознай папуляцыйнай структурай, напрыклад, Англіі і Албаніі.

 

У той жа самы час выкарыстанне стандартызаваных паказчыкаў для рэгіянальных папуляцый з падобнай дэмаграфічнай структурай папросту дублюе вынікі параўнальнага аналізу, праведзенага з дапамогай грубых паказчыкаў, што прадэманстравана на прыкладзе параўнання некаторых абласцей Беларусі [9]. Такое дубляванне стварае празмерную нагрузку для параўнальнага даследавання рэгіёнаў, якiя падобныя па дэмаграфічных і сацыяэканамічных характарыстыках, таму дзеля мэтаў даследавання сацыяльнай прасторы Беларусі апраўдана выкарыстанне грубых паказчыкаў. Тое самае адносіцца і да рэгіянальных паказчыкаў самагубстваў і некаторых іншых прычынаў гвалтоўнай смерці, бо тут існуе выразная залежнасць паміж стандартызаванымі і грубымі паказчыкамі смяротнасці ад гэтых прычынаў (каэфіцыент карэляцыі тут, як правіла, каля 0.9). Большасць аўтараў прытрымліваецца думкі аб мэтазгоднасці карыстання грубымі паказчыкамі самагубстваў і некаторых іншых формаў гвалтоўнай смерці ў параўнальных рэгіянальных даследаваннях. Слушнасць такой высновы, пацверджана на прыкладзе варыяцыяў паказчыкаў гвалтоўнай смерці паміж рэгіёнамі Беларусі [10].

 

Сучасны перыяд дейнасці статыстычных службаў у большасці з’яўляецца працягам тых рознабаковых дасягненняў і парадоксаў савецкага перыяду. Улічваючы адкрыты характар дадзеных дэмаграфічнай статыстыкі і заўзятую барацьбу ўладаў за некаторыя з паказчыкаў, ёсць усе падставы сцвярджаць, што супярэчнасці і парадоксы ў дзейнасці гэтых службаў істотна павялічваюцца. Адпаведна павінна ўзрастаць і ўвага да ацэнкі верагоднасці афіцыйных дадзеных. Таму, зноў жа, як вынiк новых «рэалiяў» можа набiраць моц вядомая тэза лорда Бенджамiна Дызраэлi (якую часта прыгадваў Марк Твен), – “існуе хлусня, вялікая хлусня і статыстыка….”.

 

________________________________________________

 

1. Wasserman D., Värnik A. Reliability of statistics on violent death and suicide in the former USSR, 1970-1990 // Acta Psychiatrica Scandinavica. 1998. Suppl. 394. P. 34–41.

 

2. Kandryčyn S. Geografia społeczna i kontury historii: Podziały historyczne Białorusi w świetle danych statystyki społecznej, medycznej i demograficznej. Warszawa: Semper, 2008.

 

3. Pescolido B.A, Mendelsohn R. (1986) Social causation or social construction of suicide? An investigation into the social organization of official rates // American Sociological Review. № 51. P. 80–101; Diekstra R.F.W. (1993). The epidemiology of suicide and parasuicide // Acta Psychiatrica Scandinavica. Suppl. 371. P. 9–20.

 

4. Kandryčyn S. Geografia społeczna i kontury historii; Кандрычын С. Дифференциация социального пространства Украины и Беларуси как эффект «столкновения цивилизаций» // Социология: теория, методы, маркетинг. 1998. № 4. С. 74–96.

 

5. Микулич А.И. Геногеография сельского населения Белоруссии.Минск, Наука и техника, 1989; Мiкулiч А.I. Беларусь у генетычнай прасторы. Мiнск, Тэхналогiя, 2005.

 

6. Robinson W.S. Ecological correlations and the behavior of individuals // American Sociological Review 1950. № 15. P. 351–357.

 

7. Грыцкевiч А. Канфесii на Беларусi // Беларусазнаўства: навучальны дапаможнік / Пад рэд. П. Брыгадзіна. С. 170–209. Мінск: БДУ, Завігар, 1998. Адзначым, што некаторыя аўтары называюць тут iншыя лiчбы, але значнасць рэгiянальнай палярнасцi ў паказчыках рэлiгiйнасцi застаецца нязменнай.

 

8. Kandryčyn S. Geografia społeczna i kontury historii.

 

9. Вальчук Э.А. Смертность населения: основные методы узучения. Методические рекомендации. Минск: БелГИУВ, 2000.

 

10. Kandryčyn S. Geografia społeczna i kontury historii.

 

________________________________________________________

 

Сяргей Кандрычын — кандыдат сацыялягiчных навук, лекар.