Калі дзіця ціхае і спакойнае, то, пагадзіцеся, гэта неяк ненармальна. На тое яно і дзіця, каб скакаць, насіцца і ўсё разбураць на сваім шляху — маленькі ж непаседа кожны дзень адкрывае для сябе штосьці новае ў гэтым свеце. Аднак паміж актыўнасцю і  гіперузбуджальнасцю ёсць істотная розніца.

Звышактыўнасць у спалучэнні з празмернай імпульсіўнасцю — гэта ўжо адхіленне, якое носіць назву «сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці». Паводле даных даследаванняў, ён сустракаецца ў 4—9 працэнтаў дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. А гэта значыць, што ў класе, дзе ў сярэднім вучыцца 25—27 чалавек, ёсць адно, а то і некалькі гіперактыўных дзяцей. Аднак ставіць такі дыягназ на падставе адной вяртлявасці і няўважлівасці нельга. Пастаноўка дыягназу патрабуе спецыяльных даследаванняў галаўнога мозгу.

З праявамі гіперактыўнасці бацькі могуць сутыкнуцца ўжо ў першыя дні жыцця немаўляці. Дзеці дрэнна, неспакойна спяць, шмат плачуць, падчас няспання вельмі рухавыя, узбуджаныя, адчувальныя да знешніх раздражняльнікаў (святла, шуму). Менавіта звышактыўныя дзеці часта «выскокваюць» з калясак на вачах у маці, выломліваюць пруткі ложкаў, перакульваюць на сябе чайнік з кіпенем. У 4—5 гадоў дзіця не здольнае засяродзіцца на адным занятку, яго ўвага рассеяная: напрыклад, яму не хапае цярпення даслухаць да канца казку або гуляць у «ціхія» гульні, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўвагі. Дзіця не можа ні хвіліны спакойна сядзець у крэсле, ёрзае, шуміць.

Бацькі невыпадкова кажуць, што да іх дзяцей «быццам рухавічок прымацавалі», і тыя гатовыя бегаць і скакаць суткамі. Але меркаваць, што гэта ўсяго толькі наступства вялікага запасу энергіі, няправільна. Гэта разрадка, якая неабходная дзіцяці з-за асаблівасцяў яго арганізма. Да таго ж гіперактыўнасць часта суправаджаецца неспакойнымі рухамі, вычварнасцю маторыкі і празмернай запальчывасцю.

Сітуацыя ўскладняецца ў дзіцячым садку, а затым і ў школе. Заняткі патрабуюць уседлівасці, а дзіця круціцца, шуміць, адцягвае ўвагу іншых дзяцей. Пры высокім узроўні інтэлектуальнага развіцця яно вучыцца на «здавальняюча», а на ўроках яму сумна. З-за сваёй імпульсіўнасці дзіця часта трапляе ў розныя пераплёты, дзейнічае, не падумаўшы, у выніку чаго дзённік стракаціць заўвагамі настаўнікаў, а адносіны з аднакласнікамі не складваюцца.

Адзначаецца, што да падлеткавага ўзросту павышаная рухальная актыўнасць знікае, а вось няўважлівасць і імпульсіўнасць, наадварот, могуць прагрэсаваць. Акрамя таго, даследаванні паказалі, што гіперактыўныя дзеці часта маюць цяжкасці з пісьмом і мовай, вымаўленнем складаных слоў, скорагаворак.

Безумоўна, сіндром гіперактыўнасці з парушэннем увагі не ўзнікае на пустым месцы. Яго перадумовы з’яўляюцца яшчэ да нараджэння дзіцяці. Прычынамі могуць стаць любыя праблемы падчас цяжарнасці і родаў, якія суправаджаюцца ўнутрывантробнай гіпаксіяй ва ўлонні маці падчас цяжарнасці (недахопам кіслароду). Гаворка ідзе пра пагрозу выкідыша, асфіксію, выкарыстанне падчас родаў дапаможных сродкаў (напрыклад, шчыпцоў), імклівыя альбо, наадварот, працяглыя траўматычныя роды, курэнне падчас цяжарнасці і інш. Інфекцыі і інтаксікацыі ў першыя гады жыцця малога таксама могуць адгукнуцца гіперактыўнасцю. Шэраг даследаванняў сведчыць пра тое, што сіндром дэфіцыту ўвагі можа насіць сямейны характар.

У аснове гіперактыўнасці ляжыць мінімальная мазгавая дысфункцыя (ММД). Для пастаноўкі дыягназу ММД праводзіцца электраэнцэфалаграма, якая фіксуе наяўнасць дысбалансу паміж працэсамі ўзбуджэння і тармажэння. Урач можа адзначаць і затрымку ў развіцці некаторых структур галаўнога мозгу. У некаторых выпадках ЭЭГ дазваляе заўважыць прыкметы сутаргавай гатоўнасці, якая садзейнічае нізкай працаздольнасці і парушэнням мазгавой дзейнасці. Калі ж будзе вызначана, што такія сімптомы як недахоп увагі, павышаныя рухавасць і ўзбуджальнасць не з’яўляюцца асаблівасцямі тэмпераменту дзіцяці, то можна гаварыць пра захворванне, якое патрабуе лячэння. Менавіта гэтым пытаннем і зоймецца спецыяліст, які прызначыць курс неабходнай тэрапіі з улікам індывідуальных асаблівасцяў маленькага пацыента.

Безумоўна, розныя сітуацыі патрабуюць розных рашэнняў. Але ў першую чаргу бацькі павінны зразумець, што іх дзіця такое актыўнае  не таму, што не хоча правільна сябе паводзіць. Яно робіць так ненаўмысна, таму бацькоўскія эмацыйныя ўсплёскі — нападкі, лаянкі і пагрозы — могуць толькі нашкодзіць.

Карысныя рэкамендацыі:

* Для дзіцяці вельмі важная канкрэтная пастаноўка задач. Калі вы хочаце, каб малое выканала якую-небудзь просьбу, то яе фармулёўка павінна быць гранічна зразумелай і дакладнай, складацца прыкладна з дзесяці слоў. Не варта даваць некалькі заданняў адразу, напрыклад, «ідзі ў свой пакой, збяры цацкі, потым памый рукі і прыходзь абедаць». Дзіця наўрад ці ўспрыме такую тыраду, яго ўвага проста «пераключыцца» на што-небудзь іншае. Лепш паслядоўна прасіць выканаць кожнае ўказанне.

* Выкананне задання павінна быць абмежавана канкрэтнымі гадзіннымі рамкамі. Пра змену віду дзейнасці дзіцяці трэба паведаміць загадзя — за 10—15 хвілін, а пра заканчэнне тэрміну выканання задання няхай яму нагадае будзільнік або таймер.

* Забараняючы дзіцяці што-небудзь, лепш пазбягаць слоў «не» і «нельга». У любой сітуацыі варта размаўляць спакойна, не на павышаных тонах.

* Сінякі і гузакі — пастаянныя «сябры» актыўнага малога. Але бацькам не варта спрабаваць пастаянна апякаць сваё дзіця: празмерная апека тармозіць развіццё самастойнасці.

* Гіперактыўнае дзіця не пераносіць месцаў масавага збору людзей. Таму для яго лепш гуляць з адным дзіцяці або дарослым, не хадзіць часта ў госці, у буйныя крамы, на рынкі і г. д. Усё гэта надзвычай узбуджае неакрэплую нервовую сістэму.

* Дзіця павінна пазбягаць шумных і актыўных гульняў, асабліва перад сном. I наадварот, гульні і заняткі, якія патрабуюць увагі і цярплівасці, варта заахвочваць. Калі дзіця пераўзбудзілася падчас заняткаў, выкарыстоўвайце тактыльны кантакт (элементы масажу, дотыкі, пагладжванні).

* Вусныя інструкцыі варта падмацоўваць візуальна. Гэта можа быць план-каляндар або маляўнічы штодзённік, куды вы разам з дзіцем будзеце запісваць час прыёму ежы, выканання хатніх заданняў, прагулкі і сну.

* Калі ёсць магчымасць, пастарайцеся выдзеліць дзіцяці пакой або яго частку для заняткаў, гульняў, адасаблення. У афармленні памяшкання пажадана пазбягаць яркіх колераў, складаных кампазіцый. На стале і ў бліжэйшым акружэнні дзіцяці не павінна быць адцягвальных прадметаў. Гіперактыўнае дзіця само не ў стане зрабіць так, каб нішто пабочнае яго не адцягвала.