Цяжка знайсці чалавека, якога хоць бы некалькі разоў на год не наведвала бяссонніца (інсамнія, як называюць яе медыкі). Яна праяўляецца па-рознаму: хтосьці доўга не можа заснуць, гадзінамі круціцца ў ложку, іншы, наадварот, засынае лёгка, але прачынаецца сярод ночы і доўга не можа зноў пагрузіцца ў доўгачаканы сон.

Для трэціх яна звязана з тым, што замест паўнавартаснага, гаючага сну яны ўпадаюць у перарывісты, павярхоўны сон, гэтакія кароткачасовыя хвіліны паўзабыцця, якія не даюць адпачынку, а толькі вымотваюць так, што раніцай чалавек устае зусім разбітым, ды яшчэ і з галаўным болем. Вельмі часта бяссонніца звязана з нейкімі захворваннямі, устойлівымі расстройствамі псіхікі ці без бачных прычын набывае хранічны характар, паўтараецца некалькі начэй запар. У такіх выпадках толькі ўрач зможа паставіць правільны дыягназ і дапаможа аднавіць звычайны глыбокі сон.

Большасць людзей бяссонніца наведвае не часта. Справіцца з ёй можна самастойна, калі выконваць самыя простыя правілы харчавання і бытавых паводзінаў, а таксама карыстацца прыроднымі сродкамі, якія прапануе народная медыцына.

У прынцыпе, прадухіліць бяссонніцу не складана, але атрымліваецца не заўсёды. А ўсё з-за нашага насычанага, дынамічнага жыцця. То днём трапіш у пераплёт, да якога затым паўночы будзеш вяртацца думкамі. То, перыядычна пазвоньваючы шклянкамі, дапазна засядзішся з прыяцелямі, ды яшчэ і ў клубах цыгарэтнага дыму. Нярэдка свой унёсак робіць і залішняя праца, калі чалавек нават позна вечарам не можа адхіліцца ад службовых спраў, перагружаючы імі і без таго стомлены мозг. Нямала і людзей, якія з розных прычын прызвычаіліся да позняй вячэры, а потым дзівяцца, што «сну ні ў адным воку».

Высновы напрошваюцца самі: каб сон быў глыбокім, да яго трэба рыхтавацца і выконваць нескладаныя правілы. Калі ёсць такая магчымасць, старайцеся класціся і ўставаць штодня ў адзін і той жа час, падладжваючыся пад біялагічныя гадзіны арганізма. Дарэчы, чалавек лепш высыпаецца, калі рана кладзецца і рана ўстае. Калі ж, заседзеўшыся дапазна, раніцай спаць «да ўпору», дакладна прачнецеся ў пабітым стане, ды яшчэ і з галаўным болем. Але класціся рана, калі спаць зусім не хочацца, не трэба, хутка заснуць усё адно не атрымаецца, а сон, які ўрэшце наступіць, як правіла, бывае неглыбокім.

Варта асцярожна ставіцца да дзённага сну. Усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў: для адных ён ніяк не адбіваецца на начным сне, а іншыя пасля яго атрымліваюць бяссонніцу амаль да раніцы. Не варта класціся спаць, калі знаходзіцеся ва ўзрушаным стане. Перад сном важна расслабіцца, прагуляцца, падыхаць свежым паветрам, прыняць цёплы душ, паслухаць прыемную спакойную музыку, пачытаць кнігу з немудрагелістым сюжэтам, скажам, Жуля Верна усяго 1—2 старонкі, і моцны сон вам забяспечаны.

Дарэчы, незадоўга да сну можна заняцца якой-небудзь манатоннай працай, але без асаблівых фізічных і разумовых намаганняў — мыццём посуду, навядзеннем парадку ў пакоі, перастаноўкай кніг на паліцах. Пажадана не пакідаць на ноч штосьці недаробленае, каб не вяртацца да яго думкамі. Адчуванне ж, што дзень прайшоў удала, і ўсё запланаванае зроблена, дапаможа пагрузіцца ў спакойны сон.

Пра ежу гутарка адмысловая: лёгкая вячэра не пазней 19-ці (а лепш — 18 гадзін). Выключыць ежу, якая цяжка ператраўляецца, а таксама залішне салодкую і вострую, спіртныя і ўзбуджальныя напоі. Не забывайце, што некаторыя прадукты дабратворна ўплываюць на сон, спрыяюць выпрацоўцы гармону мелатаніну, да іх, у прыватнасці, адносяцца марская рыба, мяса птушкі, арэхі. За гадзіну да сну можна выпіць шклянку кефіру ці з’есці яблык. Добра перад сном з’есці сталовую лыжку мёду і запіць невялікай колькасцю цёплай вады. А вось лекі перад сном піць непажадана, калі неабходна, іх можна прыняць хоць бы за дзве гадзіны да сну. Важна адыходзіць да сну ў камфортных умовах. Пажадана папярэдне праветрыць пакой, пастарацца, каб у ім адсутнічалі пабочныя пахі і шумы. Добра ўвечар на нейкі час уключыць у спальным пакоі іянізатар, а калі паветра сухое, то і ўвільгатняльнік. Натуральна, што і пасцель павінна быць зручнай.

Для глыбокага і спакойнага сну можна скарыстацца і сродкамі народнай медыцыны. Часцей за ўсё для гэтых мэтаў выкарыстоўваюць карані валяр’яны і півоні, мяту перачную, сардэчнік, мелісу, люцэрну, чабор, кветкі рамонку аптэчнага, лаванды, календулы і фіялкі духмянай, пупышкі хмелю, кветкі і плады глогу, палын, горац птушыны (спарыш), святаяннік, скрыпень, шалфей, плады кмену, зеляніну і насенне кропу, авёс.

У аптэцы можна купіць ужо гатовыя комплексныя зборы ці сушаныя расліны, але можна іх прыгатаваць самастойна, а настоі ці адвары рабіць з іх па меры неабходнасці. Найбольшую вядомасць з народных сродкаў атрымала валяр’яна, з каранёў якой робяць настоі і адвары. Самы просты варыянт — сталовую лыжку сушаных каранёў валяр’яны заліць шклянкай гарачай вады, давесці да кіпення і вытрымаць на вадзяной лазні ці слабым агні 10—15 хвілін. Піць адвар па сталовай лыжцы тры разы на дзень да ежы і перад сном.

Эфектыўныя сродкі ад бяссонніцы можна прыгатаваць з сельдэрэю пахкага і аптэчнага рамонку. Сталовую лыжку свежага здробненага лісця сельдэрэю заліць шклянкай цёплай вады і настойваць 8—10 гадзін. Прымаць гэтак жа, як адвар каранёў валяр’яны. З рамонку можна прыгатаваць настой ці адвар. Для настою сталовую лыжку сухіх кветак заліваюць шклянкай кіпеню і вытрымліваюць у тэрмасе да гадзіны. П’юць па траціне шклянкі за гадзіну да яды. Падобным спосабам настой можна зрабіць і з насення кропу.

Варыянтаў выкарыстання лекавых раслін для барацьбы з бяссонніцай існуе мноства, рэцэпты можна знайсці ў спецыяльных даведніках.

Можна паэксперыментаваць са складаннем розных збораў самастойна, толькі варта прытрымлівацца правіла: калі «вынаходзіце» ўласны настой ці адвар, рабіце яго першапачаткова з невялікай колькасці сыравіны і правярайце па даведніках, у якой колькасці можна браць кампаненты і як яны паміж сабой спалучаюцца.

Пры жаданні перамагчы бяссонніцу зусім не складана, для гэтага варта прытрымлівацца разумнага распарадку дня, збалансаванага рацыянальнага харчавання, багатага вітамінамі і мікраэлементамі, а пры неабходнасці скарыстацца і сродкамі, якія гатовая падарыць нам прырода.