Рэкамендацыі для тых хто карыстаецца кантактнымі лінзамі або толькі збіраеццца іх набыць.

Даволі працяглы час адзіным сродкам барацьбы з дрэнным зрокам былі акуляры. Аднак навука і медыцына не стаяць на месцы і вось ужо больш як 50 год прагрэсіўнае чалавецтва ўсё актыўней і актыўней карыстаецца кантактнымі лінзамі.

Канкрэтнага адказу на пытанне: што лепш акуляры або лінзы? — няма, і кожны сам вырашае, што яму зручней насіць. Калі вы носіце лінзы або толькі збіраецесь іх набыць – гэты матэрыял для вас.

Якія кантактныя лінзы самыя лепшыя, каму можна імі карыстацца, ці можна з лінзамі хадзіць у лазню (руск. баню) і салярый — на гэтыя і іншыя цікавыя пытані gorad.by адказаў загадчык дзіцячым афтальманалагічным аддзяленнем Магілёўскай абласной бальніцы Вячаслаў Бурак.

Паказанні да нашэння лінзаў

Кантактныя лінзы прызначаюцца па медыцынскіх, касметычных і прафесійных паказаннях, а таксама ў лячэбных мэтах:

— Пры кератоканусе;
— Пры манакулярнай афакіі, пасля выдалення катаракты;
— Пры астыгматызме;
— Пры міапіі (блізарукасці) сярэдняй ці высокай ступені з астыгматызмам;
— Пры слабабачанні;
— Пры анізаметрапіі (пры вялікай розніцы — больш 0,2 – 0,5 дыёптрый — у зроку двух вачэй);
— Пры сіндроме «лянівага вока» і г. д.

Дзецям і падлеткам кантактныя лінзы паказаны пры розных парушэннях рэфракцыі, амбліапіі, касавокасці, афакіі (адсутнасць крышталіка), а таксама ў выпадках, калі карэкцыя з дапамогай акуляраў не дае чаканых вынікаў.

Якія ёсць абмежаванні

Пры некаторых захворваннях кантактныя лінзы нельга насіць. Гэтыя абмежаванні тычацца хворых:

— запаленнем (руск. воспалением) пярэдняга адрэзка вока;
— хранічным кан’юктывітам;
— хранічнай алергіяй вачэй;
— хранічным бранхітам і іншымі захворваннямі органаў дыхання;
— сухотай (руск. туберкулёзом);
— СНІДам.

Таксама існуюць абмежаванні ў карыстанні кантактнымі лінзамі, калі прамаюцца некаторыя лекі, гэта, у першую чаргу:

— анцігістамінныя сродкі;
— сродкі ад насмарку;
— мачагонныя;
— сродкі ад ўкалыхвання.

З якога ўзросту можна насіць лінзы

Як адзначаюць спецыялісты, строгіх супрацьпаказанняў па ўзросту не маецца. У практыцы Вячаслава Бурака быў выпадак, калі лінзы ставілі дзевяці-дзесяцімесячнаму дзіцёнку.

Сярэдні ўзрост, з якога пачынаюць насіць лінзы – гэта 14 — 16 год. Носяць лінзы прыкладна да 50 гадоў.

Якія лінзы самыя лепшыя

Чым больш у лінзе вады, чым большы адсотак (руск. процент) кіслароднай пранікальнасці — тым лінзы лепш.

Ці можна наведваць лазню, басейн, салярый у лінзах

Што датычыцца плавання ў басейнах, на моры, супрацьпаказанняў ніякіх няма. Аднак, калі хваля б’е ў твар, здольнасць лінзы прысмоктваць страчваецца — і лінзы сплываюць. Таму трэба браць з сабой запасныя.

Саўну, салярый наведваць у лінзах нельга, бо там высокая тэмпература. Лінза складаецца напалову з вады, і ў такіх ўмовах прысыхае да рагавіцы вока і выклікае дыскамфорт.

Каляровыя лінзы

Каляровыя лінзы — даніна модзе без наступстваў для зрока

Ёсць адценкавыя лінзы, якія маюць слабую афарбоўку і надаюць больш насычанае адценне натуральнаму колеру радужнай абалонкі светлых вачэй.

Ёсць непразрыстыя лінзы. Яны яркія, шчыльныя і інтэнсіўныя па колеры — мяняюць любы колер вачэй.

Ёсць дэкаратыўныя лінзы. З іх дапамогай атрымліваюцца «каціныя» вочы, вочы «вампіра», «іншапланецяніна» і інш.

З-за наяўнасці фарбавальніка (руск. красителя) пранікальнасць кіслароду ў такіх лінзаў вельмі малая. Таму бесперапынна насіць іх можна не больш за 4-5 гадзін.

Наогул, пры нашэнні афарбаваных кантактных лінзаў неабходна выконваць тыя ж правілы, што і пры нашэнні любых іншых мяккіх кантактных лінзаў:

— перад тым, як надзець лінзы варта мыць рукі, самі лінзы павінны быць абсалютна чыстымі

— зняўшы кантактныя лінзы, абавязкова іх ачышчайце: прадэзінфікуйце і прамыйце іх у растворах, рэкамендаваных фірмай-вытворцам.

— захоўваць дэкаратыўныя кантактныя лінзы варта ў дэзінфікуючым растворы.

Лінзы і макіяж

Кантактныя лінзы рэкамендуецца ўсталёўваць да нанясення макіяжу.

Туш павінна быць толькі на воднай аснове, прызначанай для выкарыстання з кантактнымі лінзамі або распрацаванай для адчувальных вачэй з паметкай hypo-allergenic». Нанясіце адзін тонкі слой тушы, пачакайце пакуль ён высахне і нанясіце іншы. Два тонкіх слоя лепш аднаго тоўстага, бо так вы пазбавіцеся ад камячкоў і раздражнення. Замяняйце туш на новую кожныя тры месяцы;

Аловак для вачэй выбірайце мяккі, воданепранікальны. Ён не павінен расцякацца. Аловак можна ўжываць толькі па вонкавым боку павек. Замена алоўка — праз тры месяцы;

Не варта выкарыстоўваць цені, якія змяшчаюць бліскаўкі (руск. блёстки), ці цені схільныя да абсыпання. Яны могуць афарбаваць лінзы і нанесці шкоду вачам. Наносьце цені старанна, каб размеркаваць іх раўнамерна.

Заўвагі

Калі пасля ўсталёўкі лінзы з’явілася адчуванне дыскамфорту, іншароднага цела, слёзацёк -неабходна зняць лінзу, прамыць яе універсальным растворам і надзець зноў. Калі названыя сімптомы ўзнікаюць зноў, кантактныя лінзы варта зняць і абавязкова звярнуцца да афтальмолага;

Каб пазбегнуць пашкоджання лінзы або вока, здымаць і ўсталёўваць лінзы пажадана перад люстэркам і пры адсутнасці доўгіх пазногцяў (руск. ногтей);

Тытунёвы (руск. табачный) дым і лак для валасоў істотна зніжаюць тэрмін нашэння мяккіх кантактных лінзаў.