Канфесійнай стратэгіяй самадзяржаўя ў Беларусі з 1772 г. стаў курс на абмежаванне ўплыву ўніяцкай царквы з мэтаю ліквідацыі яе ў перспектыве. У якасці тактыкі была абраная «барацьба з лацінствам і паланізмам».

У Расійскай імперыі, куды беларускія землі былі ўключаныя ў канцы XVIII ст., лёс уніяцкай царквы быў прадвызначаны. Афіцыйная Расія ўніятаў не любіла. Яшчэ ў сярэдзіне ХVII ст. адбылося яе аб’яднанне на антыўніяцкай глебе з унутранай апазіцыяй у Рэчы Паспалітай. Захапіўшы ў 1654—1655 гг. беларускія землі, цар Аляксей Міхайлавіч заявіў: «Уніятам не быць». У Паўночную вайну выкараненнем уніі ў суседняй дзяржаве, у тым ліку фізічным, займаўся Пётр І. Рэлігійная канверсія праваслаўнай царквы і ўрада ў дачыненні да новых суб’ектаў імперыі — традыцыйная рыса расійскай палітыкі [1].

 

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай падданымі імперыі сталі 800 тысяч уніятаў, 300 тысяч праваслаўных і 100 тысяч каталікоў [2]. Сацыяльную базу ўніяцкай царквы складалі галоўным чынам сяляне. Яе духавенства не мела такой адукацыі, як каталіцкі клір. Але, як пісаў даследчык П. С. Гаручка, «унія была моцная ў Беларусі сваёй колькаснай перавагай, шматлюднасць вызнаўцаў давала ёй і матэрыяльныя сродкі» [3].

 

Канфесійнай стратэгіяй самадзяржаўя ў Беларусі з 1772 г. стаў курс на абмежаванне ўплыву ўніяцкай царквы з мэтаю ліквідацыі яе ў перспектыве. У якасці тактыкі была абраная «барацьба з лацінствам і паланізмам».

 

Праваслаўная царква падпарадкоўвалася Сіноду, які быў часткай дзяржаўнага апарату, што ўзначальваў імператар. Уніяты падпарадкоўваліся папу. Іх аўтаномія ў дзяржаве магла выклікаць ў вышэйшай праваслаўнай іерархіі нараканні на ўласны статус.

 

Уніяцкая царква з яе еўрапейскай арыентацыяй перашкаджала праваслаўна-сінодаваму рэжыму ў ажыццяўленні нівеляцыйнай палітыкі на далучаных тэрыторыях. Духоўнае падпарадкаванне Беларусі з’яўлялася сродкам і неабходнай умовай расійскага панавання. Аднак пасля інкарпарацыі ўсходняй Беларусі царскі ўрад, які ўжо другое стагоддзе дэманстраваў адносна уніі варожыя намеры і вынішчаў яе ў незалежнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай, гарантаваў свабоду ўніяцкага веравызнання ў сябе. Пятым артыкулам трактата, заключаным паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 18 верасня 1773 г., была гарантаваная недатыкальнасць каталіцкай рэлігіі абодвух абрадаў. Афіцыйны Пецярбург хацеў заручыцца лаяльнасцю новых падданых.

 

Праўда, адразу пасля інкарпарацыі па Белай Русі пайшлі чуткі, што Кацярына ІІ не намераная цярпець уніятаў у сваёй дзяржаве. Яны былі для яе «заблуканымі авечкамі, адарванымі ад праваслаўя польскай сілай і інтрыгай» [4]. Шырокім рэхам разышліся па Рэчы Паспалітай і па-за яе межамі арышт і заключэнне ў верасні 1772 г. 68 украінскіх уніяцкіх папоў з Бярдзічава, Белай Царквы, Умані і Палоннай. Іх мучылі голадам і холадам, білі, паўгода не давалі мяняць адзежу [5]. Базыльяне — манахі ўніяцкага ордэна св. Васіля, якія не прысягнулі на вернасць Кацярыне ІІ, былі дэпартаваныя ў Рэч Паспалітую [6].

 

Першыя гады ўрад Кацярыны ІІ асцерагаўся адкрытага гвалту адносна беларускіх уніятаў. Але чым далей, тым больш яўныя і непрыхавана варожыя станавіліся намеры адносна ўніятаў.

 

Значны ўплыў на выпрацоўку расійскай урадавай палітыкі адносна ўніяцкай царквы аказваў магілёўскі епіскап Георгій Каніскі. Яшчэ з часу каранацыі Кацярыны ІІ ён заклікаў яе ўмяшацца ў справы Рэчы Паспалітай, каб змяніць канфесійную сітуацыю на беларускіх землях на карысць праваслаўя, якое, здавалася, дагарала. Уладыка прапаноўваў уключыць у трактаты аб першым і другім падзелах Рэчы Паспалітай артыкул аб знішчэнні уніі. Кацярына на гэта не пайшла — каб не адвярнуць будучых падданых Імперыі.

 

Тады Г. Каніскі ініцыяваў складанне заяў ад прыходаў аб іх жаданні далучыцца да праваслаўя, распрацаваў інструкцыю, як пісаць такія заявы на імя губернатара. Такіх заяў назбіралася восем дзесяткаў. З маўклівай згоды ўрада да канца 1774 г. на ўсходзе Беларусі, у Полацкім, Віцебскім, Дзвінскім, Аршанскім, Мсціслаўскім і Рагачоўскім паветах, на аснове гэтых заяў было адарвана ад уніі 433 царквы [7]. Дзейнасць Г. Каніскага дзеля пераводу ўніятаў у праваслаўе аблягчаў нізкі культурны ўзровень шараговага ўніяцкага духавенства і невялікае знешняе адрозненне ўніяцкага і праваслаўнага абрадаў.

 

З 1780 г. Беларусь стала аб’ектам вялікага эксперыменту па перакройцы яе канфесійнай карты ў імя палітычных і нацыянальных традыцый царызму, дзеля «будаўніцтва вялікай Расіі» і ўмацавання яе пазіцый у Еўропе. У гэтым годзе Кацярына ІІ выдала ўказ, якім уніятаў запрашалі да пераходу ў праваслаўе; у ім упершыню гаварылася пра знішчэнне уніі. Указ забараняў запаўняць вакантныя прыходы новымі ўніяцкімі святарамі без уліку жадання прыхаджан. Калі большасць прыхода выказвала жаданне мець праваслаўнага святара, царкву пераасвячалі і перадавалі ў праваслаўнае ведамства.

 

На падставе гэтага ўказу на працягу чатырох гадоў ад уніі адпала 112,5 тысяч жыхароў Магілёўскай губерні і 95 цэркваў [8]. Але ўсеагульнай канверсіі ўніятаў праз іх добраахвотнае жаданне (апытанне — «приглашение») вярнуцца ў праваслаўе тады не ўдалося, хоць гэтае «жаданне» нярэдка інспіравалася мясцовымі ўладамі. На сходзе 8 кастрычніка 1780 г. віцебскі мяшчанін Лук’ян Струй ад імя прыхаджан Траецкай царквы на намер перавесці іх у праваслаўе заявіў, «что де им хотя головы отрежут, но они к благочестивому священнику не пойдут», а аканом С. Дзядзерка заклікаў прысутных не аддаваць сваёй царквы. У сакавіку 1783 г. адмовіліся мяняць веру жыхары мястэчка Калышкі, сяляне Забежскай царквы Савінскага староства і Прудзенскай царквы Дрысенскага павета. Ужываныя тады метады «запрашэнняў» у праваслаўе выклікалі шмат нараканняў [9].

 

У 1784 г. уніятаў пакінулі ў спакоі. Іх веравызнанне па-ранейшаму дамінавала ў канфесійнай структуры далучаных зямель Беларусі. Свецкім і духоўным уладам імперыі давялося шукаць новых сродкаў і чакаць новых зручных абставін для вырашальнага ўдару па уніі. Такі зручны момант настаў з пачаткам паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. У Беларусі паўстанцы скіроўвалі свае заклікі да сялянства, уніяцкага ў сваёй аснове. У праваслаўным яднанні ўладаў і сялянства ўрад бачыў будучую палітычную стабільнасць у рэгіёне, ізаляцыю паўстанцаў-каталікоў.

 

Кацярынінскія ўказы ад 22 красавіка 1794 г. і 10 студзеня 1795 г. здымалі ўсялякія абмежаванні для навяртання ўніятаў у праваслаўе. Вялікую ролю на гэтым этапе знішчэння уніі адыграў мінскі, ізяслаўскі і брацлаўскі архіепіскап В. Садкоўскі. Яго пастырская грамата ўніятам аб свабодным іх вяртанні ў абдоймы праваслаўя зачытвалася ва ўсіх гарадах і вёсках Магілёўскай і Полацкай губерняў. Ад беларускага генерал-губернатара П. Пассека Сінод запатрабаваў пільна назіраць, каб пры гэтым вяртанні «ўсялякі непарадак і неспакой былі ўхіленыя» і каб ніхто з мясцовых памешчыкаў, чыноўнікаў і духоўных асобаў «не адважыўся рабіць найменшай у тым перашкоды» [10].

 

Уніяцкага святара, які разам з прыходам пераходзіў у праваслаўе, на тым жа прыходзе і пакідалі. Таго, хто перайсці адмаўляўся, выдалялі з прыхода. На яго месца прызначалі «годнага з… праваслаўнага духавенства» [11].

 

Першымі выканаўцамі імператарскага ўказа былі магілёўскі губернатар Г. Чарамісінаў і полацкі губернатар М. Лапацін. Лапацін заўзята ўзяўся за «ўз’яднанне» ўніятаў. 8 чэрвеня 1795 г. ён раіў ігумену Куцеінскага манастыра Давыду, які быў накіраваны ў Полацкую губерню рыхтаваць глебу для далучэння ўніятаў і прадстаўляў тут магілёўскага архіепіскапа Афанасія, пераемніка Г. Каніскага, накіраваць у гарады і вёскі групу з духоўных і свецкіх асобаў, якая б перамяшчалася з месца на месца, зачытвала ўсюды грамату і ўказ і складала ведамасці з імёнамі тых, хто перайшоў у праваслаўе, і тых, хто перайсці не пажадаў. Камандзіраваным на месцы чыноўнікам загадалі неадкладна даносіць у Полацкае намесніцкае праўленне пра ўсіх тых, хто будзе перашкаджаць уз’яднанню, «для аддання пад суд і секвестру іх маёнтка» [12].

 

Полацкі губернатар выклікаў да сябе ўніяцкіх святароў і пераконваў змяніць веру. Але яны «адмовіліся кінуць унію: ніводзін не згадзіўся быць праваслаўным». «Ад гэтага мы і разумеем, — паведамляў магілёўскаму епіскапу ў канцы чэрвеня 1795 г. ігумен Давыд, — што поспехі нашы будуць безнадзейныя». Старац Давыд асуджаў неабачлівасць полацкага губернатара, які падкрэсліў для ўніяцкіх святароў, што Кацярына ІІ не прымушае, але дае волю далучыцца да праваслаўя. Справа ўз’яднання ўніятаў Полацкай губерні, як лічыў Давыд, была яшчэ да яе пачатку сапсаваная Лапаціным, які замест таго, каб належна ўгаворваць уніяцкае духавенства, даў яму нагоду ўмацавацца ў сваёй упартасці [13].

 

Полацкі ўніяцкі архіепіскап Іраклі Лісоўскі ў гэты час склікаў падначаленае духавенства і пераконваў, «каб моцна стаялі і ніхто не надумаў ад уніі адстаць». Калектыўная адмова духавенства адбілася на настроях народа. Цяжкасці сустрэліся ўжо ў самім Полацку: «ніякі прапанаваны ім (уніятам. — С. Л.) выратавальны сродак, ні прымусовы на унію перавод змякчыць іх не можа». Палачане спасылаліся на духавенства: «Калі тыя правадыры і пастыры нашы спачатку згодзяцца, то і мы ўслед за імі пойдзем» [14].

 

Як ні намагаліся высланыя на месцы камісіянеры схіліць вернікаў да «правільнай» веры, «але яны, папярэджаныя настаўленнямі сваіх святароў, ніяк да таго не схіляюцца, але мацуюцца ў уніі». Ды й каталіцкае духавенства актывізавалася: перашкаджала пераходу ўніятаў у праваслаўе, схіляла іх у сваю «рымскую рэлігію». Місія ігумена Давыда правалілася. Сам ён пісаў Афанасію: «Наша тут знаходжанне…, калі не будуць адкрытыя… больш надзейныя да навяртання ўніятаў сродкі… з’яўляецца зусім марным» [15].

 

Чыноўнік Г. Дабрынін, які ўзначаліў групу людзей, накіраваных магілёўскім губернатарам Г. Чарамісінавым у Сенненскі павет для навяртання ўніятаў, пра выкананне гэтага задання напісаў у сваіх «Запісках»:

 

Усіх цэркваў уніяцкіх у Сенненскім павеце 33, якія ўсе мы наведалі. Да кожнай царквы збіралі прыхаджан… пры кожнай чыталі ім распараджэнні, прадпісанні, пыталіся пра свабодную схільнасць іх да перамены веры, ці, лепей сказаць, да аднаго толькі перанайменавання веры. Угаворвалі іх праз духоўнага дэпутата і не займелі ніводнай душы, якая б жадала адстаць ад уніі і прыстаць да грэка-расійскай царквы [16].

 

Незгаворлівых уніятаў аднаго з казённых маёнткаў Быхаўскага павета далучаў да паноўнай веры сам магілёўскі губернатар Чарамісінаў з атрадам кананіраў і гарматай. Напужаныя стрэлам з гарматы, вяскоўцы схаваліся ў лесе. Калі іх сабралі, губернатар пачаў дакараць, навошта яны супраціўляюцца, — «вера ўсё ж адна, тая ж хрысціянская». На гэта адзін стары адказаў: «Калі б табе загадвалі прыняць нашу веру, а ці захацеў бы ты быць уніятам?» Губернатарская місія поспеху тады так і не мела [17].

 

Справа навяртання ўніятаў натыкалася на ўсё большы супраціў. 10 ліпеня 1795 г. П. Пассек прадпісаў начальнікам губерняў тых духоўных асобаў, якія перашкаджаюць пераходу ўніятаў у праваслаўе, арыштоўваць і аддаваць крымінальнаму суду, а ў памешчыкаў — яшчэ і секвестроўваць маёнткі. Тым не менш, «народныя бунты» сталі «сумнай з’явай» таго «ўз’яднання» ўніятаў [18].

 

Місіянеры ўгаварылі сялян мястэчка Мікулін Бабінавецкага павета, 2118 чалавек, далучыцца да праваслаўя. Афанасій паслаў туды сваіх святароў. Але калі тыя збіраліся перавярнуць царкву, пачаўся бунт. На званіцы забілі ў набат. Уніяцкі паповіч Томаш не даў ключа ад царквы, каб сарваць пераход у іншую веру. Калі камандзіраваныя апячаталі царкву, пячатку ўзламалі і сталі слухаць вячэрню ўніяцкага святара. Хваляваліся нават тыя, хто выказаў жаданне далучыцца. Пасланцы Афанасія так «ні з чым адтуль з’ехалі, і ў іншыя месцы, з-за стварэння яўных перашкод і бунтаў, ехаць… для схілення ўніятаў… не адважваюцца» [19].

 

Магілёўскі епіскап заклікаў Сінод зрабіць захады супраць «уніяцкіх «дзёрзкіх бунтаў», бо яны ставяць «уз’яднанне» на мяжу зрыву. Обер-пракурор Сінода Мусін-Пушкін папярэджваў яго пра асцярожнасць і разважнасць у гэтай справе, паколькі яна сустрэла супрацьдзеянне [20].

 

Паміж другім і трэцім падзеламі Рэчы Паспалітай на яе былых абшарах ад уніі адышло да праваслаўя 1 572 067 чалавек у Літве, Беларусі, Украіне, Валыні, Падоллі [21]. Пасля пагрому 1794—1795 гг. ва Украіне засталося ўсяго 200 уніяцкіх цэркваў [22]. Беларускія ўніяты аказаліся больш адданыя сваёй веры. За другую хвалю дэунізацыі, якая прыпала на жнівень 1794 — сакавік 1795 гг., у Беларусі ўніяцкая царква асірацела яшчэ на 80 тысяч чалавек у Магілёўскай губерні і на 120 тысяч у Мінскай [23]. Вядома, што для правядзення місійнай працы сярод уніятаў В. Садкоўскаму дазволілі выкарыстоўваць вайсковыя атрады [24]. Наступ набыў тады такія страшныя формы, што, здавалася, уніі канец, але ён жа выклікаў і ўзмоцнены адпор народа і духавенства, які сарваў і гэту ўрадавую акцыю пераходу Беларусі ў праваслаўе.

 

Пасля задушэння паўстання Т. Касцюшкі імпэт урада да пераходу ўніятаў у праваслаўе астыў. Калі ўніяты гэта зразумелі, супрацьдзеянне «ўз’яднанню» асабліва ўзмацнілася. Сяляне казалі: «Гасударыня памерла, то і ўсе ўказы яе згінулі» [25]. Ад паноў, кліру, прыходаў пайшлі прашэнні аб вяртанні адабраных цэркваў. Ліберальная нацыянальна-рэлігійная палітыка Паўла І прыпыніла пачаты Кацярынай ІІ перавод уніятаў у праваслаўе і прывяла да вяртання да 90 % «уз’яднаных» у сваю веру [26].

 

Адной з прычын масавага вяртання ў унію стала дзейнасць святароў, адлучаных ад сваіх прыходаў за нязгоду перайсці ў праваслаўе. Са смерцю Кацярыны ІІ гэтыя святары без парафіяў (толькі ў Мінскай губерні ў 1801 г. такіх было 103 чалавекі [27]) пераўтварыліся ў небяспечны каталізатар народнага незадавальнення. Яны хадзілі па вёсках, несучы людзям сваю крыўду і абурэнне, заклікалі іх моцна трымацца сваёй веры. Іх дзейнасць набыла пагрозлівыя маштабы для дзяржаўнай рэлігійнай палітыкі ў заходніх губернях.

 

Сельскай паліцыі Мінскай губерні загадалі неаслабна сачыць, каб уніяцкіх папоў у новаправаслаўных вёсках не толькі на суткі, але нават на гадзіну не прымаць і не цярпець, бо ім, маўляў, болей няма аніякага клопату, як толькі «совращать простолюдинов с правого пути», а калі з’явяцца, то арыштоўваць [28].

 

Выдаленне з прыхода было суровым пакараннем, бо несла, побач з рэлігійнымі, значныя маральныя і матэрыяльныя выдаткі. Прыход збольшага замяшчаўся спадчынна. Святар быў звязаны з ім родавымі паданнямі, маёмасцю. Каб не пазбавіцца наседжанага месца, шмат хто з духавенства згаджаўся ўз’яднацца. Адданыя ж уніі бараніліся ўсімі спосабамі.

 

Спыніць працэс вяртання да уніі ўладам не ўдалося. У Сінодзе, Сенаце ламалі галаву над тым, як утрымаць уніятаў у праваслаўі. 13 мая 1797 г. Аляксандр І загадаў мінскаму губернатару Карнееву асабіста разабрацца ў прычынах «ухілення новаправаслаўных» і прыняць меры «дзеля аднаўлення спакою ў тым краі».

 

Правёўшы расследаванне, губернатар рапартаваў Паўлу І пра тое, што знайшоў сродкі аднавіць спакой між уніятамі. Сяляне, паводле назіранняў Карнеева, пераходзілі ў праваслаўе з надзеямі на змяншэнне падаткаў і павіннасцяў, якія не спраўдзіліся. Уніяцкіх папоў не выдалілі з прыходаў, таму яны ўсяляк спакушаюць новаправаслаўных вярнуцца ва ўніяцтва, знеслаўляюць праваслаўе і хваляць унію. Адсюль і адбыліся тыя «ўяўныя бунты», якія падаўлялі нават агнястрэльнай зброяй.

 

11 верасня 1797 г. данясенне Карнеева разглядаў Сінод. Галоўнай прычынай «гэтага народнага ўхілення» духоўнае ведамства імперыі, на падставе данясення мінскага губернатара, убачыла ў новых святарах, прысланых са Смаленскай губерні. Многія з іх «не былі здатнымі не толькі ў сваіх ведах, але і не маглі лагодна абыходзіцца з народам» — дзейнічалі груба, вымагалі грошы за рэлігійныя паслугі — «і тым зрабіліся агідныя народу». Воля імператара была выказаная беларускаму епіскапу: тэрмінова адаслаць назад у Смаленскую епархію тых святароў, якія сваімі дзеяннямі дыскрэдытуюць кацярынінскую справу ўз’яднання ўніятаў. На іх месца прызначыць іншых, памяркоўных святароў. Праваслаўнае духавенства абавязаць ставіцца да былых уніятаў ласкава, не ўціскаць іх, грошай за адправы з іх не браць, каб тыя ўбачылі выгаду быць у праваслаўі [29].

 

Малы даход, цяжкая праца з новаправаслаўнымі, схільнасць іх вяртацца ў ранейшую веру змушалі праваслаўнае духавенства закідаць вышэйшыя інстанцыі скаргамі і даносамі. На патрабаванне губернскага праўлення магілёўскі епіскап Анастасій 28 жніўня 1798 г. распарадзіўся, «каб яны пустых даносаў і скаргаў аб спакушэнні прыхаджан рабіць не адважваліся, прычыняючы тым адзіна памнажэнне спраў і цяжкасці духоўнаму і грамадзянскаму начальству».

 

Нягледзячы на ўсе прадпісанні Сената і Сінода «ўтрымаць перавернутых уніятаў ад спакусы вярнуцца ў унію і спыніць размнажэнне ўніяцкіх цэркваў і папоў», уніяты Беларускай губерні, як паведамляў у Пецярбург беларускі епіскап, мацнеюць і паспяваюць зноў ствараць цэрквы», хвалююць народ, «а асабліва гэта ў мястэчку Мікуліне, у гарадах Невелі і Себежы, дзе гэтае духавенства ўсімі сіламі намагаецца ўкараніцца дзеля таго, каб перавернутых жыхароў вярнуць назад у унію» [30].

 

28 ліпеня 1797 г. з’явіўся імператарскі загад пакінуць свабоду веравызнання тым жыхарам, якія, далучаныя з уніі, «цяпер ад хаджэння ў праваслаўныя цэрквы… ухіляюцца». Адрозна ад праваслаўнага духавенства вышэйшая свецкая ўлада тады яшчэ не была схільная трымаць уніятаў у праваслаўі прымусова.

 

Летам 1797 г. Анастасій прасіў у Паўла І урадавага распараджэння на далучэнне ўніятаў да грэка-расійскай царквы, што вырашыла б усе праблемы. «Пераконваць у справе веры сілай улады» — значыць, выдаць указ, які б абавязаў, фактычна прымусіў усіх уніятаў перайсці ў праваслаўе, — такім быў імператарскі адказ. Маўляў, «схіляйце да сябе ўніятаў перакананнямі» [31]. Указам Сінода ад 24 верасня 1797 г. праваслаўнаму духавенству прадпісвалася быць далікатнымі з уніяцкімі святарамі, ухіляцца ад разладаў з імі ў веры, з уніятамі абыходзіцца ласкава, паблажліва [32].

 

Праўда, дакляраваная Паўлам І свабода веры ў жыцці выглядала інакш. Сяляне вёскі Нача (Бабруйскі павет), якія ў прысутнасці паліцэйскіх і салдат у 1795 г. «аднагалосна» пажадалі змяніць веру, на каленях прасілі імператара, калі ён наведаў Начу, пакінуць іх уніятамі, бо «больш за дзвесце гадоў бацькі нашы былі ва ўніяцкай веры». Для застрашвання іншых трох чалавек узялі пад варту і аддалі пад суд. У вёску накіравалі роту грэнадзёраў «для спынення хвалявання, якое зыходзіць ад былых уніятаў». Сялянам нічога не заставалася, як прысягнуць ад новай веры ніколі не адступацца [33].

 

У 1797 г. з «уз’яднаўчай» місіяй, падмацаванай вайсковай камандай і артылерыйскай зброяй, у Любавічы, мястэчка ў Магілёўскай губерні, заявіўся сам губернатар Чарамісінаў. Ён ужо кінуў ліберальнічаць з уніятамі, бо зразумеў, што гэтак волі ўсёмагутнага Пецярбурга не выканаеш. На яго загад уніяцкія цэрквы — Успенскую базыльянскую і Мікольскую прыходскую — адабралі для паноўнай веры. Прыхаджан «28 чалавек ад пятаў да самай галавы сукаватымі і тоўстымі палкамі так секлі, што ў іншых і вантробы былі відаць»; прымусова выдалілі базыльянскіх манахаў і прыходскіх святароў; на пастой у мястэчку пакінулі ваенную каманду [34].

 

Масавае вяртанне ўніятаў у сваю веру ставіла пад пагрозу зрыву ўсю праваслаўную справу на ўсходзе Беларусі. Указам ад 10 лютага 1800 г. аб «непамнажэнні ўніяцкіх цэркваў і папоў» Сінод намагаўся стрымаць гэты працэс [35]. Беларускі епіскап Анастасій запатрабаваў тады ад полацкага ўніяцкага архіепіскапа Іраклія Лісоўскага выканаць гэтае рашэнне вышэйшага духоўнага ведамства імперыі.

 

Спыніць вяртанне ўніятаў у сваю веру аказалася тады не пад сілу ні праваслаўнаму епіскапату, ні нават Сіноду і Сенату.

 

Уніяты ў Беларускай губерні ўзмацняюцца і паспяваюць зноў ствараць цэрквы ў такіх месцах, дзе зусім не патрэбна (дзе ўніяты пераведзеныя ў праваслаўе. — С. Л.), а дзе-нідзе і зусім незаконна, забіраючы ў многіх перавернутых у праваслаўе прыходаў капліцы і прыпісныя цэрквы для часткова засталых абураных уніятаў, са стварэннем новых прыходаў, каб такім чынам… уводзіць у спакусу [36].

 

Смерць Кацярыны ІІ, паўлаўскі адкат ад палітыкі дэунізацыі, нацыянальна-рэлігійны лібералізм Аляксандра І разам з абаронай уніятамі сваёй веры забяспечылі ўніяцкай царкве яшчэ чатыры дзесяцігоддзі існавання.

 

 


 

1. Сословия и государственная власть в России. ХV — середина ХIX вв.: Международная конференция. Чтения памяти академика Л. В. Черепнина: Тезисы докладов, Москва, 13—16 июня 1994 г. Ч. II. Москва, 1994. С. 346.

 

2. Loret M. Kościoł katolicki a Katarzyna II. 1772—1784. Kraków—Warszawa: Druk. W. L. Anczyca i spółki, 1910. S. V.

 

3. Горючко П. С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии 1795—1805 годов. Киев: Типогр. И. И. Горбунова, 1902. С. 37.

 

4. Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku uwążane głównie ze względu na przyczyny jego upadku. Warszawa: Druk. P. Laskauer, 1906. Cz. 1—2. S. 170.

 

5. Nabywaniec St. Unicka archidiecezja kijowska w okresie rządów arcybiskupa Felicjana Wołodkowicza. 1762—1778. Rzeszów: Polygrafia Wyższego Seminarium Duchownego w Rzeszowie, 1998. S. 390.

 

6. Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku. S. 184.

 

7. Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku. S. 174.

 

8. Горючко П. С. Материалы для истории воссоединения униатов в Белоруссии 1780—1795 годов: Списки воссоединенных церквей. Могилев, 1903. С. 1—5; Коялович М. О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 года). Минск: Лучи Софии, 1999. С. 208.

 

9. Анішчанка Я. Перавод беларускіх уніятаў у праваслаўе ў 1781—1783 гг. // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі) / Пад рэд. М. В. Біча і П. А. Лойкі. Мінск: НКФ «Экаперспектыва», 1996. С. 87—89.

 

10. Горючко П. С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии 1795—1805 годов. Киев: Типогр. И. И. Горбунова, 1902. С. 2—3.

 

11. Тамсама. С. 3—4.

 

12. Горючко П. С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии 1795—1805 годов. Киев: Типогр. И. И. Горбунова, 1902. С. 8.

 

13. Тамсама. С. 9—11, 17.

 

14. Тамсама. С. 11, 17.

 

15. Горючко П. С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии 1795—1805 годов. Киев: Типогр. И. И. Горбунова, 1902. С. 11—13.

 

16. Сосна У. Як спрабавалі «ўз’яднаць» сялян-уніятаў (з запісак Г. Дабрыніна) // Спадчына. 1993. № 2. С. 78—81.

 

17. Истинное повествование, или Жизнь Гавриила Добрынина, им самим писанная в Могилеве и в Витебске. 1752—1823. Санкт-Петербург: Печатня В. И. Головина, 1872. С. 301—302.

 

18. Горючко П. С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии 1795—1805 годов. Киев: Типогр. И. И. Горбунова, 1902. С. 18, 21.

 

19. Горючко П. С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии 1795—1805 годов. Киев: Типогр. И. И. Горбунова, 1902. С. 21—23.

 

20. Тамсама. С. 24—26.

 

21. Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku. S. 249.

 

22. Paszkiewicz P. W służbie Imperium Rosyjskiego. 1721—1917: Funkcje i trześci ideowe rosyjskiej architektury sakralnej na zachodnich rubieżach cezarstwa i poza jego granicami. Warszawa: Instytut sztuki Polskiej Akademii nauk, 1999. S. 79.

 

23. Сосна У. Уніяцкае пытанне ў беларускай вёсцы ў канцы ХVIII — першай палове ХІХ ст. // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі) / Пад рэд. М. В. Біча і П. А. Лойкі. Мінск: НКФ «Экаперспектыва», 1996. С. 96.

 

24. Історія релігій в Україні: В 10 т. Т. 4: Католицизм / За ред. П. Яроцького. Київ: Видавництво «Світ знань», 2001. С. 297.

 

25. Коялович М. О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 года). Минск: Лучи Софии, 1999. С. 368.

 

26. Тамсама. С. 362—363; Никольский Н. М. История русской церкви. Минск: Беларусь, 1990. С. 289.

 

27. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 3245, воп. 2, спр. 3, арк. 7, 10, 25 адв.

 

28. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (г. Санкт-Пецярбург). Ф 823, воп. 2, спр. 2934, арк. 1—5.

 

29. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 468, воп. 43, спр. 626, арк. 18—19 адв.

 

30. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 796, воп. 79, спр. 628, арк. 83 адв.— 84.

 

31. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 468, воп. 43, спр. 626, арк. 17 — 17 адв.

 

32. Горючко П. С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии 1795—1805 годов. Киев: Типогр. И. И. Горбунова, 1902. С. 37.

 

33. Даўгяла З. Урадавыя адносіны да уніятаў на Меншчыне ў часы Паўла І // Гістарычна-археалагічны зборнік. Менск, 1927. № 1. С. 131—151.

 

34. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1374, воп. 1, спр. 43, арк. 6.

 

35. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 796, воп. 82, спр. 23, арк. 1.

 

36. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 796, воп. 82, спр. 23, арк. 29.

 

 


 

Сымон Лукошка — дасьледчык канфэсійнай гісторыі Беларусі.