Сёння вельмі цяжка звярнуць на сябе ўвагу нават грунтоўным навуковым даследаваннем. Адсюль імкненне некаторых прадстаўнікоў маладзейшай генерацыі, што прыйшлі ў навуку, спрабаваць сябе ў іпастасі эпатажных даследчыкаў, а то і аўтараў тэкстаў кан’юнктурна-палітычнай праблематыкі.

Трэба ўсюды торкацца як Піліп з канапель!

У гэтым сакрэт перамогі ў жыцці!

(Андрэй Мрый «Запіскі Самсона Самасуя»)

 Кожны, хто быў верным будучыні і

памёр за тое, каб яна была цудоўнай,

падобны да статуі, высечанай з каменя.

(Юліус Фучык)

Ці чуеш мяне, Беларусь?..

Сёння вельмі цяжка звярнуць на сябе ўвагу нават грунтоўным навуковым даследаваннем. Адсюль імкненне некаторых прадстаўнікоў маладзейшай генерацыі, што прыйшлі ў навуку, спрабаваць сябе ў іпастасі эпатажных даследчыкаў, а то і аўтараў тэкстаў кан’юнктурна-палітычнай праблематыкі. Ужо даводзілася пісаць пра так званы палемічны артыкул гісторыка Аляксандра Гронскага «Кастусь Каліноўскі: канструіраванне героя» (1). Прызнаюся, спачатку падалося, што амбіцыйны малады даследчык неяк чыста выпадкова, па збегу акалічнасцей ці па замове рэдакцыі, неабдумана змясціў свой праблемны тэкст у часопісе «Беларуская думка» (2).

Найперш легкамыснасць аўтара ўбачылася ў тым, што публікацыя была прымеркавана акурат да 170-годдзя з дня нараджэння рэвалюцыянера. Аднак цяпер (значна пазней) высветліў, што наіўна памыляўся: рэвізіянісцкая пазіцыя А. Гронскага не выпадковая, а прынцыповая (што можна зразумець!), і, аказваецца, яна растыражыравана ледзь не на ўвесь свет (што нельга пакідаць без адпаведнай ацэнкі!). Па сутнасці, адзін і той жа артыкул пад рознымі назвамі амаль адначасова быў апублікаваны аўтарам у трох розных і, заўважу, ганарарных выданнях: часопісах «Беларуская думка» і«Свободная мысль», газеце «7 дней». (3)

Гэты ж матэрыял знайшоў сваё адлюстраванне і ў інтэрнеце, дзе стаўся падставай для дыскусіі пад кідкай назвай «Калиновский — белорусский антигерой!» (Сакавік 25, 2007). Яе ініцыіраваў блогер zjniec (жнец?), які канстатаваў:

«Вот и я, возможно,совсем не трогал бы эту тему, но всё чаще и чаще звучащее имя Калиновского вынуждает к разговору о нём… Чтобы обозначить свою позицию, воспользуюсь исследованием замечательного молодого белорусского историка А. Гронского — «Национально-религиозные воззрения В.К. Калиновского и их выражение в «Мужицкой правде» накануне и в период польского восстания 1863–1864 гг.», где автор анализирует историю появления и развития мифов о Калиновском. Приведу его в несколько сокращённом виде, полный же текст можно посмотреть на сербском языке по адресу…» (4).

Лагічна дапусціць, што zjniec, які назваў А. Гронскага «замечательным молодым белорусским историком», ёсць сам А. Гронскі ці хтосьці з яго найбліжэйшых сяброў. Бо ў іншым выпадку справа выглядае цалкам непраўдападобна: нехта не толькі выхваляе гісторыка, але і нібыта перакладае яго артыкул з сербскай мовы на рускую, каб затым скараціць і змясціць тэкст (дарэчы, блізкі да называных газетна-часопісных публікацый) з адпаведнымі спасылкамі на ўласнай інтэрнет-старонцы. Ці шмат знойдзецца ў свеце такіх самаадданых дабрадзеяў!?

Нават ужо агучаная інфармацыя падштурхоўвае зрабіць шэраг папярэдніх высноў. Першую, звязаную з некаторымі маральнымі аспектамі пытання, выразнай схільнасцю да містыфікацыі і навуковай «сціпласці», пакуль фармуляваць не буду. Другая, сумняваюся, што А. Гронскі ведае, што такое самасуеўшчына, хто такі суддзя і філосаф Торба, аднак дзейнічае шаноўны гісторык, нібы паслухаўшы параду азначанага літаратурнага персанажа, якая выкарыстана мною ў якасці эпіграфа. Трэцяя, факт надзвычай настойлівага пашырэння і нават прапаганды ўласнага артыкула сведчыць аб тым, што аўтар павінен быць вельмі высокай думкі пра яго ўзровень і якасць.

Інтэлектуальны прадукт, пра які ідзе гаворка, ужо прайшоў апрабацыю, прычым як перад публікацыямі ў папяровых СМІ, так і пазней. Яшчэ ўвесну 2007 года падыходы А. Гронскага да ўзнятай ім праблемы былі ацэнены адным яўна неангажаваным блогерам наступным чынам:

«Нечем Вам заняться, как искать сомнительные факты из жизни Калиновского. Может стоит попытаться [найти. — І.З.] что-нибудь положительное в личности и деятельности Калиновского? А то Вы как-то набросились на человека, который и оправдаться не может» (4).

Вельмі слушную ацэнку ступені навізны папулярызаваных А. Гронскім трактовак даў гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:

«Па вялікім рахунку, высновы А. Гронскага пра Каліноўскага — не больш як «рэанімэ» старых тэарэтычных палажэння савецкага гісторыка Самуіла Агурскага, выказаных яшчэ ў далёкім 1928 г. у кнізе «Нарысы па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі (1863—1917)», якія ў крыху камунізаваным выглядзе паўтаралі высновы работы Васіля Ратча пра Каліноўскага як «самолюбивого безумного мятежника», фанатычнага рэвалюцыянера, які адначасова быў свядомым палякам. Спрабуе А. Гронскі расшыфраваць і гісторыю паўстання міфа пра Каліноўскага, якая, на яго думку, была мэтанакіраванай акцыяй тых, каго ў савецкі час ахрысцілі «нацдэмамі», а цяпер любяць здзекліва называць «адраджэнцамі» (5).

У гэтым сэнсе вельмі паказальна, што ў публікацыях нашага «замечательного» гісторыка, які, здавалася б, павінен усё заўважаць, нават не згадваецца імя С. Агурскага, пастулаты якога гэтак актыўна выкарыстоўваюцца нашым сучаснікам. У такой сітуацыі ёсць альтэрнатыва: або А. Гронскі «не ведаў», што ставіць пад сумненне яго прафесійную кампетэнтнасць, або свядома «праігнараваў» постаць аднаго з найпершых сваіх ідэйных папярэднікаў і яго «Нарысы…», у дадатку да якіх, дарэчы, упершыню былі перадрукаваны ўсе нумары «Мужыцкай праўды».

Справа ў тым, што публікацыя «Кастусь Каліноўскі: канструіраванне героя», як і тоесная «Канструіраванне героя: Кастусь Каліноўскі», прасякнута такім духам, які вобразна, але, здаецца, найбольш дакладна, можна акрэсліць лозунгам «Да Гронскага амаль нічога акрамя фальшаванняў у каліноўсказнаўстве не было!». Своеасаблівае машэнства і неарыгінальнасць сучаснага запраўскага гісторыка можна праілюстраваць дзякуючы ўсяго дзвюм цытатам:

«Мужыцкая праўда» «фактычна з’яўлялася польскім выданнем, адзінай задачай якога было ўцягнуць у барацьбу беларускіх сялян за інтарэсы кіраўнікоў польскага паўстання, г. зн. за аднаўленне Польшчы ў межах 1772 г.» (з «Нарысаў…» С. Агурскага);

«Кастусь Каліноўскі зусім не быў беларускім прадстаўніком… Стварылі гэтага міфічнага героя і даводзяць, што ён у 1863 г. выступаў як абаронца сялянства, як кіраўнік сялянскага паўстання. Ніводзін гісторык не сказаў, што ў 1863 г. было сялянскае паўстанне. Усім вядома, што гэта было паўстанне дваранства, буржуазіі і толькі часткова заможнага сялянства за незалежнасць Польшчы (з выступу С. Агурскага падчас дыскусіі на ХІІ з’ездзе КП(б)Б у 1929 годзе)» (6).

І такая пазіцыя тады перамагла, што і было зафіксавана ў пастанове гэтага бальшавіцкага форуму, у якой утрымліваўся заклік да барацьбы з ідэалізацыяй вобраза рэвалюцыянера. Цяжка пазбыцца адчування, што А. Гронскі ажно праз шэсць дзесяцігоддзяў імкнецца паслядоўна выконваць тую дырэктыву. Ён піша:

«Складывается впечатление, что Калиновский использовал белорусский язык только в целях пропаганды среди сельского населения. То, что создание «Мужыцкай праўды» было чисто пропагандистской акцией, подтверждает существование польскоязычной газеты «Хоронгев свободы» («Chorągiew swobody»), участие в выпуске которой принимал Калиновский» (2, с. 86); «Именно в силу создания искусственного мифа польский революционер-фанатик Винцент Константы Калиновский превратился в «белорусского революционного демократа Кастуся Калиновского» (2, с. 87).

Не трэба асаблівай праніклівасці, каб пераканацца, што нам прапануюцца ўсяго толькі варыяцыі а-ля Агурскі з захаваннем інварыянтнасці, так сказаць, ідэйна-тэматычных параметраў. Гэта не новае «Я» ў каліноўсказнаўстве, а бляклы, хоць і падноўлены ў духу часу, адбітак ідэй колішняга апалагета яўрэйскага рабочага руху і аднаго з пачынальнікаў змагання супраць так званых беларускіх нацдэмаў. С. Агурскаму неабходна было развянчаць станоўчы імідж і беларускасць Каліноўскага, каб сцвердзіць іншую ідэю: праўдзівы рэвалюцыйны рух на Беларусі пачынаецца не з 1863, а з 1897 года калі на з’ездзе ў Вільні была ўтворана нацыянальная сацыял-дэмакратычная арганізацыя яўрэйскіх рабочых Бунд, гісторыя якой тады ідэалізавалася і праслаўлялася ў СССР.

Прашу прабачэння за выказаную загадзя брутальную здагадку, але, мяркуючы па выпадку з С. Агурскім, можна прадбачыць, што прозвішчаў даследчыкаў-«донараў», у якіх наш хвацкі гісторык будзе «пазычаць» фактуру для сваіх сенсацыйных штудый, мы, мабыць, ні ў якім разе не ўбачым у адмысловым спісе, які фігуруе пад найменнем «Літаратура». І сапраўды, напрыклад, імя Вячаслава Шалькевіча ў публікацыі адсутнічае. А гэта прызнаны адкрывальнік не аднаго важнага эпізода з жыццяпісу рэвалюцыянера і казусаў у рэцэпцыі яго спадчыны. Не буду абцяжарваць чытачоў грувасткімі цытатамі, а проста канстатую, што такія знешне кампетэнтныя і, галоўнае, не забяспечаныя спасылкамі развагі А. Гронскага пра імёны Каліноўскага і акалічнасці яго «паўставання» ў айчыннай гістарыяграфіі напрамую генетычна звязаны з канкрэтнымі публікацыямі. І гэта артыкулы В. Шалькевіча «Калі з’явілася імя Кастусь?» («Голас Радзімы», 1990), «Ля вытокаў: Пра першы артыкул на беларускай мове, прысвечаны К. Каліноўскаму» («Літаратура і Мастацтва», 1990), «Каліноўскі: Канстанцін, Кастусь ці Вікенцій» («Беларуская мінуўшчына», 1994) і шэраг пазнейшых (7), матэрыял якіх А. Гронскі прыўдала «канспектуе» і такім чынам ціхмяна «прыўлашчвае» зусім не сваё.

Зрэшты, існуюць і іншыя правераныя «методыкі» тварэння ўласнага рэнамэ. Прыгадваюцца, скажам, «захады» вядомай крылоўскай Моські, што брэша на Слана. Так, А. Гронскі піша:

«По мнению Г.В. Киселёва, «в 1915 году Максим Богданович писал о Калиновском в статье «Белорусское возрождение», как будто примеряя его личность к контексту белорусской национально-культурной истории [1]. Однако исследователь грешит желанием выдать желаемое за действительное. Приведём цитату Богдановича полностью: «Польские повстанцы 1863 г. в свою очередь выпустили ряд изданий на белорусском языке. Таковы «Мужыцкая праўда», «Гутарка старога дзеда», «Перадсмертны разгавор пустэльника Пятра» и т. д. К. Калиновский издавал даже в Белостоке белорусскую газету «Hutarka» (стихотворную), подписываясь псевдонимом «Яська-гаспадар з-пад Вільні» [2, с. 408]. Никакой привязки к контексту белорусской истории нет» (2, с. 82).

Пафасна, безапеляцыйна і цалкам … беспадстаўна! Мушу канстатаваць, што ключавы вывад дыхтоўнага гісторыка (прапаную даволі мяккую ацэнку!) — глупства, па-руску — чушь. Ён сведчыць аб тым, што аўтар проста не разумее асаблівасці словаўжывання і не адрознівае вузкае і шырокае значэнне слова кантэкст. Давядзецца патлумачыць, што кантэкст — гэта не толькі закончаная ў сэнсавых адносінах частка тэксту, якая дазваляе ўдакладніць значэнне кожнага слова, але і асяроддзе, у якім існуе ці можа натуральна існаваць нейкі аб’ект.

Генадзь Кісялёў, светлая яму памяць, цалкам слушна сцвярджаў, што для М. Багдановіча згадванне К. Каліноўскага не супярэчыла тэматыцы і праблематыцы (агульнаму сэнсу) яго гаворкі пра беларускае адраджэнне. Аднак, думаецца, у даным выпадку прычына хаваецца не толькі і нават не столькі ў невуцтве А. Гронскага, а ў яго намеры любым чынам дыскрэдытаваць вядомага і кампетэнтнага даследчыка і менавіта такім танным спосабам самасцвердзіцца.

Дарэчы, гэтай невялікай Багдановічавай цытаце прысвечаны асобны цікавы артыкул Г. Кісялёва «Ці было такое выданне? Даследчыцкі сюжэт з Багдановічам, Каліноўскім і бібліяграфічнымі рэбусамі» (8).

Немалаважна, што прыведзены вышэй фрагмент тэксту А. Гронскага ілюструе неахайнасць і даследчую недакладнасць аўтара, яго слабую навуковую падрыхтоўку, што ў сукупнасці ставіць пад сумненне і яго тэарэтычную самавітасць. Вось недэфармаваны тэкст Г. Кісялёва:

«У 1915 г. Максім Багдановіч пісаў аб Каліноўскім у артыкуле «Беларускае адраджэнне», нібы «прымерыўшы» яго асобу да кантэксту нацыянальна-культурнай гісторыі» (9).

Як бачым, бездакорны гісторык вельмі адвольна абышоўся з дзеепрыслоўем «прымерыўшы»: па нейкіх сваіх меркаваннях пазбавіў яго аўтарскага двукосся, а закончанае трыванне замяніў незакончаным (адэкватны пераклад — примерив, а не примеряя). Можна запярэчыць, што гэта цалкам даравальная прыватнасць, на якую не варта звяртаць столькі ўвагі. Але, здаецца, для А. Гронскага гэта звычайная практыка, а яго выкрывальна-асуджальны артыкул з ляментацыямі з нагоды гаротнага стану каліноўсказнаўства на пільную ўвагу якраз і прэтэндуе.

А. Гронскі ў публікацыях не прамінае пазначаць свае «рэгаліі» — кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Вучоную ступень ён атрымаў за даследаванне «Политическая полиция Российской империи и её деятельность на территории Беларуси во второй четверти ХІХ — начале ХХ в.» (Мінск, 2003). Уражвае, колькі пасля 1991 года, усяго за нейкае дзесяцігоддзе, было зроблена ў расійскай гістарыяграфіі ў рэчышчы пераўтварэння-трансфармацыі вобраза жандараў — ранейшых не інакш як «паскудных душыцеляў свабоды» — у ледзь не выключна высакародных ахоўнікаў законнасці і правапарадку ў імперыі. Вось дзе на ўдзячнай кан’юнктуры пашчыравалі гісторыкі ў развянчанні савецкіх «міфаў». Увайшлі ў смак мяняць нядаўні мінус на плюс.

Натуральна, не маю намеру высвятляць, якім чынам праца А. Гронскага карэлюе з манаграфіяй яго навуковага кіраўніка доктара гістарычных навук, прафесара І. Аржахоўскага «Самодержавие против революционной России (1826–1880 гг.)» (Масква, 1982). Таму заўважу, што пасля павярхоўнага азнаямлення з кваліфікацыйным даследаваннем кандыдата навук прыйшлося расчаравацца і палічыць падманутымі мае спадзяванні знайсці штосьці новае пра К. Каліноўскага, жандарскага палкоўніка А. Лосева, намаганнямі якога быў схоплены рэвалюцыянер, пра сумнавядомага М. Мураўёва ці хаця б пра ролю жандармерыі ў падзеях 1863–1864 гг. Вядома ж, што існуе гіпотэза, паводле якой сам заўчасны тады рэвалюцыйны выступ быў справакаваны ахранкай. Актуальна, цікава, малавывучана…

Аднак высветлілася, што ў дысертацыі А. Гронскага непасрэдна паўстанню прысвечана ўсяго каля дзвюх старонак тэксту, і з такога «беднага» матэрыялу неабгрунтавана робіцца вывад, на якім і акцэнтуецца ўвага: з-за саслоўнай карпаратыўнасці жандарскія чыны надзвычай ліберальна ставіліся да арыштаваных паўстанцаў і стваралі для іх ледзь не цяплічныя ўмовы зняволення. Чытаеш, а міжволі прыгадваюцца два аб’ёмныя тамы выключна тэндэнцыйных «Архивных материалов муравьёвского музея, относящиеся к польскому восстанию в пределах Северо-Западного края» (Вільня, 1913), з якіх А. Гронскі не толькі чэрпаў факты, але і некрытычна для навукоўца «пераймаў» адпаведны «светапогляд». Бліскучы гісторык, напрыклад, піша ў дысертацыі:

«Часть участников восстания была приговорена к смертной казни. При этом, если повстанец занимал руководящие должности в органах управления восстания, смертная казнь через расстрел заменялась повешением. То же касалось повстанцев, совершивших во время восстания уголовные преступления. Однако для повешения нужны были палачи, а их не хватало, поэтому М.Н. Муравьёв допускал в некоторых случаях замену повешения расстрелом. Казнённого под наблюдением жандармского офицера доставляли к месту казни под усиленным конвоем пехоты и казаков» (10).

Тут справа нават не ў імавернай ацэначнай канатацыі, а ў тым, што аўтар прадэманстраваў чарговы прыклад уласнай непісьменнасці. У апошнім сказе ляпсус проста анекдатычнага характару. Памятаеце — што напісана пяром… У духу абсурдысцкай мастацкай літаратуры А. Гронскі (калі напісанаму ім апрыёры можна верыць?) з-за праблем з правільным словаўжываннем, яўна не жадаючы, стварае проста гратэскную карціну. Толькі ўявіце сабе, як «под усиленным конвоем пехоты и казаков» «к месту казни» «под наблюдением жандармского офицера» дастаўляюць не асуджанага ці прыгаворанага да страты, а «казнённого», г. зн. труп, нежывое цела індывіда, якога па прысуду ўжо раней пазбавілі жыцця. Калі аўтар піша як думае, то застаецца толькі параіць яму ўсё ж думаць, што ён піша, асабліва ў даследаванні, якое прэтэндуе на навуковасць. Бо перад намі ўдзячны матэрыял для чарговай мініяцюры аднаго вядомага гумарыста. Маю на ўвазе Задорнава. Любімы мною рускі крытык Дзмітрый Пісараў, якога справядліва залічаюць да шэрагаў «пакутнікаў слова», у свой час папярэджваў:

«…Неправильное употребление слов ведёт за собою ошибки в области мысли и потом в практической жизни» (11).

Варта прыслухацца.

Дэкларацыйна А. Гронскі ўбіраецца ў строі ваякі за чысціню нацыянальнай свядомасці і менталітэту, бездакорнасць якіх трэба бараніць ад небяспечных гістарычных міфаў, аўтарамі якіх ёсць розныя аматары мінуўшчыны ды прафаны. Напрыклад, Вацлаў Ластоўскі, які «не был историком по образованию, и его работу можно отнести лишь к исторической беллетристике, представляющей из себя набор фактов с приданием им националистической окраски» (2, с. 82). Тым не меней сучасны гісторык па адукацыі прысвяціў асобны раздзельчык «Первая попытка конструирования» артыкулу «Памяці Справядлівага» (1916) згаданага вышэй дылетанта.

Наш незраўнаны прафесіянал абраў лёгкі шлях: матэрыялу В. Шалькевіча «Ля вытокаў: Пра першы артыкул на беларускай мове, прысвечаны К. Каліноўскаму» ён проста надаў «антынацыяналістычную» афарбоўку. Вось напісаў і падумалася, што выбар і пошукі нейкай адметнай формы майго водгуку ўладна дыктуюцца самім аналізаваным тэкстам, якому варта даць нейкае азначэнне. Нескладана, пераняўшы методу гісторыка, вызначыць яго артыкул «Кастусь Каліноўскі: канструіраванне героя» як гісторыка-публіцыстычны пасквіль з наборам тэндэнцыйных, афарбаваных фактаў. Ужо прыводзіліся аргументы, якія пацвярджалі правамернасць такой «жанравай намінацыі». Дадам яшчэ.

А. Гронскі перакананы, што раней (да 1916 года) пра беларускасць рэвалюцыянера не пісалі таму, што «ещё были живы свидетели польского восстания 1863–1864 годов» (2, с. 82). Але ж маюць права на існаванне і іншыя меркаванні. Так, Анатоль Сідарэвіч, на мой погляд, цалкам слушна, адзначыў:

«Першаю асаблівасьцю беларускага руху было тое, што яго пачынальнікі нічога або блізу нічога ня ведалі пра сваіх папярэднікаў. Яшчэ ў 1911 г. — у артыкуле «На дарозе да новага жыцьця» — А. Луцкевіч называў часопіс беларусаў-нарадавольцаў «Гомон» газэтаю. Толькі ў 1920 г., пішучы артыкул «Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры», ён назаве Кастуся Каліноўскага і працытуе творы дыктатара паўстаньня паводле, мякка кажучы, некарэктнае публікацыі іх Вацлавам Ластоўскім у «Гомане». І калі ў 1920 г. ён — услед за Ластоўскім — называе «Мужыцкую Праўду» часопісьсю, дык у 1933 г. сьцьвярджае: «Цяпер … мы можам увачавідкі пераканацца, што газэтай «Мужыцкая Праўда» не была. Гэта быў папросту цыкл адозваў пад адным агульным загалоўкам… Характэрна, што сам жа Каліноўскі ў «Муж. Праўдзе» называе гэтыя лістоўкі сваімі пісьмамі, ня маючы ніякае прэтэнзіі да назову «газэты» (12).

Ці возьмем інфармацыю пісьменніка Андрэя Мрыя (Шашалевіча), які падчас сваіх вандровак па Беларусі ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя не толькі гутарыў са сведкам паўстання (13), але і адзначыў неабыякавасць тагачасных краязнаўцаў да матэрыялаў з ім (паўстаннем) звязаных (14). Раней жа, асабліва за царскім часам, з-за цэнзуры мела права на існаванне ўсяго адна, добра вядомая А. Гронскаму, бо ён выступае ў ролі сучаснага яе рэтранслятара, і адназначная трактоўка падзей 1863–1864 гг.

Мой верагодны апанент справядліва можа запярэчыць, што пераважна абапіраюся на даробак так званых белнацдэмаў. Паспрабую выправіць сітуацыю. Шукаючы матывацыі светапоглядных арыенціраў А. Гронскага, мне прыйшла думка перагартаць выдадзеную ў Мінску ў 1987 годзе (гучную тады) кнігу «Дарункі данайцаў». А гэта і катэхізіс, і хрэстаматыя працаў тутэйшых савецкіх барацьбітоў з рознымі варожымі -ізмамі, у тым ліку з нацыяналізмам. У вельмі многіх адносінах нашага ўвішнага гісторыка можна лічыць прамым ідэйным вучнем, паслядоўнікам і нават прадаўжальнікам справы не аднаго з тагачасных аўтараў калектыўнага зборніка «Дарункі данайцаў».

У ім змешчаны артыкул В.Я. Бегуна з іранічна-цынічнай назвай «Спаленне Венеры». Здаецца, нічым асаблівым ён не вылучаецца, бо адпавядае пафасу і скіраванасці іншых аўтарскіх публікацый — спецыяльна для А. Гронскага — кантэксту кнігі. У ім згадваецца такі факт: да 150-годдзя з дня смерці Вальтэра адзін з заходніх яўрэйскіх даследчыкаў выдаў кнігу пра славутага асветніка і энцыклапедыста, дзе называў яго «фальсификатором, литературным хамелеоном, человеком бесстыдным и неразборчивым в средствах, варваром и лжецом» (15). Аб’ектам крытыкі В. Бегуна быў, зразумела, не канкрэтны антывальтэр’янец, а падкопы сусветнага сіянізму на гісторыка-культурнай глебе. У сувязі з гэтым філосаф з Беларусі апавядаў таксама пра канцэпцыі і тэорыі так званых буржуазных псіхіятраў-яўрэяў Ламброза і Фрэйда. Па меркаванні аўтара, яны дзейнічаюць па-сіянісцку разбуральна, калі даюць ацэнкі асобам выдатных дзеячаў розных нацыянальных культур і іх чыннасці. Здзівіла не столькі навізна фактаў, колькі падставы пераканацца, што няма нічога новага, што ўжо не было б сказана.

У падтытуле назвы майго артыкула быў зафіксаваны намер раскрыць тэхналогіі астракізму ў стаўленні да вядомай постаці ў нацыянальнай гісторыі і культуры. Зразумела, мяне не абыходзіць пытанне пра арыгінальнасць ці другаснасць вывадаў, агучаных В. Бегуном пры выкрыцці аналагічных тэхналогій даўнейшых сіяністаў. Я добра ведаю, што ідэолагі Краіны Саветаў ва ўсе часы выступалі як паслядоўныя абаронцы сусветнай класічнай культурнай спадчыны. Але ў артыкуле В. Бегуна апісаны механізмы, матывы і вынікі рэвізіянісцкага перагляду спадчыны і асобасных характарыстык нацыянальных карыфеяў, цалкам аналагіныя выкарыстаным А. Гронскім. Больш за тое, міжволі напрошваюцца пытанні: «Ціне засвойваў адпаведныя методыкісучасны гісторык з названага артыкула, каб пазней выкарыстаць іх на практыцы? Або яны, методыкі і тэхналогіі, сапраўды маюць універсальны і пазачасавы характар? Ці можа А. Гронскі не быць знаёмы з хрэстаматыяй савецкага антынацыяналізму ў Беларусі?» І гэтак далей, і да таго падобнае.

Даволі папярэдніх тлумачэнняў. Вось яны фрагменты ідэалагічна вытрыманага артыкула В. Бегуна, якія больш чым за два дзесяцігоддзі перад гэтым нібы непасрэдна былі напісаны пра «канцэптуальныя інавацыі» А. Гронскага:

«Любое разрушение сподручнее начинать с основ. Важнейшей же из основ жизни нации является классическое культурное наследие. Осмеять, опорочить его, внушить неуважительное отношение к нему (…) — значит ослабить основы национальной жизни, выхолостить патриотизм, снизить у людей иммунитет к чужому и враждебному влиянию. Такой обескровленный в культурном отношении народ станет лёгкой добычей перед натиском высокоорганизованных сионистских политиканов. Как происходит подобная работа? (…) Объектом для нападок избирается тот или иной национальный гений. Для народа он — величайший из людей, создавший для нации и человечества свои бессмертные творения. Всё, что создано им, связано с душой народа, национальным характером, идейными воззрениями, но отнюдь не с какими-либо недостатками личности творца. (…) Однако тот, кто руководствуется злым умыслом, кому этом гений безразличен и чужд, даже враждебен, размышляет совсем иначе. Он начинает мерить его тем же аршином, что и любую посредственность. (…) Многократное повторение в средствах массовой информации и литературе подлинных, преувеличенных или мнимых пороков и недостатков, особенно, если этим занимаются люди, пользующиеся кредитом доверия, способно принизить самый уважаемый авторитет» (15, с. 336–337).

У далейшым гаворыцца, што Ламброза абвясціў кожнага генія «психически ненормальным» чалавекам, цынізм сваіх ацэнак назваў «итогом служения истине», абвінаваціў ў п’янстве, абжорстве ды іншых непрыстойнасцях многіх вядомых гістарычных дзеячаў, якім даваў «непочтительные прозвища», што Фрэйд як шарлатан карыстаецца любімым «методом предположений — «кажется», «может быть», «по всей вероятности», «утверждать это с полной уверенностью нельзя», «точно доказать этого нельзя» и т.п.» (15, с. 340), «корпаецца» ў біяграфіях Леанарда да Вінчы і Дастаеўскага, што бяздоказна здзекуюцца са славутасцяў і іншыя блізкія да сіянізму псеўдадаследчыкі, а ўсе разам яны — аматары карыстацца рознымі чуткамі, плёткамі, паклёпам.

А вось фрагменты з артыкула А. Гронскага і электроннага рэсурса Zjniec: «Земля полнится слухами, а политика мифами» (2, с. 82). І з гэтай паказальнай канстатацыі вучоны гісторык пачынае свае публікацыі ў папяровых выданнях!

«…Текст «Мужицкой правды» по своей агрессивностинапоминает эпилептоидные тексты по классификации В.П. Белянина. Это ещё одно лишнее подтверждение психического заболевания В.К. Калиновского. Именно поэтому поведение и деятельность этого человека следует рассматривать не только с политических или национальных позиций, но и с точки зрения психиатрии» (4).

Як бачым, камусьці не даюць спакою лаўры Фрэйда і ён смела практыкуецца ў пастаноўцы ўласнага дыягназу.

«Но вот на счёт белорусской историографии — (…) передрали грубо польские опусы. Тупо «прихватизировали» выводы польских исследователей, сдобрив колоритом местного краеведения и сомнительного рода фантазий. Плюс мифотворчество местного писателя Короткевича, пропивающего очередной гонорар с авансом под роман на тему революционной борьбы белорусского народа с самодержавием. Вот вам в итоге и роль Калиновского в истории» (4).

Канешне, на такое здольны не кожны. Груба пераказваць вывады расійскага генерала Васіля Ратча, кантамінаваўшы іх з класавымі крытэрыямі ацэнак яўрэя Самуіла Агурскага, па дарозе выбарачна «прыхватызуючы» напрацоўкі вядомых сучасных гісторыкаў, а затым усю гэтую мутную кампіляцыю прадставіць як інавацыйны падыход у беларускай гістарыяграфіі. І вось яна — сапраўдная перліна самавыяўлення: цалкам у духу Ламброза ахарактарызаваць любімага народам Караткевіча, называючы яго тутэйшым пісьменнікам, і пры гэтым сціпла самапрадстаўляцца ці, дакладней, прэтэндаваць на званне «замечательного белорусского историка».

Што датычыць «непочтительного прозвища», то дастаткова двух прыкладаў: «попытка искусственно создать белорусского идола» (2, с. 84), «революционер-фанатик» (2, с. 87). Фармулёўка «штучна створаны беларускі ідал», думаецца, можа быць кваліфікавана як непаважлівая мянушка, а значэнне слова фанатык (ад лац. fanaticus = раз’юшаны, непрытомны) не вымагае тлумачэння. Тое, што публікацыі А. Гронскага з’яўляюцца толькі «итогом служения истине», мусіць пацвярджаецца само па сабе суцэльнай прасякнутасцю іх праўдашукальніцкім пафасам.

Нарэшце, каб канчаткова разабрацца з бегуноўска-фрэйдаўскім кантэкстам, дастаткова будзе прывесці маленькі фрагмент з артыкула сапраўды «замечательного» гісторыка А. Вашкевіча «Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім» — «нічога лепшага за «канцэптуальны» артыкул А. Гронскага (дзе на шасці старонках тэксту ці не тузін разоў сустракаюцца выразы кшталту «судя по всему», «видимо», «скорее всего», «во всяком случае»)» (5). Нават вырваны з кантэксту ён (фрагмент) пацвярджае наяўнасць заўважанага А. Вашкевічам «метода предположений» гэтак шырокаўжыванага даследчыкам А. Гронскім.

А. Гронскі горача і дзейсна не прымае «новую националистическую концепцию истории, начавшую формироваться в конце 80-х годов ХХ века» (2, с. 82). І ў гэтым ён зусім не адзінокі. Даволі прыгадаць пазбаўленую грубых падтасовак, але «засцярожлівую» публікацыю «Кошт мужыцкай крыві, альбо Спрэчкі вакол Кастуся Каліноўскага: учора і сёння» доктара гістарычных навук, прафесара Валерыя Чарапіцы, што пабачыла свет яшчэ у 2001 г. у газеце «Белорусская нива» (16). Ужо ў пачатку аўтар дэкларуе: «Шчыра жадаючы прыбліжэння да праўдзівага разумення месца і ролі гэтага чалавека ў беларускай гісторыі, паспрабую па меры мажлівасці паразважаць над тым, як даследавалася постаць Кастуся Каліноўскага, а таксама хто і чаму, апелюючы да гістарычнай навукі, узносіў і ўзносіць яго на высокі грамадска-палітычны п’едэстал» (17).

Думаецца, не буду далёкім ад ісціны, калі выкажу меркаванне, што А. Гронскі павінен ведаць гэтую публікацыю. Але малады навуковец свайго ведання не засведчыў. Нескладана здагадацца чаму так сталася. Дарэчы, В. Чарапіца знаёміць чытачоў з пазіцыяй Юрыя Весялоўскага, выкладзенай у адмысловым артыкуле, змешчаным, як можна меркаваць, у праваслаўным лонданскім беларускім царкоўна-грамадскім часопісе «Голас часу» ўвесну 1991 года. Прафесар піша:

«Адказваючы (відаць, няўдалы пераклад з рускай мовы: больш стасуецца адмаўляючы. — І.З.) Каліноўскаму ў праве называцца беларускім лідэрам, Юрый Весялоўскі знаходзіць іх, гэтых лідэраў, у асобах кіраўнікоў сялянскіх паўстанняў, на чале якіх стаялі Галота, Глінскі, Гаркуша, Крычэўскі і інш.» (18).

Што датычыць бягучага моманту, то якраз сёння без асаблівых праблем можна заснаваць «магутны гурток» ці нават грамадскую арганізацыю апанентаў «міфа» пра К. Каліноўскага, а А. Гронскага абраць іх заслужаным сакратаром.

Такім чынам, А. Гронскі не проста асоба ці выключны гісторык, пра публікацыю якога вяду гаворку, а адзін з апошніх па часе рэпрэзентантаў пэўнага пункту гледжання. У сувязі з гэтым шчыра хочацца на нейкі час забыць і пра акрэслены тон яго артыкула, і пра відавочную жаўцізну гэтага матэрыялу, і пра адсутнасць новых і адвольнае перакручванне старых фактаў, і пра амбіцыйнае жаданне ўзурпіраваць ісціну… і знайсці ў яго тэксце штосьці пазітыўнае. Здаецца, вось і яно: «… Придётся переписать практически всю историю Белорусского края в составе Российской империи и заново расставить некоторые акценты. Однако рано или поздно сделать это придётся» (2, с. 87).

Звяртаю ўвагу на таўталагічнасць, якая, відаць, заклікана падкрэсліць выключнасць думкі. Хоць, на жаль, у аўтарскім кантэксце выказванне гучыць, хутчэй, як пагроза нейкім невядомым ворагам, мне хочацца бачыць у ёй абяцанне, якое неўзабаве будзе выканана самім А. Гронскім. З задавальненнем пачытаю новую гісторыю Беларусі, напісаную аўтарам манаграфіі пра расійскую жандармерыю ўвогуле і тутэйшую ў прыватнасці. Вельмі спадзяюся, што наноў расстаўленыя акцэнты не будуць напрамую ўзаемазвязаны з ацэнкамі падзей у Паўночна-Заходнім краі, дадзенымі некалі службоўцамі расійскай палітычнай паліцыі і афіцыёзнымі гісторыкамі.

Некалі ў Вільні мне давялося непасрэдна вывучаць архіўныя матэрыялы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, у тым ліку і дакументы, што выходзілі з канцылярыі віленкага генерал-губернатара М. Мураўёва. Была нагода і канкрэтныя падставы не раз пераканацца, што ён быў выключным, калі не сказаць, таленавітым адміністратарам. Яму давялося надзвычай шмат працаваць, у вельмі многае ўваходзіць самому, каб трымаць сітуацыю пад кантролем. У гэтым сэнсе чыста па-чалавечы яму можна нават паспачуваць, але ніяк не таму, што сярод яго падначаленых бракавала прафесійных катаў.

Стала выказваецца думка, што беларускае сялянства ў тых падзеях прагматычна стала на бок мацнейшага, а г. зн. расійскіх уладаў. Пацверджанняў можна прывесці безліч. Скажам, белетрызаваныя «ўспаміны» Янкі Лучыны (Яна Неслухоўскага) «З крывавых дзён» у цэлым слушна абмалёўваюць тагачасную сітуацыю:

«Не хочучы ідэалізаваць факты, я мушу тут дадаць, што колькасць асоб, выдаваных у рукі ўлад, проста зменшылася, калі паменшала за гэта ўзнагарода. Урад, а дакладней самаўладны Мураўёў-вешальнік назначыў за кожнага дастаўленага паўстанца напачатку пяць рублёў, а затым тры рублі і ўрэшце знізіў аплату да сумы ў два польскія злоты. Таму спярша кінуліся на такі лёгкі шлях даходу і хапання па дарогах, нават па хатах, усякага, хто здаваўся падазроным, хоць на гэтае падозранне не было ніякіх падстаў. Здарылася нават такое, што, не ведаючы, з кім маюць справу, мужыкі ў Магілёўскай губерні злавілі на дарозе князя Крапоткіна, які вяртаўся дамоў, і даставілі яго губернатару» (19).

Але не бывае ўсё гэтак проста. У пераважнай сваёй массе сяляне не належалі да свядомай сацыяльна, а тым больш палітычна актыўнай часткі грамадства, бо яшчэ не зазналі праўдзівай эмансіпацыі і іх пазіцыю ў той час можна акрэсліць як акалічнасцёва-нейтральную (індэферэнтную). Нямала прыкладаў, што мужыкам з амаль аднолькавым поспехам можна было даць у рукі як паўстанцкую піку ці касу, так і ўрадавую стрэльбу для арганізацыі так званай самааховы. Няма ніякага сумнення ў немалых эканамічных бонусах, якія атрымала беларускае сялянства ў выніку паўстання 1863–1864 гг. і яго падаўлення. Але ж і неабвержны факт: абсалютная большасць адукаванага насельніцтва, што жыло на тэрыторыі тагачаснай Літвы і Беларусі, калі не брала ўдзел ва ўзброеным выступе, то актыўна садзейнічала і абавязкова спачувала яму.

На жаль, мы жывём у такі час, калі жаданне пісаць нярэдка важней за здольнасці, калі менеджэрская ўвішнасць ці навыкі прапіхнуць свой матэрыял важней за кваліфікацыю, калі адчуванне кан’юнктуры і змога трымацца на грэбені хваляў палітычнай моды важней за глыбіню думкі і канцэптуальнасць мыслення. Што зробіш?

Прывяду фрагменты «З запісных кніжак» Барыса Лепяшко (прашу прабачыць, калі штосьці пераблытаў у прозвішчы), аднаго з прыхільнікаў «жорсткай праўды» ў стаўленні да ўсяго нацыянальнага:

«Иногда думаешь: ну, почему ты так не любишь родную литературу? Ответ очевиден. Во-первых, она не родная. (…) Во-вторых, то, что предлагается в качестве нетленных образцов мировой художественной культуры, никогда не вызывало эстетического пиетета. Никогда не ощущал душевного трепета при именах Купалы, Коласа, Черного, Бровки, Тетки. Любил и люблю Короткевича, раннего Быкова. Нил Гилевич всё время вызывает ассоциации с памятником» (20);

«У нас голова не могла распухнуть даже от чужих мыслей, поскольку мы их недостаточно усвоили. Интеллектуальная беспомощность проявляется и в отсутствии фундаментальных трудов, например, по общественным наукам. Есть биографический энциклопедический словарь, изданный в Москве в 2001 году, о деятелях всех стран и народов. Угадайте, сколько человек из 7000 там можно отнести к белорусам? Готов подсказать — около десятка. Это Алесь Адамович, Сымон Будный, Василь Быков, Купала и Колос, Заслонов и Калиновский. В одной из публикаций прозвучала цифра, характеризующая наличие работ белорусских авторов в парижской библиотеке, их всего семь. И это при том, что речь идет о хранилище фундаментального характера, богатейшем по количеству и качеству. Если называть вещи своими именами, то белорусская интеллигенция интеллектуально не состоялась, и рост диссертаций, равно количество изданных книг здесь ни при чем» (20, с. 225).

Гэткі беларускі Чаадаеў у пачатку ХХІ стагоддзя не дзіва, бо падобных нігілістаў («тоже белорусов») у нас ва ўсе часы не бракавала. Зразумела, прасцей прызнаць інтэлектуальную нежыццяздольнасць усёй нацыянальнай інтэлігенцыі, чым пагадзіцца з журботным фактам уласнай разумовай нямогласці. Адсюль і скепсіс ледзь не сусветнага маштабу, і толькі знешне мазахісцкае жаданне таптаць усё роднае, як недаразвітае, нягеглае і пачварнае. А чаму? Таму што адчуваючы сябе чужым у кантэксце роднай культуры, чалавек ўвогуле не можа адшукаць сабе адэкватнай культурнай прасторы, бо нават развітая і роднасная не можа на падсвядомым узроўні ўспрымацца цалкам і непадзельна як свая. Адсюль і спецыфічны тутэйшы патрыятызм заходнерусісцкага кшталту з выразнымі адзнакамі комплексаў непаўнавартаснасці.

Рускія таксама зведалі падобную хваробу, толькі ў першай палове ХІХ стагоддзя, калі, скажам, аўтар «Яўгенія Анегіна» змушаны быў заўважыць, што нібыта перакладае славуты ліст Таццяны з французскай мовы на рускую. А ў рэчышчы нашай гаворкі вельмі істотна тое, што ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці і гордасці рускіх не апошнюю ролю адыгралі гэтак нелюбімыя А. Гронскім «штучныя міфы». Напрыклад, вось што піша даследчыца Л. Кісялёва ў артыкуле «Станаўленне рускай нацыянальнай міфалогіі ў мікалаеўскую эпоху (сусанінскі сюжэт)»:

«Сусанинский сюжет оформился в государственный миф с большими идеологическими возможностями. Однако, чтобы этот потенциал был оценен по достоинству, общественному сознанию необходима была достаточная предварительная подготовка…» (21). І нам, беларусам, трэба браць прыклад у рускіх як паважліва ставіцца да айчыннай гісторыі. З артыкула ж Л. Кісялёвай можна даведацца шмат цікавага. Аказваецца, ёсць усяго адзін дакумент, паводле якога недзе на мяжы 1612–1613 гг. «приходили в костромской уезд польские и литовские люди, (…) Ивана Сусанина литовские люди изымали и его пытали великими непомерными муками, (…) и польские и литовские люди замучили его до смерти» (21, с. 280).

Пад сумненне праўдзівасць гэтай інфармацыі была аргументавана пастаўлена яшчэ М. Кастамаравым у працы «Іван Сусанін (Гістарычнае даследаванне)» (1862). Вядомы факт, што Віктар Каліноўскі, старэйшы родны брат Кастуся, у Пецярбургу супрацоўнічаў з гэтым славутым тагачасным гісторыкам і дзеячам украінскага нацыянальна-адраджэнскага руху. Думаецца, што пад яго ўплывам мог развівацца беларускі «фактар» у светапоглядзе братоў.

Нарэшце, нельга абмінуць увагай той факт, што артыкул і «пазіцыя» А. Гронскага па вельмі многіх параметрах уяўляюць своеасаблівую далейшую рытарычную ампліфікацыю ранейшых тэкстаў, аўтарам якіх з’яўляўся Уладзімір Казбярук. Было б прыемным выключэннем з правіла, каб шматгадовая палеміка гэтага даследчыка з гісторыкам Міхасём Бічом знайшла адлюстраванне ў публікацыях А. Гронскага. Гэтага не здарылася. Дарэчы, У. Казбярук у артыкуле «Загадка Каліноўскага», спрабуючы разабрацца, чым было для беларусаў паўстанне 1863–1864 гг., прывёў надзвычай цікавае сведчанне — датаваную 1836 г. вынятку з «Маніфеста палякаў, якія знаходзяцца ў Бельгіі»:

«…Украінец, кашуб, русін, вяліка- або малапалянін, літвін, падалянін, жмудзін, мазур, валынянін і кожнай іншай правінцыі даўняй Рэчы Паспалітай сын з’яўляецца палякам, і толькі ў той назве сваю цэласнасць бачым» (22).

Сам факт можа сведчыць не толькі аб тым, што ў выніку перамогі паўстання і аднаўлення дзяржаўнасці ўсе пералічаныя народнасці зазналі б верагодную гвалтоўную этнічную уніфікацыю. Трэба выразна ўяўляць, што ў той час вельмі адчувальнымі сталі якраз цэнтрабежныя тэндэнцыі, г. зн. працэсы нацыянальнага самаўсведамлення ўнутры названых малых этнасаў. І гэта разглядалася, асабліва пэўнай часткай эміграцыі, як магутная небяспека, што і спараджала падобныя дэкларацыі.

Дарэчы будзе тут прыгадаць такі красамоўны факт: у Парыжы ў пачатку 60-х гг. ХІХ ст. маладыя людзі з Беларусі, даведаўшыся пра рэвалюцыйныя падзеі ў Польшчы, намерыліся не толькі арганізаваць рэлігійна-патрыятычныя маніфестацыі на сваёй радзіме, але і дзейнічаць у нацыянальна-адраджэнскім рэчышчы. Адзін з іх, будучы вядомы гісторык і публіцыст Б. Ліманоўскі, арыштаваны ў Вільні ў 1861 г. за арганізацыю антыўрадавага выступлення, прыгадваў:

«Мы жадалі аднаўлення Рэчы Паспалітай у яе даўніх межах, але таксама забяспечыць правы ўсіх нацыянальнасцей, што ўваходзілі ў яе склад, і падтрымаць абуджанае пачуццё самабытнасці сярод літоўска-рускага (беларускага. – І.З.) народа» (23).

У святле такой прынцыповай пазіцыі прадстаўнікоў маладога пакалення больш зразумелымі становяцца матывы аўтанамісцкай ці, як характарызавалі апаненты, сепаратысцкай палітыкі К. Каліноўскага, яго адносіны да этнічна-польскіх рэгіёнаў.

Канешне, пры вялікім жаданні можна нават сыходзіць з тэзіса, што гаварыць пра палітычную гісторыю Беларусі з 1569 па 1903 год праблематычна. Але ж і спробы звесці нацыянальную гісторыю да гісторыі сялянства ў акрэслены перыяд пацярпелі фіяска і выглядаюць не менш аляпавата. Таму зноў вярнуцца да ранейшых нацыянальна-ігнаравальных (пераважна прарасійскіх, класава-ўтапічных, сацыяльна-канфесіянальных і інш.) трактовак у гістарыяграфіі зараз наўрад ці атрымаецца.

Я ўпэўнены, што ніякія дзяржаўныя органы суверэннай Беларусі, нягледзячы на неадзінкавасць спробаў дыскрэдытацыі рэвалюцыянера, якія можна нават ператварыць у маштабную кампанію, ніколі не пойдуць на рэальныя крокі па дэструкцыі, звязанай з яго імем (маю на ўвазе, напрыклад, перайменаванне адпаведнай вуліцы ў сталіцы, ці прынцыповую карэкціроўку школьнай праграмы). І ў гэтым я перакананы, бо ў масавай свядомасці К. Каліноўскі належыць да своеасаблівага арэапагу, да постацяў якога сярэднестатыстычны грамадзянін Беларусі ставіцца з нязменным сантыментам.


Крыніцы

1. Гл.: Запрудскі І. Сіндром нацыянальнага імунадэфіцыту, або Чарговы nihil-выпад у каліноўсказнаўстве. // “Дзеяслоў”, 2008, № 6 (37), с. 317–320.

2. Гронский А. Кастусь Калиновский: конструирование героя. // “Беларуская думка”, 2008, № 2, с. 82—87.

3. Гронский А. Портрет Калиновского на фоне эпохи. // “7 дней”, 2008, 13 марта (№ 11), с. 28 (З самарэкламнай заўвагай «Полный вариант материала читайте во втором номере журнала «Беларуская думка»); Гронский А. Конструирование героя: Кастусь Калиновский. // “Свободная мысль”, 2008, № 6, с. 157–164 (у гэтым маскоўскім часопісе, які да 1991 г. называўся «Коммунист», аўтар, як бачым, выкарыстаў своеасаблівую інверсію ў назве).

4. Zjniec. Калиновский — белорусский антигерой. – http://zjniec.livejournal.com/1481.html. (2009).

5 Вашкевіч А. Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім. – http://news.arche.by/by/8/30/129. — (30.09.2009).

6. Цыт. па: Біч М.В. Кастусь Каліноўскі ў беларускай савецкай гістарыяграфіі. // Кастусь Каліноўскі (1838–1864): Материалы респ. науч. конф., посвящённой 150-летию со дня рождения белорусского революционера-демократа и мыслителя К. Калиновского. Гродно, 1988, с. 14.

7. Гл.: Шалькевіч В. Калі з’явілася імя Кастусь? // “Голас Радзімы”. 1990, 1 лютага, с. 7; Шалькевіч В. Ля вытокаў: Пра першы артыкул на беларускай мове, прысвечаны К. Каліноўскаму. // “Літаратура і Мастацтва”. 1990, 12 кастр. (№ 41), с. 16; Шалькевіч В. Каліноўскі: Канстанцін, Кастусь ці Вікенцій. // “Беларуская мінуўшчына”, 1994, № 4, с. 43–44; Шалькевіч В. Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага. // Сыны і пасынкі Беларусі / Уклад. Барыс С.В. Мн.: “Полымя”, 1996, с. 165–188; Шалькевіч В. Вікенці Канстанцін Каліноўскі (1838–1864). // Славутыя імёны бацькаўшчыны: Зборнік. Вып. 2 / Уклад. У. Гілеп і інш./ Мн.: БФК, 2003, с. 207–218.

8. Кісялёў Г. Ці было такое выданне? Даследчыцкі сюжэт з Багдановічам, Каліноўскім і бібліяграфічнымі рэбусамі. // “Спадчына”, 1991, № 1, с. 51–54.

9. Кісялёў Г.В. К. Каліноўскі і беларуская культура.// Кастусь Каліноўскі (1838–1864): Материалы респ. науч. конф., посвящённой 150-летию со дня рождения белорусского революционера-демократа и мыслителя К. Калиновского. Гродно, 1988, с. 26.

10. Гронский А.Д. Политическая полиция Российской империи и её деятельность на территории Беларуси во второй четверти ХІХ — начале ХХ в.: Дис. … канд. ист. наук. Минск, 2003, с. 63.

11. Витражи мудрости: Афоризмы, крылатые слова, изречения / Сост. М.В. Король/ Минск: “Полымя”, 1987, с. 211.

12. Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і гісторыя беларускага руху. // Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы /Укл., прадм., камент., анатав. індэкс імёнаў А. Сідарэвіча/. Мінск: “Беларускі кнігазбор”, 2003, с. 12–13.

13. Мрый А. Па Гомельскай акрузе // Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі. Мінск: “Маст. Літ”., 1993, с. 141.

14. Мрый А. Полацкая акруга. // Тамсама. — С. 296.

15. Бегун В.Я. Сожжение Венеры. // Дары данайцев /Сост. И.Н. Осинский/. Минск: “Беларусь”, 1987, с. 341.

16. Чарапіца В. Кошт мужыцкай крыві, альбо Спрэчкі вакол Кастуся Каліноўскага: учора і сёння. // “Белорусская нива”, 2001, 7 августа (№ 144), с. 4; 8 августа (№ 145), с. 4.

17. Чарапіца В. Тамсама.

18. Чарапіца В. Тамсама.

19. Лучына Я. Творы: Вершы, нарысы, пераклады, лісты. Мінск: “Маст. літ.”, 1988, с. 160.

20. Лепешко Б.М. Альма матерная. Брест: “Альтернатива”, 2007, с. 220.

21. Киселева Л.Н. Становление русской национальной мифологии в николаевскую эпоху (сусанинский сюжет). // Лотмановский сборник. Том 2. /Составитель Е.В. Пермяков/. Москва:  РГГУ, ИЦ-Гарант, 1997, с. 298.

22. Казбярук У. Загадка Каліноўскага. // “Беларуская мінуўшчына”, 1997, № 5, с. 32.

23. Цыт. па: Wereszycki H. Limanowski Bolesław // Polski słownik biograficzny. T. XVII. Wrocław etc., 1972. S. 341. (Дарэчы, Б. Ліманоўскі застаўся верным ідэалам маладосці і пісаў ужо ў пачатку ХХ ст.: “Ці беларускае насельніцтва здолее ўтварыць асобны народ, ці ўвойдзе ў склад суседніх роднасных яму па паходжанні і мове народаў? Гэта яшчэ пытанне, на якое можна адказаць па-рознаму. Што да мяне, то я веру ў будучыню беларускага народа”).


Друкуецца паводле матэрыялаў зборніка «Паўстанне 1863 г. на Беларусі і Кастусь Каліноўскі», які складзены з дакладаў аднайменнай навукова-практычнай канферэнцыі, якая прайшла  у 23 сакавіка 2013 года.