Працягваем публікацыю дакладаў, якія былі выдадзеныя ў зборніку «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі» і былі абмеркаваныя на Навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай праблемным пытанням беларускай гуманітарнай бяспекі, якая прайшла 4 траўня 2013 года ў Мінску ў гатэле «Арбіта».

Падаем вашай увазе даклад з панэлі «Культуралогія» доктара гістарычных навук Ірыны Калачовай:

Этнакультурныя працэсы адлюстроўваюць дынаміку развіцця ўсіх бакоў жыцця насельніцтва, яны з’яўляюцца важнейшай часткай прынцыпаў устойлівага развіцця краіны, яе гуманітарнай бяспекі. Іх пастаяннае аднаўленне і паскарэнне аказвае ўплыў на жыццяздольнасць этнічных працэсаў у цэлым. Вызначэнне профілей і напрамкаў функцыянавання этнакультурных працэсаў, а таксама забеспячэнне ўмоў для іх няспыннага ўдасканалення – неабходны кірунак стратэгічнага планавання сямейнай палітыкі, працы з маладдзю і маладымі сем’ямі. Дынамічнасць, стабільнасць, паступовасць, здольнасць да змяненняў – характэрныя асаблівасці функцыянавання этнакультурных працэсаў у сям’і. Дынаміка этнакультурных працэсаў у сям’і выяўляе магчымасці краіны да вырашэння ключавых задач устойлівага развіцця беларускага грамадства.

Устойлівае развіццё – гэта здольнасць сацыяльнай сістэмы (асобнай краіны, супольнасці дзяржаў, усіх краін свету) да забеспячэння стабільнага эканамічнага, сацыяльнага і культурнага росту. Як сцвярджае беларускі вучоны, акадэмік Я.М. Бабосаў, устойлівае развіццё – гэта не паўтор таго, што было, а дынамічны, мэтанакіраваны рух краіны да новага, больш якаснага ўзроўню эканомікі, сацыяльнай сферы, культуры, усіх бакоў жыццядзейнасці грамадства [1]. Забеспячэнне здольнасці сацыяльнай сітэмы да пастаяннага аднаўлення немагчыма без захавання прыярытэтных напрамкаў руху: здароўя і дабрабыту насельніціва, духоўных каштоўнасцей, інтэлектуальнага патэнцыялу.

Таму роля і значнасць даследавання працэсаў функцыянавання этнакультурных працэсаў у сям’і як выключна значным сацыяльным інтстытуце, які захоўвае каштоўнасць самога жыцця, прадстаўляецца актуальнай задачай сучаснасці.

Важным для асэнсавання працэсаў этнакультурнага развіцця становіцца навуковы маніторынг стану сям’і і сямейна-шлюбных адносін, што дазваляе пастаянна ўдасканальваць сістэму працы з сям’ей, будаваць адпаведную сацыяльную палітыку. У выніку шматгадовых навуковых назіранняў і маніторынгу дынамікі функцыянавання этнакультурных працэсаў у сям’і зафіксаваны новыя рысы, якія акрэсліліся ў апошні час. Яны характарызуюцца наступнымі адметнасцямі:

— зніжэннем каштоўнаснай ролі сям’і ў жыцці чалавека;

— змяненнем форм сямейных і сямейна-шлюбных адносін;

— пашырэннем кола міжнацыянальных шлюбаў, якія ствараюцца не толькі паміж прадстаўнікамі блізкароднасных этнічных супольнасцей, але і іншых (гэта, з аднаго боку, – узмацняе ўзаемаўплыў традыцый і можа прывесці да ўзаемнага абагачэння культурамі, з другога, – да знішчэння культурных звычаяў у сямейным соцыўме);

— аслабленнем рэпрадукцыйнага здароўя моладзі (нізкі ўзровень культуры паводзін, несфарміраваныя навыкі і ўменні клопату аб фізічным і псіхічным здароўі, адсутнасць станоўчага прыкладу бацькоў не спрыяе асэнсаванню каштоўнаснай ролі ўласнага здароўя);

— неабходнасцю пастаяннага ўмацавання нацыянальнай самасвядомасці і захавання нацыянальнай самабытнасці (усталяванне ў грамадстве ўніверсальных стандартаў і норм узрошчвання чалавека прыводзіць да страты традыцый народнай педагогікі, якая характарызуецца як комплекс форм, метадаў і прыемаў, накіраваных на фарміраванне асобы беларускай нацыянальнасці);

— неабходнасцю ўмацавання ў грамадскай свядомасці адзінства сацыяльных пазіцый – грамадзяніна і сем’яніна (нізкі статус сямейнага чалавека звязваецца з яго пазіцыяй як грамадзяніна і патрыёта. Няздольнасць стварыць уласную сям’ю, уступіць у шлюб, захоўваць яго як найвялікшую каштоўнасць не спрыяе дасягненню і выкананню грамадзянскіх пазіцій – быць абаронцай, воінам, ахоўнікам свайго краю).

Абагульняючы вышэйсказанае, неабходна падкрэсліць, што маштабы змяненняў настолькі значныя, што закранаюць базавую аснову функцыянавання сям’і, яе спрадвечныя ўстоі. Найперш, гэта тычыцца колькасці сямейнага насельніцтва і складу сям’і: сенняшняя сям’я – гэта малая маладзетная сям’я.*

/*З 1989 па 1999 гг. насельніцтва Беларусі скарацілася на 107 тыс. чалавек, а з 1999 па 2009 гг – на 541 тыс. чалавек. Паводле перапісу 2009 г., сямей з дзецьмі ва ўзросце да 18 год налічвалася 45 %, а паводле перапісу 1999 г. – іх было 56 % (статыстычны даведнік “Жанчыны і мужчыны ў Рэспубліцы Беларусь”, 2010 г.). У 2011 г. у шлюб уступілі 87 тыс. сямей, а развяліся 37 тыс. У 57 % разведзеных сямей засталіся дзеці./

Гэтыя высновы сталі базай для стварэння сістэмы дзяржаўнай абароны сям’і і дзяцінства. У Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (2010 год), у якую ўпершыню ўнесены раздзел аб дэмаграфічнай бяспецы, адзначана, што крыніцамі сацыяльных пагроз і рызыкі на сучасным этапе з’яўляюцца:

— узровень нараджальнасці, які не забяспечвае простага замяшчэння бацькоўскіх пакаленняў;

— зніжэнне запатрабаванасці ў дзецях як асабістай каштоўнасці чалавека;

— высокі ўзровень разводаў, асабліва маладых пар;

— павелічэнне колькасці няпоўных сем’яў з дзецьмі;

— сацыяльнае сіроцтва;

— пазбаўленне ад дзіцяці метадам аборту; самагубства як наступства канфліктных міжасабовых адносін паміж мужчынай і жанчынай, і інш.

Стымуляванне такога ўзроўню нараджальнасці, якое забяспечыла б пашыранае ўзнаўленне насельніцтва, вызначана галоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў вырашэнні задач дэмаграфічнага развіцця.

Вывучэнне гістарыяграфіі і навуковы маніторынг праблем сям’і дазволіла вызначыць характар узаемаўплываў традыцый і навацый у працяканні этнакультурных працэсаў у сям’і ў азначаны адрэзак часу, а менавіта ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст., па асноўных перыядах: 1) 70—80-я гг. ХХ ст.; 2) 80—90-я гг. ХХ ст.; 3) 1991 г.– пачатак ХХІ ст. [2].

У 70—80-я гг. ХХ ст. прыярытэтнымі ў функцыянаванні этнакультурных працэсаў у сям’і былі каштоўнасці савецкага ўкладу жыцця, характэрнымі адметнасцямі якога былі калектыўнасць, ідэалы духоўнасці, згоды, салідарнасці. Этнакультурныя працэсы ў сям’і працякалі ў адпаведнасці з нарматыўнай культурай савецкага ладу жыцця, яго рысаў. Сямейна-шлюбныя адносіны, структура сям’і, яе функцыі адпавядалі як дзяржаўным інтарэсам, так і асабістым патрэбнасцям чалавека.

Сямейна-бытавыя традыцыі і абрады беларусаў, такія як радзінныя і вясельныя, абрады ўшанавання продкаў, роднасна-сваяцкія стасункі, народныя святы пранізвалі сямейны ўклад жыцця, аднак іх бытаванне не выходзіла за межы ўнутрысямейнага і міжсямейнага стасункаў.

У 80—90-я гг. ХХ ст. назіраліся працэсы адраджэння нацыянальнай сістэмы каштоўнасцей, абуджэнне цікавасці да матэрыяльнай, духоўнай і сацыяльнай культуры беларускага народа. Гэтыя працэсы былі звязаны, перш за ўсё, з карэннымі зменамі, якія адбыліся ў грамадстве – распадам савецкай дзяржавы і стварэннем самастойнай незалежнай Рэспублікі Беларусь, у якой пачаўся ўздым нацыянальнай самасвядомасці.

На характар этнакультурных працэсаў аказвалі ўплыў новыя тэндэнцыі, якія ў канцэнтраваным выглядзе былі выяўлены сярод сямей, што аднесены да групы рызыкі. Гэта сем’і з непаўналетнімі дзецьмі, няпоўныя і шматдзетныя сем’і. Іх праблемы паўсталі перад дзяржавай вельмі востра, што патрабавала неадкладных мер па іх сацыяльнай падтрымцы і ўдасканаленні напрамкаў працы.

Нягледзечы на істотныя праблемы гэтага перыяду, нацыянальная культура і яе традыцыі, што адраджаліся ў незалежнай беларускай дзяржаве, з’яўляліся асновай функцыянавання сям’і, складалі сутнасны складнік яе базавых патрэб.

У перыяд з 1991 г. і да сённяшніх дзён выразнай асаблівасцю ў функцыянаванні сям’і становіцца ўзмацненне ролі нацыянальных традыцый. Тыповымі прыкметамі этнакультурных працэсаў у сям’і гараджан становяцца новыя з’явы ў шлюбна-сямейных адносінах, адначасовае існаванне традыцый і навацый у сямейна-бытавой абраднасці, звяртанне да царкоўных абрадаў, адраджэнне цікавасці да фальклорна-этнаграфічнай спадчыны, роднай мовы, да гісторыка-культурных і архітэктурных помнікаў беларускага народа.

У гэты ж час набывае абвастрэнне дэмаграфічны крызіс: зафіксавана пагражальная статыстыка абортаў, разводаў, самагубстваў маладых людзей, адзначаюцца тэндэнцыі ў скарачэнні нараджальнасці, павелічэнні смяротнасці ў больш маладым узросце.

Улік новых тэндэнцый, якія зафіксаваны шматлікімі даследаваннямі, праведзеннымі беларускімі навукоўцамі і прадстаўленымі вышэй паказвае, што неабходны пошук устойлівых механізмаў супраціўлення выклікам і пагрозам, якія ўплываюць на стан этнакультурных працэсаў у сям’і, іх стабільнае функцыянаванне, а значыць і вырашэнне праблем гуманітарнай бяспекі.

Сучасная сям’я павінна адаптавацца да новых умоў, навучыцца функцыянаваць у сітуацыі новых абставін, захоўваючы традыцыі мінулых пакалення, з аднаго боку, а з другога – фарміраваць новыя, выпрацоўваючы пры гэтым устойлівыя механізмы захавання сваей структуры і базавых каштоўнасцей.

Адаптацыя (лат. Аdaptatio – прыстасаванне, дасягненне) разглядаецца як працэс змянення стану асобы ці групы людзей пад уплывам эканамічных, сацыяльных і культурных адносін, якія складаюцца ў тым ці іншым асяроддзі. У кантэксце дадзенага артыкула пад адаптацыяй беларускай сям’і мы разумеем здольнасць да выпрабаванняў і новых выклікаў часу, якія звязаны з трансфармацыяй каштоўнасных арыентацый моладзі, разводамі маладых сем’яў, з’яўленнем новых тыпаў шлюбных саюзаў, не характэрных для беларускай культуры і традыцый. Найбольш відавочнымі гэтыя ўплывы тычацца матэрыяльнага і духоўнага жыцця сям’і, традыцыйных і новых норм жыцця, якія фарміруюцца сёння.

Характарызуючы змяненні ў фнкцыянаванні этнакультурных працэсаў у сям’і ў такім выпадку неабходна звярнуць увагу на працэсы культурнай адаптацыі, якія разглядаюцца як працэс далучэння да скіраваных на аднаўленне сацыякультурных умоў жыцця праз арганізацыю і мадэляванне ўкладу жыцця, змяненні стэрэатыпаў у паводзінах. Культурная адаптацыя чалавека вымагае сумяшчэння стэрэатыпаў мінулага з працэсам засвойвання новага, а затым паступовай страты культурных патэрнаў і пераходу да новых узораў, норм, мадэляў.

Я.М. Бабосаў, звяртаючыся да аналізу сучасных трансфармацый ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства, указвае на тое, што сярод насельніцтва краіны сфарміраваны розныя варыянты адаптацыйных мадэляў паводзін людзей, звязаных са зменамі ва ўкладзе жыцця [1, с. 170–174]. Ён дае характарыстыку тыпаў адаптацыі па двух крытэрыях: узроўню адаптаванасці і па зместу і накіраванасці адаптацыйных паводзін людзей. Па ўзроўню адаптаванасці навуковец вылучае наступныя тыпы адаптацыі: высокі ўзровень, не вельмі высокі ўзровень, сярэдні ўзровень, нізкі ўзровень, дэзадаптацыя.

Па змесце і накіраванасці адаптацыйных паводзін людзей аўтар вылучае наступныя: поўная і эфектыўная адаптацыя, пасіўная адаптацыя, псеўдаадаптацыя, крымінальная форма адаптацыі, маргіналізацыя і дэзадаптацыя паводзін. Як бачым, спектр адценняў у мадэляванні адаптацыйных практык у паводзінах людзей даволі шырокі. Варта адзначыць, што характарыстыка азначаных падыходаў, дадзеная Я.М. Бабосавым, адлюстроўвае і стан паводзін чалавека ў сістэме сямейна-шлюбных, бацькоўска-дзіцячых і роднасных адносін.

Фарміраванне тыпу адаптацыйных паводзін у сферы сямейных адносін дэтэрмінавана з аднаго боку, сукупнасцю ўмоў, у якіх жыве сучасная сям’і і ў якіх складваюцца яе каштоўнасныя арыенціры адносна шлюбных адносін, выхавання, здароўя; а з другога боку, – узроўнем захаванасці стэрэатыпаў, якія маюць пазітыўныя ці негатыўныя адценні.

Канцэптуалізацыя асноўных тэарэтычных палажэнняў і практычных вывадаў у даследаванні працэсаў функцыянавання этнакультурных працэсаў сучаснай беларускай сям’і дазваляе выпрацаваць наступныя сямейныя стратэгіі:

— стратэгію зберажэння каштоўнаснай асновы традыцыйнай сям’і;

— стратэгію сямейнага выхавання на традыцыях народнай педагогікі;

— стратэгію рэпрадукцыйнага здароўя сям’і і забеспячэння здаровага ўкладу жыцця;

— стратэгію развіцця сямейнага турызму і краязнаўства.

Кожная з вызначаных стратэгій мае права на існаванне, што тлумачыцца досведам навуковага калектыву, які працаваў над дадзенай ідэяй у межах навукова-даследчай работы на працягу 2011—2013 гг.*.

/*Прадстаўлены вынікі даследавання навуковай тэмы “Функцыянаванне этнакультурных працэсаў у беларускай сям’і на сучасным этапе: стан, дынаміка, стратэгіі адаптацыі і іх аптымізацыі (к. XX – пач. XXI ст.)”, якая выконвалася на працягу 2011—2013 гг. па БФФД Рэспублікі Беларусь (№ 20113499 ад 22.09.2011 г.)./

У кожнай стратэгіі былі вызначаны актуальнасць, мэта, задачы, вядучая ідэя, крытэрыі, паказчыкі і вынікі ўкаранення ў сферу адукацыі, культуры і сацыяльнай работы. Спынімся на скарочанай характарыстыцы актуальнасці, мэты і перспектывах укаранення кожнай з іх (у абгрунтаванне ідэі пакладзены вынікі апытанняў сем’яў беларусаў, якія былі праведзены ў беларускіх гарадах ў 2007 і 2011 гг.).

Стратэгія зберажэння каштоўнаснай асновы традыцыйнай сям’і

Сучасная беларуская сям’я захоўвае пераемнасць традыцый сямейнай абраднасці, што сведчыць аб непарыўнасці сувязей паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў беларусаў і захаванні базавых нацыянальных каштоўнасцей.

Найбольш устойлівую здольнасць да ўкаранення сямейна-бытавых традыцый маюць сем’і, у якіх жывуць не толькі бацькі і дзеці, але і іх сваякі. Як правіла, большасць сямейных традыцый захоўваюць такія сем’і з малых гарадоў. Найбольш захаванымі традыцыйнымі абрадамі ў іх сем’ях з’яўляюцца радзінны абрад (захаваны элементы: хрышчэнне ў царкве, інстытут кумаўства, святочнае застолле з падарункамі маці і дзіцяці) і абрад ушанавання продкаў (захаваны элементы: догляд могілак, памінанне памерлых у храме, наведванне могілак у час Радаўніцы, Дзядоў, гадавіны смерці, памінальная трапеза). Больш навацый утрымлівае вясельны абрад (выкарыстанне фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў лакальнага зместу з сучасным музычна-паэтычным суправаджэннем).

Мэта дадзенай стратэгіі – распрацаваць напрамкі адукацыйнай, сацыякультурнай дзейнасці ў працы з дзецьмі, моладдзю і маладымі сем’ямі па зберажэнні каштоўнаснай асновы традыцыйнай сям’і.

Перспектывы укаранення стратэгіі:

— захаванне базавых сямейных каштоўнасцей ў жыцці сучаснай сям’і;

— адраджэнне структуры традыцыйнай сямейнай абраднасці як часткі духоўнай спадчыны беларускага народа;

— фарміраванне і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці маладых пакаленняў.

Стратэгія сямейнага выхавання на традыцыях народнай педагогікі

Выхаванне дзяцей у сучаснай сям’і выяўляе ўзровень педагагічнай культуры бацькоў, іх здольнасці да авалодвання ўсей сукупнасцю ведаў, неабходных для развіцця асобы. Праведзеныя даследаванні паказваюць, што традыцыі народнай педагогікі як часткі духоўнай культуры – слаба засвоены пласт педагагічнай культуры. Сучасныя бацькі выкарыстоўваюць вопыт мінулых пакаленняў не ў поўнай меры, адмаўляючыся ад карысных набыткаў мінулых пакаленняў беларусаў. Такія традыцыйныя прыёмы сямейнага выхавання, як прыклад бацькоў, асабістая парада, падтрымка і апека дзіцяці характэрны для беларускага сямейнага выхавання і зараз, але найбольш для шматдзетных сем’яў.

Маральны ціск на дзіця, як і фізічныя пакаранні, мала характэрныя для традыцыйнага выхавання, і на сучасным этапе выкарыстоўваюцца мала, пры гэтым прымяненне фізічных пакаранняў у меншай ступені характэрна для беларусаў, аднак такія выпадкі сустракаюцца ў няпоўных сем’ях.

Вобраз жанчыны-маці займае важнае значэнне ў свядомасці ўсіх апытаных прадстаўнікоў незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці, тыпу сям’і.

Трансляцыя фальклорных твораў у значнай ступені характэрна для ўсіх тыпаў беларускіх сем’яў.

Асэнсаванне неабходнасці далучэння дзяцей да працоўнай дзейнасці цалкам адпавядае традыцыйным сацыяльна-культурным каштоўнасным арыенцірам беларускага этнасу. Той факт, што неабходнасць прылучэння дзяцей да хатняй работы ў большай ступені характэрны для пашыранай сям’і з’яўляецца вынікам сумеснага пражывання прадстаўнікоў старэйшага пакалення з малодшым ў межах адной сям’і, а значыць большай захаванасцю традыцый у сем’ях адзначанага тыпу. Атрыманыя дазеныя сведчаць аб паступовым выключэнні традыцыйных рамёстваў з выхаваўчага працэсу, што, у сваю чаргу, істотна збядняе унутрысямейную сацыялізацыю дзяцей.

У забеспячэнні здароўя дзяцей прафілактыка захворванняў, лячэнне дзяцей традыцыйнымі спосабамі і сродкамі (лекавыя расліны і замовы) не з’яўляецца характэрнай адметнасцю педагагічнай культуры сучасных бацькоў. Аналіз традыцый харчавання сучаснай беларускай сям’і паказвае, што ўсе большая колькасць бацькоў асэнсоўваюць залежнасць здароўя дзіцяці ад натуральнага рэжыму кармлення і харчавання, у першую чаргу кармлення мацярынскім малаком.

Мэта дадзенай стратэгіі – распрацаваць напрамкі адукацыйнай, сацыякультурнай дзейнасці па ўключэнні традыцый сямейнай (народнай) педагогікі беларусаў у навучальны працэс сярэдняй школы і падрыхтоўку кадраў педагагічнага і сацыяльна-педагагічнага профілю.

Перспектывы ўкаранення стратэгіі:

— стварэнне сістэмы навукова-метадычнага забеспячэння педагагічных кадраў краіны як умовы для распаўсюджвання ідэй і традыцый народнага выхавання;

— папулярызацыя ідэй і традыцый народнага педагагічнага вопыту сярод маладых бацькоў.

Стратэгія рэпрадукцыйнага здароўя сям’і і забеспячэнне здаровага ладу жыцця

Рэпрадукцыйнае здароўе з’яўляецца істотнай часткай агульнага здароўя чалавека. Захаванне здароўя, прафілактыка хвароб – важнейшы напрамак асветніцкай і адукацыйнай працы з бацькамі, дзецьмі, падлеткамі і моладдзю. Павелічэнне ў апошнія часы колькасці дзяцей у многіх беларускіх сем’ях, з’яўленне шматдзетных маці сведчаць пра аптымізацыю працы па забеспячэнні здаровага ўкладу жыцця сучаснай сям’і, стварэнне структур і ўстаноў, якія найлепшым чынам забяспечваюць вырашэнне праблем павялічэння нараджальнасці. Аднак, характар медыцынскіх паказчыкаў рэпрадукцыйнага здароўя сведчыць пра недастатковасць ведаў пра асабістае здароўе сучасным пакаленнем маладых людзей, нізкую культуру міжасабовых адносін, што прыводзіць да пагроз ў будучыні сямей.

Рэпрадукцыйнае здароўе з’яўляецца каштоўнейшым рэсурсам чалавека. Выпрацаваць менавіта такое стаўленне да свайго здароўя сярод моладзі – гэта значыць пераканаць іх у тым, што іх здароўе зараз – гэта ўклад у будучыню сваей сям’і, сваіх дзяцей. Мэта дадзенай стратэгіі – распрацаваць напрамкі працы па захаванні рэпрадукцыйнага здароўя сям’і праз удасканаленне сістэмы адукацыйнай і прафілактычнай дзейнасці.

Перспектывы ўкаранення стратэгіі:

— узмацненне рэпрадукцыйнага здароўя сям’і, павышэнне адказнасці за асабістае здароўе;

— узвышэнне роляў маці і бацькі ў грамадскай свядомасці;

— забеспячэнне здаровага ўкладу жыцця ў кожнай сям’і.

Стратэгія развіцця сямейнага турызму і краязнаўства

Турызм і краязнаўства як напрамкі работы з вучнеўскай моладдзю займаюць трывалыя пазіцыі ў вучэбна-выхаваўчым і пазашкольным працэсе як у школе, так і ва ўстановах дадатковай адукацыі. Пастаўленыя задачы па выхаванню падрастаючага пакалення турызм і краязнаўства вырашаюць з дапамогай спецыфічнага зместу, форм і метадаў. Арганізацыя і развіцце сямейнай турыстычнай дзейнасці будуецца на псіхолага-педагагічных прынцыпах, якія вызначаюць напрамкі зместу працы, метадаў і прыемаў працы з сям’ей. Да іх адносяцца такія прынцыпы, як мэтанакіраванасць, калектывізм, паслядоўнасць, паступовасць і сістэматычнасць, цэласнасць выхаваўчага працэсу, адзінства выхаваўчага ўздзеяння і інш.

Арганізацыя турысцка-краязнаўчай дзейнасці як формы правядзення сямейнага вольнага часу, спрыяе развіццю ў сем’ях пачуцця калектывізму, фарміраванню ў дзяцей працавітасці, самастойнасці, дапытлівасці, умення пераадольваць цяжкасці, што спрыяе згуртаванню сям’і, умацаванню аўтарытэта бацькоў. Падчас сумесных турысцкіх паходаў і падарожжаў ўдасканальваецца грамадзянская пазіцыя, выхоўваецца любоў да Радзімы, свайго краю, фарміруюцца каштоўнасныя асновы светаўспрымання падрастаючага пакалення.

У многіх установах сацыякультурнай сферы сёння склаліся формы працы, якія характарызуюць нацыянальныя адметнасці ў арганізацыі работы з сем’ямі. Да іх адносяцца традыцыйныя беларускія гульні, каляндарныя святы, сямейныя абрады. Цікавы вопыт назапашаны ў Беларускім дзяржаўным музеі народнага побыту (“Гуканне вясны”), у Музеі народнай творчасці “Дудуткі” (“Купалле”). Заслугоўваюць увагі і такія формы працы, як анімацыйныя экскурсіі (“У гасцях у Зюзі Паазерскага”, “Жаніцьба Цярэшкі” і інш.), вывучэнне гісторыі бабулінай вескі, малой радзімы і генеалогіі сям’і.

Для ўключэння сучаснай сям’і ў турысцка-краязнаўчую і экскурсійную дзейнасць сучасныя сацыякультурныя ўстановы выкарыстоўваюць як арганізаваныя, так і неарганізаваныя віды працы з бацькамі і дзецьмі.

Найбольш эфектыўным варта лічыць ажыцяўленне комплекснага падыходу да турыстычнай дзейнасці, у працэсе якой вырашаюцца аздараўленча-спартыўная, пазнавальная і выхаваўчая задачы. Адсутнасць адной з іх значна звужае педагагічныя магчымасці сямейнага турызму. Такім чынам, развіцце сістэмы турыстычных відаў дзейнасці – адзiн з важнейшых напрамкаў у працы з сям’ей. Сямейны турызм спрыяе ўмацаванню маральных асноў сям’і, духоўнаму адзінству бацькоў і дзяцей. Сумесныя падарожжы па краіне і за яе межы пашыраюць кругагляд членаў сям’і, фарміруюць уяўленні аб гісторыі, культуры, традыцыях свайго народа і іншых краін і народаў. Сямейны турызм спрыяе паляпшэнню рэпрадукцыйнага здароў’я сям’і, выхаванню дзяцей у духу ўзаемаразумення і ўзаемнай падтрымкі, умацоўвае высокія маральныя ідэалы жыцця сучаснай сям’і.

Мэта дадзенай стратэгіі: распрацоўка зместу, метадаў і формаў сямейнага турызму як сродку далучэння сучасных сем’яў, дзяцей і падлеткаў, да культурна-гістарычнай спадчыны, выхаванне патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Перспектывы ўкаранення стратэгіі:

выкарыстанне турызму і экскурсійна-краязнаўчай працы як тэхналогіі забеспячэння працэсаў паўнавартаснага далучэння сучасных сем’яў, дзяцей і падлеткаў да культурна-гістарычнай спадчыны, выхавання патрыятызму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

ххх

Абагульняючы вышэйсказанае неабходна падкрэсліць, што паўнавартаснае функцыянаванне этнакультурных працэсаў у беларускай сям’і, якое вызначаецца суіснаваннем традыцый і навацый, адлюстроўвае складанасць з’яў, якія адбываюцца ў сучасным беларускім грамадстве. Патрэбны велізарныя намаганні, каб пераадолець наступствы сямейнага разладу.

Духоўныя каштоўнасці і ідэалы беларускага народа, лепшыя узоры нацыянальнай культуры – аснова адаптацыйных стратэгій сучаснай сям’і. Неабходна праводзіць мэтанакіраваную працу па умацаванні духоўных асноў грамадскага развіцця, што ў перспектыве дасць магчымасць для фарміравання новых мадэляў і стандартаў у сямейных і сямейна-шлюбных стасункаў, у аснове якіх будуць зацверджаны нормы не спажывецкіх адносін да чалавека, асяроддзя, соцыўма, а нормы высокіх маральных устояў, самаўзнаўлення і самаарганізацыі.

Крыніцы:

1. Бабосов Е.М. Динамика моделей и практик социальной адаптации населения Беларуси в ХХ – ХХІ столетиях // Состояние и развитие методологических исследований в исторической науке Республики Беларусь и Российской Федерации. Гродно, 2008, с. 170–174.

2. Калачова І.І. Этнакультурныя працэсы ў гарадской сям’і беларусаў у апошняй трэці ХХ – пачатку ХХІ стст. Мінск, 2009, с. 13—32.