ХІХ стагоддзе стала эпохай пашырэння нацыяналізму і адпаведна ўсталявання нацыянальных дзяржаваў, то само пытанне гістарычнай дзяржаўнасці рабілася падмуркам для легітымнасці гэтых дзяржаў, поруч з пашырэннем плебісцытнага прынцыпу “волі народу”, які замяніў былую дынастычную лаяльнасць. Як паказвае падзел на “гістарычныя” і “негістарычныя” нацыі, наяўнасць гэтага сімвалічнага капіталу магла быць выкарыстана і для абгрунтавання прэтэнзій на аднаўленне дзяржаўнасці, як тое было ў выпадку тых жа вугорцаў і палякаў.

У выпадку ж “негістарычных” нацый, дзе не было ўласнай дзяржавы, не было “нацыянальных эліт”, а часта і адзінства нацыянальнай культуры і літаратурнай мовы, нацыянальны рух павінен быў даказаць спрадвечны характар уласнай нацыі, абгрунтаваць яе адвечнае існаванне.

Падобныя задачы “аднаўлення гістарычнасці” стаялі і перад беларускай нацыянальнай элітай канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, якая вымушаная была не толькі пашыраць уласнае бачанне мінулага, але і змагацца з той версіяй гісторыі, якая насаджалася імперскім цэнтрам. У беларускай інтэлектуальнай і культурнай прасторы з канца ХІХ ст. канкурыруюць два асноўных гістарычных мета-наратывы, якія даюць базіс вытлумачэння гістарычных падзей і іх сэнсу. Адмысловае месца для абодвух наратываў мае пытанне вытокаў дзяржаўнасці.

Першы з іх – нацыянальны, дзе вытокі дзяржаўнасці прасочваюцца да Полацкага княства, якое лічыцца самастойным дзяржаўным утварэннем. У якасці “залатой эпохі” вылучаецца Вялікае Княства Літоўскае, дзе беларускі народ займаў паноўнае становішча, але ў выніку інтрыгаў магутных суседзяў гэта магутная дзяржаўнасць была страчаная. Беларуская Народная Рэспубліка разглядаецца як легітымная форма аднаўлення гэтай лініі дзяржаўнасці ў мадэрную эпоху.

Другі наратыў – русацэнтрычны, дзе гісторыя беларусаў разглядаецца ў кантэксце агульнарускай дзяржаўнасці. Кіеўская Русь лічыцца той дзяржавай, дзе ўзнікла старажытнаруская народнасць, з якой пазней сфарміраваліся блізкія і братнія рускі, украінскі і беларускі народы. ВКЛ апазнаецца як дзяржава літоўскіх феадалаў, дзе руская праваслаўная культура і свядомасць прыгняталіся. У якасці мадэрнага ўвасаблення дзяржаўнасці прапаноўваецца БССР.

Відавочна, што абедзве формы разумення генеалогіі беларускай дзяржаўнасці цесна і непасрэдна завязаныя на палітычныя праекты і візію не толькі мінулага, але таксама сучаснасці і будучыні Беларусі.

Таксама цікава было б прааналізаваць наколькі ўяўленні пра пачатак дзяржаўнасці ўплываюць на кшталт гістарычнай памяці беларусаў.

На матэрыяле сацыялагічных дадзеных можна вылучыць чатыры тыпы ўяўленняў пра нацыянальнае мінулае: 1) ідэалагічны выбар «доўгай генеалогіі», заснаваны на свядомым прыняцці нацыянальнага наратыва, з ім злучаюцца досыць цвёрдыя пазіцыі (выбар у якасці сімволікі бел-чырвона-белага сцяга і «Пагані», прыхільнасць да максімальнага пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы); 2) эмпатычны выбар «доўгай генеалогіі», для якога характэрна ўмерана-пазітыўнае стаўленне ў адносінах да нацыянальнай гісторыі і беларускай мовы, станоўчае ўспрыняцце беларускасці злучанае разам з адсутнасцю ўласнай актывісцкай пазіцыі; 3) ідэалагічны выбар «кароткай генеалогіі», для якога характэрна рэзкае непрыманне сферы пашырэння беларускай мовы і прыняцце савецкай ідэнтычнасці; 4) выбар «кароткай генеалогіі», заснаваны на вузкім гарызонце гістарычных ведаў, абмежаваным межамі штодзённасці (такая пазіцыя характарызуецца нявыяўленасцю пазіцый па праблематычных пытаннях і слабой, расплывістай ідэнтычнасцю). На падставе сацыялагічных дадзеных можна смела сцвярджаць, што пры даволі слабой укарэненасці ў масавай свядомасці беларусаў цвёрдых ідэалагічных поглядаў, у цэлым пераважае тэндэнцыя «мяккай» ухвалы «доўгай генеалогіі» нацыянальнай дзяржаўнасці. Яна паступова, але ўсё больш пашыраецца сярод насельніцтва, і калі ўлічваць, што група прыхільнікаў “кароткай дзяржаўнасці” – гэта пераважна людзі старэйшага ўзросту з невысокім узроўнем адукацыі, то ў перспектыве са зменаю пакаленняў гэты зрух да “доўгай дзяржаўнасці” будзе працягвацца.

Але відавочна, што прыхільнасць да выбару старажытнай версіі беларускай дзяржаўнасці не зусім адпавядае жорсткай версіі этнанацыяналізму, якая базуецца ў сваёй гістарыясофіі менавіта на такім бачанні мінуўшчыны. Сярод насельніцтва Беларусі выбар “доўгай генеалогіі” нацыянальнай дзяржаўнасці спалучаецца і з прыняццем сучаснай беларускай сімволікі, і з пасіўным стаўленнем да пашырэння ўжытку беларускай мовы. У такім выглядзе “доўгая генеалогія” выглядае прыдатнай і для беларускай улады, паколькі не супярэчыць тым пазіцыям, якія распаўсюджваюцца праз праект беларускай дзяржаўнай ідэалогіі. Таму нават пры паступовым сыходзе савецкага пакалення і адсутнасці ўстойлівай базы для падтрымкі русацэнтрызму, шанцы на пашырэнне радыкальнай версіі моўна-этнічнага нацыяналізму досыць абмежаваныя. Больш верагодным выглядае распаўсюджванне памяркоўнай і досыць пасіўнай версіі беларускай ідэнтычнасці.

Трэба адзначыць, што вынікі сацыялагічнага даследавання прама пацвярджаюць тую сувязь паміж мовай, гістарычнай памяццю і ідэнтычнасцю, якую сцвярджалі нацыянальныя прарокі, і якую зараз спрабуюць намацаць вучоныя. Выбар версіі беларускай мінуўшчыны і сапраўды мае ўстойлівыя карэляцыі з выбарам нацыянальнай сімволікі, стаўленнем да савецкай ідэнтычнасці, моўнымі прыхільнасцямі.