У італьянцаў, іспанцаў, грузінаў ды іншых народаў ёсць добрая традыцыя – піць віно за сямейным абедам. Выпіваючы, яны гутараць і нават спяваюць песні. Беларусы пасля змены таксама п’юць алкаголь, закусваюць і абмяркоўваюць надзённыя справы. Але чаму тады першае – гэта культура піцця, а другое – алкагалізм?

Чаму шкодна піць на кухні і тым больш аднаму? Як алкаголь можа стаць часткай культурнай традыцыі? Калі ў Беларусі паход у бар або рэстаран перастане быць раскошай? І чаму ў нас да гэтага часу спрадвечныя крамбамбуля і мёд не набылі статусу нацыянальнага напою? Пра ўсё гэта – чарговае інтэрв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!” Сёння гутарым з бармэнам Паўлам Здаравенкам.

– Распіццё віна ва ўмераных колькасцях за ежай – гэта, хутчэй, атрыманне задавальнення ад жыцця, чым алкагалізм. У італьянцаў, іспанцаў, грузінаў ды іншых народаў гэта атрымліваецца натуральна, таму што ў іх краінах ёсць адпаведная культура, цудоўная кухня, выдатныя гатункі віна і, самае галоўнае, рытуал, калі ўся сям’я збіраецца за вялікім сталом. У такіх сумесных вячорках ад пакалення да пакалення перадаецца павага, а таксама асноўныя правілы традыцыйнага застолля. Ва ўжыванні алкаголю існуе свая культура, аднак ёсць людзі (іх часцей можна сустрэць у нашым тэруары), якія аддаюць перавагу таму, каб проста напіцца пасля працы танным алкаголем. Яшчэ і ў адзіночку.

  Чаму вы лічыце, што літр віна, выпіты за абедам, – гэта культурна, а літр чарніла, выпіты ў падваротні пасля працоўнай змены, гэта непрыгожа і некультурна?

– Чаму ў Венскай оперы на квітках можна знайсці пажаданні наконт знешняга выгляду, дрэс-кода? Таму што гэта прыгожа. Опера выхоўвае. Так і тут: прыгожа, калі, выконваючы правілы этыкету і культурныя традыцыі, сям’я садзіцца за вялікі стол. Гэта і дзецям добры прыклад для пераймання.

Выпадак з “чарнілам” супрацьлеглы: мужчына прыходзіць з працы, выканаўшы сваю асноўную місію, так, ён хоча расслабіцца, але не шукае ў гэтым задавальнення, а толькі імкнецца да выніку – напіцца. Пра якія традыцыі і прыклад для дзяцей можна казаць, калі па дарозе дадому бацька выпіў 0,5 “Крыжачка”? Прыйшоў п’яны, пануры, утаропіўся ў тэлевізар – не чапайце мяне.

Грузінскія застоллі – гэта нейкі рытуал, традыцыі зносін. Гэта не проста паглынанне ежы і ўжыванне віна. У нас піццё не для зносін, а каб пазбавіцца комплексаў, “падораных” нам бацькамі, грамадствам, кіраўніцтвам на працы. І толькі такім чынам шмат у каго атрымліваецца расслабіцца і атрымаць упэўненасць у тым, што яны ужо самастойныя дарослыя людзі. Мы не ўмеем набірацца сіл, танцуючы, жартуючы, маючы зносіны з сям’ёй. І алкаголь – гэта не частка культурнай традыцыі, а самы лёгкі спосаб забыцца на свае праблемы і сысці ад рэчаіснасці.

Напіцца.

– Калі чалавек хоча напіцца – дрэнна. Значыць, на душы адчай, стрэс і безвыходнасць. Я ніколі не асуджаю людзей у такім стане, калі, вядома, іх паводзіны застаюцца ў пэўных рамках прыстойнасці і яны не парушаюць асабістую прастору іншых.

А як вы ставіцеся да людзей, якія наогул не п’юць спіртнога?

– У ціхім балоце чэрці растуць. Калі чалавек не выпівае алкаголю, я адразу задаюся пытаннем, як ён расслабляецца. Магчыма, у яго ёсць вар’яцкае хобі – скачкі з парашутам над прорвай з затрымкай раскрыцця парашута – добра, значыць, ён так расслабляецца. А калі чалавек не п’е, не курыць, чытае кнігі і ўвесь з сябе такі белы-пухнаты, хутчэй за ўсё, гэта няпраўда. Значыць, ён нешта ўтойвае. Мяне гэта насцярожвае.

Як жа вызначыць меру?

– Пачуццё меры для кожнага індывідуальнае. Але пакуль ты кантралюеш сябе, усё выдатна. Як толькі табе становіцца некамфортна ці ты пачынаеш парушаць чужыя межы, рабіць людзям непрыемнасці – значыць, усё, трэба спыняцца. Гэта як у спрэчцы: галоўнае – своечасова спыніцца і не пераходзіць на мову цела. Трэба ўмець заставацца джэнтльменам – гэта пытанне самаадукацыі і ўнутранай дысцыпліны.

Дзе падобныя веды можна атрымаць для сябе?

– Аснова ведаў пра культуру піцця – сямейныя традыцыі. Дзіця з дзяцінства бачыць, што ўся сям’я збіраецца за адным сталом, выконваючы пры гэтым пэўныя правілы. У яго гэта ўваходзіць у падсвядомасць, пранікае ў кроў. І потым, вырастаючы, ён не ўяўляе, што можна весці сябе па-іншаму, таму што так сябе паводзілі яго продкі. Глядзіце, за звычайным сямейным абедам у Італіі, Іспаніі, напрыклад, нікому не прыйдзе ў галаву напіцца да страты прытомнасці. Але збан з віном заўсёды на стале. Ёсць веды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, іх проста так не вывучыш. Што тычыцца нашага рэгіёну, то тут з’явяцца веды, варта пачаць паказваць годны прыклад сваім дзецям, падарожнічаць, чытаць добрыя кнігі і глядзець прыгожае кіно – гэта працуе.

Так, фільмы, кнігі і падарожжа даступныя цяпер. Але ці выкарыстоўваюць беларусы атрыманую інфармацыю для свайго развіцця? Вы заўважылі нейкі прагрэс за апошні час?

– Мы паціху вучымся. Нам нарэшце стала не цікава піць дома. У рэстаранах і кавярнях па вечарах цяжка знайсці месца, дзе можна спакойна пасядзець у адзіноце. Беларусы пачалі ездзіць за мяжу, убачылі, што ў рэстаранах бывае весела, смачна і займальна, прычым не абавязкова дорага. Можа, калісьці ў нашых школах пачнуць выкладаць гастранамічны этыкет: як правільна трымаць відэлец, нож, дзе павінен стаяць келіх для вады, як спалучаць ежу, што трэба есці, што трэба піць у пэўных сітуацыях, што добра для цябе, што дрэнна.

Навошта школьнікам гэтыя веды, калі ў рэстараны бацькі іх не водзяць, ды і самі не часта туды зазіраюць?

– У нас да гэтага часу квітнее меркаванне, што ў рэстаранах дорага. Але гэта не так. Не абавязкова прыходзіць у рэстаран на вячэру – можна проста зайсці сям’ёй выпіць кубак кавы і з’есці дэсерт, сустрэць сяброў, пагутарыць, цікава правесці час. Няма разумення, што рэстаран – гэта сацыяльная з’ява, а не раскоша. За мяжой людзі п’юць не менш за нас, проста не істэрычна, як у апошні дзень, а спакойна, у кампаніі іншых, не абавязкова знаёмых людзей. Наш чалавек часта п’е ад адзіноты. Калі табе самотна, чаму б не зайсці ў рэстаран або бар? Дарэчы, у еўрапейскай рэстараннай школе вылучаюць ўсяго тры прычыны, па якіх мы ходзім піць ў грамадскія ўстановы.

Якія гэта прычыны?

– Адзінота – у гэтым выпадку п’юць ад тугі, каб зняць стрэс. Дзелавая сустрэча – дапусцім, вы ведзяце перамовы і хочаце адзначыць заключэнне здзелкі. І яшчэ сустрэча з сябрамі або каханым чалавекам. Больш прычын не існуе. І для кожнага гэтага выпадку падбіраюцца розныя напоі і іх колькасць. На жаль, мы пакуль не ўспрымаем рэстараны і бары як сацыяльна значныя месцы.

Чаму лепш піць з кампаніяй ва ўстанове, чым у адзіноце на кухні?

– Самотна на кухні ты застаешся сам-насам з сабой. І тут магчымыя розныя сцэнары ў залежнасці ад ступені ап’янення. Часам дапушчальна і неабходна выпіць і падумаць, але ў час паставіць кропку і спыніцца. А бывае іншы выпадак, калі чалавек сам сябе моцна напампоўвае, – і гэта становіцца небяспечным. У нейкі момант п’янаму чадавеку спатрэбіцца выхад энергіі. І ў рамках свае кухоннае адзіноты гэтая энергія напэўна ператворыцца ў адмоўную. А пітво ў сацыяльным асяроддзі, калі ты сябе кантралюеш, выхоўвае. Вернемся да нашых грузінаў: выпіваючы, яны спяваюць, размаўляюць, даюць выхад сваёй энергіі. Якія на кухні з самім сабой п’яным зносіны?

І яшчэ ўжыванне спіртных напояў у кампаніі – гэта заўсёды праверка пачуцця гумару. Гэта самы здаровы смех над сабой: куча гісторый і пацешных здарэнняў – жыццёвы вопыт, якім можна падзяліцца з сябрамі або нават з дзецьмі, бо яны, у сваю чаргу, гадоў праз 20-30 будуць хадзіць у пабы і адколваць падобныя нумары. Калі ж у жыцці толькі кухоннае п’янства або п’янства сам-насам з самім сабой, лічыце, што падобнага жыццёвага багажу ў вас няма.

Нашай нацыі па-ранейшаму ўласціва піць на кухні?

– Чым даўжэй мы будзем так лічыць, тым больш будзем піць на кухнях. Калі чалавек выпівае дома адзін, яму дрэнна, пашкадаваць яго трэба. Піць лепш у барах з сябрамі, для таго, каб весяліцца, а не для таго, каб зняць стрэс. Жадаеце зняць стрэс – ідзіце ў спартзалу. Ужываць алкаголь трэба для весялосці.

Вы казалі пра прычыны, па якіх мы адпраўляемся ў бары, каб выпіць. А што, калі нашы людзі п’юць без прычыны, а проста праз звычку, што гістарычна склалася? Бо ёсць стэрэатып: рускамоўны першая асацыяцыя гарэлка.

– Стэрэатып, напэўна, з’явіўся ад таго, што нацыя злёгку надрыўная. Калі пачытаць класічную літаратуру, паглядзець гістарычныя фільмы і карціны, то малюецца ва ўяўленні рускі бунт – бязлітасны і бессэнсоўны. Нацыя – надрыў, пастаянна ў нейкім напружанні. І, магчыма, выпіўка – гэта адзін з гістарычна ўзніклых спосабаў паспрабаваць расслабіцца. Але абсалютная няпраўда, што астатнія народы п’юць менш.

А што датычыцца беларускай культуры піцця? Мы моцна адрозніваемся ад рускай нацыі? Наогул, у нас прадстаўлена аўтэнтычная беларуская культура піцця і ежы?

– Зараз у асацыяцыі шэф-кухароў Беларусі гартаюць вялікую колькасць архіўных дакументаў, рэцэптаў і спрабуюць знайсці вытокі нашай кухні, за што хлопцам вялікая павага.

Гэта так складана – аддзяліць беларусаў ад літоўцаў, палякаў, расейцаў, таму што ў нас заўсёды былі вельмі цесныя ўзаемаадносіны. Але нашы спрадвечныя напоі – мёд і крамбамбуля. Мёд у нас ніхто цяпер не робіць. Крамбамбулю спрабавалі вырабляць, але нічога пра гэты праект сёння не чуваць. Непапулярнасць нацыянальных беларускіх напояў, мне здаецца, абумоўлена недаверам да мясцовай вытворчасці.

Недаверам або пыхай? Чаму няма культуры спажывання спрадвечна беларускіх напояў?

– Вялікая небяспека купіць няякасны прадукт. Таму да беларускага алкаголю ставяцца з некаторым падазрэннем, недаверам. Вось і атрымліваецца, што, можа, і хацеў бы купіць беларускае, а ідзеш і купляеш алкаголь замежнага вытворцы.

Той самы, што ў Еўропе можна купіць у тры разы танней…

– Ну, а што, успрымайце ўжыванне алкаголю як нейкае святое дзейства. Калі мы хочам атрымліваць задавальненне ад жыцця, мы стараемся сябе папесціць чымсьці: купляем сабе добрую вопратку, якасны абутак, дарагія рэчы ў дом, падарункі сабе робім. Чаму мы лічым, што алкаголь – гэта такая рэч, якая павінна каштаваць танна? У Еўропе віно абыходзіцца танней, таму што менавіта там расце вінаград, з якога вырабляюць віно. Затое гарэлка ў іх каштуе прыстойных грошай, у адрозненне ад Беларусі, – у нас яна з’яўляецца адным з самых даступных алкагольных напояў.

Як вы лічыце, беларуская гарэлка па сваёй цане настолькі ж якасная, якім можа быць еўрапейскае віно недарагой катэгорыі?

– Мне для працы важна ведаць усё пра якасць напою, які я прапаную госцю. Таму, калі з’яўляюцца новыя гарэлачныя брэнды, я іх правяраю – сам дэгустую. Кладу бутэльку ў маразільнік і забываю пра яе на некалькі дзён, потым гляджу, што з ёй за гэты час адбылося, каштую, ацэньваю на смак. Вядома, уласцівасці беларускай гарэлкі не заўсёды на вышыні. Але хай гэта застанецца на сумленні вытворцы. А пакупнік прагаласуе кашальком. Проста няякасны тавар перастане з часам распрадавацца.

А якія спіртныя напоі ад беларускага вытворцы вы б маглі парэкамендаваць?

– Беларускія бальзамы цікавыя. Але не ўсе. Што яшчэ? Гадоў пяць таму быў вельмі нядрэнны беларускі аналаг знакамітага сметанковага лікёру. Але вытворца не змог утрымаць якасць на заяўленым узроўні. Я думаю, што на сённяшні дзень у беларускім алкаголі цяжка знайсці моцныя якасныя брэнды, але гэта пытанне часу. Яны ўсё адно з’явяцца. Калі праводзяцца выставы, прысвечаныя спіртным напоям і рэстараннай справе, туды прыходзяць тэхнолагі з агнём у вачах, якім цікава, якія шукаюць новыя рэцэпты і смакавыя адчуванні. Вось такія людзі ў хуткім часе створаць ўласную гісторыю беларускага алкаголю. Упэўнены, што з часам у Беларусі ўсталюецца прыстойная культура піцця. Гэта толькі пытанне часу: трэба трошкі пачакаць, і, зразумела, трэба часцей сустракацца з сябрамі каля барнай стойкі.

Фота Аляксандр Tarantino Ждановіч

(Журналісцкае агенцтва Таранціны і сыны)