У 2012 г. доля электронных кніг дасягнула 9,5 працэнта ад агульнага абароту нямецкіх выдавецтваў. Штэфен Маер, прадстаўнік Камітэта па пытаннях электронных публікацый (Arbeitskreis Elektronisches Publizieren) Біржавога аб’яднання нямецкага кніжнага гандлю, распавядае парталу Goethe.de пра развіццё падзей на рынку электронных кніг, які стала расце.

Спадар Маер, часы, калі электронныя кнігі былі чымсьці экзатычным, мінулі таксама і ў Германіі. Ці адбываецца ў краіне бум электронных кніжак?

Мы маем справу хутчэй з дынамічным натуральным прыростам. Рынак электронных кніг – гэта рынак апаратных сродкаў: каб чытаць электронныя кнігі неабходна мець мабільнае прыстасаванне. З павелічэннем колькасці наяўных мабільных прыстасаванняў расце попыт на электронныя кнігі. А попыт, які расце, змушае выдавецтвы ствараць больш прапаноў.

Паводле апошняга даследавання карыстання электроннымі кнігамі Біржавога аб’яднання нямецкага кніжнага гандлю, 53 працэнты нямецкіх выдавецтваў выпускаюць электронныя кнігі. 54 працэнты навінак сёння выходзяць таксама і ў фармаце электроннай кнігі. Гэта зусім няшмат, ці не так?

Выпуск электронных кніг патрабуе ад выдавецтваў вялікіх інвестыцый. Таму многія спачатку проста назіралі за развіццём падзей. Трэба ведаць, што электронныя кнігі, якія выпускаюць выдавецтвы, не з’яўляюцца пабочным прадуктам. Каб наладзіць іх выпуск, неабходна цалкам змяніць вытворчыя працэсы. Па-ранейшаму тэхнічна немагчыма стварыць электроную кніжку, якую можна было б чытаць на ўсіх мабільных прыстасаваннях. Да таго ж трэба лічыцца са значнымі выдаткамі на вырашэнне пытанняў з аўтарскімі правамі і на дзейнасць сервіснай службы для пакупнікоў.

З гэтай прычыны зразумела, чаму выдавецтвы паводзяць сябе вельмі асцярожна. Аднак вынікі нашага даследавання таксама сведчаць, што 84 працэнты выдавецтваў паставілі сабе мэту выйсці на рынак электронных кніг у будучыні.

Ад чытання ў дарозе да чытання ў фатэлі

Ці паводзяць сябе жыхары Германіі ў дачыненні да электронных кніг больш стрымана, чым людзі ў іншых краінах?

Не заўсёды. Часта Германію параўноўваюць з ЗША, дзе рынак электронных кніг інтэнсіўна развіваецца. Аднак гэта параўнанне мае слабое месца. Дзякуючы шчыльнай сетцы ўстаноў кніжнага гандлю людзі ў Германіі вельмі добра забяспечаны кнігамі. Таму няма попыту на электронныя кнігі, які быў бы выкліканы тым, што якую-небудзь кнігу нельга хутка набыць у папяровай форме.

Да таго ж электронныя кнігі ў ЗША часта на 50 працэнтаў таннейшыя за папяровыя версіі. У Германіі такога вялікага фінансавага стымулу няма. Кошты электронных кніг у краіне на 20 працэнтаў ніжэйшыя за кошты папяровых версій у рознічным гандлі. Іх кошт таксама павінен быць прывязаны да кошту кніг, таму яны паўсюль каштуюць аднолькава.

Як карыстаюцца сёння электроннымі кнігамі нямецкія спажыўцы?

Спачатку электронныя кнігі чыталі ў дарозе: напрыклад, падчас паездак альбо ў сітуацыях, калі трэба было чакаць. Сёння электронная кніга паступова перастае быць электроннай цацкай, якой бавяцца ў дарозе, і прыходзіць у звыклыя месцы чытання. Электронная кніга заваёўвае спальню, канапу і балкон. А гэта значыць, што электронную і класічную кнігі пачынаюць успрымаць у якасці раўнацэнных.

Матэрыяльная каштоўнасць vs. уразлівае права карыстання

Якія перадузятыя меркаванні маюць пакупнікі ў дачыненні да электронных кніг?

Калі гаварыць пра прынцыповыя рэчы, то гэта традыцыйныя паводзіны чытачоў – успрыняццё на дотык. Розніца вялікая: альбо я заплачу 29,90 еўра і атрымаю на рукі папяровую кнігу, альбо за крыху меншы кошт набуду файл, нават толькі права карыстання ім. Думаю, што гэта ўстаноўка зменіцца не вельмі хутка. Урэшце, дзеці ў школе пакуль яшчэ займаюцца па папяровых падручніках.

Да таго ж чытанне электроннай кнігі азначае для многіх людзей працу з тэхнікай. Карыстацца нават самым простым мабільным прыстасаваннем складаней, чым чытаць кнігу. Акрамя таго, існуюць і іншыя абмежаванні: нельга проста так даць пачытаць электронную кнігу альбо падараваць яе. Таксама няма пэўнасці наконт таго, што здарыцца з раней набытымі электроннымі кнігамі ў выпадку набыцця электроннай кнігі іншага вытворцы.

Думаю аднак, што ў будучыні мы створым адпаведныя стандарты. І, можа быць, прадстаўнікі пакалення чытачоў, якое прыйдзе пасля наступнага, больш не будуць адчуваць вялікай розніцы, карыстаючыся абодвума відамі кніг.

Ці заменяць электронныя кнігі папяровыя ў будучыні?

Папяровая кніга – прынамсі ў бліжэйшай будучыні – будзе і надалей адыгрываць сваю ролю у выпадках, калі будзе мець значэнне ўспрыняццё на дотык, прывабнае афармленне, добрая паліграфія і да т. п. У іншых выпадках – напрыклад, пры чытанні кішэнных кніг, белетрыстыкі – плюсы, якія мае лічбавае выданне, пераважаць.

Ужо цяпер бачна, што папяровая кніга губляе пазіцыі на рынку на карысць электроннай. Цяпер выдавецтвам трэба вызначыцца, як паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі, каб задаволіць патрэбы рынка электронных кніг.