У гутарцы бралі ўдзел гісторык доктар гуманітарных навук, спецыяліст у адраджэнні гісторыі і традыцыйнай культуры ліцвінаў Алесь Белы, дырэктар лепшага рэстарана традыцыйнай беларускай кухні “Камяніца” Сяргей Чагрынец і ўладальнік аграсядзібы “Ганка” Анатоль Ганец.

У сувязі з паведамленнем пра тое, што беларусы не былі бульбашамі, гісторык доктар гуманітарных навук, спецыяліст у адраджэнні гісторыі і традыцыйнай культуры ліцвінаў Алесь Белы заклікаў не ўпадаць у крайнасці і не ствараць новых кулінарна-гістарычных брэндаў. Паводле яго, канцэптуалізацыі патрабуе найперш прадукцыя харчовай прамысловасці, якая з-за адсутнасці выразнага пазіцыянавання затанна прадаецца за межы краіны, амаль што па коштах сыравіны. Ён лічыць абсурдным прадаваць у Расію сыр пад назвай “Расійскі” ці фактычна безбрэндавыя малочныя прадукты, якія толькі маюць за сабою славу “добрага, бо беларускае”.

Сяргей Чагрынец, дырэктар лепшага рэстарана традыцыйнай беларускай кухні “Камяніца”, падкрэсліў, што галандцы ці шведы куды раней за беларусаў сталі бульбашамі. А само гэта азначэнне за намі замацавалі суседзі з усходу, якія атрымалі карняплод пазней за нас. Спадар рэстаратар падкрэсліў, што ён гатовы быў бы прасоўваць беларускую кухню прынамсі на ўсход, нават без матэрыяльнай падтрымкі дзяржавы. Ён хацеў бы атрымліваць хаця б адміністратыўную дапамогу сваёй дзейнасці, альбо прынамсі мець гарантыі “неўмяшальніцтва” ў свой бізнэс. На сённяшні дзень ён пастаўлены ва ўмовы, калі мае нават інвеставаць у сыравінавы рынак. Сяргей Чагрынец перакананы, што настае час для “безасабовых” гульцоў рэстараннага рынку для самавызначэння, бо гэтага патрабуе час.

Нарыхтоўкай і вырошчваннем інгрыдыентаў для ўласнай кухні займаецца і ўладальнік аграсядзібы “Ганка” Анатоль Ганец. Ён адзначае, што беларуская кухня вельмі запатрабаваная і ўпадабаная замежнікамі. Сітуацыя ў часы доўгіх святочных вакацыяў складваецца такая, што аграсядзібавы бізнэс трэба цалкам русіфікаваць. Уласнік “Ганкі” ўпэўнены, што паступовая папулярызацыя беларускай кулінарнай і спадарожнай ёй пітной традыцыі разам з прадуманай дзяржаўнай палітыкай маглі б выправіць сітуацыю з празмерным спажываннем алкаголю. Ён нават працуе над стварэннем экамузея піва, каб паказаць, што ў нашых продкаў гэта быў прынцыпова адрозны ад сённяшняга напой.

Спампаваць аудыё (31.82 МБ)