Бразыльскі хлопец вывучыў беларускую мову ня горш за саміх беларусаў, а таксама і тэксты песень некаторых беларускіх рок-гуртоў. Аднак размаўляе па-беларуску часьцей ва Ўкраіне.

Патэрсан зь дзяцінства быў улюблёны ў СССР, а калі падрос, вырашыў прыехаць у Расею. Але быў трохі расчараваны, бо сучасная Расея мала нагадвае яму Савецкі Саюз, у які ён так марыў патрапіць. А пасьля пазнаёміўся зь беларускай Воляй, якая жыла ў Маскве, яна яму і адкрыла Беларусь, яе мову і рок-музыку.

«Я не хацела нікому навязваць беларускую музыку. Яна мне падабаецца, але гэта ж ня значыць, што яна будзе падабацца астатнім», — кажа Воля.

Аднак беларуская музыка Патэрсана захапіла, і яны разам з Воляй пачалі езьдзіць па канцэртах ды фэстах. Апошнім зь іх быў паган-мэтал фэстываль «Kilkim Žaibu», на якім выступаў адзін з улюбёных беларускіх гуртоў Патэрсана «Znich».

«Я ніколі ня чуў Зьніча ўжывую, таму мы паехалі на фэст. Мне вельмі спадабалася, было весела і цікава. Мне падабаецца Znich i Litvintroll. Я люблю дуду, пра яе ў Бразыліі ніхто ня ведае, і мне вельмі падабаецца спалучэньне дуды і heavy metal, гучыць вельмі гарманічна», — захапляецца бразылец.Патэрсан Франко на фэстывалі «Kilkim Žaibu»

Таксама Патэрсану падабаецца «Testamentum Terra», «Троіца» і «Стары Ольса». Каб пачуць музыку апошняга, яны з Воляй адмыслова прыяжджалі ў Гомель на канцэрт.

«Мне вельмі падабаецца музыка «Старога Ольсы», бо я цікаўлюся беларускай гісторыяй і мне падабаецца ВКЛ», — распавядае Патэрсан.

Насуперак меркаваньням некаторых беларускіх адраджэнцаў, Патэрсан і Воля ня лічаць, што СССР — гэта толькі зло, а ВКЛ — дабро.

«Ня ўсё было блага ў СССР. Былі, напрыклад, вельмі добрыя фільмы. У кожнай гістарычнай эпохі ёсьць нешта добрае», — упэўнены Патэрсан.

Патэрсан размаўляе мала таго што зь невялікай колькасьцю памылак, дык яшчэ амаль без акцэнту. Прызнаецца, што мову ён асабліва і не вучыў, бо існуе вельмі мала падручнікаў па беларускай мове для замежнікаў.«Мне цяжка яшчэ і таму, што ў Беларусі я мала размаўляю па-беларуску, тут ніхто не размаўляе па-беларуску, няма дзе практыкаваць мову», — скардзіцца бразыльскі хлопец.

«Я калі ў Беларусі нават і размаўляю па-расейску, дзякую я заўсёды па-беларуску, а людзі на мяне неяк крыва глядзяць. Вось ведаеце, розьніца паміж літоўцамі і беларусамі такая: у Літве, калі сурозмоўца размаўляе па-расейску, а я яму кажу «Дзякуй!» па-літоўску, ён пачынае ўсьміхацца, а ў Беларусі, калі дзякую па-беларуску — на мяне крыва глядзяць».

А вось калі яны з Воляй вандруюць ва Ўкраіну, пагутарыць па-беларуску ўдаецца нашмат болей. Патэрсан робіць выгляд, што не размаўляе па-расейску, а толькі па-беларуску — і суразмоўнікі пачынаюць пераходзіць на ўкраінскую. Але ў Беларусі такое, на жаль, не спрацоўвае.

«Я калі ў Беларусі нават і размаўляю па-расейску, дзякую я заўсёды па-беларуску, а людзі на мяне неяк крыва глядзяць. Вось ведаеце, розьніца паміж літоўцамі і беларусамі такая: у Літве, калі сурозмоўца размаўляе па-расейску, а я яму кажу «Дзякуй!» па-літоўску, ён пачынае ўсьміхацца, а ў Беларусі, калі дзякую па-беларуску — на мяне крыва глядзяць».

Патэрсан і Воля камунікуюць паміж сабой агулам на чатырох мовах, яны хоць і жывуць у Маскве, але Беларусь, яе музыку і мову не забываюць.

«Я часта чую ад расейцаў, што беларуская і расейская мова — аднолькавыя, і мне даводзіцца ім даказваць, што гэта ня так».