На пачатку верасьня ў Канадзе адбылася сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі.
Размова на ёй ішла, між іншым, пра сучасныя праблемы беларускай эміграцыі. Сёньня мы прапануем вам размову з асобай, якая на сваім уласным досьведзе сутыкнулася з гэтымі праблемамі. Паслухайце першую частку размовы.

Нам удалося скантактавацца з адным з удзельнікаў той сустрэчы Юрасём Зянковічам. У Беларусі ён доўгі час актыўна займаўся палітычнай ды грамадзкай дзейнасьцю. Уваходзіў у склад Партыі БНФ, быў дэпутатам Менскага раённага ды ждановіцкага сельскага саветаў дэпутатаў. Вось ужо некалькі год ён жыве ў Злучаных Штатах. Зь ім мы й размаўляем пра праблемы сучаснай беларускай эміграцыі, пра амэрыканскую спэцыфіку.

Юрась Зянковіч: У Злучаных Штатах новая хваля беларускай эміграцыі — гэта людзі дзьвюх катэгорый. Людзі, якія выйгралі грын-карту або людзі, якія атрымліваюць палітычны прытулак. Найчасьцей палітычны прытулак просяць студэнты, якія прыяжджаюць сюды ў рамках праграмы „work and travel”. Яны прыяжджаюць папрацаваць на лета, а пасьля імкнуцца застацца ў ЗША. Што тычыцца праграмы „грын-карта”, то для ўдзелу ў гэтай лятарэі трэба мець скончаную сярэднюю адукацыю. Асноўная праблема гэтых дзьвюх груп эмігрантаў — адсутнасьць досьведу працы за мяжой ды адсутнасьць якаснай, прызнанай у ЗША адукацыі.

Якую адукацыю прызнаюць у ЗША?

Юрась Зянковіч: Злучаныя Штаты, як дзяржава, прызнаюць любую адукацыю. Але амэрыканскія працадаўцы патрабуюць ад сваіх кандыдатаў на працу, каб яны мелі амэрыканскі досьвед працы. У крайнім выпадку амэрыканскую адукацыю. Гэта й ёсьць зачараванае кола праблемаў эмігрантаў. Пакуль ня вывучыш ангельскую мову, ня знойдзеш добрую працу й не атрымаеш адукацыю. На маю думку, гэта асноўная праблема новых эмігрантаў ў Злучаных Штатах.

Як людзі спраўляюцца з гэтым?

Юрась Зянковіч: Ёсьць людзі, якія пасьля шмат гадоў застаюцца на тым самым узроўні, што й новапрыбылыя. Але ёсьць людзі, якім удаецца разарваць гэтае зачараванае кола й тады Амэрыка, як стагодзьдзі таму, прадстаўляе свой воблік краіны вялікіх магчымасьцяў. Для такіх людзей адчыняюцца ўсе дзьверы, іх магчымасьці неабмежаваныя.

Па якой сьцежцы можна выйсьці з зачараванага кола?

Юрась Зянковіч: У ЗША адукацыя — гэта платнае ды нятаннае задавальненьне. Але ёсьць фэдэральныя праграмы дапамогі. Напрыклад, калі я ішоў вучыцца ў юрыдычную школу, то атрымаў крэдыт ад фэдэральнага ўраду на навучаньне. Гэта, безумоўна, добра, але пасьля ён вісіць на табе вялікім цяжарам. Напрыклад дактары канчаюць навучаньне з пазыкай паўмільёна даляраў ды нават больш.

Ня ўсе вырашаюцца на гэта, кажа наш суразмоўца. У некаторых кутках Амэрыкі можна абысьціся й бяз гэтага. Напрыклад, у Нью — Ёрку.

Юрась Зянковіч: Людзі баяцца такога цяжару. Зь іншага боку, каб паступіць на вучобу, трэба мець ангельскую мову на прыстойным узроўні. Але, напрыклад, у Нью — Ёрку, які зьяўляецца плавільным катлом народаў, шмат хто з жыхароў гэтага гораду не вучыць ангельскую мову. Па вялікім рахунку, няма такой патрэбы. Тут ёсьць раёны расейскамоўныя, польскамоўныя, гішпанамоўныя і т.д. Па сутнасьці, кожны замыкаецца ў сваім гета. Мне ў гэтым сэнсе пашчасьціла. Па прыезьдзе ў Амэрыку я жыў на Сярэднім Захадзе, дзе хочаш-ня хочаш даводзілася вучыць ангельскую мову. Але іншага шляху няма. Трэба вучыць мову, паступаць ва ўнівэрсытэт, і толькі тады можна будзе разарваць гэтае зачараванае кола. Іншы шлях даступны для тых, хто мае грошы. Калі прыехаць у ЗША ды заснаваць свой бізнэс, тады цябе не датычаць шматлікія праблемы ў Амэрыцы.

Сёньня, як і сто гадоў таму, беларусы едуць у ЗША ў пошуках лепшай долі. Асноўная праблема новапрыбылых — зачараванае кола: мова-вучоба-праца. У Амэрыцы без працы цяжка разьлічваць на посьпех. Дзеля гэтага трэба ведаць мову й мець адукацыю. Пра тое, як разарваць гэтае зачараванае кола, распавядаў Юрась Зянковіч, колішні жыхар падменскіх Ждановіч, цяперашні жыхар Нью — Ёрку.