30 сакавіка спаўняецца сем гадоў, як польскія ўлады дазволілі вучыцца ў Польшчы рэпрэсаваным беларускім студэнтам. Еўрарадыё паразмаўляла з Інай Кулей.

Еўрарадыё паразмаўляла з Інай Кулей, кіраўніцай «Камітэта абароны рэпрэсаваных» і каардынатарам прагармы Каліноўскага ў Беларусі.

Еўрарадыё: Ці задаволеныя вы тым, як дзейнічала праграма на працягу гэтых сямі гадоў?

Іна Кулей: Вынік — 160 выпускнікоў, якіх мы маем на сёння. Гэта таксама пяць дактароў навук (кандыдатаў навук, згодна з беларускай градацыяй навуковых званняў. — заўв. Еўрарадыё). Спецыяльнасці неабмежаваныя — як тэхнічныя, так і гуманітарныя. Думаю, што цяпер гэта нават можна назваць універсітэтам Каліноўскага. Ёсць усе ступені — бакалаўры, магістры, паслядыпломная адукацыя, навуковыя стыпендыі, гэта аспірантура для кандыдатаў навук, і з гэтага года пачалася новая праграма — “доктар хабілітаваны”. У ёй зараз прымаюць ўдзел тры вядомыя чалавекі: Валер Булгакаў, Андрэй Чарнякевіч і Тадэвуш Гавін. Таму можна лічыць праграму Каліноўскага не проста праграмай, а цэлым універсітэтам.

Еўрарадыё: Ці былі за сем гадоў працы адмоўныя моманты? Што б вы маглі назваць зараз?

Іна Кулей: Найперш тое, што не ўдалося стварыць супольнасці выпускнікоў праграмы. Няма паміж імі еднасці. Нашы выпускнікі не да канца інтэграваныя ў беларускія справы. З гэтым мы сёння збіраемся працаваць. Мы ўжо распрацавалі цэлую кампанію па аб’яднанні выпускнікоў. Каб гэты патэнцыял з адукаваных людзей выкарыстаць для Беларусі.

Еўрарадыё: Ці адсочваеце вы лёс выпускнікоў праграмы? Яны вяртаюцца ў Беларусь альбо застаюцца ў Польшчы? Дзе і кім працуюць?

Іна Кулей: Акурат зараз атрымалі поўную базу выпускнікоў ад бюро праграмы. Будзем усталёўваць кантакты, каб стварыць “Клуб Каліноўскага”. Проста ў год Каліноўскага гэтая тэма сама просіцца. Будуць інтэграцыйныя сустрэчы паміж экспертамі і выпускнікамі. Зараз мы гэтую базу абнаўляем і спраўджваем. Паводле папярэдніх падлікаў мы ведаем, што 80% «каліноўцаў» — у Беларусі. У асноўным яны працуюць на сумесных прадпрыемствах. Гэта значыць альбо прыватны бізнес, альбо сумесныя польска-беларускія, нямецка-беларускія прадпрыемствы. Хтосьці ў бацькоў у прыватных фірмах працуе. На жаль, у дзяржаўных установах «каліноўцаў» сёння няма. Яны для дзяржавы персоны нон-грата.
20% студэнтаў альбо змаглі працягнуць вучобу ў Польшчы ці іншай краіне, альбо засталіся працаваць там. Гэта таксама нядрэнна, бо яны набіраюцца еўрапейскага досведу на будучыню. Ёсць сярод іх і тыя, хто не можа вярнуцца дадому праз пераслед.

Еўрарадыё: Плануецца, што сёлета каля 50 беларусаў прымуць удзел у праграме. Аднак у Беларусі ў гэтым годзе не было вялікіх рэпрэсій. Адкуль гэтыя людзі?

Іна Кулей: Калі ў 2006 годзе пачыналася праграма, то яна была скіраваная на выключаных праз палітычныя прычыны з ВНУ студэнтаў. Аднак пазней паступова праграма трансфармавалася, і зараз мы набіраем тых юнакоў і дзяўчат, чые бацькі зведалі ціск з боку ўладаў, прайшлі праз крымінальныя альбо праз адміністрацыйныя справы, звальненні, ператрусы. Толькі бацькі, гэта не можа быць ні бабуля, ні дзядуля, ні брат, ні сястра. Гэта дае бацькам не тое каб вольныя рукі, але чалавек можа займацца грамадскай справай, не баючыся, што зачэпяць яго дзяцей. Вы ведаеце, як працуюць беларускія спецслужбы. Яшчэ невядома, колькі сёлета мы набярэм студэнтаў. 50 — гэтую лічбу назваў польскі бок. Яна можа быць як большай, так і меншай.

Лічбы (згодна з інфармацыяй Іны Кулей):

Прыкладная колькасць удзельнікаў праграмы — 700 чалавек.

Колькасць выпускнікоў — 160 чалавек.

Колькасць выпускнікоў, якія атрымалі доктарскую ступень у польскіх ВНУ, — 5 чалавек.

Колькасць “каліноўцаў”, якія вярнуліся ў Беларусь, — каля 550.

Колькасць удзельнікаў праграмы, якія працягнулі навучанне альбо засталіся за мяжой, — 150.