Святлана Куль-Сяльверстава пра звальненне Вячаслава Шведа.

Прафесар кафедры археалогіі і этналогіі ГрДУ Святлана Куль-Сяльверстава расказвае, у чым можна шукаць парушэнняў конкурснай працэдуры, а таксама пра тое, чаму ўдар па прафесару Вячаславу Шведу адаб’ецца перадусім на міжнародным прэстыжы ўніверсітэта.

— Вы заяўляеце, што конкурс на пасаду прафесара, які не прайшоў Вячаслаў Швед, праведзены з парушэннямі. У чым яны заключаюцца?

— Фармальна ўсё вытрымана быццам бы бездакорна, мяне ж выбіралі па той самай працэдуры. Але лагічна, што калі вынік конкурсу адмоўны для прэтэндэнта, то Рада мусіць задаць пытанні, патлумачыць прэтэнзіі і даць выказацца.

Але да Шведа пытанняў і заўваг не было, а вынік абвясцілі ў самым канцы і адразу закрылі паседжанне. Гэта можна лічыць маральным парушэннем.

Усе пачалі ўставаць са сваіх месцаў і, як мне падалося, хуценька пабеглі да выхаду. Вячаслаў папрасіў слова, але выказацца яму так і не далі. Потым ён падыйшоў да рэктара на прыватную размову.

— Наколькі рэальна цяпер аспрэчыць вынікі конкурса?

— 50/50 — усё цалкам залежыць ад адміністрацыі. Дарэчы, дэкан Данскіх не зусім добра выказаўся пра Шведа, але выключна ў тым кантэксце, што з-за нагрузкі па кіраванні кафедрай ён не меў дастаткова часу для навуковай працы, у тым ліку з аспірантамі.

— Як магла б выглядаць працэдура аспрэчвання вынікаў конкурса?

— Вячаслаў можа сказаць, што мае права на апеляцыю, бо яму не далі выказацца і не прад’явілі прэтэнзій. У сувязі з гэтым ён можа прасіць правесці конкурс паўторна. Але, як я ўжо сказала, далей усё залежыць ад адміністрацыі.

— Якія настроі сярод выкладчыкаў? Як успрынялі падзею прысутныя на Радзе?

— Абурэнне было, безумоўна. Мне дык наогул мову заняло, я сядзела побач са Славай. Калі большасць адразу ўцякла, то групка з 8-10 выкладчыкаў, у тым ліку прафесура, засталася ў зале і гучна абуралася.

Гэта ж сапраўдны абсурд! Я ведаю Славу 25 год, мы разам былі ў аднаго навуковага кіраўніка. Ён не палітык, а акадэміст. Ён апантаны навукай і Гарадзеншчынай, ён пагружаны ў навуку. Гэта сэнс яго жыцця і адсюль бярэцца ягоны вялікі аўтарытэт.

Таму, магу сказаць адназначна, што не па той цэлі б’юць! Гэтае звальненне – удар не па Шведу ці “Гродназнаўству”, а па ўніверсітэту перадусім.

На Славе ляжыць велізарная нагрузка як на прафесары. А цяпер яго аспіранты застануцца без кіраўніка? Хто далей будзе займацца іхнымі тэмамі?

Да таго ж, у яго былі вялікія планы па міжнародным супрацоўніцтве: з Польшчай, Латвіяй. Ён паспяхова прыцягваў праекты. І вось хутка прыедуць тыя самыя латышы і захочуць сустрэцца ва ўніверсітэце з кім? Канешне, з прафесарам Шведам!